Пазабюджэт? Чаму б не з... сутарэнняў!

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

У Гомелі — пра рамонты, рэканструкцыі, тып сучаснага кіраўніка ў сферы культуры і рэалістычнае стаўленне да фінансаў
Сустрэчы ў Гомелі з прадстаўнікамі тамтэйшых устаноў культуры, апроч усяго іншага, запомняцца мне і тым, што іх кіраўнікі выношваюць шмат планаў. Тут вам і шыкоўныя вароты, якія, магчыма, маюць стаць галоўнай брамай Гомеля, і поўнае абнаўленне будынка, што не рамантаваўся 35 гадоў, і пераезд устаноў у новае памяшканне, і шмат чаго яшчэ. Ці хопіць у бюджэце сродкаў на гэтыя праекты? Мяркуючы па тым, як фінансавалася гомельская культура ў 2013-м, як зарабляла на сябе сама ды ўзаемадзейнічала са спонсарамі, і сёлета надзеям наканавана спраўдзіцца. Гомель стаў пятым у ланцужку абласных цэнтраў, дзе мы даследавалі, як фінансуюцца ўстановы культуры...

Не простыя вiзавi...

Пра Гомель мінулы і Гомель сучасны ў культурным плане мы папрасілі выказацца вядомых у краіне людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да рэгіёна. Хтосьці з іх нарадзіўся ў гэтых мясцінах, працягвае тут жыць, хтосьці змяніў прапіску, але пра родны край не забывае, наведвае...

Сяргей БАЛАХОНАЎ, пісьменнік:

— Тыя гомельскія ўстановы культуры, дзе я бываю, пакідаюць станоўчае ўражанне. Памятаю, як жахліва выглядаў Палац культуры чыгуначнікаў: гэта быў абсалютна закінуты будынак! А пасля рэканструкцыі ён ператварыўся ў казачны палац! Сучасным стаў кінатэатр імя Калініна. У Музеі гісторыі горада Гомеля пастаянна нешта цікавае адбываецца. Ды і вонкава тыя ж бібліятэкі глядзяцца вельмі добра...

Алег РЫЖКОЎ, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь:

— Як былы генеральны дырэктар Палацава-паркавага ансамбля хачу пажадаць цяперашняму кіраўніцтву захаваць усё тое, што было рэканструявана, адноўлена і створана на яго тэрыторыі. Не выпускаць з-пад увагі, што ёсць яшчэ аб’екты, якія патрабуюць абнаўлення, але пры гэтым не спяшацца, не ладзіць аўралаў — усё рабіць паступова, планамерна, якасна. І — думаць, як прыцягнуць усё большую колькасць турыстаў. А як колішні начальнік упраўлення культуры аблвыканкама хачу пажадаць установам культуры горада і вобласці захоўваць сваю індывідуальнасць, наогул мець свой твар — у залежнасці ад іх прафілявання, ад той мясцовасці, у якой яны знаходзяцца...

Мікалай САЦУРА, музычны кіраўнік ансамбля “Сябры”:

— Мне наогул падабаецца агульная тэндэнцыя таго, што адбываецца ў нашай культуры, у тым ліку тое, як яна фінансуецца. Гомельскія канцэртныя пляцоўкі, дзе мы выступаем, адказваюць самым высокім патрабаванням, маюць выдатныя ўмовы для працы! Люба-дорага паглядзець на мясцовыя аматарскія калектывы: як яны апрануты, якія ў іх інструменты, апаратура. Бачу, што гарадскія ўстановы культуры прыхарошваюцца, маюць належны эстэтычны выгляд, адзначаю для сябе нейкія цікавыя дызайнерскія рашэнні...

Каму ўзначальваць установу культуры?

Ірына ДАЎГАЛА, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама — адзіная ў краіне жанчына на такой пасадзе. З калегамі-мужчынамі ў яе канструктыўна-дзелавыя адносіны: пастаянна стэлефаноўваюцца, часта сустракаюцца, абмяркоўваюць надзённыя праблемы, вырашаюць набалелыя пытанні. Ірына Віктараўна ўсміхаецца: “...І мне прыемна, што мае калегі, як кажуць, пры іншых роўных умовах ніколі не забываюць, што я ўсё ж жанчына...”

