Мікалай КУЗЬМІНІЧ: “Выпускнікі — запатрабаваныя”

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

У 2007 годзе БДУ культуры і мастацтваў заставаўся вядучай навучальнай установай галіны па падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй для рэгіянальных устаноў культуры. Год быў вельмі плённым для універсітэта, які паспяхова прайшоў атэстацыю. Гэта сведчанне высокай якасці падрыхтоўкі кадраў.

 /i/content/pi/cult/146/991/Kuzminich1.jpg

Універсітэту перададзены новы будынак для вучэбнага корпуса №3, асвоены першы мільярд на будаўніцтве спартыўна-культурнага цэнтра. У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь распачалася рэарганізацыя універсітэта шляхам далучэння да яго БелДІПК. Гэта паспрыяе ўмацаванню сувязей паміж галіновай навукай і падрыхтоўкай студэнтаў. У сценах адной установы будзе забяспечвацца давузаўская, вузаўская і паслядыпломная адукацыя — павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў для сферы культуры.
Летась універсітэт закончылі 374 маладыя спецыялісты па 15 спецыяльнасцях і 34 спецыялізацыях, з якіх 313 чалавек навучаліся за бюджэтныя сродкі, 61 — за ўласныя, 40 чалавек навучаліся па дагаворах аб мэтавай падрыхтоўцы.
Пра высокую запатрабаванасць выпускнікоў установы сведчаць запыты да нас з дзяржаўных устаноў культуры: у 2005 годзе — 431 (на 309 выпускнікоў), у 2006-ым — 516 (на 330 выпускнікоў). У 2007 годзе на 313 выпускнікоў паступілі 644 запыты, акрамя таго, павялічылася колькасць заявак ад недзяржаўных устаноў і арганізацый. Камісіяй па персанальным размеркаванні і працаўладкаванні было размеркавана 309 бюджэтнікаў (98,7% ад іх агульнай колькасці) і 10 платнікаў.
Усім выпускнікам прадастаўлена першае працоўнае месца ў адпаведнасці з набытай спецыяльнасцю і кваліфікацыяй. У той жа час 42 выпускнікі выкарысталі своё права на пераразмеркаванне, што прадугледжана адпаведнай Пастановай Савета Міністраў.
Для работы ў рэгіёны краіны накіравана 260 чалавек (84,1%). У сельскія ўстановы культуры паехала 97 (31%), у тым ліку ў аграгарадкі — 13 чалавек (4,1%). Ва ўстановы сферы культуры размеркаваны 271 чалавек (87,5%), у іншыя ўстановы — 38 (12,5%). Кожны рэгіён атрымаў больш выпускнікоў, чым у мінулыя гады.
Калі ў 2005 і 2006 гадах амаль палова выпускнікоў размяркоўвалася ў Мінск, дык у 2007 годзе — толькі 16%.
Адпаведна,раней у г. Мінск і Мінскую вобласць размяркоўваліся 2/3 выпускнікоў, а летась — крыху больш за палову. 36% выпускнікоў размеркавана ў Мінскую вобласць, 12%— у Гродзенскую, каля 9% — у Віцебскую, Брэсцкую, Магілёўскую вобласці.
Як і прадугледжана галіновай праграмай “Культура”, прыярытэтнай для універсітэта заставалася падрыхтоўка бібліятэкараў (ВНУ скончыў 81 чалавек з 309 выпускнікоў-бюджэтнікаў, 74 працаўладкаваліся), харэографаў (41 чалавек, усе яны працаўладкаваліся), рэжысёраў народных абрадаў і свят (15 выпускнікоў, 12 — працаўладкаваліся).
Важнейшай задачай універсітэта заставалася не толькі размеркаванне, але працаўладкаванне і адсочванне дзейнасці маладых спецыялістаў цягам двух гадоў.
З 309 выпускнікоў, якія атрымалі накіраванне на работу, працаўладкаваліся 282 (91,3%). Не працаўладкаваліся 27 чалавек, з якіх 20 (6,5%) чалавек паступілі ў магістратуру, 3 (1%) прызваны ў армію. У адносінах да 4 (1,2%) выпускнікоў, якія не даехалі да месца размеркавання, узбуджаны справы аб вяртанні сродкаў за навучанне.

