Памяць, даступная толькі... экстрэмалам

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

Ініцыятыва — прыватная, справа — дзяржаўная: калі сутарэнні Мазырскага ўмацаванага раёна пабачаць арганізаваныя турысты?
У нашу газету звярнуўся чытач — дырэктар Колкаўскага сельскага дома культуры Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці Мікалай Грушко. Яго непакоіць лёс воінскага пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны непадалёк ад чыгуначнай станцыі “Пціч”, што на Петрыкаўшчыне. На ягоную думку, гэтая магіла савецкага воіна павінна стаць часткай будучага музейнага комплексу на базе фартыфікацыйных пабудоў Мазырскага ўмацаванага раёна. Але пра ўсё па парадку...

/i/content/pi/cult/467/9897/1-113.jpg

 

Магіла невядомага героя. / Фота з архіва Мікалая Грушко

...Маючы пэўны жыццёвы досвед, бывае цікава азірнуцца ды прасачыць, як рэчы і аб’екты, якія ў тваім дзяцінстве былі звыклым побытам, з цягам часу становяцца артэфактамі, а потым набываюць статус помнікаў матэрыяльнай культуры. Тое ж і з асяроддзем — ландшафтам, будынкамі, камунікацыямі. Мяркую, мае бацькі, якія перажылі вайну (бацька — на фронце, маці — у акупацыі), успрымалі раскіданыя па нашай знявечанай зямлі фартыфікацыйныя пабудовы — ДОТы, капаніры, траншэі, акопы — як знакі бяды, як гвалт над прыродай і чалавечымі лёсамі. Сказаў бы ім хто ў 1944-м, што калі-небудзь адрэстаўраваны фрагмент лініі Сталіна будзе гісторыка-культурнай каштоўнасцю, і людзі стануць прыязджаць здалёк, каб на яе паглядзець, — не паверылі б. Урэшце, прыгадайце, калі ў грамадскай свядомасці руіны Брэсцкай крэпасці сталі ўспрымацца як святыня? У 1960-х. Калі час неяк загаіў раны, і ў жыццё прыйшло пакаленне, для якога вайна — ўжо не аўтабіяграфія, а гісторыя...

Мара Мікалая Грушко

А мара гэтая — Музей Мазырскага ўмацаванага раёна. Дакументацыя, на падставе якой можна рабіць кансервацыю і рэстаўрацыю гэтай фартыфікацыйнай сістэмы, ёсць. Таксама, як і ваенныя артэфакты для будучай экспазіцыі. Мікалай Мікалаевіч упэўнены, што для стварэння мемарыяла не спатрэбяцца вялікія бюджэтныя ўкладанні. Немалая частка работ можа быць выканана метадам “народнай будоўлі”, сіламі мясцовых жыхароў, неабыякавых да гісторыі Айчыны, і на сродкі спонсараў праекта. Галоўнае — справу распачаць.

Адным з першых крокаў у гэтым яму бачыцца захаванне воінскай магілы непадалёк ад чыгуначнага моста, што побач са станцыяй “Пціч” і вёскай такой жа назвы. Блізка да станцыі і пабудовы ўмацаванага раёна. Мікалай Грушко распавядае, што гэтая магіла — 1942 года. Згаданы мост праз Пціч неаднойчы быў аб’ектам дыверсій: адна са спроб яго знішчэння партызанамі прыпадае на чэрвень другога года Вялікай Айчыннай вайны. Выканаўцам быў афіцэр РККА, які, магчыма, раней служыў ва ўмацаваным раёне, а потым як акружэнец трапіў да партызан. Ім рухала помста, і ён, абвязаўшыся ўзрыўчаткай, свядома ішоў на смерць...

Але да моста не дайшоў: быў застрэлены немцамі, якія ахоўвалі мост. Аддаючы даніну ягонай самаахвярнасці, ворагі пахавалі яго з воінскімі ўшанаваннямі побач з месцам, дзе ён загінуў...

Пасля вайны непадалёк ад моста пабудавалі казарму для салдат, якія ахоўвалі гэты аб’ект транспартнай структуры. Яны ж і даглядалі магілу. З часам салдат змянілі вохраўцы, а потым казарма стала жытлом для работнікаў чыгункі. Паколькі побач з колішняй казармай паўсталі гаспадарчыя пабудовы, пахаванне перанеслі бліжэй да чыгуначных пуцей, дзе яно зараз і знаходзіцца. Магіла — безыменная...

Ці будзе мемарыял?

Спадар Грушко звярнуўся да мясцовай улады з прапановай узяць пахаванне пад ахову дзяржавы. Яму адказалі сустрэчнай прапановай: перанесці астанкі героя ў брацкую магілу, што ў вёсцы Пціч. Мікалай Мікалаевіч і ягоныя аднадумцы з такім падыходам не пагаджаюцца. На іх думку, магіла павінна застацца там, дзе герой здзейсніў подзвіг. Да таго ж, як сказана вышэй, пахаванне можа — і павінна — стаць часткай мемарыяла ды аб’ектам турыстычнага маршруту па Мазырскім умацаваным раёне.

