Незадаволены аўтар. Публіка — таксама?

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Ілья СВІРЫН, рэдактар аддзела газеты “Культура”
Скульптура Паўла Вайніцкага “Дарога ў будучыню” ў мінскім парку Перамогі і мемарыяльны знак, створаны Максімам Петрулём на месцы дома, дзе нарадзіўся яго цёзка — паэт Багдановіч, пакуль яшчэ не адкрыты і нават не завершаны. Тым не менш, зацікаўленая публіка ўжо ахвотна іх абмяркоўвае. Што вытлумачальна: ці не ўпершыню надзвычай сур’ёзныя тэмы былі адлюстраваны праз творы, несумненна прыналежныя да contemporary art.

/i/content/pi/cult/468/9911/4-1.jpgНа паверку тыя два аб’екты нічым паміж сабой не звязаны: розныя аўтары, розныя заказчыкі… Хіба толькі — ствараліся яны амаль сінхронна. Але менавіта з гэтай прычыны можна задацца пытаннем: а раптам гэта тэндэнцыя? Ёсць, дарэчы, і яшчэ адна рыса, якая іх аб’ядноўвае: у абодвух выпадках аўтары не былі задаволены ўвасабленнем сваёй задумы. І тут таксама прасочваецца пэўная тэндэнцыя…

Пра патрэбу абнаўлення выяўленчых сродкаў беларускага манументальнага мастацтва гавораць даўно і многія. Маўляў, у плане эстэтыкі мы захраслі ў старым добрым сацрэалізме, хаця на двары ўжо зусім іншая эпоха. Думка зусім не бясспрэчная, аднак з’яўленне на мінскіх вуліцах тых твораў, якія не маглі на іх з’явіцца раней за ХХІ стагоддзе, здаецца, павінна толькі радаваць. І тым не менш, заўсёднікі інтэрнэт-форумаў ды сацыяльных сетак пакідаюць пераважна крытычныя водгукі.

У чым тут прычына? У мастацкім узроўні саміх работ або ў непрызвычаенасці публікі да рваных ліній і паржаўленага металу? Абгрунтаваны адказ на гэтае пытанне пакуль цяжка сфармуляваць, але асабіста я схіляюся ўсё ж да другога варыянту.

Сімптаматычна і тое, што многіх збянтэжылі нават не самі работы, але менавіта гэтае нязвыклае спалучэнне: сучаснае мастацтва і сур’ёзная тэматыка. Нязвыклае яно, адзначым, менавіта для нас. І тут варта прывесці прыклад манументальнага твора, які, думаецца, глыбока ўразіў не толькі мяне.

У 2005 годзе ў цэнтры Берліна быў адкрыты мемарыял памяці забітых яўрэяў Еўропы. Пра сур’ёзнасць і трагічнасць тэмы, пра сувязь яе з месцам нават не трэба нагадваць. Таму і падыход да гэтага помніка быў надзвычай грунтоўны. Ад узнікнення ідэі да яе рэалізацыі прайшло без малога 20 гадоў і два конкурсы, на якія пададзены сотні заявак з усяго свету. Праект зацвярджаўся на самым высокім узроўні: галасаваннем дэпутатаў Бундэстагу. І што ж у выніку атрымалася?

Плошча ў 19 тысяч квадратных метраў запоўнена аднатыпнымі бетоннымі стэламі рознай вышыні, якія ўтвараюць бясконцыя роўныя шэрагі. І ўсё! Аўтар ідэі, вядомы амерыканскі архітэктар Пітэр Айзенман, казаў, што натхненнем для яго паслужыў рэальны жыццёвы выпадак: неяк у дзяцінстве ён заблукаў у лесе ды нацярпеўся страху. Здавалася б, пры чым тут Халакост? Турыст трапляе ў гэты бетонны лес “без задняй думкі”, ды яшчэ, можа, і з саркастычнай усмешкай. Ён прыехаў на экскурсію, ён нязмушана шпацыруе з сябрамі, у яго шмат прыемных планаў на гэты вечар… Спярша пліты даходзяць яму толькі да пояса, але спакваля яны становяцца ўсё вышэйшымі і мала-памалу закрываюць увесь спазор. З усіх бакоў — адны толькі шэрыя пліты, нават неба амаль не відаць. Сябры некуды згубіліся, хоць ты крычы “Ау!”. І тады рэцыпіент сапраўды адчувае вусціш.

Як выявілася, абстрактны твор, не забяспечаны адназначнай інтэрпрэтацыяй, здатны даносіць сваю ідэю вельмі пераканаўча і непасрэдна, ледзь не на фізіялагічным узроўні. Цяжка сказаць, ці змаглі б нейкія канкрэтныя вобразы настолькі эфектыўна справіцца з гэтай задачай. Асабліва калі ўлічыць, што помнік разлічаны перадусім на тых гледачоў, якія ведаюць пра Халакост выключна з урокаў гісторыі (калі, вядома, іх не “сачкуюць”), што генетычная памяць мае схільнасць з часам слабнуць, што свядомасць сучаснага пакалення перанасычана рознай “эфектнай” візуальнай інфармацыяй, і “дастукацца” да ягонага сэрца з яе дапамогай стала куды складаней.

Сапраўды, тут важны і яшчэ адзін аспект. Скульптары ХХІ стагоддзя ўвасабляюць у сваіх манументальных творах не толькі ўласнае разуменне мастацтва, але і той ракурс успрыяцця “вялікіх тэм”, які ўласцівы непасрэдна іх генерацыі беларусаў. Можа, менавіта гэта зробіць іх работы больш зразумелымі для новых пакаленняў гледачоў?..

 

Тэму сучаснай манументальнай пластыкі, стаўлення да яе грамадскасці і прычын некарэктнага мантажу мы працягнем у адным з бліжэйшых нумароў "К".