Алена ПАДАЛЯК: “ВАФ — брэнд, вядомы і гараджаніну, і вяскоўцу”

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

Творчая дзейнасць калектываў Віцебскай абласной філармоніі ажыццяўлялася ў адпаведнасці з галіновай і рэгіянальнай праграмай захавання і равіцця культуры Беларусі на 2006 — 2007 гг.

 /i/content/pi/cult/146/990/Padalyak1.jpg
Наша філармонія створана на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 1989 годзе. Новая старонка ў яе гісторыі пачалася ў ліпені 2005 года, пасля завяршэння капітальнага рамонту будынка з яго рэканструкцыяй.
Стварэнне добрай матэрыяльнай базы — адна з умоў паспяховай працы любой установы. У сувязі з гэтым хацелася б яшчэ раз падзякаваць кіраўніцтву Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за ўвагу і велізарную фінансавую падтрымку нашай арганізацыі, дзякуючы чаму філармонія мае сёння выдатныя канцэртныя залы — Вялікую, на 520 месцаў, і Малую, на 100, — зручныя для штодзённай працы артыстаў рэпетыцыйныя памяшканні з новымі музычнымі інструментамі, шыкоўны канцэртны раяль фірмы “Steinway”, сучасна абсталяваную студыю гуказапісу, якая дазваляе не толькі запісваць фанаграмы, але і проста ў студыі рабіць запіс канцэртаў з залы.
Мінулы год азнаменаваны неардынарнай, я б сказала, сенсацыйнай, падзеяй — набыццём і ўсталяваннем аргана нямецкай арганабудаўнічай фірмы “Glatter-Gotz” за сродкі абласнога бюджэту. Інаўгурацыя аргана — караля музычных інструментаў — адбылася ў ліпені 2007 года з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
За перыяд з 2004 па 2007 гады на рэканструкцыю было асвоена каля 8 млрд. рублёў.
Гонарам філармоніі і самай вялікай каштоўнасцю з’яўляюцца артысты, творчасць якіх прадстаўляе ўвесь спектр музычных жанраў: актэт балалаек “Віцебскія віртуозы” пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Тамары Шафранавай, камерны аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Карнілава, ансамбль танца, песні і музыкі “Талака” (мастацкі кіраўнік — Мікалай Падаляк), камерны дуэт “Росіца”, салісты-інструменталісты Генадзь Емяльянаў і Вольга Бордак, салісты-вакалісты і інструменталісты. Усяго — 62 чалавекі.
За мінулы год сіламі артыстаў філармоніі забяспечана перавыкананне ўсіх планавых паказчыкаў: усяго праведзена 955 канцэртаў, створана 14 новых канцэртных праграм, выкананы паказчык па аб’ёму платных паслуг.
Хацела б распавесці пра два важнейшыя напрамкі ў дзейнасці нашай арганізацыі.2007 год быў аб’яўлены Годам дзіцяці. Толькі за мінулы год філармоніяй праведзена 16 дабрачынных канцэртаў, у тым ліку і ў двух дзіцячых сацыяльных прытулках.Праца з дзецьмі набыла нямала новых форм. Пасля падпісання дамоў аб сумеснай музычнай дзейнасці філармоніі з гар-, райаддзеламі адукацыі быў арганізаваны “Дзень музыкі” для школьнікаў. Канцэрты ладзяцца ў выглядзе двухгадовага музычнага абанемента “Сустрэчы з музыкай”. Для самых маленькіх працуе абанемент выхаднога дня. У студзені 2008 года адбыліся першыя канцэрты новага абанемента, які прадстаўляе арганную музыку для дзяцей: “Займальныя падарожжы з арганам”. Супрацоўніцтва з аддзеламі адукацыі ў гэтым канцэртным сезоне закранула і агульнаадукацыйныя школы аграгарадкоў. Працягваецца эксперыментальная работа па пастаноўцы музычных спектакляў для дзяцей. Разам з музычна-тэатралізаваным прадстаўленнем “Квартэт” па матывах баек І.Крылова, якое ўжо паспела добра сябе зарэкамендаваць, здзейснена пастаноўка музычнай казкі Ю.Антонава “Пра коніка Кузю”. Работу ў гэтым напрамку плануем працягваць і надалей.
 /i/content/pi/cult/146/990/Padalyak2.jpg
