Арт-бізнес у Беларусі: наш узровень сёння — пейзажы за 300 у.а.?

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

Ідэя пакуль што “бясцэнная”, ды галерэя ў нас — бы шлюбнае агенцтва на мінным полі
Слова “рынак” — даволі шматзначнае. У залежнасці ад моўнага кантэксту, яно можа адлюстроўваць як канкрэтнае паняцце (месца, дзе прадаюць нейкія карысныя ў гаспадарцы рэчы — напрыклад, венікі альбо вязаныя шкарпэткі), так і абстрактнае — складаную сукупнасць розных з’яў ды працэсаў. “Круглы стол” у Інстытуце культуры Беларусі ў чарговы раз пераканаўча засведчыў: айчынны арт-рынак — гэта пакуль паняцце менавіта канкрэтнае. Але адначасова таксама і абстрактнае — у найгоршым сэнсе слова.

/i/content/pi/cult/467/9896/mir2.jpg

— “Нявеста” ў нас ёсць, а вось “жаніха” — няма, — канстатавала мастацтвазнаўца Таццяна Бембель. — Няма сумневу ў тым, што беларускія творцы маюць тыя дасягненні, якія могуць стаць таварам на арт-рынку, але ж праблема — з пакупнікамі...

Ды, як высветлілася, не адно з імі. Пытанне толькі ў тым, як разблытаць той клубок праблем, праз якія наша “прыўкрасная нявеста” засядзелася ў дзеўках. У сэнсе, з чаго пачаць.

Пейзажы за 300 у.а.

Як адзначыла ў сваім уступным слове начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння развіцця прафесійнага мастацтва Інстытута культуры Беларусі Валянціна Іўчанка, таварам на арт-рынку можа быць не толькі канкрэтны прадукт, але і ідэя. Па вялікім рахунку, менавіта так і адбываецца на тым арт-рынку, які з’яўляецца паняццем, а не месцам. Прычым не так і важна, што менавіта прадаецца: карціна Рубенса альбо бляшанка з “біяматэрыялам” Мандзоні. Ва ўсялякім выпадку, пакупнік аплачвае не сабекошт твора (халсціна+падрамнік+фарбы) і дабавачную вартасць. Ён плаціць менавіта за ідэю, імя, прыналежнасць да школы — з’явы нематэрыяльныя і таму даволі эфемерныя.

І Рубенса, і Мандзоні звычайна набываюць зусім не для таго, каб павесіць у спальні, падбіраючы пад колер шпалераў. А вось беларускіх мастакоў па-ранейшаму купляюць пераважна з такімі намерамі: пра гэта сведчаць сацыялагічныя апытанні саміх пакупнікоў, не так даўно праведзеныя спецыялістамі Інбелкульта. Другі радок у рэйтынгу матывацый  — карціна ў падарунак, трэці — у офіс... Ні фактар прэстыжу, ні стварэнне прыватных тэматычных калекцый у спісе пакуль не значацца — хіба на ўзроўні статыстычнай памылкі. Адпаведна, найбольш ходкі тавар — пейзажы за 300 у.а.

Натуральна, гэты сегмент арт-рынку прысутнічае і ў тых краінах, на якія ў нас прынята арыентавацца. Прычым там ён куды больш развіты, бо творы мастацтва нашмат ахвотней купляе тамтэйшы сярэдні клас, нават самы сярэдні — паводле сваіх даходаў. У нас жа шматгадовыя патугі прывучыць яго траціцца не толькі на дарагія рамонты нічым добрым пакуль што не скончыліся. Але “300 у.а.” — гэта толькі ніз піраміды, верхаліна якой сягае ў завоблачную вышыню. У нас жа столь — нізенькая, і прабіць яе галавой амаль нерэальна, таму давядзецца згінацца.

Разгаварыліся на гэтую тэму з адным усім вядомым беларускім мастаком, які не сквапіцца на ўласны піяр — і заслужана яго мае. Некаторыя калегі яму зайздросцяць і думаюць, нібыта ён дакладна “ў шакаладзе”. Насамрэч усё выглядае зусім іначай: няхай ты хоць суперзорка, але тваю карціну — прычым далёка не апошнюю ў кантэксце ўласнай творчай практыкі — купяць за пяць тысяч долараў. На жыццё, вядома, хопіць, але... Па сусветных мерках, гэта цана для пачаткоўца.

