Звычайны сялянскі Бог…

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

“Адкрыццё вокнаў” з Веткі і Чачэрска
У Малой зале Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — выстаўка “Бог сялянскі, хрысціянскі. Бабіцкая ікона”. Гэта вынік сумесных намаганняў Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава і Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея.

/i/content/pi/cult/466/9883/14-4.jpg

 

 

Уваскрэсенне Хрыстова і Абраз трохчасткавы: Цуд Георгія аб змеі, Мікалай Цудатворац, Архангел Міхаіл.

/i/content/pi/cult/466/9883/14-6.jpg /i/content/pi/cult/466/9883/14-5.jpg

Свяціцель Мітрафан і Святая Параскева. Святы Мікола Цудатворац.

У вёсцы Бабічы, што на Чачэршчыне, яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя жылі і радавалі вяскоўцаў творчасцю апошнія майстры вядомай іканапіснай традыцыі Уладзімір і Гаўрыіл Гераковы. Прадстаўлена 38 абразоў бабіцкай школы з фондаў абодвух музеяў. Іконы XVIII — XX стагоддзяў паходзяць з вёсак Бабічы, Покаць, Нісімкавічы, Валосавічы (Чачэршчына), Навілаўка, Фёдараўка (Веткаўшчына)… Многія з абразоў адрэстаўраваны веткаўскімі музейшчыкамі.

На пэўных іконах бабіцкіх “багамазаў” Ісус Хрыстос мае звычайнае сялянскае аблічча. Ён — блізкі людзям. Невыпадкова перад адкрыццём выстаўкі дырэктар веткаўскага музея Галіна Нячаева пераказала мне аповед, запісаны ад бабкі Таццяны з вёскі Покаць. Чакалі Бога ў адным сяле. Кожны хацеў, каб Бог да яго зайшоў. Прыбраліся ўсе чыста. А тут заходзіць чалавек у хату, пераначаваць просіцца. А яму кажуць: “Не, даражэнькі, мы Бога чакаем”. Не пусцілі. А той і быў Богам — звычайны мужык з кійком…

Ікона — як акно ва ўнутраны свет чалавека. Так, у кожнага ён свой. Але “акно” на покуці ззяе адзінай для ўсіх Верай. Рэстаўрацыйныя захады веткаўскіх спецыялістаў Галіна Нячаева называе “адкрыццём вокнаў”. Вельмі дакладна. Праз счарнелы лак выпраменьвае хрысціянскі ўсеагульны цуд, асветлены асабістай усхваляванасцю мастака.

Вучні бабіцкай іканапіснай школы былі ўзнёслымі практыкамі, чытай — мужыкамі, што ўмелі не толькі вырасціць жыта, але і захапіцца яго магутнай бязмежнай прыгажосцю пад час выспявання. Яны беззапаветна верылі ў заступніцтва святых, надаючы кожнаму абразу канрэтную “гаючую” функцыю: бласлаўленне маладых, пазбаўленне ад хвароб, абярэг свойскай жывёлы і пчол… Ці ведалі-ўсведамлялі мастакі, што ў іхніх творах прысутнічаюць па-сялянску пераўсвядомленыя заходнія ўплывы (рэнесанс ды барока) на трывалым падмурку земляробчай архаікі? Напэўна, не ведалі і не ўсведамлялі, бо былі не сумнымі тэарэтыкамі, а неўтаймоўнымі творцамі свайго, сялянскага, Адраджэння, якіх ушаноўвалі з-за гэтага ці не па ўсёй Гомельшчыне. А яны перадавалі з пакалення ў пакаленне іканапісную рэнесансную традыцыю, якая і фарміравала адметны беларускі стыль.

Наведайце выстаўку “Бог сялянскі, хрысціянскі…”, якая будзе працаваць, як мяркуецца, да 27 лютага. Паглядзіце праз гэтыя абразы на сябе — і няхай вашы дзверы будуць заўжды адчынены для Бога, такога звычайнага і такога недасяжнага...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"