Ці ратаваў “Парадак ад агню”?

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

У Гродне з пажарамі змагаліся Бона Сфорца і Эліза Ажэшка
Упершыню ў гісторыі Гродна пра пажарную справу горада, яе гісторыю і вытокі стварылі цэлую кнігу. Называецца яна — “Агняборцы Гродзеншчыны. Гісторыя і традыцыі мужнасці”. Аўтар выдання, што складаецца з архіўных дакументаў і фатаграфій, — дырэктар Музея пажарнай справы Ірына Качан.

/i/content/pi/cult/468/9930/14-4.jpgПершая згадка пра супрацьпажарныя мерапрыемствы ў Гродне сустракаецца ў прывілеі каралевы Боны яшчэ ад 1541 года. У тых старадаўніх дакументах апісваецца, што гараджане павінны былі праводзіць рэвізію і рабіць справаздачу па дымаходах на сваіх дамах. Аднак гэтыя справаздачы не ратавалі горад ад пажараў, і ў 1680-м была прынята пастанова “Парадак ад агню”, у якой падрабязна апісваліся ўсе правілы супрацьпажарнай бяспекі, а таксама спагнанні за іх невыкананне. Тым не менш, і гэта не ўратавала Гродна: найбольшы ўрон гораду прынеслі пажары 1586-га, 1613-га, 1617-га, 1636-га, 1675-га, 1705-га, 1709-га, 1720-га, 1735-га, 1753-га, 1776-га, 1781-га і 1782 гадоў.

Да прыкладу, у 1753-м горад гарэў двойчы: увесну (20 мая) і ўвосень (21 верасня). Да сённяшняга дня невядомыя прычыны гэтых пажараў. Аднак адной з галоўных гісторыкі называюць “шчыльную правінцыйную драўляную” забудову. Аднак самым вядомым пажарам у гісторыі горада над Нёманам, паведамляе аўтар кнігі, стаў пажар 29 мая 1885 года, пра які даведаліся за межамі Гродна. Аб ім пісала прэса па ўсёй Расійскай імперыі, яго ўзгадвалі выданні Польшчы, Украіны і Літвы. У горадзе пасля пажару дзейнічалі два камітэты дапамогі пагарэльцам. Адным з іх кіравала вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка. Толькі на ейнае імя для пагарэльцаў горада прыйшло каля 20 тысяч рублёў! У час гэтага пажару сама пісьменніца страціла дом, маёмасць і бібліятэку. Аднак гэта мала яе хвалявала, і яна занялася дапамогай гродзенскім пагарэльцам.

Менавіта той пажар стаўся адной з прычын пабудовы ў горадзе пажарнай вежы. 3 кастрычніка 1889 года на пасяджэнні гродзенскай Гарадской думы было прынята рашэнне на месцы колішняга пажарнага двара ўзвесці такую вежу. Спачатку яна была драўляная, а пасля пажару 1899-га, калі згарэла частка пажарнага двара і частка каралеўскіх стайняў, вырашылі пабудаваць тую камяніцу, што ўпрыгожвае горад зараз.

Андрэй МЯЛЕШКА

Гродна