L.B. Народжаны ў Мінску

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

"Вялікі і жахлівы" першы прадзюсар "залатога веку" Галівуда
Менавіта так называлі яго калегі і сябры па кінематографе. L.B. — гэта ініцыялы імя Луіса (Лазара) Барта Маера, знакамітага на ўвесь свет заснавальніка найбуйнейшай кінакампаніі Галівуда — “Metro-Goldwyn-Mayer” (MGM) і Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў, той самай, якая прыдумала штогадовую прэмію “Оскар”. Так, нягледзячы на амерыканскае паходжанне “Оскара”, “бацькам” яго быў ён, эмігрант з Беларусі Лазар Маер, які ў гісторыю кіно увайшоў як Луіс Маер — першы сярод усемагутных прадзюсараў “залатога веку Галівуда”, "кароль" легендарнай студыі, “вялікі і жахлівы” маленькі чалавек, чый ціхі голас мог напалохаць больш, чым крык Тарзана-Вайсмюлера і рыканне звяр’я з фільма 1932 года, зробленага на яго студыі.

/i/content/pi/cult/468/9931/15-1.png /i/content/pi/cult/468/9931/15-2.png

Луіс Маер; кадр з фільма з "тарзаніяды".

/i/content/pi/cult/468/9931/15-3.png

Кадр з фільма "Тры мушкецёры".

/i/content/pi/cult/468/9931/15-4.png

Кадр з фільма "Джордж з Дзінкі-джаза".

А яшчэ Маера называюць стваральнікам “зоркавай сістэмы” ў MGM, куды ўваходзілі самыя выдатныя акцёры і актрысы ХХ стагоддзя. Казалі, што ягоная кінастудыя за гады свайго існавання мела “больш зорак, чым ёсць на нябёсах”. Акрамя таго, Луіс Маер быў першым чалавекам, які ў амерыканскай гісторыі бізнесу атрымліваў заработную плату ў памеры аднаго мільёна трохсот тысяч долараў, што ў пераліку на сённяшні дзень складае прыкладна 20 мільёнаў. Але гаворка пойдзе зусім пра іншае. Бо ўся “соль” маёй прэамбулы ў тым, што гэты чалавек родам з Мінска! І якраз сёлета — двайны юбілей: у ліпені — 130 гадоў з дня яго нараджэння, а ў красавіку — 90 гадоў з дня заснавання “Metro-Goldwyn-Mayer”!

А што да ягоных апошніх перадсмяротных слоў “Усё не важна…”, якія ён прамовіў 29 кастрычніка 1957 года, дык каментарыяў да іх у мяне няма. Што Луіс Маер меў на ўвазе? Тое, што ён зрабіў у сваім жыцці — лухта? Ці тое, што ягоная смерць — проста міраж для тых, хто яго паважаў, і для тых, хто быў ягоным ворагам? Ды і для нашчадкаў увогуле? Не будзем гадаць, усё роўна ніколі дакладна не даведаемся. Няхай кожны, хто прачытае гэтае маё эсэ, сам знойдзе свой варыянт. “Калі на яго пахаванне прыйшло столькі народу, — казаў патрыярх Галівуда, выдатны кінапрадзюсар Сэмюэл Голдвін (дарэчы, родам з Варшавы), — то толькі для таго, каб упэўніцца, што Луіс Маер па-сапраўднаму памёр учора...”.

Дзіўна, але маё пасляваеннае дзяцінства (як і дзяцінства майго пакалення наогул) пачыналася з амерыканскіх фільмаў, у тым ліку і гэтай знакамітай кінастудыі. Канешне ж, пра MGM ды іншыя аналагічныя галівудскія “фабрыкі мрояў” дазнаўся праз шмат гадоў. А тады… Тады для нас існавалі проста “трафейныя” фільмы, якія пасля вайны, у час савецкага “малакарціння”, уяўлялі з сябе нейкую цудоўную аддушыну ў нашым сціплым жыцці. Зразумела, у 1940 — 50-я не было тэлебачання, і мы, “дзеці вайны”, асабліва ў маленькіх гарадах ды вёсках, выхоўваліся, у асноўным, толькі на кніжках і кінафільмах, не лічачы школы.

Пра Галівуд тады і вядома нам не было, але ж тое мала хвалявала: людзі гатовы былі прастойваць у шматгадзінных чэргах да кас кінатэатраў і клубаў, каб здабыць жаданы білет на фільмы пра Тарзана, стужкі “Лёс салдата ў Амерыцы”, “Паўстанне ў пустыні”, “Паляўнічыя на каўчук”, “Рэмбрант” ці “Вежа смерці”. Прычым мы не ведалі ні аўтараў карцін, ні акцёраў, ні краін, дзе яны зроблены, бо ў цітрах усяго гэтага не паведамлялася. Меўся толькі адзін уступны цітр, які прымушаў заміраць нашы сэрцы, калі ў зале гасілі святло і на экране з’яўлялася застаўка: “Гэты фільм узяты ў якасці трафея пасля разгрому Савецкай Арміяй нямецка-фашысцкіх войскаў пад Берлінам у 1945 годзе”. А далей пачыналася стужка, якую суправаджалі субцітры на рускай мове.

