Сабекошт ідэі, зніжаны ў сем разоў

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Як стварыць раённы дзіцячы тэатр з міжнародным прызнаннем?
Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама, мясцовыя РДК і Беларускі гульнявы тэатр роставых лялек “Dolls4All” даслалі ў нашу рэдакцыю запрашэнне на Першы Адкрыты фестываль-карнавал роставых лялек і гульнявых праграм “Дасканалы свет казкі”, які запланаваны на 1 мая. Мы зацікавіліся: што за тэатр? Што за фестываль? У выніку высветлілася, што амбіцыйнасць дзятлаўскіх работнікаў культуры мае сур’ёзнае абгрунтаванне. У тым ліку і фінансавае.

/i/content/pi/cult/468/9923/12-1.jpg

Усё пачалося з “Мелодыі…”

На выніковай калегіі Міністэрства культуры гаворка ішла і пра тое, што шмат у нас раённых мерапрыемстваў, якія называюцца фестывалямі для таго, каб грошы здабываць з абласнога ці рэспубліканскага бюджэтаў. Дык вось, дзятлавіцкі фестываль-карнавал — самадастатковы ў фінансавым плане, грошы з бюджэту не “высмоктвае”, а зусім наадварот…

Генерыраваў “лялечную” ідэю Іван Каско. У свой час працаваў у раёне загадчыкам аўтаклуба. Стварыў дзіцячы калектыў “Мелодыя душы”, які прафіляваўся на пастаноўцы мюзіклаў, музыку да якіх збольшага пісаў сам Каско. Аматарскі калектыў складам аж у 80 чалавек пераўтварыўся ва ўзорны тэатр-студыю, што пачаў спецыялізавацца на выкарыстанні роставых лялек.

Немалаважная заўвага: лялькі тэатр не купляў, а рабіў сам. Для гэтага былі патрэбны клей, паралон ды футра. Крамная роставая лялька, па словах Івана Каско, каштуе сем мільёнаў рублёў, а самаробная абыдзецца ўсяго ў адзін. З гэтай выкладкай Іван Іванавіч зайшоў у райфінаддзел, а выйшаў з шасцю мільёнамі. Яму паверылі, бо пераканаўчым было зніжэнне сабекошту. Гэта было першае і апошняе дзяржаўнае грашовае ўліванне ў стварэнне Беларускага гульнявога тэатра роставых лялек у Дзятлаве. Каско купіў клей, паралон, футра. Першы камплект “хэндмэйдавых” смяшарыкаў акупіўся з дывідэндамі за месяц. За гэты час калектыў зарабіў на платных спектаклях больш за 20 мільёнаў рублёў…

Свята для ўсіх?

Сёння Іван Каско — дырэктар Дзятлаўскага РДК. А свой Беларускі тэатр, што вырас з “Мелодыі душы”, ён назваў “Dolls4All” — “Лялькі для ўсіх”. У вобласці да назвы спачатку паставіліся з насцярогай: маўляў, ці не занадта вось так адразу і — Беларускі тэатр? Аргументы ў сваю абарону ў Каско былі жалезныя: роставыя лялькі шмат у якіх раёнах краіны выкарыстоўваюцца, але вось маштабныя мюзіклы з іх дапамогай ніхто не робіць, а ў нас, маўляў, — доўгатэрміновая тэатральная перспектыва. У вобласці пагадзіліся. Але задалі яшчэ пытанне: “А чаму назва “Лялькі для ўсіх” — на англійскай мове? Ды таму, адказаў Каско, што ў год Чэмпіянату свету па хакеі Дзятлаўскі тэатр разлічвае на міжнароднае прызнанне — ні больш ні менш… І тут крыць не было чым. Так і распачаў сваю дзейнасць Беларускі тэатр роставых лялек.

Пераапрацоўваў у мюзіклы п’есы для дзяцей, у тым ліку і беларускіх аўтараў, выступаў па раёне, вобласці, у сталіцы і ўвогуле па Міншчыне. Толькі за навагоднія святы зарабіў 40 мільёнаў рублёў! Білет на тэатральную гульнявую праграму каштуе 50 тысяч, а зала ў РДК — на 300 месцаў. Вось і лічыце… А яшчэ тэатр зарабляе на сваё развіццё тым, што літаральна днямі пачаў ладзіць для ўсіх ахвотных майстар-класы па вырабе роставых лялек. Кошт навучання — тры базавыя велічыні. На рэкламу ўжо адгукнуліся работнікі культуры Міншчыны, а таксама Лідскага раёна.

Цяпер у тэатральным “арсенале” — ці не тры дзясяткі лялек. А 27 сакавіка Тэатру-студыі ў Дзятлаве спаўняецца 5 гадоў. Першы Адкрыты фестываль-карнавал стане чарговым этапам у дзятлаўскім тэатральным развіцці.

І, уласна, — пра фестываль

На Дзятлаўскім фэсце-карнавале будуць і конкурсы, разлічаныя на ўсіх членаў сям’і. “Дасканалы свет казкі” прапануе на стадыёне “Колас”, у гарадскім парку і ў РДК танцавальныя флэшмобы, анімацыйныя пляцоўкі, тэматычныя фотазоны, нон-стоп-майстар-класы, музычныя канцэрты, цыркавыя рэпрызы, інтэрактыўную дзейнасць дзіцячага тэлеканала “Папугай”… Апагеем свята стане музычная гульня-забаўка “Вясенняе НаВушахСтаянне”. Фэст будзе доўжыцца цягам усяго дня.

Далучайцеся не толькі да малабюджэтнага, але маштабнага карнавалу, які запомніцца і малому, і даросламу. Далучайцеся да крэатыўнага мыслення, да творчага пошуку, да арыгінальнага і простага падыходу ў вырашэнні любой складанай задачы. Разумею, што справа гэтая — няпростая. Але іншага шляху да глядацкага сэрца ў работнікаў культуры проста няма!..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"