Сёння надмагілле выглядае даволі сціпла. Мікалай Грушко з іншымі энтузіястамі гатовы сваім коштам ды намаганнямі давесці яго да ладу, але і ад дапамогі мясцовай улады не адмаўляюцца. Да таго ж, наш чытач чакае ад уладных структур спрыяння ў высвятленні імені героя. Урэшце, хтосьці павінен за пахаваннем даглядаць на сталай аснове.

Дарэчы, колькі гадоў таму да муроў Мазырскага ўмацаванага раёна прыязджалі дзеці тых, хто служыў тут у Вялікую Айчынную. Каб парупіцца, можна было б праз іх пасрэдніцтва адшукаць патрэбныя звесткі і, магчыма — нават з вялікай ступенню верагоднасці, — высветліць імя героя. Паводле ўскосных даных, ён мог быць родам з Архангельска ці Мурманска.

У Сеціве, дарэчы, нямала інфармацыі пра рэшткі фартыфікацыі Мазырскага ўмацаванага раёна. Дзякуючы сваёй непрыхарошанай аўтэнтыцы ён, бадай, не менш папулярны (асабліва сярод “неарганізаваных” турыстаў), чым знакамітая “Лінія Сталіна”. Ён ужо сёння фактычна з’яўляецца “мекай” для аматараў экстрэмальнага турызму з Беларусі і блізкага замежжа.

Абгрунтаваць канцэпцыю і эканоміку

Каб высветліць, наколькі перспектыўнай успрымаецца мара Мікалая Грушко з гледзішча прафесіяналаў, мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігара Чарняўскага. Просім яго патлумачыць, што трэба зрабіць, каб фартыфікацыйныя пабудовы Мазырскага ўмацраёна набылі статус помніка, якой мусіць быць паслядоўнасць дзеянняў ініцыятара ці ініцыятыўнай групы. Ігар Мяфодзьевіч адказаў, што найперш трэба скласці дакумент, з якога будзе зразумела канцэпцыя будучага гісторыка-культурнага комплексу. У дакуменце мусіць быць нададзена ўвага эканамічнаму абгрунтаванню праекта. З гэтай паперай трэба звярнуцца ў адпаведны аддзел райвыканкама, адказнага за тэрыторыю, на якой знаходзяцца фартыфікацыйныя аб’екты. Наступны крок пасля ўзгаднення праекта са спецыялістамі культурнай сферы — разгляд прапановы кіраўніцтвам раёна. На думку спадара Чарняўскага, ініцыятарам праекта варта скантактавацца, скажам, з Мазырскім краязнаўчым музеем, у экспазіцыі якога тэма Вялікай Айчыннай вайны займае важнае месца, і, адпаведна, у супрацоўнікаў установы ёсць досвед працы з ваеннымі артэфактамі і музеефікацыі аб’ектаў пад адкрытым небам.

Мы запыталіся: а ці можа да справы спрычыніцца Міністэрства культуры? Дадзены орган дзяржкіравання, адказаў спадар Чарняўскі, займаецца аб’ектамі нацыянальнага маштабу і рэспубліканскага падпарадкавання. Рэшткі ж Мазырскага ўмацраёна такога статуса не маюць. Суразмоўца нагадаў, што і комплекс “Лінія Сталіна”, які з’яўляецца прыватным музеем (уладальнік — Таварыства воінаў-афганцаў), ствараўся без удзелу спецыялістаў Міністэрства. Але рэстаўрацыя аб’ектаў там праведзена вельмі якасна. Відаць, таму, што ёй займаліся вайскоўцы.

Як разблакаваць сутарэнні?

Начальнік жа аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Петрыкаўскага райвыканкама Вольга Усціновіч-Насека сказала нам, што пра ініцыятыву Мікалая Грушко ў раёне ведаюць і гатовы аказаць ёй падтрымку. Сёння частка сутарэнняў заблакавана з мэтай захавання бяспекі. Калі іх адкрыць для наведвальнікаў, дык ахвотных пабачыць гэтыя грандыёзныя пабудовы знайшлося б шмат. Але рэалізацыя дадзенай ідэі каштуе дорага. Таму пакуль гаворка можа ісці толькі пра маральную і арганізацыйную падтрымку прапаноў Мікалая Мікалаевіча. Райаддзел мае намер цесна супрацоўнічаць з ваенна-патрыятычным маладзёжным клубам, які зараз стварае Мікалай Мікалаевіч, а таксама аказваць спрыянне ў выхаваўча-асветніцкай рабоце, што праводзіцца ў Колкаўскім сельскім доме культуры. Вольга Уладзіміраўна лічыць, што да рэалізацыі згаданай ініцыятывы Мікалая Грушко неабходна далучыць мясцовыя структуры БРСМ.

Мяркуючы па словах Вольгі Усціновіч-Насека, ініцыятыву актывіста ва ўладных структурах раёна вітаюць. Будзе ўцямная канцэпцыя — будзе, відавочна, канкрэтная гаворка. Прынамсі, так сітуацыю разумею я. А надзею на рэалізацыю мары Мікалая Грушко звязваю з той акалічнасцю, што бягучы год у нашай краіне прысвечаны ваенна-патрыятычнаму турызму і найперш — вызваленню Айчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Калі ж, як не сёлета, ушанаваць Подзвіг бацькоў і дзядоў, зрабіць даступным для шырокай грамады тое, што пакуль бачаць толькі турысты-экстрэмалы?..

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"