Ірына БЕЛЯКОВА: “У пошуках аптымальнай мадэлі развіцця”

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

У рэспубліканскі эксперымент па распрацоўцы новай мадэлі функцыянавання культурнай сферы ў сучасных умовах Горацкі раён уключыўся яшчэ на пачатку 2005 года.

 /i/content/pi/cult/146/988/Belyakova.jpg

Работа аддзела будавалася ў адпаведнасці з праграмай, зацверджанай калегіяй упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, і з планам мерапрыемстваў па аптымізацыі функцыянавання і развіцця комплексных форм абслугоўвання насельніцтва, зацверджаным раённым выканаўчым камітэтам.
За прайшоўшы час у гэтым кірунку прыняты шэраг важных рашэнняў, у выніку якіх у раёне пачалі функцыянаваць установы культуры новага тыпу: УК “Аўтаклуб”, дзіцячая вакальна-харавая школа, дзіцячыя школы мастацтваў і народных рамёстваў, Копцеўскі сельскі цэнтр культуры і адпачынку, Паршынскі цэнтр культуры, Нікулінскі дом народнай творчасці.
Для захавання і развіцця традыцыйнай культуры на базе Дома народнай творчасці адкрыўся філіял раённага Дома рамёстваў. Упор тут зроблены на саломкапляценне і ткацтва.
Узнавіў работу філіял Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея ў пасёлку Леніна. Значна пашырыў межы дзейнасці Ленінскі музей савецка-польскай баявой садружнасці. Гэтаму садзейнічала заключэнне дамоў аб супрацоўніцтве паміж нашым раёнам і гарадамі Гарволін, Груец, Казеніцы Мазавецкага ваяводства, Ломжа — Беластоцкага ваяводства.
Для больш шырокага выкарыстання гісторыка-культурных каштоўнасцей у пазнаваўчых, адукацыйных і прапагандысцкіх мэтах на базе Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея ў снежні мінулага года пачаў працаваць філіял кафедры гісторыі і культуралогіі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
Пасля адкрыцця ў карціннай галерэі пастаянна дзеючай выстаўкі Фёдара Кісялёва, члена Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь (аўтар падарыў гораду цудоўную калекцыю сваіх жывапісных работ), адкрыліся новыя магчымасці ў арганізацыі экскурсійнай дзейнасці.
Паколькі новыя ўстановы патрабуюць і новых падыходаў да кіраўніцтва дзейнасцю, было прынята рашэнне аб стварэнні пры аддзеле культуры раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра. Асноўная задача яго — забеспячэнне комплекснага кіраўніцтва культурна-творчай дзейнасцю ўстаноў раёна, незалежна ад іх ведамаснай прыналежнасці.
Аднак самыя значныя пераўтварэнні адбыліся ў сістэме адукацыйных устаноў культуры — як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. На пачатак 2005 года ў раёне функцыянавалі дзве дзіцячыя школы — мастацтваў і мастацкіх рамёстваў. Досвед паспяховай дзейнасці першай у рэспубліцы дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў пацвердзіў важнасць і перспектыўнасць стварэння адукацыйных устаноў падобнага тыпу, неабходнасць развіцця сеткі школьных філіялаў у вёсках.
Дарэчы, нашай школе рамёстваў — 12 гадоў. Навучанне дзяцей пачынаецца з 5-гадовага ўзросту.Апраўдала сябе практыка адкрыцця падрыхтоўчых аддзяленняў на базе дзіцячых садкоў. Навучанне вядзецца па 10-ці спецыяльнасцях: саломкапляценне, лозапляценне, вышыўка, кераміка і ганчарства, роспіс, разьба па дрэве, апрацоўка скуры, ручное ткацтва, выцінанка, роспіс па тканіне. Для рэалізацыі вырабаў навучэнцаў пры школе адкрыты салон-магазін, ёсць адпаведная ліцэнзія. Традыцыйным стаў удзел у Міжнародным дзіцячым пленэры ў Балгарыі. Школа мае 10 стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Працуюць студыя выяўленчай творчасці “Мастыхін”, студыя па кераміцы і народная дзіцячая студыя мастацкай творчасці “Чарадзейка”. Штогод, сумесна з Цэнтрам занятасці, ладзіцца летняя праца навучэнцаў. Яны маюць магчымасць зарабіць грошы, выкарыстаўшы на практыцы веды і ўменні, атрыманыя на занятках. У сярэднім заробак вучня складае дзве-тры базавыя велічыні (у залежнасці ад адпрацаванага часу). Для арганізацыі гэтай работы ў школе рамёстваў штогод выдаткоўваецца тры мільёны рублёў...
