Матэрыялы выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (8 лютага 2014 года)

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

Выпрацоўка новых падыходаў: эканамічная эфектыўнасць, культурная ідэнтычнасць, імідж краіны

Выпрацоўка новых падыходаў: эканамічная эфектыўнасць, культурная ідэнтычнасць, імідж краіны

Выступленне міністра культуры краіны на выніковай калегіі “Аб рабоце арганізацый культуры ў 2013 годзе і задачах на 2014 год”

/i/content/pi/cult/467/9904/8-5.jpg

Барыс СВЯТЛОЎ, міністр культуры Рэспублікі Беларусь:

Паважаныя калегі!

Шаноўныя госці!

Сёння на пасяджэнне выніковай калегіі запрошаны амаль што чатыры сотні прадстаўнікоў з шасцідзесяціпяцітысячнага калектыву работнікаў сферы культуры. Карыстаючыся момантам, хачу перш за ўсё выказаць праз вас усім вялікую падзяку за плённую працу на карысць нацыянальнай культуры.

Галоўнымі мэтамі нашага прадстаўнічага сходу з’яўляюцца падвядзенне вынікаў дзейнасці арганізацый культуры ў 2013 годзе і вызначэнне задач развіцця культуры Беларусі на 2014 год ды бліжэйшую перспектыву.

Як і раней, сфера культуры ў нашай краіне ў 2013 годзе з’яўлялася прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. Міністэрствам культуры было арганізавана выкананне ўсіх даручэнняў Кіраўніка дзяржавы, якія прагучалі ў штогадовым Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу:

— рэалізавалася Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012 — 2015 гады;

— вялася будоўля і адначасова ажыццяўляўся мантаж новай экспазіцыі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны;

— у новым фармаце прайшоў XXII Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”;

— рыхтаваліся мерапрыемствы культурнай праграмы Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года.

Разам з тым, 2013 год быў вельмі няпросты для галіны культуры. Ён прынёс шмат выклікаў ды іспытаў, што было звязана з новымі ўмовамі гаспадарання пры правядзенні дзяржаўных закупак тавараў, работ, паслуг. Нялёгка давалася перабудова дзейнасці цэнтральнага апарата Міністэрства, аптымізацыя сеткі ўстаноў культуры і штатнай колькасці іх работнікаў. Адчувалася нерытмічнае фінансаванне і недахоп сродкаў пры рэалізацыі гадавога плана мерапремстваў у галіне культуры.

Тым не менш, 2013 год стаў чарговым этапам плённай рэалізацыі прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, дынамічнага развіцця яе галоўных складнікаў: традыцыйнай народнай творчасці, прафесійнага мастацтва класічнага ўзору, шоу-бізнесу, эксперыментальных форм сучаснай мастацкай культуры.

Паспяхова рэалізаваліся прынятыя на ўрадавым узроўні Дзяржаўныя праграмы “Культура Беларусі”, “Замкі Беларусі”, адраджэнне тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў, супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, Праграма рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння дзяржаўных тэатраў.

Шмат намаганняў прыклалі работнікі культуры, майстры мастацтваў пад час рэалізацыі грамадска-значных акцый, такіх як адкрыццё Плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, як 1025-годдзе распаўсюджвання хрысціянства на нашых землях, пад час аздаблення знакавых аб’ектаў, такіх як Палац Незалежнасці нашай краіны.

Адраджэнне будынка Купалаўскага тэатра, гучная акцыя “Магілёў — Культурная сталіца Беларусі і краін СНД”,
III Форум бібліятэкараў Беларусі і Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, свята “Купалле”, культурная праграма свята “Дажынкі” ў Жлобіне Гомельскай вобласці, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне Мінскай вобласці, тэатральны фестываль “Белая вежа” ў Брэсце, Мінскі міжнародны кінафорум “Лістапад”, Міжнароднае свята-фэст тэатральнага лялечнага мастацтва “Лялькі над Нёманам” у Гродне — такі, далёка не поўны, пералік асноўных культурных падзей мінулага года.

Плённая праца дзеячаў культуры была адзначана ў 2013 годзе самымі высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва былі ўганараваны 3 выдатныя майстры мастацтваў, 11 творчых калектываў і калектываў арганізацый культуры. Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры атрымалі 4 дзеячы культуры. Ганаровыя званні “Народны артыст Беларусі” і “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь” прысуджаны, адпаведна, 3 і 5 выбітным дзеячам культуры і мастацтва.

Пералік нашых агульных дасягненняў можна было б доўжыць бясконца, але ж хацеў бы зараз засяродзіць вашу ўвагу на рэчах больш празаічных, ды вельмі важных для функцыянавання галіны культуры, такіх як эканоміка, фінансы, права, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, колькасныя паказчыкі дзейнасці нашых арганізацый і ўстаноў.

Фінансава-эканамічныя паказчыкі мінулага года

У 2013 годзе аб’ём бюджэтных сродкаў на ўтрыманне і развіццё сферы культуры (без уліку сродкаў на капітальнае будаўніцтва) склаў 0,52% ад валавога ўнутранага прадукту (2012 год — 0,51%).

Пазабюджэтныя даходы ў арганізацыях сістэмы Міністэрства культуры склалі 824,6 млрд. рублёў, што ў 1,5 раза больш у параўнанні з 2012 годам. Каля 80% пазабюджэтнага даходу забяспечвалася выручкай ад аказання платных паслуг насельніцтву.

У 2013 годзе сума спонсарскай дапамогі склала 37,8 млрд. рублёў і вырасла ў параўнанні з 2012 годам у 1,6 раза.

Удзельная вага пазабюджэтных крыніц (уключаючы спонсарскую дапамогу) на рэалізацыю культурных мерапрыемстваў склала 59% (42,3 млрд. рублёў) ад агульных выдаткаў на іх правядзенне (у 2012 годзе — 50%, 29,4 млрд. рублёў).

У 2013 годзе расходы на культуру з разліку на аднаго жыхара ў сярэднім па рэспубліцы склалі 2,9 базавай велічыні пры ўстаноўленым нарматыве 1,3 базавай велічыні.

У 2013 годзе аб’ём экспарту паслуг, на жаль, склаў толькі 4,8 млн. дол. ЗША; пры гэтым сальда па знешнім гандлі паслугамі — станоўчае: 0,75 млн. дол. ЗША.

Сярэдняя заработная плата работнікаў культуры за 2013 год склала 3 187,4 тыс. рублёў. Зараз узровень сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў культуры да сярэдняй заработнай платы па рэспубліцы складае 62%. Тэндэнцыя зніжэння на працягу апошніх гадоў гэтага працэнту выклікае асаблівую заклапочанасць.

Матэрыяльна-тэхнічная  база сферы культуры

У Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2013 год былі ўключаны 17 аб’ектаў устаноў культуры з аб’ёмам фінансавання ў памеры 277 651,033 млн. рублёў. Выдзеленыя сродкі асвоены ў поўным аб’ёме.

Работы вяліся на 12 аб’ектах — у тым ліку, рэканструкцыі з рэстаўрацыяй Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (аб’ект уведзены ў эксплуатацыю ў жніўні 2013 года), рэканструкцыі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” (уведзены ў эксплуатацыю аўтабаза Мінкультуры і аўтацэх Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” у чэрвені 2013 года, першы пускавы комплекс галоўнага корпуса — у лістападзе 2013 года), шэрагу палацава-паркавых ансамбляў, культавых будынкаў, будынкаў устаноў адукацыі.

Для правядзення капітальнага рамонту ў 2013 годзе ва ўстановах культуры былі выдаткаваны сродкі ў суме 57 672,0 млн. рублёў, якія таксама былі вылучаны ў поўным аб’ёме.

У 2013 годзе для арганізацый культуры рэспубліканскага падпарадкавання набыты музычныя інструменты, кінатэхналагічнае абсталяванне, гукаўзмацняльная і асвятляльная апаратура на агульную суму каля 17 млрд. рублёў (у 2010-м — 4,6 млрд. рублёў). Выдзеленыя сродкі асвоены ў поўным аб’ёме.

Для Белдзяржфілармоніі закуплены музычныя інструменты на суму 3,7 млрд. рублёў (у тым ліку адрамантаваны вялікі арган), для сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра оперы і балета — на суму 3,8 млрд. рублёў.

Вытворчымі прадпрыемствамі галіны распрацаваны Планы мадэрнізацыі на 2013 — 2015 гады.

У адпаведнасці з гэтымі планамі ў пераліку тэхнічных мерапрыемстваў на 2013 год было набыццё абсталявання і рамонтна-будаўнічыя работы на суму 10,7 млрд. рублёў, з якіх 8,6 млрд. рублёў — на мадэрнізацыю матэрыяльна-тэхнічнай базы Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

У 2013-м, які быў абвешчаны ў Беларусі Годам беражлівасці, у рамках рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 распрацаваны і выкананы: галіновая праграма Міністэрства культуры па энергазберажэнні на 2013 год і праграма па эканоміі светлых нафтапрадуктаў. У выніку эканомія ад укаранення энергазберагальных мерапрыемстваў склала 3,5 тыс. тон умоўнага паліва.

Заканадаўства

У 2013 годзе быў прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў, якія спрыяюць далейшаму ўдасканаленню адносін у сферы культуры. Вылучу найбольш значныя з іх.

Быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах)”, які прадугледжвае аднолькавыя дзяржаўныя гарантыі дзейнасці ў сферы народнай творчасці, народных промыслаў (рамёстваў) незалежна ад арганізацыйна-прававой формы яе ажыццяўлення.

У мэтах забеспячэння высокага мастацкага ўзроўню культурна-відовішчных мерапрыемстваў, абароны інтарэсаў грамадзян, якія наведваюць такія мерапрыемствы, прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 чэрвеня 2013 г. № 257, якім прадугледжана неабходнасць атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства. Дзяржаўная пошліна за выдачу пасведчання залічваецца ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, што дазваляе атрыманыя сродкі накіроўваць на падтрымку таленавітай моладзі, рэалізацыю культурных праектаў.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2013 г. № 270 выпускнікам дзяржаўных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры прадастаўляецца магчымасць адпрацаваць тэрмін абавязковай работы па размеркаванні пасля навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі. Пералік такіх устаноў і парадак пераразмеркавання ўстаноўлены Міністэрствам культуры.