— Я прытрымліваюся таго пункта гледжання, — кажа Ірына Даўгала, — што сёння пры размеркаванні фінансавых сродкаў прынцып “Усім сястрыцам — за завушніцам” выкарыстоўваць неэфектыўна, а ў асобных выпадках — нават безгаспадарліва. У агульным аб’ёме ўстаноў культуры, якiя маюць патрэбу ў рамонце, у плыні шматлікіх мерапрыемстваў неабходна навучыцца бачыць галоўны аб’ект прыкладання фізічных сіл і фінансавых сродкаў. Такім “аб’ектам” у 2013 годзе стаў Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, які прайшоў у Жлобіне. Мы ў асноўным (заўсёды хочацца большага!) прывялі ў парадак Жлобінскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей, змянілі аблічча бібліятэк горада. Вядома, новы выгляд Жлобіна, — грандыёзная, але не адзіная падзея мінулага года. Так, была адрэстаўравана ДШМ № 6 у Гомелі. Працягваем маштабныя рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы ў сядзібе Козел-Паклеўскіх, што ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. Паверце майму аптымізму, у хуткай будучыні вобласць будзе мець унікальны па прыгажосці турыстычны аб’ект. Пасля рамонтаў адкрыліся дамы культуры ў Буда-Кашалёве і Лоеўскім раёне. У Юравічах на Калінкавіччыне ідзе рэканструкцыя касцёла — помніка архітэктуры XVIII стагоддзя. Працягваецца поўнамаштабная рэканструкцыя Мазырскага драматычнага тэатра, частку плошчаў якога ў лютым 2013-га знішчыў пажар...

— Даводзілася чытаць пра некаторыя раёны: маўляў, там падлога правалілася ў сельскім клубе — няма каму яе аднавіць, тут дзверы патрабуюць рамонту, а цесляры не спяшаюцца...

— І такія факты маюць месца. Але, пагадзіцеся, што тыя дзверы адваліліся не раптоўна. Установу культуры павінен узначальваць кіраўнік-гаспадар. Гэта ж элементарна: кожны мусіць сумленна выконваць працу, тады і не будзе на сцэне адарваных заслон. Сёння дырэктар установы культуры ў роўнай меры — і мастацкі кіраўнік, і адміністратар, і менеджар. І тое не проста маё жаданне, а — патрабаванне часу.

— А што рабіць, калі такой жылкі чалавек не мае?

— Напэўна, развітвацца з ім... Няхай працуе мастацкім кіраўніком, калі ён толькі на дудзе грэц, а не жнец і не швец. Скажу вам шчыра, такіх універсалаў у раёнах не так шмат, як хацелася б.

— У гутарках з людзьмі, з якімі сустракаўся пад час паездак па абласных цэнтрах, я пытаўся аб іх прафесійных марах...

— Калі дазволіце, не толькі пра мары. Першае і, напэўна, галоўнае —- гэта далейшая праца над культурай паводзін нашых людзей: як яны наладжваюць стасункі, як ставяцца адно да аднаго, як выглядаюць... Другое —- рамонт, рэстаўрацыя, аднаўленне ўстаноў культуры і гісторыка-культурных помнікаў. Тут я рэаліст: гэта наша праграма-максімум. Трэцяе —- выдатна, што 2014-ы на Беларусі аб’яўлены Годам гасціннасці. Гэта надасць новы імпульс раёнам папрацаваць у кірунку ўмацавання ўжо наяўных і стварэння новых, унікальных турыстычных аб’ектаў (патэнцыял маем вялікі, можаце паверыць), якія прыцягнуць у вобласць, у нашу краіну гасцей з розных дзяржаў...

Крыху статыстыкі

У 2013 годзе з бюджэту на ўтрыманне, заработную плату, рэканструкцыю і рамонт, набыццё ўсяго неабходнага, правядзенне мерапрыемстваў установам культуры Гомельшчыны было выдзелена 597,4 мільярда рублёў. На будаўнічыя работы аб’ектаў культуры Жлобінскага раёна ў рамках Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013” выдаткавана каля 46 мільярдаў рублёў. Пазабюджэтныя паступленні ў рэгіёне склалі 63 мільярды рублёў, спонсарскія — амаль 4 мільярды (271% ад вынікаў 2012 года).

Што ты зрабіў для культуры ў свае гады?..