У рамках мерапрыемстваў па аптымізацыі мастацкага выхавання і Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005 — 2010 гг. у аграгарадках шляхам зліцця філіялаў школы мастацтваў і школы рамёстваў былі адкрыты тры дзіцячыя школы мастацтваў і мастацкіх рамёстваў — Копцеўская, Ленінская, Даброўская. Гэтыя ўстановы будуць будаваць дзейнасць па двух навучальных планах, маюць свае філіялы.
Для больш мэтанакіраванага і паглыбленага развіцця дзіцячых вакальна-харавых здольнасцей было прынята рашэнне аб адкрыцці з 1 верасня 2005 года дзіцячай вакальна-харавой школы. На сённяшні дзень у ёй 86 навучэнцаў. Тут дзейнічаюць канцэртны хор старэйшых класаў “Канцілена”, малодшых — “Гармонія”, эстрадная студыя “Ліра”, ансамблі “Натхненне”, “До-мі-солька”, “Зорачкі”, “Званочак”, “Бім-бом”, танцавальная група.
Дзіцячая вакальна-харавая школа — базавая ўстанова раённай дзіцячай філармоніі. У лістападзе мінулага года ў школе была арганізавана работа абласной секцыі харавога дырыжыравання. У школьнай скарбонцы — 26 дыпломаў, у тым ліку два лаўрэацкія дыпломы ІІІ ступені міжнародных фестываляў-конкурсаў “Усмешка свету” (горад Адзінцова) і “Крыніцы” (Санкт-Пецярбург), а таксама Гран-пры XIV Міжнароднага фестывалю-конкурсу таленавітых дзяцей свету “Маленькі прынц” (Кішынёў), якімі ўзнагароджана 8-гадовая Аліна Бялясава — дыпламантка спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ў 2007 годзе.
Сумесна з упраўленнем культуры аблвыканкама, абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы цяпер прапрацоўваецца пытанне адкрыцця на базе вакальна-харавой школы філіяла абласной філармоніі.
У Горацкім раёне сёння функцыянуюць 6 адукацыйных устаноў культуры з 14 філіяламі на сяле. У іх навучаецца 1091 чалавек (кожны пяты вучань горада і раёна атрымлівае тут дадатковую мастацкую адукацыю).
Летась 5 навучэнцаў сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Свае пазіцыі летась замацаваў ІІ рэгіянальны фестываль дзіцячай творчасці “Славянскі карагод”, галоўная мэта якога — выявіць юныя таленты і дапамагчы ім больш поўна раскрыцца. У фестывалі бралі ўдзел дзіцячыя калектывы з Масквы, Мінска, Паставаў, Манастыршчыны са Смаленшчыны і польскага горада Гарволіна.
Пачатковае звяно адукацыі ў сферы культуры і мастацтва, несумненна, з’яўляецца падмуркам культуры, і ад таго, якіх выпускнікоў сёння падрыхтуе школа, залежыць трываласць гэтага падмурка і ўсёй сістэмы культуры ў цэлым. Таму неабходна працягваць пачатую работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы школ.
Было б справядліва накіроўваць частку сродкаў, якія паступаюць за навучанне дзяцей, на развіццё адукацыйных устаноў культуры.
Для больш эфектыўнага выкарыстання бюджэтных укладанняў, для стварэння аптымальных і спрыяльных умоў для развіцця ўсіх відаў творчасці работу па аптымізацыі функцыянавання культурнай сферы ў нашым раёне працягваем і сёлета. У планах — адкрыццё гарадскога Цэнтра культуры і адпачынку, рамесніцкіх майстэрняў пры дзіцячай школе мастацкіх рамёстваў, рамонт і ўвод у эксплуатацыю аб’ектаў культуры ў аграгарадках 2008 года (на базе аднаго з іх будзе адкрыта ўстанова новага тыпу — сельскі Цэнтр культуры і адпачынку ў вёсцы Рэкта), перадача на баланс аддзела культуры былога будынка РАУС — помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя, дзе пасля капрамонту і рэканструкцыі размесціцца гісторыка-этнаграфічны музей.
Актыўнае рэфармаванне ў сферы культуры, распрацоўка і ўкараненне новых праектаў сталі магчымымі ў выніку рэалізацыі мерапрыемстваў, запланаваных у рамках Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005 — 2010 гады. 

Ірына БЕЛЯКОВА,
начальнік аддзела культуры
Горацкага райвыканкама