“ПесняРок-2”: быць або не быць?..

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Ідэя рэдакцыі газеты Культура”: замест бясконцай мітрэнгі клонаў — годны трыб’ют "Песнярам"!
Да 45-годдзя ансамбля “Песняры”, што адзначаецца ўвосень, мы прыгадваем акцыю, якая адбылася ў 1997-м, калі з’явіўся дыск “ПесняРок”. Альбом склалі кампазіцыі калектыву ў выкананні альтэрнатыўных беларускіх артыстаў. Пакуль дакладна не вядома, як адсвяткуюць дату вялікага гурта, але, верагодна, з’явіцца працяг трыб'юта. (Дарэчы, ідэя новай версіі належыць рэдакцыі газеты!) “К” звярнулася да людзей, якія мелі дачыненне да “ПесняРоку” ў 1997-м, каб яны падзяліліся сваімі ўспамінамі і выказаліся, ці пагадзіліся б прыняць удзел у “сіквеле”. Акрамя таго, у матэрыяле пра “Песняроў” і праект разважае цяперашняе пакаленне музыкантаў, а таксама тыя, ад каго залежыць, ці быць “ПесняРоку-2” наогул...

/i/content/pi/cult/468/9906/7-2.jpg

/i/content/pi/cult/468/9906/7-1.jpg

 

Уладзімір Мулявін на прэзентацыі трыб'юта "ПесняРок" у 1997 годзе.
Фота Артура Прупаса з архіва газеты "СБ. Беларусь сегодня".

Блаславенне Мулявіна...

 

— Праект нарадзіўся... проста, — апавядае прадзюсар праекта "ПесняРок" у 1997 годзе Анатоль Марціновіч. — Я — даўні прыхільнік калектыву, і калі з’явілася магчымасць зрабіць на нашым музычным рынку нешта нетрывіяльнае, першае, што мне прыйшло ў галаву, — трыб’ют “Песнярам”. У 1997 годзе я быў дырэктарам мінскага рэкард-лэйбла, адпаведна — усе рычагі па ажыццяўленні задуманага былі пад рукамі. Ну а паколькі я ў свой час з’яўляўся клавішнікам рок-гурта “Адлюстраванне”, то, натуральна, прыцягнуў да запісу дыска менавіта альтэрнатыўных музыкантаў. (Хаця была думка выпусціць пазней і альбом-трыб’ют з песнямі ў выкананні эстрадных артыстаў, але сіл не хапіла, дый інвестараў не знайшлося.) Але спачатку я скантактаваўся са сваім сябрам Алегам Казловічам (Аверыным) — тады музыкантам “Песняроў” (цяпер — “Беларускіх песняроў”), каб ён, можа, нешта параіў. Аверын сказаў, што трэба ў першую чаргу звярнуцца да Мулявіна — як той паставіцца да праекта: а раптам ён не ўпадабае ідэю?

Мы з Алегам паехалі на студыю “Песняроў”, дзе я і пазнаёміўся з Уладзімірам Георгіевічам. Выклаў яму ідэю, пытаюся: “Даяце ваша блаславенне?” Вочы яго сталі вільготныя. Кажа мне: “Я столькі чакаў гэтага моманту, калі “Песняроў” праспяваюць як-небудзь незвычайна! Вядома ж, рабіце!” І мы сталі рабіць. Кінулі кліч сярод музыкантаў — адгукнулася вельмі шмат з іх. Мы выслухоўвалі, як яны бачаць “сваю” песню, і ў выніку адабралі больш за дзясятак выканаўцаў. Летам 1997-га выйшаў кампакт-дыск, які мы прадставілі публіцы ў мінскім скверы Янкі Купалы пяцігадзінным канцэртам. У ім удзельнічалі і самі “Песняры”, прычым гэта было адно з апошніх маштабных выступленняў ансамбля да расколу.

Я неаднаразова задумваўся аб працягу праекта, але справа далей не пайшла. Вельмі рады, што зараз знайшліся людзі, якія ўзяліся за, умоўна кажучы, “ПесняРок-2”. Па шчырасці, чакаю, што яны звернуцца да мяне, — я падкінуў бы ім сякія-такія ідэі. Але, у любым выпадку, як калісьці Уладзімір Георгіевіч Мулявін, я ухваляю гэтае пачынанне!..