Аляксандр ГОСЦЕЎ вядомы меламанам як лідар хіп-хоп-гурта “Гарадская туга”, а чыноўнікам ад культуры — у якасці генеральнага дырэктара Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, які сёлета адзначыць 95-годдзе (“прабацькам” яго з’яўляецца Мастацка-гістарычны музей, адкрыты 7 лістапада 1919-га). Пры зносінах з Аляксандрам Віктаравічам у мяне склалася ўражанне, што пачувае ён сябе на такой высокай пасадзе нібы мацёры рэпер у сваім фрыстайле: дасканала ведае, што, дзе, калі і як адбываецца ва ўстанове, сочыць за парадкам, генерыруе ідэі. І, як той сапраўдны гаспадар, пра якога казала Ірына Даўгала, умее не марнаваць сродкі, а — зарабляць. Так, сума бюджэтнага фінансавання ансамбля склала летась каля 13,3 мільярда рублёў, з іх на розныя праекты было выдаткавана 292,8 мільёна, на набыццё экспанатаў — 358,5 мільёна рублёў. На тэрыторыі комплексу цяпер ідуць рэстаўрацыйныя, рамонтныя, праектныя работы па некалькіх напрамках адначасова: Замкавы і Кіеўскі спускі, аглядавая вежа, зімовы сад, капліца-пахавальня, ансамблевая агароджа.

Асноўнымі сваімі задачамі Аляксандр Віктаравіч лічыць бесперабойнае функцыянаванне Палацава-паркавага ансамбля, рост даходаў, ліку наведвальнікаў. У 2013-м з апошнімі ўзніклі пэўныя цяжкасці — у прыватнасці, з-за таго, што санаторыі Гомельскай вобласці паднялі кошты на пражыванне. Як вынік — скарацілася колькасць ахвотных (у асноўным — расіян) падлячыцца і адпачыць у іх. А гэта — тыя самыя патэнцыйныя госці ансамбля. Змагаюцца за гэтыя катэгорыі з дапамогай шэрагу відаў паслуг: да прыкладу, пры ўступленні ў шлюб можна зарэгістраваць яго тут ва ўрачыстай абстаноўцы, правесці вясельныя фота- ды відэаздымкі на тэрыторыі комплексу і ў інтэр’ерах гістарычных будынкаў. “Простым смяротным” таксама гэта не забараняецца: кошт такой паслугі дадаецца да цаны ўваходнага білета.

Дарэчы, з нядаўняга часу пры жаданні можна купіць агульны білет ва ўсе аб’екты ўстановы (раней — толькі ў кожны паасобку). Між іншым, Палацава-паркавы выступіў з ідэяй агульнага білета на наведванне... усіх музеяў горада! Нягледзячы на тое, што ў Мінску такое пачынанне ажыццявіць не ўдалося, спадар Госцеў не без падстаў разлічвае, што ў Год гасціннасці Гомель стане першапраходцам у такім пытанні.) Яшчэ тут праводзяць платныя лекцыі, экскурсіі, а таксама выстаўкі (парадку пяці новых у месяц), прадаюць сувеніры. Плюс папулярызацыя комплексу праз інтэрнэт-сайт. Пазабюджэтная выручка летась склала 2,5 мільярда рублёў.

Распавёў Аляксандр Віктаравіч і пра планы. Найбліжэйшая задумка, якая, як спадзяецца генеральны дырэктар, будзе рэалізавана ўжо сёлета, — устанавіць на цэнтральным уваходзе вялікія прыгожыя вароты. Далёкая ж перспектыва такая. У парку ёсць мноства старадаўніх падземных хадоў, і іх можна пачаць паступова “ажыўляць”, каб затым праводзіць тут экскурсіі. Маюцца колішнія прадуктовыя склепы, але яны пакуль забетанаваны. Іх таксама можна з часам адкрыць і гандляваць там, скажам, фірменным гатункам каньяку. Пад зімовым садам захаваліся печы: яны ацяплялi цукровы завод, які знаходзіўся ў XIX стагоддзі на гэтым месцы. І іх было б варта прадставіць на агляд усім. “Фронт працы такі, што гадоў на дзесяць-пятнаццаць хопіць, — кажа Аляксандр Госцеў. — Мелася б фінансаванне...”

Танцы на мяжы

Дырэктар Гомельскай харэаграфічнай школы мастацтваў Пётр СВЯРДЛОЎ, зазначыўшы спярша пра тое, што шмат грошай не бывае, выказаў падзяку ўладам горада: у школе правялі рамонт трэцяга паверха, калідораў, замянілі вокны і сантэхніку — на ўсё пра ўсё было выдаткавана каля 200 мільёнаў рублёў. Але ўвогуле да рамонту, выкананага гаспадарчым спосабам (на 70 мільёнаў рублёў), стаўленне ў Пятра Іванавіча неадназначнае. Да станоўчага моманту ён адносіць тое, што з дапамогай гасспосабу дасягаецца эканомія бюджэтных сродкаў, а супрацоўнікі школы, якiя займаліся рамонтам, натуральна, былі зацікаўлены ў яго якасці. З іншага боку, дырэктар асцерагаецца, што такі метад можа прыняць пастаянны характар.