— Даражэй “каштуюць” толькі несумненныя класікі старэйшага пакалення, асабліва тыя, каго ўжо няма з намі, — тлумачыць адзін абазнаны ў справе мастацтвазнаўца. — Часам цана на іхнія творы ўзнімаецца нават да трыццаці тысяч у.а., аднак у такім выпадку пакупнікі звычайна абяцаюць “падумаць”...

Трыццаць тысяч — гэта цана добрага легкавіка, якія тысячамі бегаюць па мінскіх вуліцах і ўважаюцца адным з галоўных маркераў прыналежнасці да upper middle class — сярэдняга класа.

Яшчэ больш красамоўна апісаную вышэй тэндэнцыю ілюструе попыт на тыя артэфакты, цана якіх складаецца амаль выключна з дабавачнай вартасці, бо сабекошт — зусім мізэрны. Ёсць краіны, дзе прадаюцца нават такія эфемерныя ў наш век рэчы, як творы відэаарта і дакументацыя перформансу, прычым цэны ў некаторых выпадках дасягаюць соцень тысяч долараў. У нас жа пакуль нават мастацкае фота не з’яўляецца таварам. Як адзначыў пад час “круглага стала” куратар галерэі “Nova” Уладзімір Парфянок, айчынны спажывец сёння гатовы плаціць за такі артэфакт не больш, як за кошт адбітка — пару дзясяткаў тысяч рублёў.

Зрэшты, апрача “маральнай негатоўнасці” ды “нераскручанасці”, тут ёсць і яшчэ адна акалічнасць. Цалкам імаверна, што знакамітую пустэчу Іва Кляйна ў свой час куплялі не толькі з-за любові да мастацтва, але і менавіта для таго, каб потым... ізноў прадаць (у сэнсе, сертыфікат з подпісам легенды), але ўжо даражэй. У нас жа такі варыянт малаверагодны нават у прынцыпе: другасны рынак твораў мастацтва абсалютна не развіты. Адпаведна, звыклая для заходніх краін матывацыя — выгаднае ўкладанне сродкаў — на Беларусі амаль не працуе. Тым больш, і цэны не надта растуць.

Наўздагад па мінным полі

Пра ашаламляльную дынаміку казаць і праўда праблематычна. Не растуць ні суб’екты арт-рынку (ні якасна, ні колькасна: у Мінску гэта па-ранейшаму пара-тройка невялічкіх галерэй ды вялізны “шэры” спектр, слаба падуладны аналізу), ні пакупнік, ні папулярнасць беларускага мастацтва. Таму цалкам зразумела, што і кошты таксама засталіся прыкладна такія ж самыя, як і пару дзесяцігоддзяў таму — хіба з лёгкай папраўкай на індэкс спажывецкіх цэн.

Пад час “круглага стала” неаднаразова закраналіся і даўно ўжо актуальныя “аргпытанні”: кансалідацыя ўдзельнікаў працэсу, інфармацыйнае забеспячэнне, аналітыка... Па словах дырэктара Палаца мастацтва Аляксандра Зінкевіча, з апошняй — проста бяда:

— Паспрабуйце знайсці статыстычны аналіз на тэму таго, што ў нас прадаецца, каму прадаецца, якія тэндэнцыі на рынку, які рэйтынг мастакоў ды галерэй. На жаль, ніхто вам гэтага не патлумачыць нават і прыблізна. Адпаведна, чалавек, які вырашыў распачаць новую галерэю, не мае “дарожнай карты”, не разумее, куды яму ісці, якія тэмы развіваць... Даводзіцца рухацца навобмацкі па мінным полі. Дык хіба ж можна казаць пра развіццё рынку, калі мы не маем дакладнага ўсведамлення яго перспектыў?..

Па словах галерыстаў, моцна даецца ў знакі таксама і брак вычарпальнага банка даных саміх мастакоў. У Інтэрнэце можна адшукаць некалькі спроб яго стварэння, але... да вычарпальнасці ім вельмі далёка. І гэта зразумела: адужаць такі праект на чыстым энтузіязме, бадай, немагчыма, а пытанне, хто і якім чынам павінен стымуляваць гэтыя добрыя намеры, пакуль не мае адказу.

На думку Валянціны Іўчанка, такую функцыю, у ідэале, мог бы ўзяць на сябе Беларускі саюз мастакоў. Сёння яго сайт звышінфарматыўным не назавеш: прозвішчы ўсіх 1008 членаў саюза толькі пералічаны ў алфавітным парадку. Ні CV, ні кантактаў, ні спасылак на персанальныя старонкі (а ў Сеціве іх ужо нямала) там няма...

