"Як ён малюе — ніяк не разумею... Чарадзей!"

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Іван Пахітонаў: “Каштоўнасць маіх карцін застанецца нязменнай”
...Такім чынам, першая сустрэча мастака з Беларуссю адбылася, мабыць, у сувязі з тым, што на Міншчыне даўно ўжо жылі родзічы ягонай былой жонкі, якія да мастака ставіліся з павагай, нягледзячы на яго сямейныя перыпетыі. Тым больш, Пахітонаў даўно жыў з малодшай сястрой Мацільды — Яўгеніяй. А яшчэ мастак ведаў, што ягоны сябра Ілья Рэпін амаль дзесяць гадоў таму купіў у мястэчку Здраўнёва, што за 16 вёрст ад Віцебска, невялічкі маёнтак, і быў вельмі задаволены: “...Край — цёплы, народ — разнастайны: ёсць беларусы (пануючае племя), палякі, літва і яўрэі!..” (з ліста да Валянціна Сярова).

/i/content/pi/cult/466/9885/15-1.jpg

Іван Рэпін. "Партрэт Пахітонава".

/i/content/pi/cult/466/9885/15-2.jpg

І.Пахітонаў. "Вясновы дзень".

/i/content/pi/cult/466/9885/15-3.jpg

І.Пахітонаў. "Жніво".

/i/content/pi/cult/466/9885/15-4.jpg

І.Пахітонаў. "Збор бульбы".

Магчыма, Пахітонаў ведаў расповеды і іншага сябра — Канстанціна Савіцкага, які раней, пачынаючы з 1875-га, больш за чатыры гады жыў і працаваў у Дзінабургу (Дзвінску) Віцебскай губерні, дзе напісаў свае лепшыя творы: “...Я ў якасці пустэльніка знаходжуся ў адным з дзівосных глухіх куткоў Айчыны нашай — Дзінабургу” (з ліста да Васіля Максімава). Пра Савіцкага і яго прабыванне ў Беларусі — асобная гісторыя, бо гэта быў сапраўды таленавіты чалавек, дарэчы, той самы, які напісаў мядзведзяў у знакамітым палатне І.Шышкіна “Ранак у сасновым лесе”. Пахітонаў мог ведаць і пра лёс карэннага масквіча Мікалая Неўрава, які пражыў астатак жыцця ў сваім беларускім маёнтку Лыскаўшчына на Магілёўшчыне…

Дык вось, так ці інакш, Пахітонаў, які набыў напрыканцы 1901-га маёнтак у беларускай вёсцы Жабаўшчына Мінскага павета Мінскай губерні, асталяваўся ў ім на пяць гадоў, хоць і потым неаднойчы наведваўся сюды непасрэдна з-за мяжы (Бельгіі ці Францыі) незадоўга да Першай сусветнай вайны. Побач размяшчаліся вёскі Жукаўка, Шаршуны, Мацкі, Касачы, на ўсход ад Жабаўшчыны — Лагойск, на захад — Радашковічы, а далей, на паўднёвы захад, — заслаўская зямля. Зараз вёска Жабаўшчына знаходзіцца на мяжы Мінскага раёна з Лагойскім з цэнтрам у аграгарадку “Юзуфава”.

Канешне ж, мастак час ад часу выязджаў з вёскі па розных творчых справах на кароткі тэрмін у расійскія і ўкраінскія гарады. У 1905 годзе ён наведаў і Ясную Паляну, дзе яго ласкава прыняў Леў Талстой. Перад яго прыездам хатні ўрач пісьменніка Д.П. Макавецкі зрабіў запіс у дзённіку, у якім занатаваў размову Льва Мікалаевіча з сынам Ільёй: “Ведаеш, Ільюша, хто Пахітонаў? Яго ў нас не ведаюць. Тургенеў расказваў мне пра яго гады дваццаць чатыры таму, бо ягоныя карціны здзівілі Парыж, і хтосьці набыў усё. Самародны мастак!” Можна дапусціць, што ў час сустрэчы мастака з пісьменнікам гаворка ішла і пра жыццё-быццё Пахітонава ў беларускім маёнтку ў райскай вёсцы Жабаўшчына.