“Лекар павінен займацца лячэннем, — па-філасофску заўважае Пётр Свярдлоў, — напрацоўваць прафесійныя навыкі. Гэтак жа і мы: павінны займацца выхаваннем дзяцей, несці культуру ў масы. А калі мы ў свой працоўны час робім тое, што не датычыцца нашых прамых абавязкаў, — гэта няправільна. Добра, што ў нашай школе сярод супрацоўнікаў аказаліся тыя, хто сёе-тое кеміць у будаўніцтве — няхай і на самым прымітыўным узроўні, а ў некаторых установах горада, я ведаю, людзі проста стагналі...”.

А вось за пазабюджэтнае фінансаванне Пётр Іванавіч галасуе абедзвюма рукамі. І прыводзіць такі прыклад. У яго ўстанове працуюць 35 выкладчыкаў, навучаецца 700 дзяцей. Спадар Свярдлоў прызнае, што педагогам нялёгка, але ж за кошт такой мінімізацыі ў школы з’яўляюцца дадатковыя сродкі. Паступаюць яны і ад апякунскага савета, які складаецца з бацькоў вучняў. На гэтыя грошы былі набыты жалюзі, фарбы, тканіны для касцюмаў. Калектывы школы даюць канцэрты ў рамках гарадскіх і абласных мерапрыемстваў, паказваюць мюзіклы — таксама грошыкі ў скарбонку. Такім чынам, у сярэднім месячныя бюджэтныя паступленні ў 2013 годзе склалі 28,5 мільёна рублёў, а пазабюджэтныя — 26,5 мільёна.

Баліць жа душа ў Пятра Свярдлова за тое, наколькі змогуць адаптавацца ў дарослым жыцці выпускнікі школы. Выкладчыцкі склад, сама школьная атмасфера даюць ім неабходныя навыкі і веды, выхоўваюць, прышчапляюць культуру рамяства і паводзін у грамадстве. А за сценамі ўстановы, мяркуе Пётр Іванавіч, у харэаграфічным асяродку нярэдка можна сутыкнуцца з поўнай адсутнасцю прафесіяналізму.

“Часта я не разумею, што хочуць сказаць сваімі нумарамі мае калегі, — гарачыцца дырэктар. — У іх пераважае форма, якую яны падгледзелi ў тэлевізары ў заходніх танцоўшчыкаў, і зусім адсутнічае змест — хоць лібрэта для гледача пішы. Механічны набор штампаў, якi нічога не дае ні розуму ні сэрцу, калька, прычым вельмі нізкай якасці! Ніякай эстэтыкі, ніякай прыгажосці, слабенькая пластыка! А потым кажуць пра развіццё нацыянальнай культуры. У чым жа яна заключаецца ў дадзеным выпадку? У эратычных рухах? Мне кажуць, моладзі гэта падабаецца, гэта сучасна, выхваляюцца, што выйгралі першае месца на нейкім конкурсе. Якія гэта конкурсы?! Iх праводзяць такія ж непрафесіяналы, прыватныя арганізацыі, выпадковыя людзі, якiя маюць ускоснае або ўвогуле не маюць дачынення да харэаграфіі! Добра, я не такі ўжо рэтраград, — няхай будуць такія танцы, але няхай будзе і беларускае харэаграфічнае мастацтва, заснаванае на нашых каранях! Інакш мы давыхоўваемся да таго, што назаўсёды страцім яго. Мы ўжо яго губляем! Вось пра што я крычу на кожным кроку! Я вам жорсткія рэчы скажу: час заканчваць з засіллем папсы! Пара праводзіць адсеў з-за прафнепрыдатнасці, пара як след разабрацца з тым, як, хто і чаму вучыць у нашых навучальных установах сферы культуры...”

То холад, то...

Уражаны эмацыйнай прамовай Пятра Свярдлова, нават прыціснуты яго напорам, я разлічваў на некалькі хвілін рэлаксацыі ў Доме культуры ўнітарнага прадпрыемства “Віпра” Грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства глухіх”. Аднак дырэктар установы Міхаіл ГУЛАКОЎ паслаблення не даў і адкрыта распавёў пра тое, якія праблемы даводзіцца вырашаць яму. Такім чынам, зірнём на побыт ведамаснай установы культуры.