У сваю чаргу, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна перакананы, што і самі мастакі павінны ўкладваць сродкі ў развіццё арт-рынку — скажам, у тое ж інфармацыйнае забеспячэнне.

— Думаю, калі б толькі нязначны працэнт ад усіх прададзеных за апошнія гады твораў мастацтва пайшоў на стварэнне таго самага банка даных, праблема ўжо вырашылася б, — дадаў ён.

Зрэшты, Аляксандр Зінкевіч нешта ўсумніўся ў магчымасці такой спантаннай “цэхавай” самаарганізацыі мастакоў — ды, мабыць, не без падстаў. Да таго ж, сам БСМ ужо па вызначэнні з’яўляецца пэўнай прыступкай гэтай самаарганізацыі — з дэлегаваннем адпаведных паўнамоцтваў.

Што ж да росту амбіцый саміх галерэй — або, дакладней, яго адсутнасці... Па словах рэдкіх айчынных прадстаўнікоў гэтага бізнесу, ім увогуле не да амбіцый:

 — У 2001 годзе, калі мы толькі пачыналі, у нас былі грандыёзныя планы: наладзіць экспарт беларускага мастацтва за мяжу, рабіць вялікія праекты па яго папулярызацыі... — прыгадала мінулае супрацоўніца галерэі “Канцэпцыя” Лідзія Страх. — Цяпер ужо ніякіх амбітных праектаў няма і блізка: усе думкі толькі пра тое, як выжыць. Заплаціць арэнду, камунальныя выплаты, падаткі... І кожны месяц ты да канца не ўпэўнены, ці застанецца хоць якая капейчына на заробак...

Тэма прэферэнцый для арт-галерэй усплывала пад час “круглага стала” неаднаразова. На сёння дэ-юрэ кожная такая ўстанова з’яўляецца звычайным суб’ектам бізнесу і, адпаведна, плаціць па поўнай. З гэтай нагоды далёка не ўпершыню прыгадваўся і замежны досвед.

— Наша зямлячка пяць гадоў таму адкрыла ў Заграбе галерэю, — распавяла Таццяна Бембель. — Атрымала датацыю, на два гады яе вызвалілі ад падаткаў. У харвацкай сталіцы такіх галерэек — сотні, бо ўлады лічаць, што кожная з іх — магніт для турыстаў. Мяркую, на Беларусі таксама павінна весціся гутарка пра сістэмную стратэгію, здатную прынесці не “хуткія грошы”, але доўгатэрміновы эфект...

Досыць цікавую прапанову агучыла прадстаўнік “Канцэпцыі” Таццяна Лявонцьева: чаму б не стварыць для арт-галерэй, прынамсі, ільготныя расцэнкі на рэкламу? Бо іначай старонні чалавек — як замежнік, так і наш суайчыннік — мае ўсе шансы так ніколі і не даведацца пра існаванне падобных устаноў.

Ва ўмовах нявызначанасці

Лішне нават казаць, што ўцямнага адказу на спрадвечнае пытанне “Што рабіць?” “круглы стол” не даў. У цяперашніх варунках такі адназначны адказ, пэўна, і немагчымы. Могуць быць хіба нейкія лакальныя ды канкрэтныя крокі — скажам, у рэчышчы стварэння спрыяльных умоў для галерэйнага бізнесу. Ну і праўда: няўжо муніцыпальны бюджэт шмат страціць, калі пара-тройка мінскіх галерэй будзе плаціць за арэнду па нейкім паніжаным каэфіцыенце? Вядома, апошняе можа датычыцца толькі тых устаноў, якія падтрымліваюць мастацтва незалежнай і суверэннай Рэспублікі Беларусь. Даруйце, але гэта не марны пафас. Проста, уладальнікі адной з тутэйшых галерэй думаюць, відаць, што жывуць у нейкай “Беларуссии”. Прынамсі, так было пазначана ў флаерах, якія раздавалі прысутным на “круглым стале”...

Напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі тэма пазіцыянавання краіны праз культуру набыла асаблівую важнасць, вось і “на круглым стале” яе не абмінулі. Гутарылі і пра тэорыю, і пра практыку — балазе ў гэтым рэчышчы ўжо з’яўляюцца канкрэтныя задумы. Валянціна Іўчанка пазнаёміла з праектам скульптара Францішкі Брыгадзінай, якая прапанавала пераўтварыць у вулічную галерэю ладны кавалак набярэжнай Свіслачы ды падахвоціць маладых скульптараў аздобіць яго з дапамогай недарагіх матэрыялаў.

