Сур'ёзны сцэнарыст сіткамаў

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Розніца паміж ільвом і тыграм: камерцыя і “фастфуд экрана” ды тое, што “ўнутры”
Сталыя наведвальнікі аднаго мінскага кафэ, напэўна, прызвычаіліся ўжо да таго, што часцяком за адным са столікаў могуць пабачыць вядомую асобу. Андрэй ДЗЯРКОЎ з калегамі выбраў установу ў якасці творчай лабараторыі для напісання сцэнарыяў серыялаў расійскага забаўляльнага тэлеканала. Не першы год яны збіраюцца тут, і нараджаюцца з-пад іх камп’ютарных пёраў шматлікія персанажы, якія кагосьці з гледачоў захапляюць, а кагосьці — раздражняюць. Тут аўтарская група ламала галовы над працягам сіткама “Светлафор” і прыступала да таго ж працэсу з серыялам “Апошні з Магікян”, першы сезон якога не так даўно трансляваўся і на Беларусі.

/i/content/pi/cult/468/9908/6-2.jpgБеларускія драпежнікі

— У мяне было крыху іншае бачанне гэтага сіткама. Мы хацелі зрабіць яго больш дзёрзкім, праблематычным, хацелі закрануць тэму нацыянальных узаемаадносін, якая сёння вельмі актуальная ў Маскве. Але ў выніку давялося звесці ўсё да побытавай гісторыі...

Дадзены серыял — пяты на рахунку Андрэя. Да яго былі “Паскораная дапамога”, “Татавы дочкі”, “Цацкі”, той самы “Светлафор”. А да трох апошніх сіткамаў — удзел у якасці акцёра і сасцэнарыста ў складзе каманды КВЗ БДУ другога (і, бадай, найзнакамітага на сёння) склікання, якая стала ў 1999 і 2001 гадах чэмпіёнам Вышэйшай лігі. Пасля — гадавыя гастролі з гэтым калектывам па ўсім былым Саюзе. І — момант ісціны: што ж рабіць далей? Беларускія КВЗшнікі тады толькі перабраліся ў Маскву (у тым ліку Вячаслаў Муругаў, які сёння — генеральны дырэктар аднаго з вядучых каналаў у суседзяў) і распачыналі свае кар’еры на тамтэйшым ТБ. Дзяркова тады за мяжу не клікалі, і Андрэй прымае прапанову Уладзіміра Максімкова, на той час прызначанага генеральным прадзюсарам Першага нацыянальнага тэлеканала, ды запускае музычныя перадачы “Кліп-абойма” і “Кропка”. Неўзабаве ён займае пасаду выканаўчага прадзюсара канала. Але праз пэўны час праекты закрываюцца, а выконваць абавязкі кіраўніка яму становіцца нецікава.

— У Белтэлерадыёкампаніі тады (не ведаю, як цяпер) выканаўчы прадзюсар падпісваў паперы і нешта кантраляваў. У Маскве ж такі чалавек знаходзіцца на здымачнай пляцоўцы, пастаянна кантактуе з рэжысёрамі, аўтарамі, акцёрамі — гэта значыць, “руліць” творчым працэсам. Я сышоў, прызнацца, у пустэчу. Вёў карпаратывы, яшчэ нейкім глупствам займаўся, а мне з часоў КВЗ непрыемна было забаўляць тых, хто жуе. Пасля быў дзесьці год у Дырэкцыі музычных і забаўляльных праграм СТБ з камандай Дзяніса Шпітальнікава. А праз нейкі час мяне паклікалі ў Маскву — і пачаліся “Татавы дочкі”. Спачатку сцэнарная дзейнасць не прыносіла мне задавальнення (я больш люблю выступаць), але паступова “ўцягнуўся”. Зразумеў, як з “навуковага пункта гледжання” пісаць сцэнарыі...

— А што, у Маскве сапраўды недахоп мясцовых аўтараў?

— Яны на вагу золата! Гумар пісаць няпроста, ды, да таго ж, у такіх аб’ёмах. Нас таксама часам дзяўбе певень, калі тэрміны здачы сцэнарыя падціскаюць, а не напісана ні радка. І пачынаецца мазгавы штурм, уключаюцца “дадатковыя генератары”. Між іншым, цяпер ва ўсім свеце ў трэндзе ўжо не чыстай вады сіткамы з закадравым смехам кожныя 20 секунд, а — меладраматычныя камедыі. Мы якраз іх і прыдумляем.

— На твой погляд, чаму многія творчыя людзі з Беларусі пацягнуліся ў Расію, ва Украіну?