Галоўная задача ДК — рэабілітацыя інвалідаў па слыху, і ўсе паслугі прадастаўляюцца ім тут бясплатна. А грошы ў 2013-м прыносілі платныя гурткі для ўсіх ахвотных — харэаграфіі, ўсходняга, гістарычнага танца, хатха-ёгі, — а таксама школа эстэтычнага выхавання, курсы кройкі і шыцця, тэатральна-драматычная студыя і студыя вакалу (усяго ў 49 гуртках займаецца крыху менш за тысячу чалавек), вечары адпачынку, канцэрты (535 мерапрыемстваў прайшло за справаздачны перыяд, іх наведала каля 40 тысяч чалавек). Частку плошчаў установа здае ў арэнду. Агульны прыбытак — 498 мільёнаў рублёў. “Быццам бы, круцімся, — уздыхае Міхаіл Уладзіміравіч. — Але ўвосень нам споўніцца 35 гадоў, а за ўвесь гэты час капітальны рамонт нашага будынка ніколі не рабіўся...”

У тым, што ДК патрабуе абнаўлення, я пераканаўся асабіста. Напэўна, у 1979-м ён выглядаў, бы цукерачка, а сёння... Абшарпаныя сцены, выцвілыя падлогі, трэшчынкі, бітыя прыступкі... Не скажу, што разруха цалкам акупавала Дом культуры, але ўражанне ад убачанага засталося, акуратна напішу, не самае вясёлае. “Бацькі дзяцей, якія займаюцца ў гуртках, пастаянна скардзяцца, — працягвае Міхаіл Гулакоў. — То на холад, то на “Савецкі Саюз” — у горшых яго праявах. Прывяду наступны факт: летась мы не змаглі здаць ніводнага памяшкання пад выпускныя вечары. Кажуць, выглядаем несалідна... Вельмі спадзяюся, што ў 2014-м унітарнае прадпрыемства “Віпра” распачне-такі рамонт нашых хаця б фае і ўвахода...”

Свята чакалі 75 гадоў

Пра рамонт са мной гутарыў і Мікалай Шамшэня — дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Рэканструкцыя будынка, дзе ён будзе знаходзіцца, павінна скончыцца сёлета; на апошні этап выдзелена 700 мільёнаў рублёў. Для цэнтра закуплены множальная і капіравальная тэхніка, паліграфічнае абсталяванне (коштам прыблізна 200 мільёнаў). Іх “магутнасці” выкарыстоўваюць не толькі пад свае патрэбы, але і для атрымання пазабюджэтных сродкаў (у 2013-м яны склалі 236,4 мільёна рублёў, а на ўтрыманне ўстановы з бюджэту было выдзелена каля двух мільярдаў). У памяшканні, якое пакуль арандуе выставачная зала Цэнтра, можна набыць творы ДПМ, карціны мастакоў. Супрацоўніцтва з прыватнымі структурамі ў метадцэнтра адбываецца ў асноўным так: уладальнікі аграсядзіб бясплатна прадастаўляюць свае плошчы пад мерапрыемствы, якія праводзяцца пад эгідай установы, але паслугі (напрыклад, перакусіць) пры гэтым платныя.

— У лістападзе ў вашай выставачнай зале прайшла цікавая выстаўка нацыянальнага беларускага касцюма і ручніка “Славянская крыніца”...

— Так, ручніка і народнага касцюма канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Жыхарамі і майстрамі-ўмельцамі Гомельскай вобласці былі прадстаўлены арыгінальнае і адноўленае адзенне таго часу, стылізацыі пад даўніну.

— Мікалай Іванавіч, а колькі каштуе адзін такі рэканструяваны касцюм?

— У залежнасці ад матэрыялу, з якога ён выраблены. Але не так дорага, як вы можаце падумаць...

Такія рэаліі

Ведаеце, і Гомель у плане культурна-эканамічнага існавання не пакінуў у мяне нейкага маркотнага адчування. Ва ўстановах горада думаюць пра будучыню. Так, зыходзячы з, быць можа, не занадта вялікіх сродкаў, што выдзяляюцца бюджэтам, ды з зусім не завоблачных зарплат. Круцяцца, як дакладна заўважыў Міхаіл Гулакоў, не апускаюць рук, прыдумляюць праекты, выручка ад рэалізацыі якіх дасць жыццё чарговым задумкам.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"