У мэтах фінансавай падтрымкі дзейнасці, што мае прыярытэтнае значэнне для развіцця Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ў культуры, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 верасня 2013 г. № 425 устаноўлены 30 грантаў Прэзідэнта для кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый культуры, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё галіны.

Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь”, які скіраваны на ўдасканаленне дзейнасці бібліятэк з улікам сучасных рэалій.

У мэтах задавальнення запатрабаванняў рэспублікі ў творчых работніках вышэйшай кваліфікацыі, рэалізацыі дадатковых мер па ўдасканаленні працы з таленавітай моладдзю Міністэрствам культуры падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта, якім прадугледжваецца рэалізацыя адукацыйнай праграмы асістэнтуры-стажыроўкі з атрыманнем кваліфікацыі “Творчы дзеяч”.

Кадры культуры. Аптымізацыя сферы культуры

У сістэме Міністэрства культуры сёння працуе каля 65 тыс. чалавек. 75% складаюць спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, у тым ліку вышэйшую адукацыю маюць 40%, сярэднюю спецыяльную — 35%. У параўнанні з мінулым годам, колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй павялічылася на 4,7%.

Найлепшы паказчык укамплектаванасці спецыялістамі маюць установы культуры Мінска (85%) і Гродзенскай вобласці (77%).

Актывізавалася работа па правядзенні стажыровак за мяжой работнікаў арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры. У вядучых установах вышэйшай адукацыі, тэатрах і музеях Расіі, Польшчы, Германіі, Літвы ды іншых краін прайшлі стажыроўку 32 чалавекі.

За 2013 год 13 чалавек прайшлі павышэнне кваліфікацыі ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Адукацыя

Сёння ва ўстановах вышэйшай адукацыі сферы культуры навучаюцца 7 719 студэнтаў. Выпуск спецыялістаў склаў 1 350 чалавек. Для работы ва ўстановы культуры краіны накіравана 96% выпускнікоў-бюджэтнікаў (у 2012 годзе — 95%).

У 2013 годзе больш паспяхова праведзена прыёмная кампанія. План прыёму абітурыентаў на дзённую бюджэтную форму навучання выканалі Акадэмія музыкі і Акадэмія мастацтваў. Усяго для атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту залічана 928 чалавек (у 2012 годзе — 1 003 чал.).

На працягу года паспяхова прайшлі акрэдытацыю 4 установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2013 года № 270 лепшым выпускнікам устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі сферы культуры і гімназій-каледжаў мастацтваў на падставе заключаных з Міністэрствам культуры дамоў прадастаўлена магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю ў вядучых мастацкіх ВНУ Масквы і Санкт-Пецярбурга. На сёння такія дамовы заключаны з 12 выпускнікамі.

Працягвалася работа па наданні дзіцячым школам мастацтваў статуса юрыдычнай асобы. Паступовае змяншэнне па гэтай прычыне сеткі ДШМ не адбілася негатыўна на колькасці навучэнцаў, якая ў 2013 годзе склала звыш 110 тыс. чалавек (2011 год — 107, 2012 год — 109 тыс. чал.).

У 2013 годзе ў Інстытуце культуры Беларусі павысілі кваліфікацыю амаль 1 300 кіраўнікоў і спецыялістаў сферы культуры, што складае 106% ад планавага задання.

Навука

У 2013 годзе на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць у сферы культуры было выдаткавана 6,5 млрд. рублёў — на 2,2 млрд. рублёў больш, чым у 2012 годзе.

На працягу года выконваліся 16 навуковых заданняў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады і 13 навуковых даследаванняў і распрацовак, скіраваных на навукова-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Міністэрства культуры. Пяць электронных выданняў, распрацаваных у рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, зарэгістраваны ў Дзяржаўным рэгістры інфармацыйных рэсурсаў. Вынікі навукова-даследчай работы апрабаваны больш чым у 1 500 навуковых публікацыях, дакладах, дысертацыйных даследаваннях.

Акрэдытаваны ў якасці дзяржаўных навуковых арганізацый Акадэмія музыкі, Акадэмія мастацтваў, Інстытут культуры Беларусі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Шэраг праектаў і мерапрыемстваў быў рэалізаваны пад эгідай ЮНЕСКА. найбуйнейшы з іх — “Стварэнне Нацыянальнага Інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі”, які ажыццяўляўся Інстытутам культуры Беларусі.

Працягвалася рэалізацыя Праграмы навуковага супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на 2010 — 2015 гады.

Ахова гісторыка-культурнай спадчыны

У 2013 годзе, згодна з Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі”, 7 530,5 млн. рублёў з рэспубліканскага бюджэту было накіравана на выкананне мерапрыемстваў на 9 помніках архітэктуры. Згодна з Дзяржаўнай праграмай “Замкі Беларусі”, 500 млн. рублёў накіравана на кансервацыю Крэўскага замка.

Працягваліся работы па рэканструкцыі тэрыторыі рэгулярнага парку замкавага комплексу “Мір” і парку палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы, рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы на замках у Лідзе, Навагрудку, Гальшанах, Быхаве, Ружанах.

За кошт сродкаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на 10 аб’ектах асвоена 19,87 млрд. рублёў.

У мінулым годзе Міністэрствам культуры выдадзена каля 1 150 дазволаў на выкананне работ на аб’ектах спадчыны, а таксама 701 заключэнне па навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях. Павелічэнне колькасці такога роду дакументаў сведчыць аб актывізацыі дзейнасці па выкарыстанні аб’ектаў спадчыны, у тым ліку з прыцягненнем пазабюджэтных сродкаў.

Культурна-асветніцкія арганізацыі

Найважнейшым пластом нашай нацыянальнай культуры з’яўляецца народная творчасць. На працягу 2013 года з удзелам аматарскіх мастацкіх калектываў было праведзена больш за 90 тысяч канцэртаў і спектакляў, 47 тысяч тэатралізаваных святаў і абрадаў, каля 40 тысяч выставак твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народных рамёстваў і промыслаў. У 2013 годзе колькасць “народных”, “узорных” калектываў у галіне павялічылася на 82, званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” прысвоена 7 калектывам.

З улікам канкрэтнай сацыяльна-эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыі, у 2013 годзе сетка клубных устаноў скарацілася на 168 адзінак (у Брэсцкай вобласці — на 29 адзінак, Віцебскай — на 22, Гомельскай — на 21, Гродзенскай — на 28, Мінскай — на 42, Магілёўскай — на 26 адзінак).

Ініцыятарамі і каардынатарамі культурнага развіцця рэгіёнаў краіны з’яўляліся метадычныя цэнтры. Пры гэтым адной з праблем, якая стрымлівала якасць метадычнага забеспячэння працэсаў развіцця народнай творчасці, заставалася каардынацыя дзейнасці метадычных службаў. Інстытут культуры Беларусі як вядучая ўстанова метадычнага забеспячэння сферы культуры патрабуе карэкціроўкі сваёй дзейнасці ў адносінах да метадычных цэнтраў народнай творчасці нашай краіны.

Мінулы год быў адметны тым, што вялася сапраўды вялікая работа па рэалізацыі праграмы адраджэння тэхналогiй i традыцый вырабу слуцкiх паясоў і стварэнні нацыянальных брэндаў сучаснай сувенірнай прадукцыі на аснове адраджэння ўнікальных беларускіх промыслаў і рамёстваў.

Дзякуючы паўсюднаму ўкараненню новых падыходаў у культурна-адукацыйную дзейнасць, за 2013 год колькасць наведванняў музеяў склала 5,7 млн., што на 43% больш, чым у 2010-м. Лідарамі сталі — Палацава-паркавы комплекс “Нясвіж” і Мірскі замак.

Мінулы год у музейнай сферы адзначыўся правядзеннем шэрагу буйных выставачных праектаў, сярод якіх — выстаўкі “Мастацкі Пецярбург: эмаль, шкло, кераміка”, твораў народнага мастака СССР А.М. Шылава і “Праваслаўны свет. Вобраз Хрыста ў іканаграфіі Усходняй Еўропы” ў Нацыянальным мастацкім музеі, “Беларусь і яе суседзі” ў Нацыянальным гістарычным музеі, “Старажытнарускае вонкавае шыццё” ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, “Знаёмства з калекцыяй. Партрэт у Расіі 19 — пачатку 20 стст.” у Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

Было забяспечана выкананне ўстаноўленага паказчыку па павелічэнні Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. У параўнанні з 2010 годам Музейны фонд павялічыўся амаль на 10% пры паказчыку 5%.

Была наладжана эфектыўная работа з камерцыйнымі структурамі з мэтай прыцягнення спонсарскіх сродкаў для рэалізацыі буйнамаштабных праектаў.

У 2013 годзе адбылося адно з найбуйнейшых мерапрыемстваў у бібліятэчнай сферы — ІІІ Форум бібліятэкараў Беларусі, удзел у якім прынялі каля 350 дэлегатаў з усіх куткоў краіны.

Адбываўся працэс аптымізацыі сеткі публічных бібліятэк. Па прычыне эканамічнай немэтазгоднасці ўтрымання было закрыта звыш 160 сельскіх бібліятэк. Пры гэтым сельскае насельніцтва засталося ахопленым бібліятэчным абслугоўваннем праз нестацыянарныя формы абслугоўвання (100 бібліобусаў і 1,1 тыс. бібліятэчных пунктаў), а таксама праз установы культуры змяшанага тыпу (каля 500). Аднак у шэрагу раёнаў Гродзенскай вобласці не быў выкананы сацыяльны нарматыў, якім прадугледжваецца абавязковая наяўнасць бібліятэкі ў кожным аграгарадку.

У рамках аптымізацыі сацыяльнай інфраструктуры сяла працягваўся распачаты ў кастрычніку 2011 года эксперымент па стварэнні інтэграваных бібліятэк у асобных сельскіх населеных пунктах на базе школьных або публічных бібліятэк. Яго ўдзельнікамі на канец 2013-га стала амаль 180 населеных пунктаў. Яшчэ больш за 250 пунктаў вызначана мясцовымі органамі ўлады для аб’яднання бібліятэк у 2014 годзе. Пры гэтым інтэграцыя бібліятэк не прывяла да памяншэння паказчыкаў бібліятэчнага абслугоўвання або зніжэння якасці апошняга.