Спадабалася/не спадабалася

— Не згадаю, хто канкрэтна паклікаў паўдзельнічаць у тым праекце, — прыгадвае спявак, выканаўца песні "Александрына" ў праекце "ПесняРок" Аляксей Шадзько. — Я адразу пагадзіўся, таму што да “Песняроў” заўжды ставіўся з вялікай любоўю. Да таго ж, хацелася падтрымаць Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна, у якога тады былі праблемныя стасункі з музыкантамі ансамбля, выказаць яму сваю ўдзячнасць, павагу такім чынам. Я і раней быў знаёмы з Мулявіным. Пазнаёміў нас Барыс Луцэнка, тагачасны мастацкі кіраўнік Горкаўскага тэатра, у якім я служыў.

Песню для праекта выбраў сам: “Александрына”, бо яна адна з маіх любімых у рэпертуары “Песняроў”, прычым — вельмі прыгожая, — працягвае Аляксей Шадзько. — І мне здавалася, што ў маім выкананні яна будзе гучаць арганічна і выйгрышна, падыходзіць яна “пад мяне”, карацей.

Увогуле, мне падабаюцца такія праекты. Гэта і праца цікавая, і падстава сабрацца з добрымі музыкантамі. Калі мяне запросяць у працяг “ПесняРоку”, я з задавальненнем вазьму ў ім удзел. Трэба будзе толькі пераслухаць сёе-тое з “Песняроў”, асвяжыць у памяці і выбраць кампазіцыю. Магчыма, спыніўся б на песні “Завушнiцы”: яшчэ ў час навучання ў музычнай школе падбіраў яе на піяніна...

— На мой сціплы погляд, мы тады былі адным з лепшых альтэрнатыўных гуртоў у краіне, знаходзіліся ў выдатнай творчай форме, — дзеліцца гітарыст гурта "Hasta La Fillsta", што выконваў песню "Стаіць вярба" ў праекце, Сяргей Канановіч. — І ўвесь час для сябе нешта адкрывалі — у музыцы, у людзях, у жыцці наогул. Таму “ПесняРок” для мяне, вядома ж, стаў падзеяй. І гэта быў, несумненна, наватарскі праект. Ён выйшаў на кампакт-дыску, рэалізаваны быў як трыб’ют — дыск-прысвячэнне айчыннаму выканаўцу. Хутчэй за ўсё, у нас раней нічога падобнага не выходзіла. Пад яго арганізавалі шыкоўны зборны канцэрт, дзе выступілі вядучыя айчынныя андэграўндныя артысты, якія да таго разам збіраліся толькі на фестывалях кшталту “Рок-каранацыя”.

Мне ўсё спадабалася на дыску. “N.R.M.” выдалі канкрэтна пад гурт “Nirvana” ў трэку “Я паставiў конiка”, “Нейра дзюбель” збацалi ў “Волагдзе” панк у сваім духу, у “Тарнада” атрымалася ўдалая версія “Касiў Ясь канюшыну”...

Не ведаю, ці пагадзіўся б я паўдзельнічаць у працягу праекта, — трэба з хлопцамі параіцца. Напрыканцы 90-х гэта было “Вау!”, выбух! Сёння ж, на жаль, многае, што звязана з “Песнярамі”, скампраметавана. Напэўна, больш правільна будзе даць дарогу маладым, цяперашнім рок-героям, напрыклад, “The Toobes” або “Akute”...

— Калі шчыра, сам альбом мне не надта спадабаўся, — прызнаецца вакаліст гурта "Крама" Ігар Варашкевіч (калектыў, нагадаем, у праекце выканаў песню "Скажы мне, Ганулька..."). — Задаў бы непрыемныя пытанні наконт таго, як была інтэрпрэтавана тая або іншая песня, практычна ўсім музыкам, уключаючы нас саміх. Нейкі жудасны гранж сыгралі “N.R.M.”. “Волагда” ў выкананні “Нейра дзюбеля” — адна з самых для мяне ненавісных кампазіцый у рэпертуары гурта (не разумею, чаму гэты варыянт так спадабаўся Мулявіну). Дзіўна праспяваў “Александрыну” Шадзько. Мо толькі да юных тады “The Cranks” (“Iдзём, пайдзём удоль вулiцы”) прэтэнзій асаблівых не было.

