А вы чулі ў вёсцы джаз?

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Павел ГРАФУТКО, Смалявіцкі райвыканкам:
У сферы культуры Смалявіцкага раёна — 46 устаноў культуры, 249 супрацоўнікаў. Больш за 90 працэнтаў спецыялістаў маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. У 171 клубным фарміраванні — амаль дзве тысячы ўдзельнікаў. 18 калектываў — народныя і ўзорныя. Летась было праведзена больш за тры тысячы мерапрыемстваў.

/i/content/pi/cult/468/9925/12-5.jpg— Нашы прыярытэты: арганізацыя адпачынку ўсіх катэгорый насельніцтва, адраджэнне народных традыцый і рамёстваў, павышэнне майстэрства аматараў, пошукі новых падыходаў да штодзённай дзейнасці.

Новае — забытае старое. Так, святы вёсак ладзіліся спрадвек. Але мы гэтыя мерапрыемствы імкнёмся насыціць новым, нефармальным, зместам. Маланаселеных пунктаў становіцца ўсё больш, але ніхто іх не скідвае з рахунку, таму любая культурная дзея ўспрымаецца насельніцтвам не толькі як творчая, але і ідэалагічная акцыя нашай увагі да вясковага жыцця. Такой палітыкі і прытрымліваемся. За мінулы год правялі два дзясяткі святаў, за якасць якіх не сорамна.

Увогуле, імкнёмся быць мабільнымі ў творчым абслугоўванні насельніцтва. З гэтай нагоды сталымі канцэртнымі пляцоўкамі для нас даўно сталі фермы і мехдвары. У нас ёсць перасовачны шматпрофільны цэнтр “Крыніца” (на вёску скіроўваюцца ўсе раённыя службы). Рэгулярнымі сталі творчыя аграгарадоцкія акцыі “Кірмаш талентаў”. Менавіта на сяле мы шукаем змену нашым кадрам — яркую, творчую, самабытную. Шукаем — і знаходзім! Да прыкладу, на Міжнародным фестывалі-конкурсе вакальнага мастацтва “Зарапад талентаў”, што праходзіў у Маскве, джазавы гурт з пасёлка Усяж адзначаны дыпломам Першай ступені! Вы, да прыкладу, чулі ў вёсцы джаз? Словам, таленты ў нас як грыбы растуць. Спадзяюся, што неўзабаве наша армія культработнікаў значна памаладзее.

А пакуль кадравая праблема — актуальная. У нас ёсць вакансіі рэжысёраў, мастацкіх кіраўнікоў. Таму нашы прадстаўнікі абавязкова будуць прысутнічаць на выпусках у сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Пытанне, як падаецца, мы паспяхова закрыем яшчэ і таму, што сёлета ў нас ёсць свая чарга для набыцця жылля. І пасля здачы 60-кватэрнага дома ў Смалявічах практычна ўсе спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі атрымаюць добраўпарадкаваныя кватэры. Прыблізна такая ж сітуацыя — і на сяле. Да прыкладу, з прыцэлам менавіта на патрэбы і нашых работнікаў культуры здаецца шматкватэрны дом у пасёлку Зялёны Бор. Словам, праблему бачым — і ведаем, як яе вырашаць.

Важная задача — рост пазабюджэтных паступленняў. Скажам, за мінулы год нашы ўстановы культуры зарабілі больш за 86 мільёнаў рублёў. Менавіта за кошт гэтага пазабюджэту мы набылі музычнае абсталяванне, правялі бягучыя рамонты клубаў ды бібліятэк. А рамонт і абсталяванне патрабуюць грашовых уліванняў. Таму надзённым застаецца пытанне павышэння якасці клубнага абслугоўвання насельніцтва.

Сёлета, апрача традыцыйных тэатральных акцый і мастацкіх пленэраў, будзем ладзіць Першы Адкрыты конкурс выканаўцаў на духавых інструментах, правядзём Абласное свята “Паклонімся вялікім тым гадам” у рамках Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў. Прадоўжыцца сёлета, натуральна, і аптымізацыя сельскіх публічных бібліятэк. Пастараемся, каб працэс прайшоў без хваравітых адхіленняў. Зробім усё для таго, каб хутчэй адкрыць клас харэаграфіі ў Смалявіцкай ДШМ.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"