У 2013 годзе перавыкананы даведзены Кіраўніком дзяржавы нарматыў па выдзяленні на камплектаванне бібліятэчных фондаў не менш як 15% сродкаў з мясцовых бюджэтаў, якія выдаткоўваюцца на бягучае ўтрыманне бібліятэк, — у цэлым па рэспубліцы ён склаў 16,8%.

Разам з тым, не ў поўнай меры выканана задача па ўдасканаленні камплектавання фондаў бібліятэк з прыцягненнем магчымасцей бізнес-супольніцтва. Не ў кожным раёне ўдалося дасягнуць паказчыка абнаўлення фондаў публічных бібліятэк на 5% у год, які закладзены ў Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі”.

Па шэрагу прычын вельмі марудна ішла работа па стварэнні Нацыянальнай электроннай бібліятэкі.

У выніку прыняцця Дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” ў 2013 годзе новы імпульс атрымала дзейнасць па супрацоўніцтве з беларусамі замежжа. У верасні адбылося чацвёртае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, дзе былі абмеркаваны шляхі далейшага шматбаковага супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.

Каля 20 калектываў беларусаў замежжа ў 2013 годзе прынялі ўдзел у фестывалях і святах на Беларусі.

Больш за 300 мерапрыемстваў было арганізавана з удзелам творчых калектываў нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі, уключаючы ўдзел лепшых выканаўцаў у адборачных турах Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Прафесійнае мастацтва

Тэатральнае мастацтва

Усяго за 2013 год беларускімі тэатрамі было пастаўлена 139 новых спектакляў.

Паспяхова сваё 80-годдзе адзначыў калектыў Вялікага тэатра оперы і балета. Па выніках апошніх чатырох з паловай гадоў пасля правядзення рамонту і рэканструкцыі будынка ў тэатры было пастаўлена 32 новыя спектаклі. Асабісты прыбытак тэатра павялічыўся ў 9,5 разоў і ў 2013 годзе склаў 37,7 млрд. рублёў.

Тэатральныя калектывы Беларусі пабывалі ў 2013 годзе ў Славеніі, Румыніі, Польшчы, Украіне, Латвіі, Літве, Расіі, Вялікабрытаніі, Эстоніі, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Пры гэтым большасць гастролей была праведзена з прыцягненнем пазабюджэтных сродкаў.

Музычнае і харэаграфічнае мастацтва

У 2013 годзе канцэртнымі арганізацыямі было пастаўлена каля 200 новых канцэртных праграм.

У Белдзяржфілармоніі праведзены шэраг буйных міжнародных культурных акцый: цыкл канцэртаў “Мінская вясна-2013”, VIII Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень”, цыкл канцэртаў “Музычныя сталіцы Еўропы”; мерапрыемствы дзяржаўнага і міждзяржаўнага ўзроўню — канцэрты да Дня Перамогі, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, Дня жанчын, Дня славянскага пісьменства.

На працягу года вядучымі творчымі калектывамі філармоніі за мяжой былі прадстаўлены 55 канцэртаў.

Юбілейны канцэртны тур для гледачоў усіх абласцей Беларусі правёў калектыў Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі.

У 2013 годзе Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.І. Цітовіча прыняў удзел у шматлікіх мерапрыемствах, у тым ліку за мяжой, дзе былі прадстаўлены новыя вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі і пастаноўкі.

Серыю выдатных выступленняў правёў Беларускі харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, праграмы канцэртаў якога ўпрыгожылі новыя музычныя нумары.

Эстраднае мастацтва

Маладзёжным тэатрам эстрады ў 2013 годзе былі праведзены 212 канцэртных праграм. Звыш 30% ад агульнай колькасці канцэртных праграм грунтавалася на творах беларускіх паэтаў і кампазітараў.

З мэтай прапаганды творчасці айчынных выканаўцаў на працягу 2013 года Міністэрствам культуры праведзена шмат сумесных творчых праектаў з тэлеканаламі: Нацыянальны адборачны тур да Міжнароднага конкурсу песні “Еўрабачанне”, Рэспубліканскі дзіцячы конкурс “Песня для Еўрабачання”, “Наперад у мiнулае”; III Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў “Маладыя таленты Беларусi”, “Залатая калекцыя беларускай эстрады”, “Нацыянальная музычная прэмія”, “Спяваючыя гарады”; “Музычныя вечары ў Мірскім замку”, “Песня года Беларусі-2013”, “Я пяю!”, “Акадэмія талентаў!”.

Яскравым прыкладам папулярызацыі творчасці беларускіх аўтараў і выканаўцаў з’яўляецца дзейнасць Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі М.Фінберга.

Цыркавое мастацтва

Гомельскім дзяржаўным цыркам у 2013 годзе ў рамках сумеснай дзейнасці з цыркавымі калектывамі замежжа былі паказаны 146 цыркавых праграм, якія наведала больш за 218 тысяч гледачоў. Выкананне асноўных паказчыкаў арганізацыі склала 123,5%, павялічыліся пазабюджэтныя даходы, колькасць гледачоў і праведзеных мерапрыемстваў.

Выяўленчае і манументальнае мастацтва

У 2013 годзе адбыўся юбілейны З’езд Беларускага саюза мастакоў. Сёння саюз налічвае 1 008 членаў Саюза і 57 маладых мастакоў і мастацтвазнаўцаў.

Пры падтрымцы Міністэрства культуры прайшла рэтраспектыўная выстаўка плакатаў з фондаў Беларускага саюза дызайнераў, створаны помнік-бюст С.Манюшку ў Чэрвені, манументальная скульптура “Баркалабаўскі летапіс” у Быхаве. З поспехам прайшоў спецыяльны праект Беларусі “Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу” ў рамках V Маскоўскага біенале сучаснага мастацтва.

Для папаўнення Музейнага фонду за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў 2013 годзе набыты творы выяўленчага мастацтва на суму 7 12,7 млн. рублёў.

Кінематаграфія

У 2013 годзе былі праведзены грунтоўныя змены структуры дзяржаўнага кіравання беларускай кінасферай: Дэпартамент па кінематаграфіі пераўтвораны ва Упраўленне кінавідэамастацтва Міністэрства культуры. Ліквідаваны “Беларускі відэацэнтр” шляхам далучэння да Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Бюджэтная падтрымка кінематаграфіі ў мінулым годзе склала 90,9 млрд. рублёў. Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм” было створана 11 ігравых, 46 неігравых і 5 анімацыйных стужак.

Аднак практыка арганізацыі нацыянальнай кінавытворчасці выявіла шэраг праблем, звязаных з негатоўнасцю галоўнай фільмавытворчай арганізацыі краіны — Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” — да працы ва ўмовах конкурснай сістэмы фінансавання нацыянальнай кінавытворчасці, выявіліся недапрацоўкі ў арганізацыі сістэмнага ўзаемадзеяння з партнёрамі, а таксама камерцыйнага выкарыстання фільмаў.

Гэтае пытанне набывае асаблівую значнасць у кантэксце выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы аб паэтапным выхадзе Нацыянальнай кінастудыі на самаакупнасць пасля завяршэння яе рэканструкцыі ў 2015 годзе.

Міжнароднае супрацоўніцтва

2013 год для Міністэрства культуры быў адзначаны шэрагам мерапрыемстваў, што зрабілі свой уклад у развіццё і ўмацаванне ўзаемаразумення і даверу з замежнымі дзяржавамі, традыцыйнымі і новымі партнёрамі.

У ліпені 2013 года ў Мінску адбылося пасяджэнне Савета па культуры краін СНД, пад час якога былі разгледжаны кірункі міжкультурных сувязей.

У 2013 годзе Рэспубліка Беларусь прадоўжыла працу ў рамках прынятай ЮНЕСКА Канвенцыі аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення.

З 23 па 25 верасня 2013 года ў Мінску праходзіў VIII Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД. 18 снежня ў Маскве адбылося сумеснае пасяджэнне Савета па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД і Праўлення Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва.

У 2013 годзе падрыхтаваны і падпісаны:

Праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Латвійскай Рэспублікі на 2013 — 2015 гады;

Праграма супрацоўніцтва паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Індыя ў галіне культуры, мастацтваў, адукацыі на 2014 — 2016 гады;

Мемарандум аб узаемаразуменні па культурным супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам па справах культуры Народнай Рэспублікі Бангладэш, пагадненні з Францыяй аб культурным супрацоўніцтве, з Украінай аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, шэраг дакументаў у сферы культуры з Кітайскай Народнай Рэспублікай.

У 2013 годзе адбыліся Дні культуры Беларусі ў Эстоніі, Азербайджане, Фінляндыі, Ізраілі, Польшчы, Літве. У Беларусі прайшлі Дні культуры Арменіі, Казахстана, Санкт-Пецярбурга, Дні духоўнай культуры Расіі.

Такія асноўныя паказчыкі 2013 года.

Заключная частка

У 2014 годзе дзейнасць арганізацый культуры таксама будзе ажыццяўляцца ў рамках стратэгічных задач па развіцці і эфектыўным выкарыстанні культурнага патэнцыялу краіны і безумоўным выкананні паказчыкаў, устаноўленых Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады.

2014 год вельмі адказны для нашай краіны. Ён насычаны вялікай колькасцю важных дзяржаўных мерапрыемстваў: 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 100-годдзе з пачатку Першай сусветнай вайны, Чэмпіянат свету па хакеі. Гэта, у рэшце рэшт, год, які папярэднічае 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Адным з галоўных мерапрыемстваў стане адкрыццё новага будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У 2014-м, які абвешчаны Годам гасціннасці, перад арганізацыямі культуры ставяцца задачы па ўмацаванні сучаснага культурнага іміджа краіны з улікам нацыянальнага культурнага багацця Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўцы рознабаковай і прывабнай афішы мерапрыемстваў для гасцей Чэмпіянату свету, стварэнні новых праграм, правядзенні мерапрыемстваў і акцый патрыятычнага гучання.

На гэтым, здавалася, можна было б паставіць кропку ў маёй справаздачы і акрэсленні развіцця галіны ў 2014 годзе ды перайсці да разгляду больш дробных лакальных пытанняў.

Але ж напрыканцы майго выступлення я хацеў бы асобна засяродзіць вашу ўвагу на тым, што 2013 год быў не толькі чарговым этапам у развіцці нацыянальнай культуры і дзейнасці органаў кіравання ды арганізацый культуры. Гэта быў важны рубеж у рэалізацыі прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, выкананні задач, мерапрыемстваў і паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады — асноўнага нарматыўнага і праграмнага дакумента для ўсіх суб’ектаў дзейнасці ў дзяржаўным сектары культуры. Па выніках работы за гэты год — “стрыжнёвы” год выканання Дзяржаўнай праграмы — можна зрабіць пэўныя высновы аб сацыяльнай і эканамічнай эфектыўнасці функцыянавання сферы культуры ды спрагназаваць вектары і тэндэнцыі яе развіцця на бліжэйшую перспектыву.

Галоўнай, адметнай рысай 2013 года стала праца ва ўмовах неабходнасці аптымізацыі сферы культуры. У рамках аптымізацыі выдаткаў у 2013 годзе Міністэрствам культуры сумесна з Міністэрствам фінансаў былі скарочаны сродкі рэспубліканскага бюджэту ў памеры 205,3 млрд. рублёў, або 21% ад аб’ёму фінансавання 2013 года.

Аб’ектыўныя перадумовы як для радыкальнага перагляду падыходаў да колькасці ўстаноў галіны, так і для пераходу да новых мадэлей эканамічнага кіравання і рэгулявання сферы культуры наспелі не ўчора.

Але ў 2013 годзе Міністэрствам культуры быў праведзены першы этап аптымізацыі сеткі арганізацый культуры і іх штатнай колькасці, выконваемых імі функцый.

На гэтым этапе органы дзяржаўнага кіравання і арганізацыі культуры правялі шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на фарміраванне новага колькаснага і якаснага кадравага складу.

На жаль, аптымізацыя арганізацый культуры нярэдка зводзілася да касметычных мер, механічнага скарачэння вакансій. У рамках праведзенай аптымізацыі мы, відавочна, пакуль у шэрагу выпадкаў не ўсвядомілі і не рэалізавалі галоўнага: не перайначылі функцыі і матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы паміж ўстановамі нашай сістэмы, не выключылі дубліраванне функцый і, як вынік, не стварылі ўмоў для павышэння рэнтабельнасці многіх устаноў і павышэння заработнай платы.

Мы павінны выразна ўсвядоміць наступнае. Распачаты працэс аптымізацыі з’яўляецца неад’емнай часткай больш глабальнага працэсу — мадэрнізацыі ўсёй сферы культуры. Аб чым ідзе гаворка? Перш за ўсё — аб удасканаленні эканамічных механізмаў кіравання галіной, аб новай эканоміцы сферы культуры, аб структурнай мадэрнізацыі галіны, аб стварэнні магутнай нацыянальнай індустрыі культуры, інтэграванай у рыначныя працэсы, аб трансфармацыі сістэмы падрыхтоўкі кадраў, якая павінна адпавядаць колькасным і якасным запытам сучаснай сферы культуры, істотным павышэнні эфектыўнасці прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак, што выконваюцца ў інтарэсах сферы культуры і г.д.

Рэаліі сучаснасці дыктуюць нам умовы, пры якіх гарантаванае (блізкае да 100%) бюджэтнае фінансаванне павінны мець толькі тыя арганізацыі культуры, што выконваюць сістэмаўтваральныя функцыі і адпавядаюць высокаму статусу “Нацыянальны”. Пералік такіх арганізацый, якія выконваюць сваю высокую місію, павінен складаць толькі некалькі дзясяткаў адзінак. Атмасфера творчага спаборніцтва заклікана павысіць статус і прэстыж работніка культурнай установы. У спіс падобных устаноў варта ўключыць арганізацыі культуры розных тыпаў — як тэатральна-відовішчныя, так і культурна-асветніцкія.

Гэта не азначае, што іншыя арганізацыі культуры спыняць сваё існаванне. Яны могуць і павінны захаваць свой статус, даказаўшы ўласную сацыяльную запатрабаванасць, творчую і камерцыйную грунтоўнасць. Відавочна, што з боку дзяржавы арганізацыі культуры падобных тыпаў павінны атрымаць пэўныя прэферэнцыі, паколькі іх асноўныя функцыі — культурна-ўтваральная і культурна-асветная. Пры гэтым галоўнай умовай іх функцыянавання з’яўляецца канкурэнтаздольнасць прапанаванага культурнага прадукту, яго агульнакультурная і гістарычная значнасць.

Улічваючы, што пераважная колькасць арганізацый культуры адносіцца да рэгіянальных, мы выразна разумеем неабходнасць “новай канфігурацыі” культурнай прасторы, у першую чаргу — рэгіянальнай. Як уяўляецца, тут можа быць карысны вопыт Расіі і Казахстана, асабліва ва ўмовах фарміравання Адзінай эканамічнай прасторы. Гаворка ідзе аб cultural mapping (культурным карціраванні), г. зн. аб аўдыце наяўных культурных рэсурсаў рэгіёнаў, аналізе традыцый і рэальных культурных патрэб насельніцтва, уліку сацыядэмаграфічных асаблівасцей і вызначэнні на гэтай аснове аптымальнай колькасці арганізацый культуры і іх функцыянальнага прызначэння. Мы ўжо маем станоўчы вопыт стварэння шматфункцыянальных арганізацый культуры ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Прадуктыўнае і апраўданае аб’яднанне сельскага клуба з музеем або бібліятэкай не толькі вызваляе значныя фінансавыя рэсурсы, але і стымулюе да новых, сучасных форм працы.

Нявырашаная на сённяшні дзень праблема — стварэнне нацыянальнай культурнай індустрыі. Яе, як вядома, складаюць арганізацыі, якія ствараюць культурны прадукт паточна-індустрыяльным, канвеерным метадам. Арыентацыя на максімальна шырокую аўдыторыю і тыражаванне свайго прадукту сотнямі і тысячамі копій забяспечвае такім арганізацыям не толькі магчымасць самаакупнасці, але і высокую рэнтабельнасць.

Сёння мы канстатуем нездавальняючы стан практычна ўсіх элементаў нацыянальнай кінаіндустрыі: ад фільмавытворчасці да кінавідэапракату.

У 2013 годзе праведзены грунтоўныя змены структуры дзяржаўнага кіравання беларускай кінасферай.

Аднак культурная індустрыя — гэта не толькі кіна-, відэавытворчасць і пракат. Вялікі ўплыў на соцыум аказвае поп-культура ва ўсёй разнастайнасці яе відаў і жанрава-стылявых форм, г. зн. усё тое, што мы разумеем пад шоу-бізнесам. Гэты сегмент нацыянальнай мастацкай культуры даволі доўга карыстаўся бюджэтнай падтрымкай, хоць па вызначэнні ён павінен і здольны паспяхова развівацца па рыначных прынцыпах.

Эканамічная і структурная мадэрнізацыя сферы культуры ставіць новыя задачы і перад установамі адукацыі галіны. Склалася дваякая сітуацыя, калі пазабюджэтныя даходы ўстаноў адукацыі актыўна растуць за кошт павелічэння колькасці студэнтаў-платнікаў, аднак гэта не аказвае прыкметнага ўплыву на паляпшэнне сітуацыі з кадравым забеспячэннем арганізацый галіны, асабліва ў рэгіёнах. У гэтых умовах больш эфектыўнай і эканамічна абгрунтаванай з’яўляецца ўдасканаленне сістэмы дадатковай адукацыі дарослых, паколькі менавіта тут забяспечваецца рост чалавечага капіталу. Павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў будуецца ў адпаведнасці з запытамі сучаснага грамадства і дзяржаўнымі патрэбамі ў развіцці нацыянальнай культуры і мастацтва. Можа, мы павінны ўкладваць больш сродкаў у тых, хто ўжо рэальна замацаваўся ды працягвае працаваць у галіне культуры?

Пытанні развіцця галіны немагчымыя без істотнай мадэрнізацыі навуковай сферы. Нам наўрад ці патрэбна такая значная колькасць навуковых даследаванняў і распрацовак абстрактнай метадалагічнай накіраванасці. Пры ўсёй важнасці фундаментальных тэарэтычных даследаванняў культуры і мастацтва, а таксама вузкапрофільных прыкладных даследаванняў, мы павінны перш за ўсё падтрымліваць распрацоўкі, скіраваныя на навукова-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Міністэрства культуры.

У сувязі з неабходнасцю выпрацоўкі новых падыходаў да развіцця сферы культуры неабходна сфарміраваць рабочыя групы ды калектывы, якія на працягу 2014 — 2015 гадоў распрацуюць Канцэпцыю і змест новай, наступнай Дзяржаўнай праграмы пад умоўнай назвай “Культура-2020”, маючы на ўвазе тую мадэль культуры, да якой мы павінны прыйсці ў 2020 годзе. У яе аснову павінны быць пакладзены наступныя палажэнні.

1. Стварэнне ўмоў для павышэння эканамічнай эфектыўнасці сферы культуры за кошт:

— мадэрнізацыі сферы культуры і забеспячэння інавацыйнага развіцця арганізацый культуры шляхам маштабнага інвеставання ў тэхналагічнае абнаўленне, паўсюднага ўкаранення і распаўсюджвання новых інфармацыйных прадуктаў і тэхналогій;

— павышэння якасці і эфектыўнасці аказання культурных паслуг з выкарыстаннем механізмаў шматканальнага фінансавання пры захаванні за дзяржавай функцый забеспячэння мінімальных сацыяльных стандартаў;

— аптымізацыі інфраструктуры, сеткі арганізацый і стымулявання росту кадравага патэнцыялу сферы культуры;

— забеспячэння дынамічнага развіцця нацыянальных культурных індустрый як важнага складніка развіцця творчага патэнцыялу чалавека і магутнага патэнцыялу эканамічнага развіцця краіны; пераўтварэння фестывальнага руху ў нацыянальную сістэму канкурэнтаздольнай культурнай індустрыі;

— стварэння перадумоў для ўкаранення новых мадэлей фінансавання культуры, якія грунтуюцца на інавацыйных падыходах да пераразмеркавання бюджэтных сродкаў і стварэнні сістэмы шматканальнага фінансавання;

— павышэння навукаёмістасці сферы культуры ў плане распрацоўкі сучасных эканамічных механізмаў яе функцыянавання; забеспячэння актуальнасці і практычнай значнасці даследаванняў галіновага і вузаўскага сектараў навукі з мэтай выкарыстання іх вынікаў у кіраўніцкай дзейнасці;

2. Захаванне культурнай ідэнтычнасці Беларусі ва ўмовах глабалізацыі шляхам:

— падтрымкі і распаўсюджвання сферы функцыянавання традыцыйнай культуры як асновы нацыянальнай ідэнтычнасці, абавязковай умовы развіцця беларускай дзяржавы;

— захавання нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны і яе інтэграцыі ў сучаснае сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў, развіццё галін эканомікі, заснаваных на культурнай спадчыне (мастацкія промыслы і рамёствы, устойлівы культурны турызм, турыстычная інфраструктура);

— рэфармавання і ўдасканалення мастацкай адукацыі, этнакультурнага і патрыятычнага выхавання нашых грамадзян.

