Алена КАМОЦКАЯ: “Ад праграмы “Кадры” да ЖБК “Культработнік”

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

Арганізацыя работы з кадрамі — важная задача, вырашыць якую магчыма толькі сумеснымі намаганнямі розных структурных падраздзяленняў рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады.

 /i/content/pi/cult/146/992/Kamockaja.jpg

Ва ўстановах культуры Слуцкага раёна працуюць 676 чалавек, у тым ліку 487 творчых работнікаў, спецыяльную адукацыю маюць 92% спецыялістаў.
Распрацавана праграма “Кадры культуры 2006 —2010 гады”, прыярытэтнымі напрамкамі якой з’яўляецца мэтавая падрыхтоўка кадраў, павышэнне прафесійнага ўзроўню работнікаў, а таксама паляпшэнне іх жыццёвага ўзроўню. Для аптымізацыі работы з кадрамі ў 2006 годзе была набыта і ўсталявана электронная праграма “Кадры”, якая значна палегчыла працу кадравікоў.
Асаблівая ўвага надаецца рабоце з кіраўнічымі кадрамі і іх рэзервам. Створаны кадравы рэестр, сфарміраваны банк даных, падабраны кандыдатуры з ліку перспектыўных работнікаў.
Немалаважным фактарам у рабоце з кадрамі з’яўляецца прафарыентацыйная дзейнасць. Выкладчыкі і навучэнцы дзіцячых пазашкольных навучальных устаноў, а іх у раёне 10, пастаянна выступаюць у агульнаадукацыйных школах з мэтай прапаганды мастацкай творчасці, музыкі і музычных інструментаў, падтрымліваецца шчыльная сувязь з настаўнікамі музыкі і спеваў.
У выніку гэтай работы штогод студэнтамі навучальных устаноў культуры і мастацтва становяцца 8 — 10 чалавек, і пасля атрымання дыпломаў яны вяртаюцца працаваць у раён. Толькі за апошнія 5 гадоў да нас прыбылі 72 маладыя спецыялісты, з іх 46 паходзяць са Случчыны.
Замацаванню маладых спецыялістаў на сяле спрыяе рашэнне Слуцкага райвыканкама аб выплаце аднаразавай матэрыяльнай дапамогі на першапачатковае ўладкаванне ў памеры 10 базавых велічынь. Стала добрай традыцыяй правядзенне прафесійных святаў, падчас якіх маладых спецыялістаў пасвячаюць у работнікі культуры. Аддзелам культуры праводзіцца неабходная работа па забеспячэнні месцамі ў інтэрнатах тых, хто ў тым мае патрэбу.
Апрача таго, у 2007 годзе арганізаваны жыллёва-будаўнічы кааператыў “Культработнік”, у які ўключаны ўсе, хто хоча палепшыць жыллёвыя ўмовы (38 чалавек).
У раёне створана пэўная сістэма стымулявання працы, выкарыстоўваюцца розныя формы матэрыяльнага і маральнага заахвочвання. Штогадова падводзяцца вынікі спаборніцтва на лепшую пастаноўку работы сярод культурна-асветніцкіх устаноў.
Пастаянная ўвага надаецца павышэнню кваліфікацыі работнікаў культуры. Пытанні клубнай і бібліятэчнай работы абмяркоўваюцца на вытворчых нарадах, штоквартальна праводзяцца тэматычныя семінары, штомесячна — Дзень дырэктара школы мастацтваў.
Пры раённым цэнтры народнай творчасці працуе школа клубнага майстэрства, функцыянуе творчая майстэрня па абмене досведам работы ў розных жанрах. Пры бібліятэках працуюць школы перадавога досведу, школа маладога бібліятэкара. Паводле плана, спецыялісты раёна павышаюць кваліфікацыю на базе УА “Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры”.
Значная колькасць работнікаў павышае свой прафесійны ўзровень па завочнай форме навучання: 35 — у вышэйшых навучальных установах, 3 — у сярэдніх спецыяльных.
Пытанні культуры пастаянна ў полі зроку раённых і сельскіх выканаўчых камітэтаў.