У нас складанасці ўзніклі з вакалам. “Песняры” — гэта ж галасы і шматгалоссе, а які ў мяне голас? Хацелася праспяваць нешта меладычнае, напеўнае, лірычнае, але куды ўжо мне з маімі данымі? Таму шукалі ў “Песняроў” нешта больш-менш рокавае, на наш погляд, ды спыніліся на “Скажы мне, Ганулька...” (мне, дарэчы, гэтая рэч падабаецца), хоць першапачаткова планавалі запісаць “Скрыпяць мае лапці”, але нас апярэдзілі “Rouble Zone”, якія выбралі яе... ды так і не запісалі. Памятаю яшчэ, што барабаны ў нашай песні прапісваў светлай памяці Ігар Маскаленка — вядомы беларускі музыкант, ён жа і на бэк-вакале адзначыўся.

У новым праекце я б удзельнічаць адмовіўся: пасля смерці Уладзіміра Георгіевіча тэма гісторыі “Песняроў” для мяне закрыта — у любым выглядзе...

— Запісваліся мы ў Мазыры — самай, напэўна, крутой на той момант студыі ў краіне. Адчуванне было фантастычнае ва ўсім! — дзеліцца тагачаснымі ўражаннямі лідар гурта "Нейра дзюбель" і наш калега "па пяры" — сталы калумніст газеты "СБ.Беларусь сегодня" Аляксандр Кулінковіч. — Па сутнасці, гэта была наша першая сапраўдная праца на выхад: да гэтага мы ж усё як бы для сябе гралі. А тут... Ды яшчэ і сутачныя выдалі...

“Волагда” мне заўсёды падабалася. Па-мойму, атрымалася ў нас нядрэнна. Аранжыроўка непадобная на арыгінал выйшла, не так, як у некаторых музыкантаў — удзельнікаў праекта, якія да сваіх “варыяцый на тэму” паставіліся без асаблівай фантазіі. Са станоўчага боку адзначыў бы, мабыць, “Тарнада”. Але галоўнае, што нашу версію ўхваліў Уладзімір Георгіевіч Мулявін!

З велізарнай радасцю паставіўся б да таго, каб нас запрасілі ў новы праект! Кінуўся б у яго, адклаўшы ўсе іншыя справы! Мне вельмі падабаюцца меладычныя, лірычныя творы “Песняроў”, але я не стаў бы нешта такое рабіць: усе ж ведаюць, што пры перапевах чыіх-небудзь твораў мы спецыялізуемся на хітах. Выбраў бы што-небудзь з класікі, напрыклад, “Молодость моя, Белоруссия”. Ну а калі займаўся б складаннем зборніка № 2 я, то запрасіў бы ў яго тых, хто мне спадабаўся ў трыб’юце... “Нейра дзюбелю”: “Палац”, “Йо-Йо”, “Благi мат!!!”...

Не сканфузіцца б!

— Была ў мяне калісьці падвойная вінілавая пласцінка “Праз усю вайну”, якая зрабіла магутнае ўражанне, асабліва — песня “Балада аб фотакартцы”, — згадвае дзяцінства майстар шансона рознага кшталту Міхей Насарогаў. — І тыя “Песняры” з’яўляліся для мяне эталонным ансамблем. Яны і “Motorhead” — вось хто быў маімі кумірамі ў 1980-я! Неверагодныя меладысты, неверагодна самабытны калектыў. Праўда, бянтэжылі дзве рэчы: некаторыя іх канцэртныя касцюмы, у якіх яны выглядалі, нібы баяры, і, як ні дзіўна будзе камусьці пачуць, — вакал, што з’яўляецца фірмовай, адметнай рысай гурта. А мне ён здаваўся залішне... народным.

Я паспрабаваў бы што-небудзь перааранжыраваць з класічных “Песняроў”. Цяжка, праўда, спыніцца на нейкай адной рэчы: і паасобку, і агулам якасць матэрыялу ансамбля — неверагодная і прайшла праверку часам...

— Да творчасці “Песняроў” я з трапятаннем, пяшчотай і шчырым захапленнем ставілася як слухач з самага дзяцінства, — падтрымлівае гутарку лідар гурта "Сярэбранае вяселле" Святлана Залеская-Бень. — З часам пачала спрабаваць разбіраць іх творы прафесійна. У маім успрыманні нічога не змянілася: цудоўныя аранжыроўшчыкі, дзіўныя фантазёры, безумоўныя наватары, гэта значыць — я прасякнулася да ансамбля яшчэ большай сімпатыяй. Ён — самае шчырае, што ёсць у беларускай папулярнай музыцы, гэта артысты, якiя ўзвялі народную песню ў ранг высокага мастацтва. І — ніякай псеўданароднасці!

Я прысутнічала на тым гістарычным канцэрце ў скверы Янкі Купалы, і ён зрабіў на мяне ашаламляльнае ўражанне! А версія Валіка Грышко “Што за месяц...” у мяне часам усплывае ў памяці.

