Мастак пра мастака

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Рэжысёр, артыст, паэт, мастак Алег Вінярскі цягам трох месяцаў чытаў аповесць Ірвінга Стоўна "Прага жыцця" пра мастака Ван Гога ля мікрафона канала “Культура” Беларускага радыё. Яна амаль цалкам адпавядае фактам жыцця творцы. А выйшла ў свет кніга праз 43 гады пасля смерці мастака і заснавана на фактах, выкладзеных у трохтомным выданні яго ліставання за пятнаццаць гадоў да малодшага брата Тэа.

Расповед мастака пра мастака, па маім цвёрдым перакананні, можна смела далучыць да залатога фонду радыё. Высокі прафесіяналізм дазволіў вядомаму дыктару стварыць голасам галерэю яркіх вобразаў. Так, менавіта голасам. У Алега Вінярскага — багатая галасавая палітра, уменне суперажываць і дакладна расстаўляць акцэнты пад час узаемадзеяння персанажаў.

Здаецца, што душа артыста і мастака былі сугучныя, калі ў сцэне бальніцы з эпілептыкамі, куды трапіў Ван Гог, давялося выслухаць на працягу двух тыдняў бесперапыннае сабачае выццё з вуснаў хворага старога!.. Мяркую, Алег Вінярскі, напружаны загадкавымі пакутамі Ван Гога, не раз змахваў слязу. Пераканана, што і ў слухачоў душы пакутавалі таксама. Перадачы суправаджала музыка Сен-Санса, Дэбюсі, Франка, дакладна падабраная Алегам Вінярскім і рэжысёрам Рэнатай Патака.

Таццяна ІГНАТОВІЧ

Мінск