Свята агню з елкай

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Такая сустрэча цягам не аднаго стагоддзя адбываецца ў вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна.

Яе жыхары, удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Палескія напевы” — хормайстар Ніна Палын, загадчык Новапалескага сельскага клуба Марыя Светава, акампаніятар Аляксей Баравы, а таксама — Валянціна Баравая, Любоў Бялоцкая, Аляксандра Бялоцкая, Марыя Дрынеўская, Надзея Радке, Марыя Бух, Надзея Лісіцкая, Ева Грыцкевіч, — перанялі ад сваіх продкаў-аднасяльчан і захавалі старажытны абрад “Грамніцы”, які яны праводзяць штогод 15 лютага.

У хрысціянскай традыцыі Стрэчанне — гэта сустрэча апошніх праведнікаў Старога Запавету Сімяона і Ганны з носьбітам Новага Запавета, у асобе якога ўжо сустрэлася Бажаство і чалавецтва.

Пасля службы ў царкве, асвячэння васковых свечак і блаславення вернікаў жанчыны збіраюцца на абыход вёскі. Абрад увабраў у сябе шмат народных прыкмет: “Калі снег капае са страхі, ды певень нап’ецца той вадзіцы, што шчэй зіма воп’ецца”; “Калі на стрэчанне певень нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я вол наесца і травіцы”. Паводле жыхароў Новага Палесся, Стрэчанне — свята жывога агню і свечкі, бо стрэчанская свечка, як кажуць палешукі, “агонь жа еты, абараняе нас ад злое ж нечыстае сілы”.

Адным з галоўных атрыбутаў, які суправаджае абход вёскі, з’яўляецца елка. У Новым Палессі ўпрыгожваюць яе самаробнымі кветкамі, каб з елкай вясну гукаць. Удзельніцы абраду кажуць: “Як наша ёлка похорошэла, расцвіла ад нашых кветачак, так і зямелька наша хутка расцвіце пуд ясным сонейком, зазеленее, да расцвіце кветачкамі ўсякімі, а мы, жонкі, давайце сёння пагуляем, свята ж, вясну нагукаем!”

Удзельніцы “Палескіх напеваў” пачынаюць абход вёскі са свечкамі, іконай і песнямі. Удзельнічаюць у карагодах — гэткім “касмічным танцы”, у аснове якога — магічнае кола. Палешукі лічаць, што той, “хто ў карагодзе — той наш”. Жанчыны ж водзяць карагод “Крывы танок”.

Елку даручаюць самай паважанай жанчыне. Яе садзяць у сані і вязуць з песнямі. Людзі ідуць з песнямі да крыжа, які знаходзіцца на ростані дарог. Потым елку замацоўваюць саматканым ручніком на аброчным крыжы, і жыхары вёскі разыходзяцца па хатах. У кожнай запальваецца грамнічная свечка. Менавіта з ёй і малітвай абыходзяць вуглы не толькі жытла, але і падворак, ды асвячаюць іх жывым агнём гэтай свечкі.

Потым ідуць да вогнішча, да якога нясуць усе непатрэбныя рэчы і спальваюць іх, каб вызваліцца ад усяго дрэннага. Свята заканчваецца каля вогнішча агульнай трапезай.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці