На фотахвалі...

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Пачатак асэнсавання феномену?
Альбом “Новая хваля. Беларуская фатаграфія 1990-х” — выданне, якое чакалі, пра якое гаварылі, — стаўся першым, што пазначыў феномен творчай фатаграфіі Беларусі ў кантэксце гісторыі мастацтва. Сама “новая хваля” — з’ява, што адбылася ў фатаграфіі і, шырэй, культуры Беларусі ў 80 — 90-я гады ХХ стагоддзя. Унікаючы ў гэты феномен, дзіву даешся: як так здарылася, што сёння пра яго існаванне ведае абмежаванае кола людзей? І якія рэчы мы пакідаем у спадчыну даследчыкам...

/i/content/pi/cult/468/9916/8-9-1.jpg

"Беларускі клімат". "Алімпія". 1991 г.

/i/content/pi/cult/468/9916/8-9-3.jpg

 

І.Саўчанка. Танаваны жэлацінава-срэбраны адбітак, акварэль. 1989 г.

/i/content/pi/cult/468/9916/8-9-4.jpg

С.Кажамякін. З серыі "Фантомныя адчуванні". 1997 — 2002 гг.

/i/content/pi/cult/468/9916/8-9-5.jpg

 

Г.Маскалёва. "Успаміны дзяцінства". 1989 г.

Чым жа з’яўляецца “новая хваля”, якой прысвечаны альбом з серыі найноўшага мастацтва Беларусі і якую наша грамадства пакуль пакінула па-за полем асноўнай увагі?

Гэта культурны феномен, што нарадзіўся ў 1980 — 1990-я гады дзякуючы ўнікальнаму спалучэнню людзей, месца і часу. Ён узнік выпадкова, але, у пэўным сэнсе, заканамерна: праз дзіўны ланцуг сувязей ды абставін. Аматарскі рух фатаграфіі, спецыфіка яго развіцця ў Мінску і першы выбух — фестываль “Фатаграфіка” ў 1971-м, на які з’язджаліся майстры з усяго Савецкага Саюза. Пэўныя фармальныя пошукі, актыўнасць, а затым спад. І паралельна з гэтым кірункам — з’яўленне ды дзейнасць асобнай суполкі аўтараў, якая ў аснове сваіх эксперыментаў кіравалася зусім іншым падыходам: яна ставілася да фатаграфіі як да інструмента спасціжэння рэальнасці.

Родапачынальнікам гэтай школы, якую потым назавуць “мінская школа фатаграфіі”, стаў унікальны педагог і фатограф Валерый Лабко. Менавіта ён, адкрыўшы на базе фотаклуба “Мінск” уласную студыю навучання, згуртаваў вакол сябе асаблівае кола творчых асоб. Асаблівасць падыходу Валерыя Лабко была ў тым, што яго не цікавіла адно бліскучае валоданне тэхнікай — ён набіраў у свае студыі персон, здольных мысліць самастойна і арыгінальна. Іншымі словамі — ствараў адмысловы асяродак, дзе ў віхуры спрэчак, меркаванняў, асобых падыходаў ды эксперыментаў розных, але творчых людзей нараджалася новая фатаграфія.

Гэты пункт — 1983 — 1986 гады — стаўся пунктам кіпення, у якім супала ўсё: і падыход Валерыя Лабко да фатаграфіі як да інструмента спасціжэння рэальнасці, якому ён вучыў сваіх гадаванцаў; Мінск — як месца скрыжавання ідэй і памяці; і час — стомленасці ад утопій, якія так і не здзейсніліся, і час творчага разняволення. Мне здаецца, тое, што зрабіў тады Валерый Лабко з колам апантаных фатаграфіяй інжынераў, дазволіла ім выйсці за межы ўласнага кантролю і, адрынуўшы штампы аматарскай фатаграфіі, зрабіць стаўку на ўласную інтуіцыю.

Гаворка ідзе не пра асобныя здымкі, якія ёсць у практыцы фотааматараў, а пра выбітныя серыі, што дэманструюць сталы погляд мастака, яго індывідуальнае мысленне і рух думкі. Гаворка — і аб працы з формай, калі аўтар не выпадкова, а свядома абірае пэўны фармат, які будзе найлепшым у выяўленні ягонай ідэі. Гаворка — і пра захаванне глыбіннай сутнасці падзей ды рэчаў, а не пра іх намінальную фіксацыю. Вось што адрознівае творчую фатаграфію і вось на якіх устаноўках ды падыходах стаяла “мінская школа”.