Хачу нагадаць чытачам, што такое “трафейнае кіно”, бо гэты рэдкі “слоган” наўпрост звязаны з дзейнасцю нашага сённяшняга героя. Калі вайна скончылася, прыгарад Берліна Бабельсберг, у якім акрамя кінастудый знаходзіўся найбагацейшы архіў фільмаў і дакументаў, апынуўся ў савецкай зоне. 11 мая 1945 года ў Берлін прыехала спецыяльная дэлегацыя на чале з супрацоўнікам Камітэта па кінематографе Іосіфам Маневічам. Аднак на складзе карцін не аказалася: немцы паспелі іх перавезці яшчэ да пачатку штурма Берліна ў Рэйхсфільмархіў. А адтуль ужо вывозіць у іншае месца не было часу: Берлін гарэў...

Менавіта там Маневіч і натрапіў на бабіны з нямецкімі, амерыканскімі, аўстрыйскімі, англійскімі, венгерскімі кінастужкамі 1930-х. У рэпарацыйны вопіс ён уключыў больш за 17 тысяч фільмаў, але для адпраўкі ў Маскву адабралі 3 700 “бясшкодных” для савецкага гледача поўнаметражных (у асноўным, амерыканскіх) і 2 500 кароткаметражных карцін. Рэквізавалі і каляровую плёнку знакамітай фірмы “Agfa”, і абсталяванне для яе вырабу. Менавіта на гэтай плёнцы ў 1945-м быў зняты Парад Перамогі, першыя савецкія каляровыя фільмы “Каменная кветка”, “Клятва”, “Мічурын”, “Падзенне Берліна”.

Дык вось, супрацоўнікі Дзяржфільмафонда ў падмаскоўных Белых Сталбах сталі разбіраць багацце, прывезенае з Берліна аж да 4 ліпеня 1945 года. Потым спецыялісты, разам з партыйнымі ідэолагамі, прагледзелі стужкі. Уласна “трафейных” аказалася 367 адзінак. І вось частку гэтых “трафеяў” з восені 1948 года вырашылі выпусціць на экраны. Для шырокага паказу запусцілі нямецкія, аўстрыйскія, венгерскія, італьянскія карціны (у поўным сэнсе — трафеі варожых дзяржаў), а ў невялічкія кінатэатры ды клубы — фільмы ЗША ды іншых краін-саюзніц па Другой сусветнай, бо гэтыя карціны дэманстраваліся без ліцэнзіі. Хто ж хацеў у той час купляць, скажам, у кампаніі “MGM” права на пракат? Ды і нельга лічыць трафеем уласнасць саюзнікаў! У дужках адзначу, што ні адна замежная кінастудыя і не прад’явіла прэтэнзій cавецкаму ўраду па факце пракату. Усё гэта адбывалася з дазволу Сталіна, які любіў “найважнейшае з мастацтваў”. Хутчэй за ўсё, ён прагледзеў многія з тых фільмаў. А перакладчыкам у яго быў кіраўнік савецкага кіно Іван Бальшакоў, які валодаў фенаменальнай памяццю і вывучваў рэплікі герояў па спецыяльна зробленых перакладах.

Расказвалі, што Сталіну спадабалася амерыканская камедыя “Тры мушкецёры”, асабліва музыка эмігранта Самуіла Пакраса — аднаго з чатырох братоў Пакрасаў, таксама кампазітараў. Існуе версія (яе прыводзіць Сяргей Даўлатаў у сваіх “Запісных кніжках”), што аднойчы на крамлёўскім прыёме Сталін звярнуўся да Дзмітрыя Пакраса (брата Самуіла і аўтара песень “Марш конніцы Будзённага”, “Калі заўтра вайна”, “Тры танкісты”): “Ці праўда тое, што ваш брат за мяжой?” “Праўда”, — адказаў перапалоханы кампазітар. “Гэта ён стварыў песенькі да “Трох мушкецёраў?” — “Ён…” — “Значыць, гэта ягоная песня “Вар-вар-вар-вары"?” — “Ягоная…” Сталін падумаў і сказаў: “Лепш бы ён жыў тут, а вы — там…” Нягледзячы на гэта, Дзмітрый Пакрас пазней стаў і народным артыстам СССР, і лаўрэатам Сталінскай прэміі. Я добра памятаю гэты трафейны фільм рэжысёра Алана Дуэна — пародыю на раман А.Дзюма, дзе галоўныя героі карціны — слугі мушкецёраў. Сюжэт — так-сяк, але музыка — запамінальная, і мы на вуліцы распявалі песенку з цітраў: “Вар-вар-вар-вар-вары… Мечта моя, Париж, поэтами воспетый от погребов до крыш…”.