— Істотную ролю адыгрывае фінансавае пытанне (там плацяць за тую ж працу значна больш), плюс  немагчымасць рэалізаваць у нас свае ідэі ў тым выглядзе, як яны задумваліся, адсутнасць, па вялікім рахунку, творчых перспектыў. Увогуле, калі я цяпер гляджу наша тэлебачанне, дык тое, у асноўным, “Беларусь 3”. Мне падабаецца, што там паказваюць архіўныя запісы, радуе, што шмат перадач на беларускай мове, прысвечаных культуры, традыцыям, гісторыі. На астатніх каналах мне не хапае глыбіні, поўнага паглыблення ў прадмет гутаркі, любові да таго, што робяць тэлевізійшчыкі. Бракуе прафесіяналізму, у рэшце рэшт...

— Сам не думаў уладкавацца ў расійскай сталіцы назусім?

— Не хачу. Мяне задавальняе тое, што я магу працаваць на маскоўскую кампанію, а жыць у Мінску. Масква — не мой горад: іншыя людзі, іншы рытм, мітусня. Я гляджу на нашых хлопцаў, якія перабраліся туды, і бачу, як яны змяніліся, упісаліся ў сённяшнюю Маскву. Эмацыйна, у чымсьці ментальна, мы з імі сталі рознымі. У іх з’явіліся інтарэсы, якія мне не вельмі зразумелыя, спецыфічны маскоўскі гумар. Зніклі нейкія тэмы для размовы, з’явіліся іншыя... Вось ты як распазнаеш тыгра і льва?

— Адзін — у палоску, другі — з грывай.

— І мы ж так адрозніваемся. Але пры гэтым усе драпежнікі! І ўсё роўна злучае нас агульны бэкграўнд.

— КВЗшны?

(Злёгку усміхаецца.) Гэта было... Пачуццё поўнай бесклапотнасці (акрамя тых дзён, калі трэба было ўшчыльную рыхтавацца да гульняў), жыцця адным днём. Перастаеш задумвацца пра сваю будучыню. Едзеш па нейкіх гарадах — самалёты, цягнікі, мікрааўтобусы, таксі — і проста сузіраеш свет, сустракаешся з самымі рознымі людзьмі. Выходзіш у горад — ага, вось ён які, Барнаул, скажам, вось якія, барнаульскія дзяўчаты... Урэшце, тое засталося ў мінулым: больш як дзесяць гадоў я сямейны чалавек...

Песні пра чалавека

У 2005 годзе Андрэй стварыў гурт “Тайланд”, каб выконваць рок з больш-менш альтэрнатыўным гукам, з тэкстамі, у якіх ён дзяліўся са слухачамі сваімі думкамі пра чалавека. Каманда выпусціла два альбомы, зрабіла паўзу і летась аднавіла дзейнасць пад назвай “Майтай”, выдаўшы альбом “Свiтанкi”.

— Скончыўся не “Тайланд” — скончыўся ў 2008-м той Андрэй Дзяркоў. Гэтыя пяць гадоў у маім жыцці былі няпростыя, напоўненыя сур’ёзнымі падзеямі, стратамі і набыткамі. З аднаго боку, альбом “Свiтанкi” даўся мне “вялікай крывёй”. З іншага ж, песні, якія ўвайшлі ў яго, з мяне проста фантанавалі. Я не хачу сваімі песнямі крычаць: мне здаецца, калі ты спяваеш, размаўляеш нармальным голасам, у цябе больш шанцаў быць пачутым. Зараз я стаў больш гнуткім, мякчэйшым. Але... Мы жывём у час, калі, быццам бы, у нас усё ёсць, але таго, што робіць чалавека чалавекам, унутры становіцца ўсё менш. І ўся наша творчасць скіравана на падтрыманне таго складніка, вага якога змяншаецца. “Амерык” мы не адкрылі, і не адны займаемся гэтым. Я таксама не хачу стаць заложнікам аднаго кірунку — усе мае наступныя матэрыялы будуць адрознівацца стылістычна. Нязменнай жа застанецца ўнутраная сутнасць.

— У Расіі ў цябе ёсць “інструменты”, з дапамогай якіх ты паспрабуеш “раскруціцца” там?

— Яны ёсць. Але імі трэба будзе вельмі правільна скарыстацца.

Так і жывём...

— Не прыхільнік сіткамаў здзівіцца, што адзін з тых, хто піша для іх сцэнарыі, — выпускнік гістарычнага факультэта БДУ, чалавек, які сур’ёзна захапляўся ўсходняй філасофіяй, усходняй культурай, выканаўца, які спявае і грае разумную музыку...

— Ёсць адчуванне, што сіткамы ў маім жыцці хутка скончацца. Можа, я перайду да іншых жанраў. Або засяроджуся на музыцы. А супярэчнасць, пра якую ты сказаў... Слабое апраўданне, што я пастаўлены ў такія ўмовы, але тым не менш. Каб я не быў сямейным чалавекам, можа, і рызыкнуў бы займацца тым, да чаго ляжыць душа. Але і пры напісанні серыялаў я не хлушу ні сабе, ні гледачам. Так, гэта — камерцыя, так, гэта — “фастфуд”, але да пошласці я ніколі не апушчуся...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"