З 1 студзеня 2015 года мы будзем жыць у новым Еўразійскім эканамічным саюзе Беларусі, Казахстана і Расіі.

3. Фарміраванне і ўмацаванне станоўчага знешняга і ўнутранага культурнага іміджа Беларусі за кошт:

— пашырэння міжкультурнага дыялога, развіцця камунікатыўнага патэнцыялу беларускай культуры; падтрымкі і інтэграцыі ў міжнародныя культурныя праекты і праграмы;

— стварэння канкурэнтаздольнага культурнага прадукту і яго сістэмнай рэпрэзентацыі (экспарту) з дапамогай усіх магчымых каналаў яго дастаўкі канчатковаму карыстальніку, фарміравання агульнага рынку культурных паслуг на тэрыторыі Адзінай эканамічнай прасторы;

— прыцягнення інвестыцый міжнародных фондаў для рэалізацыі перспектыўных нацыянальных праектаў у сферы культуры.

Таму не трэба разумець аптымізацыю аднабакова — толькі як скарачэнне колькасці супрацоўнікаў і ўстаноў. У нас не так шмат працаздольных людзей, каб мы імі так лёгка раскідваліся. Аптымізацыя — гэта ў першую чаргу скарачэнне кіруючага апарата, прадстаўнікі якога, дарэчы, у нашай галіне складаюць 19%. Гэта значыць, амаль тыя паказчыкі, якіх мы павінны дасягнуць пры аптымізацыі да канца 2014 года. Скарачаючы, мы павінны думаць пра працаўладкаванне, а можа, нават і пра стварэнне новых працоўных месцаў. А гэта магчыма, калі мы пачнём разглядаць культуру не як бедную сіротку з працягнутай рукой у бок Міністэрства эканомікі і Міністэрства фінансаў, а як паўнавартасную вытворчую сілу. Калі традыцыйнае пытанне “Што бюджэт дае культуры?” ператворыцца ў пытанне “Што культура дае бюджэту?”. Гэта, безумоўна, з’ява не сённяшняга дня, але ж і не такая далёкая перспектыва. Таму трэба рыхтавацца да яе загадзя, каб заўтра раптам не аказацца без сваёй айчыннай культуры ўвогуле, змяніўшы яе поўнасцю на “дасягненні” бязлікай глабальнай цывілізацыі.

Пацвярджэнне маіх слоў, у лічбах і фактах, вы знойдзеце ў тых матэрыялах, якія мы падрыхтавалі для вас і якія ўспрымаюцца лепш не на слых, а вачыма — шляхам спакойнага і ўдумлівага чытання, навыкі якога, я спадзяюся, мы яшчэ не страцілі ў віры нашага такога няпростага культурнага жыцця.

Дзякуй за ўвагу!

 

Будучыня — за ўстановамі змяшанага тыпу

/i/content/pi/cult/467/9904/8-6.jpg

Алег ХМЯЛЬКОЎ, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, старшыня Рэспубліканскага грамадскага Савета дырэктараў цэнтраў народнай творчасці:

— Тэма майго выступлення абрана не выпадкова. Аптымізацыя ўстаноў бюджэтнай сферы, якая праводзіцца ў рэспубліцы, унесла істотныя карэктывы ў дзейнасць клубных устаноў вобласці. Аптымізацыя — працэс аб’ектыўны, абумоўлены сацыяльна-эканамічным становішчам. Аднак праводзіць яе трэба вельмі ўважліва і дыферэнцыравана да кожнага рэгіёна, улічваючы яго дэмаграфічную сітуацыю, эканамічныя ўмовы, развітасць культуры і яе структурных падраздзяленняў. Інакш мы рызыкуем страціць той бясцэнны багаж духоўнага вопыту мінулых пакаленняў, без якога, як вядома, няма будучыні.

Вось ужо два гады запар актуальныя пытанні захавання традыцыйнай культуры на сучасным этапе абмяркоўваліся на Міжнародным форуме “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, ініцыяваным Магілёўскім абласным цэнтрам народнай творчасці пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

Традыцыйная народная культура і аматарскае мастацтва з’яўляюцца вельмі важным фактарам захавання адзінай культурнай прасторы ў дзяржаве.

Што ж у традыцыйнай культуры можа і павінна быць захавана, падтрымана, адноўлена ды арганічна ўключана ў сённяшнюю сацыякультурную сітуацыю? Безумоўна, народная творчасць самых розных калектываў, якія з’яўляюцца носьбітамі і прапагандыстамі нашай традыцыі, а таксама — “візітоўкамі” рэгіёнаў. Дзякуючы мэтанакіраваным намаганням абласных цэнтраў народнай творчасці, Беларускага саюза майстроў вернуты многія напаўстрачаныя традыцыі, абрады, з’явы.

Нематэрыяльныя аб’екты змаглі актуалізавацца і паўнавартасна існаваць у сучасным грамадстве, стаць папулярнымі сярод насельніцтва. Напрыклад, Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім раёне, абрад “Бразгун” Чэрыкаўскага раёна, старадаўнія абрады пераносу свечак “Мікольская свяча” — на Шклоўшчыне, “Варвараўская свяча” — на Мсціслаўшчыне.

Аб’екты і элементы матэрыяльнай і нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны — гэта наш гонар. Іх ахова — святы абавязак кожнага. Дзяржаўная палітыка ў дачыненні да падтрымкі і развіцця народных промыслаў ды рамёстваў — гарант паспяховасці гэтай дзейнасці. Маю на ўвазе Законы “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь”.

Практычная дзейнасць па захаванні і адраджэнні народных промыслаў і рамёстваў паказала, што гэтая праца можа быць паспяховай пры наяўнасці трох фактараў: адпаведнага асяроддзя, пераемнасці, запатрабаванасці.

Менавіта абласныя цэнтры народнай творчасці ўзялі на сябе функцыю каардынатара і рэгулятара падтрымкі майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і развіцця традыцыйных промыслаў. Хачу выказаць удзячнасць старшыні Беларускага саюза майстроў Яўгену Сахуту за прынцыповы падыход да прысваення звання “народны майстар Беларусі”. Сёння майстры маюць магчымасць удзельнічаць у розных міжнародных выстаўках, святах, што дае ім цудоўную перспектыву творчага росту.

Абласныя цэнтры народнай творчасці з’яўляюцца асноўнымі арганізатарамі фестывальнага руху ды ініцыятарамі новых творчых праектаў. Ці не ў кожным рэгіёне рэспублікі склаліся свае традыцыі: у Віцебскай вобласці — міжнародныя фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, “Звіняць цымбалы і гармонік”; на Міншчыне — свята народнай творчасці “Нясвіжскі фэст”; на Брэстчыне — Міжнародны пленэр ганчароў; у Гомельскай вобласці — Фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”; у Гродзенскай — Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур; у Магілёўскай вобласці — Рэспубліканскае свята “Александрыя збірае сяброў”. І, вядома ж,  Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, удзел у якім прымаюць творчыя калектывы ўсіх рэгіёнаў рэспублікі.

Асаблівую ролю выконваюць абласныя цэнтры народнай творчасці ў пашырэнні міжнародных культурных сувязей і папулярызацыі беларускай культуры ў краінах блізкага і далёкага замежжа. Вынікам такога міжкультурнага дыялога стала леташняя Міжнародная выстаўка народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Залаты майстар”, у якой прынялі ўдзел майстры і ўмельцы не толькі з рэгіёнаў рэспублікі, але і з Расіі, Украіны, Латвіі, Румыніі, Балгарыі…

Магілёўскі абласны цэнтр народнай творчасці заключыў пагадненне аб культурным супрацоўніцтве з навукова-метадычным цэнтрам па культуразнаўстве Міністэрства культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі, Новасібірскім цэнтрам беларускай культуры, Цэнтрам народнай культуры Літвы. І яшчэ адным важным крокам стала ўступленне Беларусі ў Міжнародную асацыяцыю фальклорных гуртоў.

Адной з прыярытэтных задач Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады вызначана “забеспячэнне максімальнай даступнасці і якасці паслуг у сферы культуры, пераадоленне дыспрапорцыі, выкліканай рознай ступенню забеспячэння насельніцтва паслугамі сферы культуры ў гарадской і сельскай мясцовасцях”. Значная доля нагрузкі па культурным абслугоўванні маланаселеных і аддаленых населеных пунктаў ускладаецца на аўтаклубы. Пасля скарачэння сеткі клубных устаноў на сяле гэтая нагрузка ўзрасце. У сувязі з гэтым прапаную разгледзець пытанне аб закупцы дадатковых транспартных сродкаў для аўтаклубаў.

У рамках аптымізацыі ў галіне праведзена цэнтралізацыя сеткі клубных устаноў, у выніку чаго ў кожным раёне створана раённая цэнтралізаваная клубная сістэма (усяго — 21), 70 працэнтаў іх маюць статус юрыдычнай асобы.

Магілёўскай вобласцю прапрацоўваецца пытанне стварэння арганізацыі культуры змяшанага тыпу, у якія ўвойдуць клубныя ўстановы, бібліятэкі, музеі, дзіцячыя школы мастацтваў... Для іх дзейнасці неабходна вызначыцца з умовамі аплаты працы іх кіраўнікоў і спецыялістаў. Чакаем хуткага прыняцця рашэння па гэтым дакуменце, які знаходзіцца на разглядзе ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

 

Як аптымізаваць і як рэкламаваць сябе?

/i/content/pi/cult/467/9904/8-1.jpg

Канстанцін ПАНІМАШ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама Брэсцкай вобласці:

— Пружанскі раён багаты сваімі культурнымі традыцыямі. Народныя промыслы, абрады, звычаі, архітэктурныя помнікі складаюць магутны пласт гісторыка-культурнай спадчыны. У раёне сфарміравана сацыяльна-культурная інфраструктура (34 клубныя ўстановы, 38 бібліятэк, 2 музеі, 6 дзіцячых школ мастацтваў і “Пружанская раённая кінавідэасетка”). Вядзецца мэтанакіраваная работа па арганізацыі вольнага часу насельніцтва, развіцці яго творчых здольнасцей, папулярызацыі значных дзяржаўных і гістарычных дат, народных святаў і абрадаў.

