Калі ў тэксце сталічнай даследчыцы распавядалася пра канкрэтны перыяд кантактаў Якуба Коласа з Магілёўшчынай, дык аўтар другога матэрыялу зрабіў акцэнт на 1908 годзе, калі будучы народны паэт Беларусі жыў і працаваў у вёсцы Сані Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер — Талачынскі раён Віцебшчыны), што і сталася першым “кантактам” яго з Магілёўскай зямлёй.
На жаль, публікацыя водгуку не абышлася без прыкрых недарэчнасцей. Рэдакцыйны падзагаловак “І ўсё ж першая сустрэча Якуба Коласа з Магілёўшчынай — у 1908-м” не з’яўляецца ў поўнай меры карэктным. Справа ў тым, што артыкул супрацоўніка Коласаўскага музея і сапраўды апавядаў пра факты 1925 года, але ніяк не ўказваў на тое, што гэтая дата з’яўляецца першым наведаннем класікам Прыдняпроўскага краю. Таццяна Макаранка апісала канкрэтны перыяд з біяграфіі Коласа. Тым больш, у прадастаўленай ёй афіцыйнай эксплікацыі выстаўкі “Зямля — аснова ўсёй Айчыне” (з нагоды яе і быў напісаны першы артыкул) акурат і пазначана: “Упершыню паэт наведаў Магілёўшчыну ў 1908 годзе”.
Адпаведна, некарэктнымі па названай вышэй прычыне (адсутнасці сцвярджэння аб першым візіце Якуба Коласа на Магілёўшчыну ў 1925 годзе) праз рэдакцыйны недагляд стала фармулёўка наступных сказаў у тэксце самога водгуку: “Аўтар сведчыць пра гістарычную і творчую сувязь пісьменніка з гэтым рэгіёнам пачынаючы ад 1925 года. Лічу справядлівым паведаміць чытачам газеты, што першая сустрэча Якуба Коласа з Магілёўшчынай адбылася яшчэ ў 1908 годзе пад час яго працы настаўнікам у адной з тамтэйшых прыватных школ, а дакладней — у вёсцы Сані Сенненскага павета Магілёўскай губерні”.
Безумоўна, рэдакцыі газеты прыемна, што нашы шаноўныя чытачы, у прыватнасці — прафесіяналы-бібліятэкары, дзякуючы сваёй грунтоўнай адукаванасці з’яўляюцца настолькі пільнымі да дэталей з біяграфій нашых славутых землякоў. Тым не менш, вымушаны канстатаваць заяўленую вышэй некарэктнасць у адносінах да асобных момантаў падачы водгуку.
Шаноўная Таццяна Леанідаўна Макаранка, паважаны калектыў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, паважаная Ірына Аляксандраўна Труханёнак — шчыра перапрашаем!