Але ў Жабаўшчыне Пахітонаў не ўпадаў у абломаўскі “летаргічны сон”. З раніцы і да вечара з маленькім мальбертам ён блукаў па наваколлі, маляваў прыроду, знаёміўся з вяскоўцамі, заходзіў у іхнія хаткі, слухаў цікавыя былі-небыліцы старых і народныя песні жанчын-беларусак. Пры кожным зручным выпадку запрагаў тройку коней, збіраў багаж з карцінамі і — на Мінск. І цягніком імчаў ці ў Маскву, ці ў Адэсу, ці ў Харкаў ды Екацярынаслаў, каб паўдзельнічаць, напрыклад, у вернісажах Таварыства перасоўных выставак або ў выстаўках Таварыства паўднёварускіх мастакоў, арганізаваных ягоным сябрам Афанасіем Размарыцыным.

На жаль, гэтага мастака сёння мала хто ведае. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ёсць адна ягоная карціна “Ля ніжняга земскага суда”, якую Алена Аладава ў 1957 г. набыла ў прыватнага маскоўскага калекцыянера М.Сакалова. Выхаванец Дзюсельдорфскай акадэміі мастацтваў, Размарыцын пісаў жанравыя палотны, і ў гэтым дасягнуў вялікіх поспехаў. Сярод яго кампазіцый найбольш значныя — “Паніхіда”, “За картачнай гульнёй” і “Адстаўны салдат”. Ён памёр у 1917-м і быў пахаваны на Першых (старых) могілках Адэсы. Але ў 1934-м могілкі былі закрыты і хутка бязлітасна знішчаны разам з магіламі ды храмам “У імя Усіх Святых”. А на тым месцы, па савецкай традыцыі, узнік парк культуры і адпачынку…

Дык вось, пра Першую выстаўку Таварыства паўднёварускіх мастакоў, на якой экспанаваліся творы Пахітонава, журналіст-пачатковец Карней Чукоўскі ўспамінае: “...Калі вы жадаеце асвяжыцца і адпачыць, звярніцеся да мініяцюр спадара Пахітонава. Лепшага і знайсці нельга. Якія элегантныя, якія яны паэтычныя, які лёгкі, нібы паветра, майстэрскі пэндзаль слаўнага мастака!.. Хіба можна перадаць увесь незямны, нечалавечы спакой гэтага празрыстага паветра, зачаравання аксамітнага кустоўя, цёплага млявага святла, якое літаральна плынню льецца на вас з усіх бакоў, супакойваючы позірк сваёй перламутравай мернай сіняватасцю… Тая пяшчотная жамчужная ціхамірнасць каларыту, якую прапаведаваў Джон Расэл, дасталася толькі яму аднаму з усіх сучасных мастакоў...”.

…Пасля ад’езду мастака з Жабаўшчыны ў Бельгію ў 1906-м Пахітонаў не пераставаў клапаціцца пра тое, якімі творамі яго мастацтва будзе прадстаўлена ў Расіі, у прыватнасці, у Траццякоўскай галерэі. У лісце ад 18 сакавіка 1906 г. да Ільі Астравухава, у той час папячыцеля і старшыні Савета Траццякоўкі, ён пісаў, што ў калекцыі галерэі “няма ніводнай рускай рэчы”, г. зн. няма ніводнай работы, напісанай ім у Расіі, Беларусі і Маларосіі, і прапаноўваў для набыцця некалькі сваіх “айчынных” карцін. У тым жа лісце імкнуўся растлумачыць прычыны, якія прымусілі яго нечакана для ўсіх з’ехаць за мяжу.

Жыццёвыя абставіны доўгі час заставаліся загадкай не толькі для сяброў-мастакоў, але і для яго родных. Так, унук Пахітонава І.Б. Маркевіч, аўтар артыкула для каталога персанальнай выстаўкі дзеда ў Траццякоўцы ў 1963-м, шкадаваў: “Мне не ўдалося высветліць, якія прычыны прымусілі Івана Паўлавіча ў 1906 годзе зноў пакінуць Расію, нягледзячы на пашану, якой яго тут абкружалі”.