Сетка ўстаноў культуры раёна за апошнія 10 гадоў скарацілася на 30 адзінак (20%). Закрыта 10 бібліятэк, 20 клубных устаноў.

Даведзены паказчык па скарачэнні штатнай колькасці арганізацый культуры за 2013 — 2014 гады на 20%, — гэтая лічба вельмі вялікая для нашай сферы, і выканаць яе праблематычна. Для выканання дадзенага паказчыка неабходна скараціць у 2014 годзе 7 клубных устаноў з 34; 8 бібліятэк з 28. Ва ўстановах культуры працуюць невялікія калектывы, што ў сярэднім налічваюць 2-3 спецыялісты творчай прафесіі. Скараціць штатную колькасць адміністрацыйна-гаспадарчага персаналу, якому ўстаноўлены нарматывы, немагчыма. Такім чынам, неабходна закрываць установу культуры, а клубныя ўстановы, асабліва на сяле, разам з бібліятэкамі застаюцца для жыхароў адзіным месцам зносін, праяў ініцыятывы і творчасці.

Практычна адразу ж паўстае пытанне далейшага выкарыстання будынка. Як паказвае практыка, тыпавыя будынкі ўстаноў культуры, якія знаходзяцца на тэрыторыі розных населеных пунктаў раёна, не карыстаюцца вялікай увагай сярод удзельнікаў аўкцыёнаў па продажы маёмасці. Выйсце бачым у перадачы іх сельвыканкамам для стварэння на іхняй базе сацыяльных комплексаў. Лічу мэтазгодным даведзены план аптымізацыі прадоўжыць да 2015 года.

Таксама трэба ўлічваць, што пры правядзенні аптымізацыі неабходна захаваць умовы для забеспячэння насельніцтва культурнымі паслугамі.

Аддаленыя і маланаселеныя вёскі, дзе ў асноўным пражываюць людзі сталага ўзросту, абслугоўваюцца мабільнымі ўстановамі: аўтаклубам і бібліобусам.

Дарэчы, у 2013 годзе раённы аўтаклуб заняў I месца ў абласным аглядзе-конкурсе “Лепшы загадчык аўтаклуба”.

Распачата дзейнасць па аб’яднанні сельскіх публічных бібліятэк, якія працуюць няпоўны рабочы дзень, і школьных бібліятэк. Такое аб’яднанне ўжо адбылося. Гэты кірунак дзейнасці вельмі карысны і неабходны.

На сённяшні дзень у раёне дзейнічаюць 23 калектывы са званнямі “народны” і “ўзорны”. Пра наш раён ведаюць і далёка за яго межамі.

Вялікая работа вядзецца па прапагандзе нацыянальнай культуры. Наша задача — захаваць самабытнасць, абраднасць, рамяство нашых рэгіёнаў.

У раёне — 202 майстры народнай творчасці і 7 мастакоў. Два майстры народнай творчасці маюць званне “народны майстар Беларусі”: Марыя Кулецкая і Мікалай Тарасюк.

На мой погляд, патрэбна надаваць вялікую ўвагу сумеснай працы па развіцці турызму ў рэгіёнах нашай рэспублікі.

Увогуле, рэкламаваць сябе і свае здольнасці — гэта прыярытэтны кірунак дзейнасці ўсіх устаноў культуры ды мастацкіх калектываў раёна. Створаны ўсе ўмовы для таго, каб нашы калектывы маглі прымаць удзел у разнастайных мерапрыемствах, конкурсах, фэстах. І творчыя паездкі нашых самадзейных артыстаў станоўча заяўляюць аб нашым раёне ў рэспубліцы ды суседніх краінах.

Наш невялічкі горад Пружаны становіцца прызмай, праз якую бачаць Беларусь нашы госці. Яны прыязджаюць да нас, з вялікай цікавасцю адкрываюць для сябе нашу краіну. Свята “Ружанская брама”, раённае свята-кірмаш “Пружанская восень”, свята-конкурс дзіцячай творчасці “Лесвіца поспеху”, міжраённы танцавальны конкурс “Магія танца” і шмат іншых добра вядомы за межамі нашага раёна.

Своеасаблівымі “візітоўкамі” раёна сталі Абласны фестываль эстрадна-джазавых калектываў “Пружанскі блюз”, “Ружанская брама”. І мы вельмі ганарымся тым, што і расіяне, і ўкраінцы, і палякі па-новаму ўбачылі нашу краіну ды па-добраму нам пазайздросцілі. Хацелася б акцэнтаваць увагу і звярнуцца да Міністэрства культуры з прапановай аб уключэнні фестывалю “Ружанская брама” ў Рэспубліканскі план мерапрыемстваў.

Рашэннем Пружанскага раённага Савета дэпутатаў 2014-ы аб’яўлены ў Пружанскім раёне Годам культуры. Гэта мае на мэце развіццё і эфектыўнае выкарыстанне культурнага патэнцыялу раёна, фарміравання і ўмацавання пазітыўнага культурнага іміджа ў вобласці і за яе межамі, стварэнне ўмоў для фінансавай падтрымкі ўстаноў культуры.

 

Праект “Культурная сталіца Садружнасці і Беларусі”: праблемы і перспектывы

/i/content/pi/cult/467/9904/8-2.jpg

Ірына ЖАБАРАВА, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама

— Магілёву ў 2013 годзе быў прысвоены статус “Культурная сталіца Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Культурная сталіца Рэспублікі Беларусь”. Пры прыняцці гэтага рашэння ўлічваліся ўзровень развіцця інфраструктуры Магілёва, сістэмы культуры горада, аб’ектаў, устаноў культуры, якасць і статус мерапрыемстваў, цікавасць, якую яны маюць з боку грамадскасці, турыстаў і замежных гасцей.

Такое ганаровае званне, як “Культурная сталіца”, перш за ўсё, накладвала дадатковую адказнасць, але і ў той жа час прадаставіла выдатную магчымасць паказаць багацце і разнастайнасць культуры горада Магілёва і ўсяго таго, што вызначае яго ідэнтычнасць. Зыходзячы з досведу еўрапейскіх гарадоў, якія бралі ўдзел у аналагічных праектах, сфера культуры можа — і павінна — стаць дзейсным рухавіком эканамічнага развіцця. Дадзены эфект спрабаваў атрымаць і Магілёў. Пры правільным выкарыстанні культурна-крэатыўнага сектара горад атрымаў шэраг доўгатэрміновых станоўчых вынікаў: стварэнне якаснай інфраструктуры, пераўтварэнне іміджа горада ў вачах яго сённяшніх ды патэнцыйных жыхароў, гасцей горада і як вынік — прыцягненне высокакваліфікаванай працоўнай сілы і павелічэнне інвестыцыйнай прывабнасці горада. (Рэалізацыя праекта “Культурная сталіца” прыцягнула ўвагу прадстаўнікоў айчынных і замежных дзелавых колаў, што дазволіла прынесці ў эканоміку вобласці больш за 5 трлн. рублёў і прыцягнуць у мэтах развіцця сферы культуры рэгіёна 5 млрд. 530 млн.

Статус “Культурная сталіца” таксама дэманструе прыклад трансфармацыі з раней малавядомых гарадоў у як мінімум папулярныя месцы культурнага адпачынку. Статус даў Магілёву магчымасць стварэння ўстойлівай базы, заснаванай на развіцці турыстычнай галіны. Можна канстатаваць павелічэнне турыстычнай плыні, у параўнанні з мінулым годам. Так, пад час міжнародных фестываляў, якія праходзілі ў горадзе, запаўняльнасць гасцініц адзначалася на ўзроўні 100% (2012 г. — 46 582 турыстаў з далёкага замежжа, у 2013-м — 
рост на 127%).

На шляху да звання “Культурная сталіца” важным момантам з’яўляецца прывядзенне ў належны выгляд аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, з улікам сучасных патрабаванняў. Магілёў у апошнія гады стаў ініцыятарам і месцам правядзення шматлікіх акцый у галіне культуры, многія з якіх набылі не толькі рэспубліканскі, але і міжнародны статус, што стварае адпаведны імідж горада.

Фестывалі і конкурсы, якія з’яўляюцца культурным брэндам Магілёва, добра вядомыя далёка за межамі рэспублікі. Гэты спіс шырокі: Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер у Магілёве”, Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”, Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”, Міжнародны тэатральны маладзёжны форум М.@rt.кантакт, Міжнародны пленэр па жывапісе “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве” ды іншыя.

У Магілёве праведзена больш за дзве тысячы культурна-масавых мерапрыемстваў, тэатралізаваных святаў, канцэртаў, вечароў адпачынку, прэзентацый, прэс-канферэнцый, творчых сустрэч. У сувязі з гэтым на працягу 2013-га горад стаў цэнтрам культурнага жыцця, што прадугледжвае арганізацыю шэрагу запамінальных культурных падзей. Праграма акцый была прадстаўлена дзевяццю маштабнымі творчымі праектамі, кожны з якіх складаецца з мерапрыемстваў, аб’яднаных адной тэмай: пазіцыянаванне Магілёва як горада, адкрытага для зносін, горада, які мае слаўную гісторыю, стабільную сучаснасць і надзейную будучыню. Як мы бачым, гісторыя культуры горада была прадстаўлена шматгранна, пачынаючы ад Сярэднявечча (правядзенне Фестывалю сярэднявечнай гарадской культуры) і да папаўнення новымі рарытэтнымі экспанатамі — нацыянальнымі святынямі.

Праект “Культурная сталіца” ў Магілёве атрымаўся разнапланавым, вельмі насычаным і выклікаў каласальную цікавасць сярод грамадскасці. 45 краін свету сталі ўдзельнікамі дадзенай акцыі — як бачым, мы выйшлі за межы 11 краін Садружнасці. Выкананне ўсіх пастаўленых задач спрыяла прасоўванню на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў інфармацыі аб горадзе Магілёве, а праз прыклад нашага горада — інфармацыі аб узроўні развіцця нацыянальнай культуры, сучаснай культуры Рэспублікі Беларусь у цэлым, дазволіла павялічыць пазабюджэтныя даходы, у параўнанні з 2012 годам, на 32,2% (3 млрд. 277 млн. 204 тыс. беларускіх рублёў) і прыцягнуць дадаткова 20 млн. расійскіх рублёў.

