Чым горад не музей?

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Узоры мастацтва, у класічным увасабленні, вартыя музейнага экспанавання і адпаведнага гледача. Але што рабіць, калі тыя самыя музеі страчваюць увагу значнай часткі патэнцыйных наведвальнікаў? У такім выпадку трэба для пачатку проста выйсці за межы будынка.

/i/content/pi/cult/468/9927/13-8.jpg /i/content/pi/cult/468/9927/13-9.jpg

Праект Эцьена Лаві на парыжскім бігбордзе; інсталяцыя "На арбіце" ў Мастацкім музеі Дзюсельдорфа.

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі ўжо даўно рухаецца ў кірунку маркетынгавай арганізацыі прылеглай гарадской прасторы. Стартам сталі налепкі "Я іду ў музей" на прыступках падземнага пераходу, які вядзе да ўстановы. Наступным жа крокам — адкрытая выстаўка твораў "Славутыя мастакі з Беларусі" ў рамках арт-праекта НММ "Нашы калекцыі", прадстаўленая фотарэпрадукцыямі карцін класікаў айчыннага жывапісу XIX — XX стагоддзяў, абрамленымі архітэктурай гмаху.

Падобны выхад мастацтва “ў людзі” за мяжой прадстаўлены не толькі музейнымі піяр-акцыямі. Прыклад — арт-праект француза Эцьена Лаві “Божа, хто скраў маю рэкламу?”. Рэпрадукцыі работ сусветных майстроў з лёгкай рукі вулічнага мастака ператварылі парыжскія бігборды ў экспазіцыйныя пляцоўкі. Праўда, у выніку акцыі аплачаная некім рэклама апынулася залепленай.

Вяртаючыся да стварэння арт-прасторы па-за тыповым, можна згадаць інсталяцыю Томаса Сарацэна “На арбіце”. Аргенцінскі творца з дапамогай трох узроўняў сеткі і паветраных люстэркавых шароў даў магчымасць наведвальнікам Мастацкага музея Дзюсельдорфа стаць часткай арт-аб’екта. Людзі, што "крочаць па паветры” на вышыні больш за дваццаць метраў, увасабляюць эстэтыку ўзаемадзеяння мастацтва і рэальнасці. Пагадзіцеся, — годны прыклад крэатыўнага падыходу да стварэння “жывога” музейнага экспаната.