Глабалізацыя і... наш стыль

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Ігар ВУГЛІК, культуролаг, кандыдат гістарычных навук, дацэнт
З пачаткам працэсаў глабалізацыі свет культуры атрымаў новы стымул для пошуку этнакультурнага імунадэфіцыту. Побач з пазітыўнымі рысамі — распаўсюджваннем масавага прадукту — глабалізацыя нясе пагрозу нівеліроўкі нацыянальных культурных асаблівасцей. Таму супраць яе змагаюцца праз узмацненне моўнай палітыкі (згадаем барацьбу ў Францыі супраць англійскай мовы), падтрымкай этнічных аўтэнтычных культурных асаблівасцей — ад побытавых звычаяў да вытворчасці ежы і напояў.

/i/content/pi/cult/468/9912/5-11.jpgУ Беларусі сітуацыя з гэтым складаная, найперш, у сферы прадметаў першай неабходнасці: ежы, адзення, жылля. Масавая ежа Беларусі стварае добрую рэкламу італьянскай (піца), амерыканскай (гамбургеры), японскай (сушы), усходняй (чабурэкі), фінскай (пельмені) традыцыям. Зразумела, гэта сусветная мода, але не ў такіх жа памерах! Знайсці ў Мінску куточак традыцыйнай (народнай) кухні, не кажучы пра шляхецкую, досыць складана. У Амстэрдаме ў любой кавярні вы знойдзеце бульбу фры з рабрынкамі, меню парыжскіх кафэ заснавана ў асноўным на французскай кулінарыі, у Кіеве перавага ў масавай ежы надаецца мясцовым стравам, не кажучы пра Львоў ды Ужгарад, дзе традыцыйная ўкраінская кухня ўзведзена ў культ. Асобна стаіць Берлін, аднак нямецкія каўбаскі знайсці там не так складана. Замена піцы ды іншай замежнай вынаходкі на тыя ж дранікі, калдуны, верашчаку і шэраг адметных беларускіх страў — справа нескладаная. Патрэбны мэтанакіраванасць і разуменне неабходнасці. Тое ж тычыцца і напояў. Са старажытнасці беларусы (шляхта і гараджане) ужывалі шмат піва, і таму сорамна, што гэты напой у нас мала нагадвае той, які ўжываюць у Германіі, Чэхіі і нават ва Украіне. Пра медавуху з коштамі на яе і казаць няма чаго. Асноўны напой шляхты і гараджан складалі замежныя ці мясцовыя віны — магчыма, трэба аднавіць вытворчасць марозаўстойлівых гатункаў вінаграду накшталт “Ізабелы”. Культура піцця шляхты (бо сяляне мелі права вырабляць моцныя напоі, піва толькі на святы і падзеі сямейнага кшталту) уключала вялікую колькасць настоек, налівак.

Існуюць праблемы і са стылем адзення. У нас не прыжыўся інтэрнацыянальны стыль Берліна, Варшавы, Парыжа, Амстэрдама, які сумяшчае лёгкі спартыўны вобраз адзення з элементамі індывідуальнай адметнасці. На вуліцах цэнтра Мінска можна сустрэць маладых дзяўчат, апранутых у стылістыцы саракагадовых жанчын — у каштоўныя строі, з залатымі ўпрыгожаннямі, маладых хлопцаў на дарагіх матацыклах ды машынах. Вопратку, якую можна пабачыць у модных салонах “Како Шанэль” у Парыжы, носяць як будзённую. У гэтым сэнсе мадыфікацыі традыцыйных брыля, капара (чапца з доўгімі вушамі), андарака, кунтуша падаюцца цікавымі, толькі хто іх будзе вырабляць: народныя майстры ці фабрыкі?

Асобную ўвагу хочацца надаць айчыннаму тэлебачанню, якое, за выключэннем хіба аднаго канала, (транслюе пераважна прадукты масавай культуры. Складаецца ўражанне, што яго мэта — папулярызацыя праблемнай, з пункта гледжання якасці, масавай культуры — серыялаў (у прыватнасці, расійскіх) з іх часцяком неахайнымі персанажамі, чыя лексіка ўжо сама па сабе выклікае сумненні ў "гатунку" фільма. Гэта і пасрэдная музычная папса, "выдатныя" якасці якой уводзяць у экстаз хіба густ, даруйце, нецвярозага папугая. На жаль, нашы эстрадныя выканаўцы капіруюць гэты стыль, прыніжаючы і сябе, і слухачоў. Напэўна, наспеў час даць магчымасць “раскруціцца” моладзі з адрознымі ад “фармату” густамі.

З культурных элементаў мясцовага паходжання, якія варта рэпрэзентаваць у якасці кампанентаў мас-культуры, можна адзначыць музыку ў стылістыцы фольк-рок. Яна мае нядрэнную генеалогію ў выглядзе славутых у свой час “Песняроў”. Падобная музыка папулярная ў еўрапейскага слухача, бо нясе фальклорную адметнасць, якая толькі і можа выклікаць цікавасць у перанасычаным музычным свеце Захаду. Паспяхова спаборнічаць у традыцыйнай рок-, поп- і эстраднай музыцы з еўрапейцамі ды амерыканцамі, мяркую, — пустая справа, бо нам бракуе традыцыі, а значыць, якасці, і няўдачы на конкурсах кшталту “Еўрабачання” кажуць самі за сябе...