І прызыўнік, і вайсковец

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва
Адным з лаўрэатаў Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь стаў народны вакальны ансамбль “Памяць сэрца”, які больш за тры дзесяцігоддзі прадстаўляе нашу краіну на міжнародных фестывалях і конкурсах. За гэты час калектыў удзельнічаў у некалькіх тысячах канцэртаў — як у гарадах нашай краіны, так і ў Маскве, Туле, Смаленску, Кіеве, Харкаве. З 1997-га мастацкім кіраўніком і хормайстрам ансамбля “Памяць сэрца” з’яўляецца Галіна МАЦЯС, якая распавядае чытачам “К” гісторыю калектыву і пра яго перспектывы.

/i/content/pi/cult/466/9878/12-1.jpg

— Калектыў быў створаны яшчэ ў 1983 годзе па ініцыятыве заслужанага дзеяча культуры БССР Яўгена Гардзея. Галоўная ідэя яго стварэння — дапамагчы спевакам, якія пайшлі на заслужаны адпачынак, але мараць спяваць далей, рэалізоўваць свае творчыя амбіцыі. Таму ў нас калектыў амаль цалкам складаецца з прафесійных выканаўцаў. Многія спявалі ў Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле імя Р.Шырмы, Нацыянальным акадэмічным хоры імя Г.Цітовіча, хоры Беларускага радыё. Большасць мае кансерваторскую адукацыю. Толькі два чалавекі з нашага калектыву не ведаюць нот, але пры гэтым цудоўна адчуваюць музыку, маюць выдатны голас. Што вельмі важна: як правіла, людзі сталага ўзросту цудоўна разумеюць жыццё, а таму ў ваенныя, патрыятычныя песні яны ўкладваюць усю душу...

— Наколькі разнастайны ваш рэпертуар?

— Зараз мы актыўна супрацоўнічаем з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Пятром Севасцьянавым, які піша музыку для нашага ансамбля, а таксама з паэтам-песеннікам Мікалаем Паляковым. Але, вядома ж, наш рэпертуар складаецца з творчасці далёка не аднаго аўтара. Больш за тое, пераканана, што пасляваенная класіка — невычэрпны залаты фонд. На гэтай творчасці можа выхоўвацца і сучасная моладзь.

— У сувязі са святкаваннем 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ансамбля, відаць, запланаваны шматлікія мерапрыемствы?

— Безумоўна! Плануем падрыхтаваць асобную ваенна-патрыятычную праграму на беларускай мове. Магчыма, будзем выкарыстоўваць не толькі аўтарскую, але і народную музыку. У рамках святкавання Дня Перамогі жадаем правесці шэраг мерапрыемстваў, на якіх выступім з канцэртамі. Нашымі традыцыйнымі пляцоўкамі стануць Цэнтральны, Кастрычніцкі і Партызанскі раёны Мінска. Акрамя таго, актыўна супрацоўнічаем з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, ваенкаматам Партызанскага раёна — выступаем для моладзі, педагагічнага складу. Спадзяюся, сёлета таксама будзем удзельнікамі ўрачыстага канцэрта ў Палацы Рэспублікі. І, вядома ж, запрашаем на канцэрты аматараў патрыятычнай песні да сябе  — у Рэспубліканскі палац культуры ветэранаў!

— Ці плануецца выпуск кампакт-дыскаў з запісамі ансамбля?

— Пытанне для нас вельмі актуальнае. Наш калектыў мае патрэбу ў больш пашыранай папулярызацыі і рэкламе. У недалёкай перспектыве нам неабходна зрабіць добры запіс на радыё, які можна будзе выкарыстоўваць у выданні кампакт-дыска.

— Канцэрты ансамбля чакаюцца ў Мінску. А ці плануеце гастролі па Беларусі?

— На жаль, не ўсё ад нас залежыць. Раней мы былі частымі гасцямі не толькі ў гарадах нашай краіны, але і ў Расіі, ва Украіне. Сапраўды, было б цудоўна з нашай праграмай наведаць ваенныя часткі рэспублікі. Тым больш, наш асноўны слухач — і прызыўнік, і вайсковец. А галоўная мэта — захаванне культурных традыцый беларускага народа...

Фота Юрыя ІВАНОВА