У 2007 годзе на пасяджэнні райвыканкама разгледжана пытанне “Аб павышэнні адказнасці кадраў устаноў культуры па рэалізацыі галіновай праграмы “Адраджэнне і развіццё сяла на 2005 — 2010 гг.”, у 2006 годзе — “Аб рабоце аддзела культуры па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры і мастацтва”.
Сёння галіна культуры на Случчыне прадстаўлена 95 установамі культуры і мастацтва, у тым ліку 39 клубнымі, 44 бібліятэкамі, 10 дзіцячымі школамі мастацтваў, музеем, паркам культуры і адпачынку.
На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы культуры ў 2007 годзе выдаткавана 2 млрд.
773 млн. рублёў, апрача таго — 169 млн. рублёў на абсталяванне і музычныя інструменты. Згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла, у снежні 2007 года ў аграгарадку в. Вежы адкрыты новы сельскі Дом культуры, які стаў сапраўдным храмам мастацтваў, дзе кожны здолее праявіць свае творчыя здольнасці і стаць удзельнікам вялікіх культурных падзей.
Работнікі культуры надаюць вялікую ўвагу аказанню платных паслуг насельніцтву. За 2007 год іх аказана больш як на 600 млн. рублёў, што дазваляе не толькі павялічваць заработную плату, умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу, але і ўтрымліваць за кошт пазабюджэтных сродкаў тых спецыялістаў, пасады якіх штатны расклад устаноў не прадугледжвае (іх у раёне 35 чалавек).
Удзел у рэспубліканскіх, абласных, раённых святах, фестывалях і конкурсах, творчыя паездкі ў краіны бліжняга і дальняга замежжа, абслугоўванне жыхароў свайго раёна — такая палітра дзейнасці работнікаў культуры.
У раёне — 336 клубных фарміраванняў, у якіх удзельнічае 3748 чалавек; 27 калектываў маюць ганаровыя званні “народны” і “ўзорны”.
На высокім прафесійным узроўні праводзяцца такія мерапрыемствы, як свята “Слуцкія паясы”, конкурс мастацкай самадзейнасці “Жыву ў Беларусі — тым і ганаруся”, фестывалі дзіцячай творчасці, аматарскіх аб’яднанняў, конкурсы патрыятычнай песні і шматлікія іншыя.
На працягу 2007 года ў абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах і фестывалях узялі ўдзел 62 творчыя калектывы са Случчыны. Яны былі ўзнагароджаны 164 дыпломамі розных узроўняў.
Толькі юныя мастакі Слуцкай дзіцячай мастацкай школы на беларускім міжнародным конкурсе “На зямлі маёй” занялі 10 прызавых месцаў і атрымалі 34 дыпломы.
За 2005 — 2007 гады каля 40 работнікаў культуры Случчыны былі ўзнагароджаны Граматамі Міністэрства культуры РБ і Мінаблвыканкама, упраўлення культуры і Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці.
Распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 149 ад 11.05.2007 за значны ўклад у эстэтычнае і духоўнае выхаванне насельніцтва была ўстаноўлена штомесячная персанальная надбаўка кіраўніку фальклорнага калектыву Казловіцкага ЦСДК “Ячэўскія вячоркі” Л.Калядка.
На завяршэнне хацелася б звярнуць увагу на некаторыя пытанні, рашэнне якіх — у кампетэнцыі дзяржаўных органаў улады. На наш погляд, неабходна перагледзець аклады некаторых катэгорый работнікаў (напрыклад, аклад акампаніятара ўсяго на 36 тыс. рублёў большы за аклад прыбіральшчыцы службовых памяшканняў, хаця ўзровень падрыхтоўкі гэтых спецыялістаў несувымерны), а таксама аднавіць даплаты бібліятэчным, музейным і клубным работнікам, якія маюць вышэйшую адукацыю. Прадугледзець мэтавае выдзяленне грашовых сродкаў у бюджэтах пры аплаце выдаткаў па найме жылля маладым спецыялістам у памеры не менш чым 50% базавай велічыні ў месяц.

Алена КАМОЦКАЯ,
начальнік аддзела культуры
Слуцкага райвыканкама