— На сённяшні дзень Гродзенскае абласное аддзяленне Беларускага саюза мастакоў налічвае 45 чалавек, з іх 10 — у Гродзенскай вобласці і 35 — у Гродне. З іх 10 чалавек з’яўляюцца пенсіянерамі. На балансе абласной арганізацыі — 11 творчых майстэрань, мастакі арандуюць 22.
Творчы патэнцыял арганізацыі вельмі высокі. За перыяд з 2004 па 2007 гг. Гродзенскай абласной арганізацыяй БСМ было арганізавана 46 выставак — як у рэспубліцы, так і за яе межамі: у Галандыі, Швецыі, Італіі, Францыі, на Кіпры, у Грэцыі, Бельгіі, Турцыі, Швейцарыі, Польшчы, Літве, Украіне, Расіі і ЗША.
У Швецыі адбылася персанальная выстаўка вядомага графіка Юрыя Якавенкі. Гэтую выстаўку наведаў кароль Швецыі з сям’ёй і пакінуў падзячны запіс у кнізе наведвальнікаў. Ю.Якавенка быў прыняты ў ганаровыя члены Каралеўскай акадэміі мастацтваў.
Гродзенскія мастакі ўдзельнічалі ў 14-ці міжнародных пленэрах, арганізаваных на Украіне, у Польшчы, Турцыі, Італіі і іншых краінах.
Многія мастакі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама, аблвыканкама, гарадскога і абласнога саветаў дэпутатаў, дыпломамі БСМ, медалямі БСМ “За заслугі ў мастацтве” — гэта М.Бандарчук, Ф.Собалеў, Ганаровай граматай Міністэрства культуры — А.Захараў, удастоены званняў заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Польшча — С.Кічко, заслужанага дзеяча мастацтваў РБ — У.Церабун.
Побач з вялікімі творчымі поспехамі ёсць і недахопы — як вытворчага, так і побытавага характару. Арганізацыя старэе, яна не папаўняецца маладымі мастакамі — выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і іншых мастацкіх ВНУ. Не едуць яны ў Гродна ў сувязі з адсутнасцю пастаяннай работы, г. зн. Адсутнасцю дзяржзамовы, як гэта было да 90-х гадоў.
Паважаны Уладзімір Фёдаравіч, ад імя мастакоў Гродзенскай вобласці прашу Вас і Міністэрства культуры разгледзець гэтае пытанне і рашыць яго станоўча. Гэта дасць магчымасць умацаваць кадравы і фінансавы стан абласной арганізацыі Саюза мастакоў, бо сёння мы не маем пастаяннай працы і самі шукаем замовы. Я ўпэўнены, што і ў іншых абласцях такое ж становішча.
За 6 гадоў у Гродна прыехаў толькі адзін мастак, да і то таму, што сам родам з Гродна. Калі на творы мастацтва аднавіць практыку дзяржаўных замоў, тады істотныя праблемы знікнуць самі сабой. Арганізацыя Саюза мастакоў будзе пастаянна папаўняцца маладымі мастакамі.
Мастацтва заўсёды з’яўлялася паказчыкам развіцця культурнага жыцця краіны, узнімала прэстыж любой дзяржавы на міжнароднай арэне. Культурны абмен заўсёды збліжае людзей у сусветным грамадстве.
Асэнсоўваючы дадзеную праблему, Гродзенская арганізацыя БСМ робіць усё магчымае для набліжэння грамадства да мастацтва, знаёмства яго з работамі мастакоў. У Гродне ёсць дзве дзяржаўныя выставачныя залы, дзве прыватныя галерэі. У сакавіку 2008 г. у Лідзе ў дзяржаўным гісторыка-мастацкім музеі адкрываецца новая выставачная зала. Прыемна адзначыць, што графік яе працы на 2008 г. поўнасцю распісаны, і адна выстаўка змяняе другую. Усё гэта з’яўляецца добрым паказчыкам дзейнасці мастакоў і Саюза мастакоў Гродзенскага абласнога аддзялення.
Вельмі патрэбна гораду пастаянная мастацкая галерэя, якая давала б магчымасць назіраць за развіццём творчага патэнцыялу Гродзенскай вобласці. У гэтым накірунку ўжо вядзецца праца з органамі мясцовай улады, і ў дасягненні гэтай мэты мы бачым адну са сваіх важнейшых задач.
Шлях мастака складаны. Цяжка стаць мастаком, цяжка ім быць, а яшчэ цяжэй — ім застацца.
Вялікая і адказнасць мастака, але цудоўная яго мэта: служыць дабру, высокім ідэалам чалавецтва.
Аляксандр АНЦІПІН,
старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення
Беларускага саюза мастакоў