Вучыліся рэжысёры

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

6 — 7 лютага на Віцебшчыне знаходзілася дэлегацыя спецыялістаў Цэнтра нацыянальнай культуры Латвіі (Рыга).

Для гасцей была арганізавана экскурсійная праграма па старажытным Полацку з наведаннем Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, Сафійскага Сабора, Дзіцячага музея, Музея беларускага кнігадрукавання ды іншых культурных месцаў і ўстаноў.

У абласным цэнтры латышам была прадастаўлена магчымасць азнаёміцца з працай Культурна-гістарычнага комплексу “Залатое кольца горада Віцебска “Дзвіна”. Не абышлося і без цікавай экскурсійнай праграмы: займальным было падарожжа ў абласны краязнаўчы музей і яго філіял — Мастацкі музей, Дом-музей і Арт-цэнтр Марка Шагала.

Спецыялісты з латвійскай сталіцы падзяліліся вопытам арганізацыі і правядзення масавых культурных мерапрыемстваў у рамках творчай лабараторыі “Школа рэжысёраў” ды абласнога семінара для спецыялістаў па падрыхтоўцы масавых мерапрыемстваў, які адбыўся ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і сабраў лепшых рэжысёраў з раёнаў ды гарадоў вобласці. Было чым падзяліцца і культработнікам нашай вобласці. Тут жа адбылася прэзентацыя такіх культурных з’яў Віцебшчыны, як Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя Расіі, Беларусі і Украіны “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” і Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці