“Гараджанкі” з “фотапалявання”

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Гродзенская журналістка і фатограф Наталля Дораш прадставіла выстаўку “Гараджанкі”, што з’яўляецца часткай вялікага праекта “Жыхары Гродна”. Партрэты сарака дзяўчынак, дзяўчат і жанчын упрыгожылі сцены галерэі “У майстра”.

/i/content/pi/cult/468/9918/9-9.jpg

/i/content/pi/cult/468/9918/9-8.jpg

Экспазіцыю, якую Наталля рыхтавала цягам апошніх трох гадоў, гродзенцы могуць ацаніць дзякуючы падтрымцы народнага фотаклуба "Гродна". “Гараджанкі” сталі трэцяй персанальнай выстаўкай Дораш. Папярэдні праект “Палешукі” дэманстраваўся ў Гродзенскай выставачнай зале ў кастрычніку 2013 года і сабраў вялікую колькасць водгукаў у прэсе. Пра свае фота на выстаўцы Наталля Дораш распавяла:

— Мне падабаецца здымаць вёску. Раней вельмі часта выязджала дзеля гэтага на Палессе. І таксама люблю здымаць Гродна. Калі выбіраюся на шпацыр ці па справах, дык абавязкова бяру фотаапарат і ствараю сюжэты з гараджанамі. За тры гады такога “фотапалявання” сабрала больш як сотню выяў. Лаўлю кадры з людзьмі не толькі прыхаванай камерай. Калі няма магчымасці, але чалавек спадабаўся, я падыходжу, прадстаўляюся ды прашу: ці можаце вы папазіраваць мне? І не было такога выпадку, каб мне адмовілі.

У мяне нават была ідэя зладзіць выстаўку на вуліцы: развесіць надрукаваныя невялікім фарматам здымкі на вяровачцы. Наогул, кожная з работ мае адметнасці. Вось, да прыкладу, у цэнтры выстаўкі — партрэты дваіх дзяўчат. Адну з іх я заўважыла ў гродзенскім універмагу: яна прадаўшчыца дыяментаў і золата. Я хвілін дзесяць за ёй назірала. Гэтая дзяўчына сама свяцілася як дыямент! Ейныя вочы, яе ўсмешка... Вось таксама гандляркі. На здымку, датаваным 31 снежня, — вечар, снег, а жанчына прадае тарты... Таксама сачу за нашымі маладымі жанчынамі ў крамах: як у іх ззяюць вочы, калі яны бачаць прыгожае аддзенне, якое не могуць сабе дазволіць... І я фіксую гэтыя моманты. Таксама люблю здымаць сталых людзей. Бывае, ідзеш па горадзе і назіраеш, як нейкая бабуля адпачывае. Таксама маю серыю партрэтаў дам у капелюшах. А на самой выстаўцы я прадставіла толькі два іх здымкі...

Андрэй МЯЛЕШКА

Гродна