Аднак для рэалізацыі пастаўленых максімальных задач неабходна павялічыць часавыя рамкі правядзення акцый. Як паказвае практыка, неабходны паўнавартасны падрыхтоўчы этап, які павінен уключаць прывядзенне да стандарту сацыяльна-культурных аб’ектаў, маштабную сістэмную рэкламную падтрымку сродкаў масавай інфармацыі з прыцягненнем замежных СМІ, укараненні ва ўсе сферы дзейнасці культуры ў шырокім сэнсе (неабходна прыцягнуць кожнага жыхара да дадзенай акцыі, ацаніць яго дачыненне да таго, што адбываецца). А за адзін год укараніць і атрымаць вынік вельмі праблематычна. Неабходна акумуляваць рэспубліканскія, абласныя і гарадскія сродкі для рэалізацыі гэтага праекта.

Другі этап, або другі год, — гэта рэалізацыя мерапрыемстваў. Трэці год — гэта эстафета перадачы, якая ўключае ў сябе замацаванне цікавасці да існуючай Культурнай сталіцы, пашырэнне геаграфіі прыцягнення інвестараў, турыстаў, мецэнатаў і г.д.; пазіцыянаванне горада для вырашэння эканамічных пытанняў праз культурна-інвестыцыйныя праекты (сінтэз эканомікі і культуры). З іншага боку — гэта першы падрыхтоўчы этап для наступнай Культурнай сталіцы. На мой погляд, пры такім правядзенні акцыі кожны горад не толькі пакажа свой культурны пласт, але і здолее ўмацаваць свой эканамічны падмурак. Па завяршэнні акцыі неабходна не губляць адзіную нітку гарадоў, якія насілі статус “Культурная сталіца”. Гэта не павінна быць разавым мерапрыемствам — мусіць прасочвацца, як праект працягвае сваю працу, як пашыраецца і на які якасна новы ўзровень выходзіць. Аснова і вынік — не пісьмовая інфармацыя, а прыцягненне і рост турыстаў, інвестараў, мецэнатаў на культурныя мерапрыемствы, і як вынік — павелічэнне ў разы пазабюджэтных даходаў ды паляпшэнне матэрыяльнай базы сферы ў цэлым.

Сістэмны ўзважаны падыход да фарміравання кадравага патэнцыялу дазволіў дасягнуць вынікаў у развіцці сферы культуры. Але каб захаваць у далейшым дасягнуты ўзровень, неабходна захаваць і падтрымаць перш за ўсё высокакваліфікаваных спецыялістаў. Раней востра стаяла кадравая праблема. Пазітыўную ролю ў рашэнні дадзенага пытання адыграла прадастаўленне службовага жылля спецыялістам, у чыёй кампетэнцыі меў патрэбу рэгіён. Аднак у цяперашні час, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, вышэйзгаданыя грамадзяне не маюць права на перадачу ва ўласнасць службовых жылых памяшканняў, якія яны займаюць.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.12.2013 г. № 563 да 01.04.2014 г. (далей — Указ № 563) фарміруецца фонд жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання за кошт уключэння ў яго, у тым ліку, службовых памяшканняў, што пацягне за сабой дадатковую аплату за карыстанне жылымі памяшканнямі камерцыйнага выкарыстання.

У сувязі з вышэйназваным і ўлічваючы тое, што дадзеныя работнікі сферы культуры і мастацтва атрымалі службовае жыллё як заахвочванне за значны ўклад у развіццё і захаванне культуры не толькі Прыдняпроўскага краю, але і Рэспублікі Беларусь у цэлым, многія маюць дзяржаўныя ўзнагароды, а таксама працяглы стаж працы ў сферы культуры (10 і больш гадоў), просьба разгледзець магчымасць звароту ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, ва ўстаноўленым парадку, па пытанні прыняцця нарматыўнага прававога акта, што прадугледжваў бы перадачу ва ўласнасць службовых жылых памяшканняў, якiя прадастаўлены работнікам устаноў культуры.

На заканчэнне свайго выступлення хачу запэўніць, што Магілёў, пры існуючых пэўных цяжкасцях, годна прадставіў культуру свайго рэгіёна і будзе надалей трымаць планку Культурнай сталіцы, каб кожны жыхар зрабіў свой унёсак у культуру свайго самабытнага і цудоўнага горада.

 

“Каб паўплываць на ўзровень заробкаў...”

/i/content/pi/cult/467/9904/8-3.jpg

Анатоль ТОЗІК, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь

— Ад імя Урада нашай краіны хачу шчыра падзякаваць вам за плённую працу ў мінулым годзе. Культура — гэта тое, што нельга пераацаніць, асабліва ў сённяшніх умовах, таму Урад заўсёды будзе падтрымліваць культуру.

Мы разумеем, што на такім форуме вы не хацелі ўзнімаць балючыя праблемы. Але мы іх бачым і разумеем. Перш за ўсё, гэта заробкі работнікаў культуры. Перакананы, гэтае становішча трэба змяняць як мага хутчэй. Мы будзем той працэнт нашага бюджэту, які выдзяляецца на культуру, захоўваць, а пры магчымасці і павышаць. Але, разам з тым, вельмі прашу падумаць, што можна знайсці ў самой галіне, каб паўплываць на ўзровень заробкаў работнікаў культуры.

Мы размаўлялі пра аптымізацыю, скарачэнні. Яшчэ раз хачу падкрэсліць: трэба змяніць толькі тое, што састарэла і неактуальнае на сённяшні дзень. Наша сістэма ўстаноў культуры сфарміравалася трыццаць-сорак гадоў таму. Сёння ж іншы час. Прывяду прыклад. У маёй роднай вёсцы на адным баку вуліцы размешчана сельская бібліятэка, на іншым — школьная, а побач — і вялікі Дом культуры. І там, і там патрэбны электрычнасць, ацяпленне. Ці рацыянальна гэта? Можа, лепш гэтыя ўстановы звесці разам і даць людзям добры заробак, зацікавіць іх? Менавіта так мы разумеем і скарачэнні, і аптымізацыю. Тым больш, у нас ёсць паказальныя прыклады ўстаноў культуры, якія вельмі добра зарабляюць. Гэта два нашы музеі — у Міры і Нясвіжы. У мінулым годзе Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” атрымаў 9 мільярдаў бюджэтных сродкаў, а пры гэтым зарабіў — 18 мільярдаў 654 мільёны рублёў. Музей “Замкавы комплекс “Мір” атрымаў 7 мільярдаў — зарабіў 14 мільярдаў рублёў. Заўсёды трэба думаць. Усё, што сёння дзяржава аддае з бюджэту, яна будзе аддаваць і ў далейшым, але астатняе фінансаванне мы павінны шукаць разам. Рыхтуем яшчэ адну пастанову Савета Міністраў, у адпаведнасці з якой усе сродкі ў рамках бюджэту той або іншай бюджэтнай установы на працягу года не будуць змяняцца, але ўсё, што яна зможа зберагчы па іншых артыкулах бюджэту, можна будзе накіраваць на дадатковае фінансаванне заробкаў супрацоўнікаў. Лічу, гэта вельмі добры крок наперад.

 

Факт, падзея, мэтазгоднасць

/i/content/pi/cult/467/9904/8-4.jpg

Ірына ДРЫГА, намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай дзейнасці Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

— Паважаныя калегі! Хачу падзякаваць за плённую дзейнасць усім вам і ў вашай асобе — тым калектывам, тым людзям, якія працуюць з вамі. Неаднаразова Кіраўнік дзяржавы казаў, што культура — гэта духоўны падмурак ідэалогіі і сацыяльнай палітыкі ў Беларусі. І ад таго, наколькі моцны гэты падмурак, залежыць самае галоўнае — стабільнасць нашай краіны. Вялікі дзякуй вам за тое, што вы, нягледзячы на не самыя высокія заробкі, захоўваеце і падтрымліваеце дабрабыт рэспублікі!

Хацела б звярнуць вашу ўвагу на некаторыя моманты. У першую чаргу, варта нагадаць пра пэўныя аспекты дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, што вынікаюць з нядаўніх выступленняў Кіраўніка дзяржавы. Паколькі выступленні мелі шырокі рэзананс, хацелася б яшчэ раз звярнуць увагу на некаторыя важныя моманты.

Першае пытанне, якое ўзнімаў Кіраўнік дзяржавы і ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце, і на цырымоніі ўручэння прэміі “За духоўнае адраджэнне” 9 студзеня, — гэта пытанне пра беларускую ідэю і пра тое, як мы можам развіваць, адлюстроўваць яе ў дзейнасці ўстаноў культуры. Хацелася б, каб у работнікаў сферы культуры было дакладнае разуменне, што беларуская ідэя не з’яўляецца нейкай вузка нацыяналістычнай ідэяй, якая прапаведуе культуру толькі тытульнага этнасу. Беларуская ідэя — гэта ідэя Рэспублікі Беларусь як суверэннай шматнацыянальнай і шматканфесійнай дзяржавы, якая паклікана аб’ядноўваць нашых людзей у адзіны народ. У нашых грамадзян трэба фарміраваць уяўленне, што яны з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а ўжо потым прадстаўнікамі пэўных нацый, канфесій, сацыяльных груп. Таму просьба да работнікаў культуры: пры правядзенні культурнай дзейнасці выбіраць тыя літаратурныя творы, тыя сюжэты і эпізоды гісторыі, якія будуць з’ядноўваць нас усіх у адзіны народ, а не раз’ядноўваць нас.

Прыкладам такой дзейнасці могуць стаць мерапрыемствы да 70-годдзя з дня вызвалення Беларусі і да 70-годдзя Перамогі. Дарэчы, сёння на калегіі не прагучала, якія буйныя мерапрыемствы, за выключэннем адкрыцця новага будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і новыя творы будуць у нас прымеркаваны да гэтых падзей. Вы можаце сказаць: маўляў, навошта пра гэта шмат гаварыць, гэта ўжо ў плоць і кроў увайшло. На жаль, сёння неабходна нагадваць і, самае галоўнае, сведчыць пра наш Подзвіг, пра нашу Перамогу як аснову суверэнітэту Беларускай Дзяржавы і аснову нашага патрыятызму. Днямі адзін з замежных тэлеканалаў вельмі брыдка адазваўся пра мемарыял “Брэсцкая крэпасць — герой”. Гэта быў плявок у твар. Ці павінны мы на гэта адказваць? Павінны. І адказваць годна. Нагадваць сабе і ўсяму свету пра наш Подзвіг. Яшчэ прыклад. Адзін з расійскіх кабельных тэлеканалаў праводзіў апытанне сярод сваіх гледачоў: ці патрэбна была блакада Ленінграда або лепш было здаць горад? І гэта было ў тыя дні, калі святкавалася гадавіна зняцця блакады Ленінграда...

