Хор — у шмат прыступак

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва
Узорны хор “Звонкія галасы” Наваполацкай сярэдняй школы № 3 добра вядомы не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі, бо неаднаразова станавіўся пераможцам найпрэстыжных міжнародных конкурсаў ды фестываляў. А ў родным горадзе ён і ўвогуле сапраўдны кумір публікі ўсіх узростаў! І тое, што спяваюць у ім прыгожыя дзяўчаты, зусім не паказчык. Галоўнае — як спяваюць і што. Арганізатар і нязменны кіраўнік хору, намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Альберт КАЖУШКЕВІЧ звяртае на гэта асаблівую ўвагу:

/i/content/pi/cult/467/9890/12-4.jpg

— Эстэтычна і маральна нашы вучні куды вышэй за сваіх аднагодкаў, не звязаных з мастацтвам і, у прыватнасці, з хорам. Бо праз заняткі ў нашым калектыве адбываецца не толькі спасціжэнне сусветнай культуры, але і ўласна выхаванне чалавека. Прыходзяць спяваць нават тыя нашы выхаванцы, хто ўжо закончыў школу, здараецца — і ў час дэкрэтнага адпачынку. Значыць, вабіць: мы ж нікога не прымушаем...

— Але некалькі гадоў таму школы з харавым ухілам, якіх яшчэ зусім нядаўна было шмат, зніклі — засталіся толькі звычайныя, хіба з факультатыўнымі музычнымі заняткамі. Што дапамагае вам захоўваць традыцыі? Бо ваш калектыў з’явіўся яшчэ ў 1972 годзе...

— Так, у нас харавыя спевы таксама фармальна лічацца факультатывам. Але стаўленне да гурткоў бывае паблажлівым: маўляў, гэта проста баўленне часу. А ў нас — сур’ёзныя заняткі: дзеці ўмеюць і партытуры чытаць, і ў стылях разбіраюцца, не кажучы ўжо пра якасць выканання, бо маюць і распрацаванае дыханне, і пастаўлены вакал. Каб усё гэта здзейсніць, праводзім вялікую тлумачальную працу і сярод вучняў, і сярод іхніх бацькоў, даводзім, як добра ўсё гэта адбіваецца на развіцці асобы. Ды яны і самі, зрэшты, бачаць, што ва ўдзельнікаў хору не тое што вочы — твары свецяцца! Нейкай асаблівай адухоўленасцю, высокім стаўленнем не толькі да мастацтва, але і, шырэй, да жыцця...

Шмат залежыць і ад мясцовых улад. Мэр горада Наталля Качанава, яе намеснік па сацыяльных пытаннях Вячаслаў Дурноў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама Алег Буевіч, дырэктар нашай школы Уладзімір Клыга — усе яны добра разумеюць карысць такога калектыву, як наш. І дапамагаюць усімі магчымымі спосабамі. Атрымліваем мы і абласную падтрымку. Аляксандр Косінец не толькі на пасадзе губернатара Віцебшчыны, але і раней, на пасадзе намесніка Прэм’ер-міністра, дапамагаў нам вырашаць складаныя пытанні...

— Цяжкасці, наколькі я разумею, — не толькі фінансавыя. Кожны школьны калектыў перажывае пастаянную “цякучку кадраў”: старэйшыя — сыходзяць, а на іх месца прыходзяць пачаткоўцы, якія пакуль нічога не ўмеюць...

— У межах хору мы наладзілі шматпрыступкавую адукацыю. У малодшых класах існуюць вучэбныя хары, іх лепшыя ўдзельнікі складаюць маленькі канцэртны хор, які становіцца вынікам навучання ў першым — чацвёртым класах. Далей — хор старэйшых класаў і, нарэшце, чацвёртая ступень — маладзёжны хор, дзе акрамя старшакласнікаў ёсць выпускнікі. Так што ўсяго ў нашай школе — ажно 12 хароў.

— Хлопчыкаў, я заўважыла, няма. Не ідуць ці прынцыпова не бераце?

— Да пятага класа — ёсць. А потым — радзей. Бо як пачынае “ламацца” голас, усе яны звычайна сыходзяць у інструментальныя жанры. Праўда, кіраўнік духавога аркестра, створанага пятнаццаць гадоў таму, зараз перабраўся ў сталіцу, так што шукаем новага: каб не толькі ведаў справу, але і быў цікавай творчай асобай. Ёсць у нас і вакальныя ансамблі, і інструментальныя: гітарны, струнны, “Мазаіка”. Жыццё віруе! Дый сучасныя беларускія творцы нас не абмінаюць. Уладзімір Гаркуша прысвяціў нам цэлы зборнік, назваўшы яго гэтак жа, як і наш калектыў, — “Звонкія галасы”. У снежні ў Сафійскім саборы мы зладзілі творчы вечар гэтага кампазітара, выканаўшы таксама некалькі ягоных прэм’ер. Увогуле ж, рэпертуар у нас — папраўдзе неабсяжны і вельмі разнастайны. З нацыянальнай класікі тая ж “Балада пра маці” Івана Кузняцова надзвычай актуальна ўспрымалася і ў Амерыцы, дзе заняла першае месца сярод сучасных кампазіцый, і ў Вялікабрытаніі, Чэхіі. Праз наш калектыў беларусы ўспрымаюцца ў свеце як нацыя высокаэстэтычная, адукаваная, добра выхаваная. Асабліва калі мы перамагаем калектывы тых еўрапейскіх краін, якія здаўна лічыліся “спеўнымі”...

— Узнагарода, пэўна, абавязвае і надалей не зніжаць планку?

— Да гэтага абавязвае ўжо само творчае сумленне. Бо мяжы дасканаласці няма. Але і сапраўды, мы атрымліваем асалоду не толькі ўласна ад спеваў, але і ад таго, што ўслаўляем родную краіну. І — уваходзім у рэйтынгі лепшых хароў свету!..

Фота Ігара СУПРАНЁНКА прадастаўлена калектывам

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"