 /i/content/pi/cult/146/991/Kuzminich2.jpg

Асаблівая ўвага надаецца падрыхтоўцы кадраў праз мэтавае навучанне вясковай моладзі. У мінулым годзе БДУ культуры і мастацтваў скончылі 40 мэтавікоў. Усе яны, за выключэннем ільготнікаў і магістрантаў, атрымалі накіраванні на работу ў тыя ўпраўленні і аддзелы культуры, з якімі былі заключаны дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы. У Мінскай вобласці працаўладкаваліся 14 чалавек, у Гродзенскай — 8, у Брэсцкай — 5, у Віцебскай — 3, у Гомельскай і Магілёўскай — па 2 чалавекі.
У 2007 годзе універсітэт паспяхова правёў уступную кампанію, выканаў усе планавыя паказчыкі па наборы на
I курс. Але ў працэсе прыёмнай кампаніі прыйшлося ўносіць змены ў план мэтавага прыёму.
Так, упраўленне культуры Магілёўскай вобласці падавала заяўку на падрыхтоўку мэтавікоў па 7 спецыялізацыях, але на экзамен прыехаў толькі адзін, прычым па незаяўленай спецыялізацыі. Нам зразумелыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца ў рэгіёнах пры наборы кандыдатаў для мэтавай падрыхтоўкі (прэтэндэнты павінны быць накіраваны на работу ў сферы культуры, мець адпаведныя здольнасці, пажадана — пачатковую мастацкую адукацыю, каб хоць неяк канкурыраваць з выпускнікамі ССНУ, а ў атэстаце — балы неніжэй за 6, плюс пэўныя гарантыі, што праз 5 гадоў спецыяліст вернецца ў рэгіён). Пры ўсіх гэтых цяжкасцях мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў застаецца дзейсным фактарам вырашэння кадравых праблем у рэгіёнах.
Работа па размеркаванні і замацаванні маладых спецыялістаў набывае ва універсітэце сістэмны характар. У абласныя ўпраўленні, раённыя аддзелы культуры накіроўваюцца лісты, у якіх паведамляецца дата размеркавання, падрабязная інфармацыя аб спецыяльнасцях і спецыялізацыях, па якіх універсітэт выпускае спецыялістаў.
Праводзіцца тлумачальная работа сярод выпускнікоў аб дзяржаўнай палітыцы па падтрымцы маладых спецыялістаў, развіцці малых гарадоў, сельскіх населеных пунктаў. Студэнты інфармуюцца аб прафесійных дасягненнях выпускнікоў універсітэта мінулых гадоў, якія працуюць у розных рэгіёнах краіны, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. Стала добрай традыцыяй арганізацыя сустрэч з супрацоўнікамі абласных упраўленняў, раённых і гарадскіх аддзелаў культуры па пытаннях працаўладкавання і замацавання выпускнікоў універсітэта.
Універсітэт ініцыіруе ўнясенне змен у Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, у кваліфікацыйны даведнік “Пасады служачых, занятых у культуры і мастацтве”, стварэнне вучэбных комплексаў “ССНУ — Універсітэт” актывізуе прафарыентацыйную работу сярод абітурыентаў і студэнтаў. Аднак для забеспячэння сферы культуры спецыялістамі з вышэйшай адукацыяй намаганняў толькі універсітэта недастаткова. Неабходна актывізацыя сумеснай работы універсітэта і мясцовых органаў кіравання па замацаванні маладых спецыялістаў на месцах размеркавання, па стварэнні неабходных сацыяльных і псіхалагічных умоў для іх прафесійнай дзейнасці.
Прынясе карысць замацаванне за маладымі спецыялістамі дасведчаных настаўнікаў, праяўленне большай увагі да працы маладых спецыялістаў з боку мясцовых органаў улады, дапамога ў вырашэнні іх праблем. Варта вывучыць досвед матэрыяльнай падтрымкі з боку дзяржавы выпускнікоў педагагічных і медыцынскіх ВНУ, якім устанаўліваецца 10-працэнтная надбаўка да акладу.
Кажучы пра работу мясцовых улад з маладымі спецыялістамі, я не магу не прывесці і такі прыклад: з 309 размеркаваных у 2007 годзе 42 чалавекі звярнуліся ва універсітэт з просьбай аб пераразмеркаванні, пры гэтым практычна кожны меў адмацаванне, падпісанае начальнікам аддзела культуры.
Калі праз 2 гады малады спецыяліст кіне месца працы і сферу культуры, дзяржаве трэба будзе зноў патраціць 25 млн. рублёў на падрыхтоўку новага работніка. Напэўна, лепш аддаць частку з гэтых 25 млн. на падтрымку маладога спецыяліста, чым пачынаць усё з нуля.
Але справа не толькі ў фінансавай падтрымцы. Патрэбна ўвага з боку мясцовых улад і дасведчаных калег, падтрымка ініцыятыў маладых спецыялістаў.
Прыклад — замацаванне сям’і Г. і У. Павінічаў у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці, прыклады пераезду мінчан для работы ў сельскіх клубах.
У краіне, безумоўна, ёсць цікавы досвед замацавання маладых спецыялістаў на месцах размеркавання. Было б добра, калі б мясцовыя органы ўлады на пасяджэннях выканкамаў разглядалі пытанні аб рабоце з маладымі спецыялістамі, выяўлялі і распаўсюджвалі станоўчы вопыт, забяспечылі яго прапаганду. Можа, і на ўзроўні калегіі Міністэрства культуры мэтазгодна разгледзець аналагічнае пытанне.

Мікалай КУЗЬМІНІЧ,
в.а. рэктара БДУ культуры і мастацтваў