А таму пра такія знакавыя падзеі трэба гаварыць, разумець іх і адпаведна выбіраць з усяго гістарычнага кантэксту тыя з іх, якія дапамогуць нам з’яднацца, якія стануць асновай нашага патрыятызму.

Як казаў Кіраўнік дзяржавы, нацыянальную культуру не трэба разумець вузка — толькі як культуру тытульнага этнасу, зводзіць яе толькі да беларускамоўнай літаратуры, нейкай аўтэнтыкі, фальклору. Напрыклад, опера і балет, якія набылі прафесійны маштаб у савецкі час, альбо дзейнасць тэатра імя Горкага, які прапагандуе традыцыю рускай класікі — і літаратурнай, і тэатральнай. Ці ж гэта не нацыянальная культура? Нацыянальная! А дасягненні нашай навукі, адукацыі? Гэта таксама наша культура. А тое, што робяць нашы сучасныя майстры, мастакі і пра што засведчыла Трыенале сучаснага мастацтва, якое адбылося ў 2013 годзе? Гэта ж таксама нацыянальная культура. Нам неабходна бачыць, падтрымліваць і развіваць усе традыцыі, а не толькі аўтэнтыку і фальклор. На гэтым трэба выхоўваць гонар за сваю краіну.

Яшчэ адзін акцэнт, на які хацелася б звярнуць увагу ў сувязі з правядзеннем Года гасціннасці. Развіццё культурнага турызму павінна засяроджвацца не толькі на тых знакавых помніках, замках, якія ў нас атрымалася аднавіць, але і на стварэнні новых лакальных памятных мясцін, брэндаў, звязаных з мясцовымі легендамі. Да прыкладу, у Вероне ёсць Дом Джульеты. Італьянцы маюць цікавую легенду, якая прыцягвае турыстаў. А таму важна ўсвядоміць, што гісторыя, помнікі, звычаі павінны працаваць на імідж краіны. Важна не толькі аднавіць той жа Быхаўскі замак, але і стварыць вакол яго неабходную інфраструктуру, у тым ліку месцы грамадскага харчавання, продажу сувеніраў, распрацаваць забаўляльную праграму, каб гісторыя стала жывой.

Сёння мы адраджаем, развіваем, экспануем на выстаўках старадаўнія промыслы. Гэта добрая і патрэбная справа. Але варта прыгадаць мінскую выстаўку “Млын”, аналагі якой, напэўна, ладзяцца і ў рэгіёнах. Нарадзіўся вельмі цікавы пласт сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Чаму б гэта не развіваць? Трэба думаць не толькі пра тое, што мы захаваем, але і што створым у наш час.

Яшчэ адзін важны момант. Часта наракаюць на тое, што пры рэстаўрацыі замкаў выкарыстоўваюць неаўтэнтычную цэглу, пры адраджэнні слуцкіх паясоў — сучасныя матэрыялы. Магчыма, сёння гэта і не так важна. Зараз новы час, таму мы захоўваем гістарычную форму, тую ж гандлёвую марку, але выкарыстоўваем сучасныя матэрыялы і тэхналогіі. Хочацца прыгадаць добры прыклад — падыход да выкарыстання будынка Полацкага езуіцкага калегіума, дзе цяпер размяшчаюцца аўдыторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля рэстаўрацыі там засталіся некаторыя старадаўнія элементы, але ў асноўным выкарыстоўваліся сучасныя матэрыялы. У выніку захаваўся агульны выгляд будынка, і, разам з тым, яго атрымалася прыстасаваць для навучальнага працэсу.

Колькі слоў пра тэатральнае мастацтва. Вельмі хочацца падтрымаць Уладзіміра Пятровіча Рылатку. Нягледзячы на тое, што запаўняльнасць залы мае вялікае значэнне, самае галоўнае — якія ідэі і думкі мы нясём са сцэны. Таму хацелася б звярнуць увагу на рэпертуарную палітыку беларускіх тэатраў. Тым больш, што гэты год у нас знамянальны юбілеямі: гадавіны вызвалення Беларусі і пачатку Першай сусветнай вайны — падзеямі, якія закранулі ўсю Беларусь, пакінулі след у кожнай сям’і.

70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 100-годдзе з пачатку Першай сусветнай вайны — усе гэтыя знакавыя падзеі, як падаецца, павінны быць адлюстраванымі і на тэатральных сцэнах. Маю на ўвазе і старыя пастаноўкі, і новыя. Мастацкія інтарэсы тут наўпрост сутыкаюцца з грамадскімі, дзяржаўнымі. Варта падумаць, параіцца, якія ж тэмы з’яўляюцца на сёння надзённымі. Мы заўжды адкрыты для такіх дыялогаў. Адкрытая размова пра рэпертуарную палітыку нічога апрача агульнай карысці не прыносіць.

Колькі слоў пра фільмавытворчасць. Мы перайшлі на новую сістэму дзяржпадтрымкі на конкурснай аснове, але пакуль добрых беларускіх стужак, якія сталі б падзеямі, у пракаце, на жаль, больш не з’явілася. Можа, нам варта прааналізаваць практыку згаданай закрытай конкурснай працэдуры, вывучыць расійскі досвед і перайсці на субсідзіраванне вытворчасці сацыяльназначных кінастужак пры адкрытай абароне кінапраектаў, больш жорсткім зрабіць патрабаванні да тэматыкі, да саміх фільмавытворцаў. У нас жа пакуль атрымліваецца так: правялі конкурс, “згрузілі” праекты, выбралі з таго, што было, а добрых стужак так і не з’явілася… У конкурсе павінны прымаць удзел тыя фірмы, якія здолелі давесці сваю самадастатковасць і ў творчым, і ў фінансавым плане. Больш жорсткім мусіць быць кантроль і за тым, як гэтыя фірмы будуць адлічваць працэнт ад атрыманага прыбытку ў дзяржаўную долю.

Час ужо разгрузіць творчыя склады. Знялі шэсць мультфільмаў — толькі два прададзены, з 31-й дакументальнай стужкі прададзена толькі адзінаццаць. Карціны павінны даходзіць да гледача. А паказваць і прапагандаваць іх ёсць дзе. Цудоўную магчымасць для гэтага дае тэлеканал “Беларусь 3”.

Гаворка ішла пра неабходнасць выхаду кінастудыі “Беларусьфільм” на самаакупнасць. Хацелася б канкрэтызаваць і прадумаць, як гэта зрабіць не толькі за кошт рэалізацыі ўласнай прадукцыі, але і за кошт аказання кінапаслуг. Толькі так, напэўна, “Беларусьфільм” пераўтворыцца ў сапраўдную кінафабрыку не толькі для патрэб нашай краіны.

Пра фестывальны рух. З вашай дапамогай праведзены яго аналіз за апошнія гады: ідзе некантралюемы рост фестывальных мерапрыемстваў. У 2008 годзе па даручэнні Кіраўніка дзяржавы была створана дакладная схема з пералікам фестываляў, якія падтрымліваюцца дзяржавай. Фармальна пералік не парушаецца, але нарастае колькасць мерапрыемстваў, што з’яўляюцца па сутнасці фестывалямі, але праводзяцца пад назвамі “свята”, “акцыя”, “праект” і г.д. і атрымліваюць пры гэтым дзяржаўную фінансавую падтрымку. Прычым далёка не многія атрымліваюць даходы ад рэалізацыі білетаў. Прапануецца ў сувязі з гэтым дапрацаваць пастанову Урада аб палажэнні па правядзенні фестываляў і канкрэтызаваць пры гэтым, што такое “свята”, “акцыя”, “праект”. У пераліку павінны застацца толькі знакавыя фэсты. Прадумаць варта і практыку продажу білетаў. Да прыкладу, на Рэспубліканскім свяце “Александрыя збірае сяброў” такая практыка адразу знайшла разуменне ў наведвальнікаў мерапрыемства. І быў атрыманы пэўны даход.

Па манументальным мастацтве. Трэба дапрацаваць Палажэнне аб стварэнні помнікаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прааналізаваць прапановы па аплаце экспертна-мастацкіх саветаў. І варта больш дакладна вызначыцца, у чым розніца паміж памятнікам і памятным знакам, бо мелі месца выпадкі, калі шасціметровыя фігуры ўстанаўлівалі без узгаднення як памятныя знакі, што несла за сабой бюджэтныя выдаткі. І ці варта нам пад час такіх знакавых святаў, як, да прыкладу, Дзень беларускага пісьменства, устанаўліваць у гарадах з гэтай нагоды памятныя знакі? Мо варта гэтыя грошы выкарыстаць для падтрымкі ўстаноў культуры?

Пад час Чэмпіянату свету па хакеі ў нас пройдзе выстаўка сучаснага мастацтва, якая будзе мець два раздзелы: “Беларускі авангард за сто гадоў” і “Актуальнае мастацтва”. На афіцыйным узроўні выстаўка практычна не прэзентавалася. Для нас — гэта культурная Атлантыда, якую неабходна ўзняць і паказаць свету, ушанаваўшы тым памяць нашых творцаў, пра якіх доўгі час мала хто ведаў. Наша задача — зрабіць выстаўку як мага больш прадстаўнічай і шырокай.

Пра фарміраванне заявак на атрыманне грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Летась з гэтым былі праблемы: тэмы аказаліся дробнымі. Урад па такой важкай прычыне не падтрымаў заяўкі з месцаў. Таму нагадаю, грошы выдаткоўваюцца на самыя важкія яркія праекты. У гэтым кірунку і павінны працаваць тэатры, музеі, канцэртныя арганізацыі. Скажам, стварэнне эпахальнага спектакля ці набыццё ўнікальнага артэфакта для рэгіянальнай музейнай установы стануць дастойнымі Фонду Прэзідэнта.