У той жа час, я не адказала б адразу станоўча на пытанне, ці прынялі б мы прапанову аб удзеле ў працягу “ПесняРоку”. Гэта такая адказнасць, такая высокая планка... Па маіх адчуваннях, ёсць песні, якія ў нас маглі б атрымацца, але як усё выйшла б насамрэч... А раптам праваліліся б?.. Не хочацца сканфузіцца, не хочацца падвесці “Песняроў”...

— Не буду хлусіць, што я рос, гадаваўся на творчасці “Песняроў”: большы ўплыў на мяне аказаў, скажам, гурт “The Beatles”, але “Песняры” — гэта, можна сказаць, частка беларускай культуры наогул, — мяркуе саліст гурта "LiteSound" Дзмітрый Каракін. — І найлепшая частка яе эстраднай музыкі.

Мяркую, мы пагадзіліся б што-небудзь выканаць для новага праекта. Асабіста мне гэта цікава: новы выклік, дыялог з новай аўдыторыяй, у рэшце рэшт, такі крок стаў бы чарговай прыступкай у развіцці нашага гурта, у яго прафесійным росце. Што запісалі б?.. Што-небудзь лірычнае, павольнае, меладычнае...

— Я выдатна стаўлюся да “Песняроў”, цаню ўклад ансамбля ў беларускую музыку, разумею, што яны былі наватарамі ў апрацоўцы фольку, — кажа ўдзельніца гурта "Akana-NHS" Руся. — Але... пастаянна слухаць іх сёння я наўрад ці б стала: той час сышоў, а мо і таму, што мы ў сваёй творчасці вызнаём архаічны падыход да этнікі, музыка нашага трыа — не масавая. Таму цяжка сказаць, ці атрымалася б што-небудзь у “Akana-NHS” вартае, незвычайнае, калі б гурт узяўся за “Песняроў”. Бо, калі брацца, то трэба і саміх “Песняроў” перасягнуць! Але сёе-тое з песень прыкінуць на сябе можна...

Справа за малым

— Ідэя новага трыб’юта “Песнярам” падаецца мне цікавай, — такое меркаванне мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Вячаслава Шарапава. — Калі яна пачне ператварацца ў нешта рэальнае, я дапамагу чым змагу тым людзям, якія ўзяліся б за яе ажыццяўленне. Прынамсі, яны атрымаюць дазвол на публікацыю і выкананне кампазіцый, аўтарскія правы на якія належаць цяперашнім “Песнярам”. Забяспечу іх кантактамі сваякоў Уладзіміра Мулявіна, якім належаць аўтарскія правы на яго песні. Няхай звяртаюцца. А мы самі 45-годдзе ансамбля, вядома, адзначым якім-небудзь праектам, можа, вялікім восеньскім канцэртам, а можа — здымем кліп...

— Узяцца за рэалізацыю працягу праекта “ПесняРок” мы вырашылі з падачы рэдакцыі газеты “Культура” — гэта ідэя адтуль, — пачынае гаворку галоўны рэдактар партала "Tuzin.fm" Сяргей Будкін. — На дадзены момант усё мне бачыцца так: альбом з кампазіцыямі “Песняроў”, якія пераспяваюць на свой лад шэсць выканаўцаў-мэтраў і шэсць сучасных артыстаў, чые імёны і назвы на слыху. Затым — прэзентацыя дыска ў адным з мінскіх клубаў. І да запісу, і да канцэрта хацелася б прыцягнуць Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”. Праграма, хутчэй за ўсё, будзе цалкам беларускамоўная: калі хтосьці з артыстаў возьмецца за першапачаткова рускамоўную песню, то тэкст яе перакладзём на беларускую мову. Пакуль сваю згоду на ўдзел у праекце далі Сяргей Пукст, гурты “Akute”, “BosaeSonca”, “TonqiXod”. Вядуцца перамовы з гуртом “Re1ikt” і з тымі, хто мог бы прафінансаваць “ПесняРок-2”...

Я вельмі спадзяюся на тое, што Сяргей Будкін знойдзе мецэнатаў, якія выдаткуюць неабходныя сродкі на праект. Праект, які ў чарговы раз давёў бы, што творчасць “Песняроў” — бессмяротная, што яна актуальная, што яна — плоць ад плоці беларускай культуры, культуры сусветнай. Ау, спонсары, ці гатовы ўнесці і вы свой уклад у яе скарбніцу?!.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"