Карацей кажучы, Пахітонаў быў быццам бы ўблытаны ў нейкую судовую справу па “завяшчанні нябожчыка Б.”. Па выкліку ўрадніка мастак з Жабаўшчыны з’явіўся “ў заштатны горад суседняй Віленскай губерні” на гутарку, але нікога з членаў суда там не было. Заспеў толькі, як піша Пахітонаў, нецвярозых ніжніх судовых чыноў, якія былі “не ў курсе”. На другі дзень мастак ізноў прыехаў, але — тое ж самае. Праўда, атрымаў запіску ад акалодачнага, дзе гаварылася, што, маўляў, суддзя — хворы, і трэба пачакаць тры-чатыры месяцы. Пахітонаў пайшоў тады да юрыста, дзе сустрэў знаёмага памешчыка, і выказаў сваё здзіўленне такімі абставінамі, на што памешчык зарагатаў: “Ах ён падлюка, гэты суддзя! Мы ж з ім учора прап’янствавалі ўвесь дзень!..” Мастак яшчэ доўга чакаў запрашэння на суд, але так і не дачакаўся. Потым плюнуў на ўсё і з’ехаў у "премилую страну" — Бельгію.

Толькі ў 1913 годзе Пахітонаў прыехаў з бельгійскага Жупіля, што пад Льежам, у Пецярбург. Тут яго заспела вайна. Але і тады ён умудраўся наведваць Жабаўшчыну ці прыязджаць на кароткі тэрмін на радзіму. У 1917-м ён — ужо на Кубані, дзе ў Екацярынадары пражыў два гады. Хацеў назаўсёды вярнуцца ў Жабаўшчыну, ужо склаў багаж і карціны, але жорсткая грамадзянская вайна прымусіла яго зноў бегчы ў Бельгію. Самае дзіўнае, што апошняя работа мастака, напісаная ў Расіі, у Гарачым Ключы пад Екацярынадарам, адлюстроўвае франтальны партрэт нейкага чырвонаармейца Івана ў поўны рост. Аказваецца, паводле сямейнага падання, гэты чалавек выратаваў Пахітонаву жыццё!..

Апошняя персанальная выстаўка мастака адбылася за год да яго смерці — у 1922-м у горадзе Льежы. Апошнім часам творчасць самабытнага мастака зноў прыцягнула ўвагу сучасных знаўцаў мастацтва, паколькі ягоныя творы сталі купляць па вельмі высокіх цэнах на еўрапейскіх аўкцыёнах. Чым выкліканы такі нечаканы попыт? На гэтае пытанне адказаў вядомы эксперт у галіне жывапісу і творчасці Пахітонава Аліўе Бертран. Ён сказаў, што карціны перадзвіжнікаў у еўрапейскіх краінах сталі лепш пазнаваць, бо пра іх шмат пішуць ды гавораць: “Я займаюся работамі Пахітонава ўжо шмат гадоў. Гэта дзівосны мастак… Сапраўдны майстра дэталізацыі”. Яго палотны, на думку эксперта, увайшлі ў залаты фонд сусветнага жывапісу.

Сёння творы мастака выраслі на камерцыйных рынках у кошце ў дзясяткі і нават у сотні разоў, у параўнанні, скажам, з 90-мі гадамі ХХ ст. Такія факты. Хаця, сказаць па праўдзе, сучасны рынак мастацкіх твораў становіцца ўсё больш камерцыйным і ўсё менш уяўляе рэальную каштоўнасць карцін. У большасці выпадкаў плацяць адно толькі за гучныя імёны мастакоў, а не за тое, што адлюстравана на іхніх палотнах…

Скончыць свой артыкул хацелася б словамі з ліста таго ж Ільі Яфімавіча Рэпіна да Івана Пахітонава (1896 г.): “...Я заўсёды захапляўся Вашымі цудоўнымі тварэннямі, яны навечна застануцца на скрыжалях нашага мастацтва. Мне здаецца, у іх ясна выказваецца Ваша чыстая, добрая душа...”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"