Такім стане помнік...

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Абвешчаны летась Міністэрствам культуры нашай краіны творчы конкурс на лепшы эскіз помніка народнаму артысту СССР, народнаму артысту Беларусі, стваральніку і кіраўніку легендарнага ансамбля “Песняры” Уладзіміру Мулявіну для горада Екацярынбурга завершаны. У трэцім, апошнім, туры, які адбыўся 19 лютага бягучага года, журы (старшыня — першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі) у выніку тайнага галасавання лепшым прызнала эскізны праект скульптара Сяргея Логвіна.

/i/content/pi/cult/468/9910/2-2.jpg

Сяргей Логвін — вядомы скульптар, уладальнік залатога медаля Акадэміі мастацтваў СССР (1978), аўтар рэльефаў на варотах Чырвонага касцёла ў Мінску, кампазіцый “У старой Вільні. Францыск Скарына”, ”Спадчына”, “Каралі і блазны”, “Кароль Стах”, “Еўропа”...

На пасяджэнні журы прысутнічалі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў і рэктар Уральскай архітэктурна-мастацкай Акадэміі Сяргей Постнікаў. Пасля адпаведнай дапрацоўкі рабочая мадэль эскізнага праекта будзе разгледжана Рэспубліканскім мастацка-экспертным саветам па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, а потым праца працягнецца да яе поўнага завяршэння. Помнік плануецца адкрыць у самым цэнтры Екацярынбурга, на плошчы перад кінаканцэртным тэатрам “Космас” у жніўні 2014 года ў Дзень горада. Стварэнне гэтага помніка ініцыявана Міністэрствам культуры нашай краіны і Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі пры падтрымцы Урада Екацярынбургскай вобласці і дыяспары беларусаў Урала.

Трэба адзначыць, што стварэнне помніка выдатнаму музыканту на яго радзіме — гэта вельмі важная падзея ў культурным супрацоўніцтве Беларусі і Расіі, бо асоба Уладзіміра Мулявіна даўно ўжо стала яркім сімвалам гэтай дружбы. Помнік Мулявіну ў Екацярынбургу стане ў адзін шэраг з такімі работамі, створанымі беларусамі ў іншых краінах, як помнік Янку Купалу — у Маскве, Уладзіміру Караткевічу — у Кіеве, Францыску Скарыну — у Празе...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"