Сёння — хочам таго альбо не — мы абавязаны арыентавацца на рэальны попыт і залежым ад яго, у першую чаргу ў плане выканання аб’ёму платных паслуг. Аднак кан’юнктурная арыентацыя небяспечная, бо пагражае спыненнем узнаўлення цэлага культурнага пласта. Застануцца толькі тыя артысты, якія лёгка “прадаюцца”, і творы, што маюць мала агульнага з мастацтвам. У канцэртных праграмах не часта з’яўляюцца малавядомыя творы, сучасная музыка, выканаўцы-пачаткоўцы. На змену слухацкай аўдыторыі мінулых дзесяцігоддзяў прыйшло маладое пакаленне, якое менш арыентуецца на сапраўдныя культурныя каштоўнасці і губляецца пад націскам піару. Таму праца з ім цікавая і важная, здатная прынесці, у першую чаргу, нематэрыяльныя дывідэнды. Пачатая раней работа па адкрыцці і прапагандзе творчасці маладых таленавітых музыкантаў займае важнае месца ў дзейнасці філармоніі. Думаю, сёння, у перыяд падрыхтоўкі праграм культурна-патрыятычнай акцыі “Мы — беларусы!”, дарэчы разгледзець пытанне аб удзеле ў канцэртах найбольш яркіх выканаўцаў з ліку творчай моладзі.
Для прапаганды акадэмічнай музыкі патрабуецца найвышэйшае выканальніцкае майстэрства. На сённяшні дзень больш як 800 чалавек у Віцебскай вобласці з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэпублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, з іх 111 — музыканты. Філармонія робіць стаўку на арганізацыю сольных канцэртаў гэтых адораных выканаўцаў. За 2007 год іх праведзена дванаццаць. Цяжка пераацаніць ступень уздзеяння музыкі, калі яна выконваецца дзецьмі для дзяцей. Незабыўнае ўражанне пакінулі выступленні Кацярыны Мачалавай, Арсенія Садыкова, Уладзіслава Сярпінскага, Ганны Лоб, Бажэна Буко ды інш.
Той самай высокай мэце служыць і багаты на падзеі Віцебскі фестываль дзіцячай і юнацкай творчасці, які ладзіцца філармоніяй разам з упраўленнем культуры аблвыканкама. У рамках фестывалю праходзяць конкурсы юных піяністаў, скрыпачоў і кампазітараў, якія адкрываюць новыя імёны, а вядомыя выканаўцы праводзяць майстар-класы і семінарскія заняткі.
У мэтах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гг. другім прыярытэтным напрамкам з’яўляецца праца з сельскім гледачом. У 2007 годзе адкрыта 6 філарманічных пляцовак, усяго з 2005 года — 16, пры плане 15. На філарманічных пляцоўках у аграгарадках ладзяцца канцэрты прафесійных калектываў і выканаўцаў філармоніі. Канцэрты на сяле зазвычай стратныя з прычыны малалікасці глядацкай аўдыторыі і нізкіх цэн на квіткі, аднак дзякуючы ўпраўленню культуры аблвыканкама, якое выдаткавала грашовыя сродкі на пакрыццё транспартных расходаў, удалося павялічыць колькасць канцэртаў на філарманічных пляцоўках. Усяго за 2007 год іх праведзена 127. Набыццё аўтобуса ў І квартале 2008 года дазволіць эканоміць бюджэтныя сродкі, пашырыць канцэртную дзейнасць для вяскоўцаў. Сістэматычнасць і разнажанравасць — вось асноўныя складнікі працы па набліжэнні ўзроўню паслуг культуры жыхарам сяла да ўзроўню гарадскога. Шукаюцца новыя падыходы да арганізацыі канцэртаў не толькі ўласнымі сіламі, але і выканаўцамі-гастралёрамі з іншых абласных і Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Мінулы канцэртны сезон выявіў вострую патрэбу абнаўлення кадравага складу ВАФ. Частковае рашэнне гэтага пытання адбывалася шляхам прыцягнення да канцэртнай дзейнасці маладых выканаўцаў — стыпендыятаў фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама размеркаваннем выпускнікоў БДАМ і БДУКіМ выканальніцкіх спецыяльнасцей для работы ў ВАФ. У 2007 годзе прыняты на працу 4 маладыя спецыялісты. Выдзяленне службовага жылля ў значнай меры спрыяе вырашэнню гэтай праблемы. Рашэннем жыллёвай камісіі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама было выдзелена за апошнія тры гады 5 кватэр. Аднак яшчэ застаецца актуальнай праблема прыцягнення такіх кадраў, як рэжысёр філарманічных праграм, лектар-музыказнаўца, якіх сёння проста няма.
Упэўнена, што сёння калектыў Віцебскай абласной філармоніі мае вялікі патэнцыял і жаданне працаваць яшчэ больш прадуктыўна, адкрываючы новыя рэзервы і знаходзячы новыя падыходы для вырашэння задач, якія ставяць перад намі Прэзідэнт і Урад краіны.

Алена ПАДАЛЯК,
дырэктар дзяржаўнай канцэртнай установы
“Віцебская абласная філармонія”