Але мала хто ведае: уласна “любоў Сталіна да замежнага кіно” ў пасляваенны час мала што значыла. Справа ў тым, что СССР да лета 1948 года ў плане фінансаў стаў адчуваць нежартоўныя цяжкасці, бо большасць грошай ішла на выраб атамнай бомбы (Амерыка развязвала “халодную вайну”), а сродкаў на гэтую мэту ў пасляваеннай разбуранай краіне, зразумела, не ставала. У 1930-я гады “дзіркі” ў эканоміцы ўдала залатвалі і за кошт гарэлкі, і за кошт продажу “эрмітажнага” выяўленчага мастацтва, і за кошт пракату савецкіх фільмаў. Але пасля вайны ў Саюзе, як я ўжо казаў, панавала “бескарцінне”: у год выходзіла, у лепшым выпадку, каля 15 стужак. І вось тады празорлівы Іосіф Вісарыёнавіч і загадаў пусціць у ход трафейную “кіношную артылерыю”, створаную з замежных карцін. Ён нутром адчуваў, што на такія фільмы (і музычныя, і камедыі, і меладрамы, і прыгодніцкія, і гістарычныя, і казачныя) савецкі народ, які вельмі стаміўся ад вайны, пойдзе валам.

І не памыліўся! А за дарослымі, канешне ж, — мы, дзеці, якія фільмы глядзелі па пяць-дзесяць разоў і ведалі сюжэты ды рэплікі герояў на памяць. Усялякімі спосабамі мы ў натоўпе ўхітраліся прасачыцца ў кіназалу, каб задарма атрымаць кавалачак шчасця і трошкі пажыць у мроях іншага свету побач з адважнымі героямі. Некаторыя стужкі мелі яшчэ дадатковыя цітры ў дапамогу гледачу. Потым ужо з кінакрытычных крыніц я даведаўся: у іх паведамлялася, што фільм “выкрывае”, “паказвае нутро замежнай дэмакратыі”, што тут гаворыцца пра “норавы амерыканскага буржуазнага грамадства, пра крывадушнасць і ханжаства, якое з’яўляюцца яго адметнымі рысамі”, што тут “здрадліва прадстаўлена каланізатарская палітыка ў адносінах да індзейскіх плямён”, і г. д. Аднак такія сентэнцыі праходзілі міма вачэй гледача, і на яго розум, бадай, зусім не ўплывалі…

Існуе анекдот: у адной са сцэн фільма Георга Якаба “Дзяўчына маёй мары” (памятаеце, як ненавідзеў карціну Шцірліц?) актрыса Марыка Рок скідвае футэрка, пад якім не павінна быць нічога. Але тут нечакана карцінку закрывае цягнік. Гледача спыталі: навошта ён ходзіць у дзясяты раз на фільм? На што той адказаў: а раптам цягнік спозніцца?..

Мне пашанцавала. Хаця я, падлетак, жыў на хутары, за тры кіламетры ад раённага горада, але паспеў паглядзець у кінатэатры “Маяк” і ў трох вясковых клубах практычна ўсе трафейныя стужкі, а некаторыя — шмат разоў. Падкрэслю, частку з іх да ўласна трафейных карцін аднесці нельга, бо сярод іх былі фільмы — падарункі краіне ад англійскага прадзюсара і рэжысёра Аляксандра Корды: напрыклад, “Лэдзі Гамільтан”, “Багдадскі злодзей”, “Джунглі”, “Джордж з Дзінкі-джаза”. Словам, за пару-тройку гадоў пракату гэтыя карціны прынеслі прыбытак казне амаль у паўтара мільярда рублёў, большасць з якіх і пайшла на “атамны праект”.

А ў 1952-м, упершыню ў савецкай гісторыі, лідарам пракату сталі адразу чатыры амерыканскія фільмы кінакампаніі “MGM” з серыі “Тарзаніяды”: “Тарзан — чалавек-малпа”, “Тарзан у пастцы”, “Тарзан знаходзіць сына” і “Прыгоды Тарзана у Нью-Ёрку” з былым шматразовым алімпійскім чэмпіёнам па плаванні Джоні Вайсмюлерам у галоўнай ролі, якія паглядзелі больш за 130 мільёнаў гледачоў (з 184,8 мільёна чалавек насельніцтва СССР у 1952-м)! Думаю, што сам кіраўнік кінакампані Луіс Барт Маер не чакаў такога поспеху ягонага “дзецішча” на экранах кінатэатраў гарадоў і клубаў Саюза. Зразумела, пра ўсе гэтыя дэталі я даведаўся значна пазней...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"