Яе фатографы звярталіся да ўласных адчуванняў, успамінаў, сноў, мінулага, да адкрытага кантакту з рэчаіснасцю. Гэта быў час “злому эпох”, і мастакі “новай хвалі” адважыліся захаваць яго аблічча з дапамогай “адкрытага аб’ектыву”.

Хто ж з’яўляецца яе прадстаўнікамі? Многія ведаюць імёны гэтых фатографаў, але ці знаёмы мы з імі насамрэч? У альбоме прадстаўлены адзінаццаць аўтараў. Але насамрэч “мінская школа” фатаграфіі ўключае большую колькасць мастакоў, як і феномен “новая хваля”, які ўбірае ў сябе і студыйцаў Лабко, і тых, хто трапіў у іх “сілавое поле”, і некаторых фатографаў з абласных фотаклубаў, і такое ўнікальнае згуртаванне, як “Беларускі клімат”, без якога мастацкія пошукі 1990-х не з’яўляюцца поўнымі. Альбом, дарэчы, дае магчымасць пазнаёміцца з творамі гэтай легендарнай фота-рок-асацыяцыі, якая займалася не толькі фатаграфіяй, але і тэатрам, музыкай, літаратурай, і работы якой глядзяцца сёння надзвычай сучасна ды свежа.

Але вернемся да топавых аўтараў “новай хвалі”, якім удалося прагучаць праз свае фотатворы на ўвесь свет. Ці ведае сёння беларускае грамадства пра тое, што работы прадстаўнікоў "новай хвалі" знаходзяцца ў фондах Музея сучаснага мастацтва Стакгольма, Каралеўскай бібліятэкі Даніі, Музея фотамастацтва Одэнсэ? А ў апошнім знаходзіцца найбуйная калекцыя твораў Ігара Саўчанкі? Што фатаграфіі Сяргея Кажамякіна, Уладзіміра Парфянка, Галіны Маскалёвай, Уладзіміра Шахлевіча, Валерыя Лабко, Ігара Саўчанкі (як і Вадзіма Качана, Івана Пятровіча, Генадзя Слабодскага, Алены Мулюкінай, Аляксандра Сіняка, Сяргея Кавалёва, Генадзя Родзікава, Ірыны Сухій, Сяргея Сукавіцына, Аляксея Паўлюця, Аляксея Ільіна ды іншых) экспанаваліся ў прэстыжных залах Еўропы і Амерыкі? Што выстаўкі з удзелам іх работ ладзіліся ў Хельсінкі, Маскве, Капенгагене, Балтымары, Нью-Ёрку, Берліне, Стакгольме?.. Што фота шэрагу з іх  друкаваліся ў буйных міжнародных праектах: "Фота / Маніфеста", "Новая савецкая фатаграфія", "Новая хваля ў фатаграфіі Расіі і Беларусі" ды іншых, у каталогу аўкцыённага дома “Sotheby’s”? Што феномен “мінскай школы” быў прызнаны ў 1990-я гады менавіта замежнымі куратарамі ды крытыкамі, якія адзначылі адметны і выключны почырк яе прадстаўнікоў?

Ці ведаем мы пра гэта? Ці імкнёмся ўсвядоміць? Альбом дае магчымасць публіцы ўбачыць за белымі плямамі гісторыі беларускай фатаграфіі пэўныя абрысы. Магчыма, выданне не дае дакладнага ўяўлення пра адметнасць кожнага прадстаўленага ў ім аўтара, тым не менш, гэта — першая крыніца, якая адзначае асаблівасць ды высокі ранг творчай фатаграфіі. І — прапануе пачаць працаваць з нашай спадчынай.

Безумоўна, мае рацыю Іна Рэут — мастацтвазнаўца, куратар, аўтар уступнага тэксту да альбома, выдадзенага ў серыі "Беларускі пАРТызан", — якая адзначае ў сваіх нататках: “Той факт, што Беларусь гэтага (феномену. — Д.А.) не ўсвядоміла, не ацаніла і нават амаль што не заўважыла, уражвае. Бо толькі адна такая з’ява, як творчая фатаграфія, прызнаная на самым высокім узроўні ў сістэме міжнароднага мастацтва, магла даць штуршок да бачных і цалкам істотных змен не толькі ў сферы, якая звязана з мастацтвам, але і ў культуры ў шырокім разуменні, у адукацыі, культурнай дыпламатыі і нават у эканоміцы”. І пакуль мы толькі расстаўляем акцэнты, суседзі ўжо робяць свае інвестыцыі. Толькі летась, пра што “К” ужо пісала, Дзяржаўны Цэнтр фатаграфіі Расіі — РАСФОТА — выкупіў сотні работ беларускіх фотамайстроў.

Гэта толькі здаецца, што час у нас яшчэ ёсць...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"