І тчэцца, і спяваецца...

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

На Маларытчыне пабывала дэлегацыя аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага райвыканкама. Спецыялісты наведаліся, каб не толькі паглядзець на вынікі працы, але і пераняць вопыт арганізацыі работы ва ўстановах культуры раёна.

/i/content/pi/cult/466/9877/11-1.jpg

Андрэй Гарбацэвіч, начальнік адпаведнага аддзела Маларыцкага райвыканкама, распавёў пра дзейнасць падраздзялення, пазнаёміў з функцыянаваннем метадычнага цэнтра ГДК, Цэнтралізаванай клубнай сістэмы, бухгалтэрыі… Затым у Раённым цэнтры народнай творчасці за “круглым сталом” падрабязна абмяркоўвалася развіццё традыцыйнай культуры ў Брэсцкім і Маларыцкім раёнах. З сістэмай работы на Маларытчыне пазнаёміла дырэктар РЦНТ Валянціна Струнец.

Семінар прадоўжыў работу ў Дарапеевіцкім СДК. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі — начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Сяргей Панасюк прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці класа ткацтва ў мясцовай школе творчасці. Ён зазначыў:

— Для гэтага ў СДК у верасні 2013-га было выдзелена памяшканне. Праца над яго афармленнем вялася больш за чатыры месяцы. Атрымаўся вялікі пакой у стылі вясковай хаты.

Тут можна пазнаёміцца з пяццю жаночымі дарапеевіцкімі строямі, паглядзець на тканыя посцілкі, рэчы, якімі раней карысталіся ў паўсядзённым побыце мясцовыя жыхары. Гурток ткацтва дзейнічаў і раней. Заняткі з вучнямі з верасня праводзіла Валянціна Гатоўчыц, дачка Сцепаніды Сцепанюк — вядомай мясцовай умеліцы. Сама ж Сцепаніда Аляксееўна выступае ў якасці і настаўніка, і майстра.

— Клас ткацтва школы творчасці ў Дарапеевічах — гэта два ў адным, — кажа Андрэй Гарбацэвіч. — На яго базе цяпер працуюць ўжо два класы: фальклорны і ткацтва. Першым кіруе Анатолій Дзямянка. Галоўная ж мэта — адраджэнне і папулярызацыя народнага рамяства. Раней жа так і было: адначасова прадзецца, тчэцца, спяваецца...

Мікалай НАВУМЧЫК

На здымках: у час адкрыцця класа ткацтва ў Дарапеевіцкай школе творчасці.

Фота аўтара