Урэшце, для “шлюбнага агенцтва” важныя тыя якасці “нявесты”, якія могуць прывабіць “жаніха”. Таму натуральна, што пра патэнцыйныя брэнды беларускага мастацтва гаварылася і пад час дыскусіі. На думку Таццяны Бембель, адным з акцэнтаў можа быць творчае асэнсаванне альбо эксплуатацыя савецкай культурнай спадчыны — балазе гэты напрамак ужо спарадзіў нямала цікавых ды запатрабаваных праектаў. А Валянціна Іўчанка лічыць падобным брэндам уласна беларускую акадэмічную школу, сфарміраваную ў паваенныя дзесяцігоддзі.

— Мы апыталі сто замежных турыстаў і прадстаўнікоў дыпмісіі, якія наведалі Нацыянальны мастацкі музей, — распавядае яна. — Як выявілася, большасць з іх прыйшлі туды, каб пазнаёміцца менавіта з беларускім мастацтвам. Ды прызналіся, што нават не падазравалі аб наяўнасці ў нас такой высокапрафесійнай школы. Хаця былі і заўвагі — скажам, наконт адлюстравання творчага працэсу апошніх дзесяцігоддзяў, бо экспазіцыя нібыта захрасла недзе ў 1980-х. Рэспандэнты задавалі пытанне: а дзе ж можна ўбачыць менавіта сучаснае беларускае мастацтва? На жаль, праблема яго рэпрэзентацыі ў Мінску па-ранейшаму актуальная...

З апошнім і сапраўды не паспрачаешся. Ды, як падаецца, найбольш верагодным кандыдатам у культурныя брэнды на сёння ўсё ж з’яўляецца менавіта беларуская акадэмічная школа. Па-першае — нацыянальная. Па-другое  — акадэмічная, у лепшым сэнсе слова. Маецца на ўвазе тая грунтоўнасць падыходу да справы нашых мастакоў, якой у гэтым плыткім ды павярхоўным свеце можна толькі пазайздросціць ды павучыцца. Па-трэцяе — ну так, менавіта школа. У тым сэнсе, што ў наяўнасці — не асобны творца, але цэлая вялікая з’ява, якая садзіночвае мноства цікавых персон ды працягвае развівацца. Па-чацвёртае — паўсячасная адкрытасць той самай школы для розных мастацкіх павеваў. Па-пятае — самае банальнае: мастацкая вартасць. Калі не ўважаць яе састарэлым паняццем ды не падмяняць здольнасцю казытаць публіцы нервы, кожны пагодзіцца з тым, што такая вартасць ёсць.

Так, гэта не зусім тое, што цяпер звычайна лічыцца contermporary art, гэта не зусім “у трэндзе”... Але не толькі богі абпальваюць гаршчкі — на Палессі, у Гарадной, гэта таксама ўмеюць рабіць пад кіраўніцтвам легендарнай Алімпіяды Леанавец. З брэндамі ўсё тое ж самае: іх трэба ствараць, пазіцыянаваць, ну а потым, магчыма, і прадаваць. А, пачынаць з пэўнага стартавага капіталу: гаворка ўсё ж — пра бізнес.

Пару гадоў таму выпадкова давялося пабываць на вернісажы Алеся Квяткоўскага ў Заслаўі. Шчыра кажучы, з творчасцю гэтага мастака быў мала знаёмы, і таму зведаў прыемнае адкрыццё: як тонка ён умее выяўляць беларускія архетыпы з дапамогай мовы абстрактнага мастацтва! Як арганічна гэтая касмапалітычная мова ў ягоных руках становіцца нашай, беларускай!..

Але гаворка пра іншае: апрача мастака, ягонай жонкі, супрацоўнікаў музея, прадстаўнікоў прэсы (паводле тутэйшай завядзёнкі, іх можна было лічыць нават не па пальцах, а, скажам, па вушах) ды яшчэ “спецыяльна запрошаных” шкаляроў, на вернісаж не прыйшоў ніхто!..

Зрабіў для сябе выснову: такія выстаўкі трэба наведваць не толькі выпадкова. Можа, гэта і будзе нейкі канкрэтны сціплы ўнёсак у развіццё арт-рынку.

Фота Інстытута культуры Беларусі