Аптымізацыя? Не. Рэканструкцыя!

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Музейны рэбрэндынг як дадатковы піяр, але... прывязаны да фінансавання
І апошняя частка нашай аўтавандроўкі. Апрача Паставаў, гаворку пра культурныя брэнды якіх распачалі яшчэ ў папярэднім артыкуле, далейшымі прыпыначнымі пунктамі на маршруце сталі ўстановы культуры Мядзельскага і Вілейскага раёнаў. Забягаючы наперад, зазначым, што найбольш важкай для газетнага аналізу з’явай нам падалося развіццё музейнай справы ў Паставах і Вілейцы. Дзве вельмі розныя па сэнсавай скіраванасці ўстановы здолелі выкарыстаць усе магчымыя рэзервы для таго, каб якасна пашырыць маштабы музейнага ўплыву. Інакш кажучы, гаворка пра тое, як можна “ўзбуйніць” наяўны брэнд і прымусіць яго працаваць з падвойнай, так бы мовіць, аддачай. Але не будзем парушаць храналогію паездкі.

/i/content/pi/cult/466/9874/10-1.jpg

Экспанаты будучага вілейскага Музея Першай сусветнай, прадстаўленыя на ХХІ ММКВК.

/i/content/pi/cult/466/9874/10-2.jpg

Палац Тызенгаўзаў у Паставах.
/i/content/pi/cult/466/9874/10-3.jpg
Зачыненая ўстанова культуры ў Талуці.

/i/content/pi/cult/466/9874/10-4.jpg
Дырэктар вілейскага музея Сяргей Ганчар.
/i/content/pi/cult/466/9874/10-5.jpg

Наш гід па скляпеннях палаца Тызенгаузаў — навуковы супрацоўнік мясцовага музея Вадзім Шышко.

/i/content/pi/cult/466/9874/10-6.jpg

Кіраўнік гуртка Лацвянскага дома майстра Марына Клімовіч.

/i/content/pi/cult/466/9874/10-7.jpg

Установа культуры вёскі Вузла.

/i/content/pi/cult/466/9874/10-9.jpg

Дырэктар Лацвянскага дома майстра Ірына Шпак.

/i/content/pi/cult/466/9874/10-8.jpg

Кот-маркетолаг з Лотвы.

Не заблукаць бы ў скляпеннях

Пра Палац Тызенгаўзаў у Паставах пісалі не раз. А вось пра тое, што ягоныя калісьці таямнічыя скляпенні якасна рэканструяваны і стануць неўзабаве філіялам мясцовага музея, пісаць даводзіцца ці не ўпершыню. Прыемна. І з той прычыны, што мясцовыя ўлады робяць усё для таго, каб пашырыць магчымасці наяўных брэндаў, і з-за таго, што скляпенні тыя — сапраўды ўнікальныя, а іхняя рэканструкцыя — адна з перамог мясцовых работнікаў культуры.

Даецца тая перамога, думаецца, не так лёгка: не паспелі зайсці ў музейныя скляпенні, як аб’ектыў фотакамеры імгненна запацеў, адрэагаваўшы такім чынам на неверагодны ўзровень вільготнасці.

Што і казаць, скляпенні, паводле задумы старадаўняга архітэктара, мелі зусім іншае функцыянальнае прызначэнне. Ды і даецца ў знакі свежая тынкоўка сцен, якая сама па сабе павінна цягам пэўнага часу высахнуць, а да таго ж, закрывае сабой натуральную вентыляцыю старой кладкі сцен. Невыпадкова ў асобных залах ужо з’явілася цвіль... І калі пакінуць у такіх умовах музейныя артэфакты, праз два месяцы ад іх нічога не застанецца...

Згодны з праблемай і навуковы супрацоўнік музея, а “па сумяшчальніцтве” і наш гід па палацавых скляпеннях, Вадзім Шышко, які заверыў, што кандыцыянеры, уманціраваныя ці не ў кожнай зале, будуць настроены на адпаведны рэжым, а таму музейным прадметам, якія неўзабаве размесцяцца ў экспазіцыйных залах, нічога не будзе пагражаць.

Да слова, 200 тысяч еўра, выдаткаваных з сумеснага з Еўрасаюзам праекта, каштавала ўласна рэканструкцыя скляпенняў і музеефікацыя толькі дзвюх залаў. У адной з іх размесціцца таксідэрмічная майстэрня Канстанціна Тызенгаўза, у другой перад наведвальнікамі разгорнецца гісторыя славутага роду.

Вадзім Шышко адзначыў, што ўсё начынне для гэтых залаў (у тым ліку ўнікальныя арыгінальныя экспанаты, набытыя на аўкцыёнах!) ужо падрыхтавана і чакае размяшчэння згодна з дызайн-праектам, створаным спецыялістам з Полацка Ігарам Кажалавым.

Нельга не сказаць, што канцэпцыя экспазіцыйных залаў створана супрацоўнікамі мясцовага краязнаўчага музея. Цікавы факт: музейшчыкі вырашылі пакінуць асобныя кавалкі незатынкаванай сцяны ў адной з залаў, дзе захаваліся надпісы на цэгле часоў Тызенгаўзаў. А вось майстры, як гэта часта бывае, не ўлічылі пажаданні і пакінулі для прыкладу старадаўняй кладкі зусім іншыя фрагменты сцяны...

Калі ж доўжыць пералік будучых музейных пакояў, то ў трэцяй зале будзе адлюстравана гісторыя славутай афіцэрскай кавалерыйскай школы, а калі больш дакладна — “Парфоснага палявання”, пра якое колісь падрабязна пісала “К”. Акрамя таго, тры пакоі ў скляпеннях будуць прысвечаны Першай сусветнай вайне: як-ніяк, а ў Паставах тры гады стаяў фронт... Падрыхтавана асобнае месца і для вялікай канферэнц-залы, дзе, апрача іншага, можна рэалізоўваць часовыя выставачныя праекты. У далёкіх перспектывах — перанос бальніцы ў новае памяшканне і пераўтварэнне палаца ў вялікі культурны цэнтр.

Пагаворым і пра хлеб надзённы. З продажу білетаў музей, відавочна, шмат не заробіць. Як жа “выманіць” у турыста грошы? Дзякуючы кавярні “У Антонія”, размешчанай таксама ў скляпеннях палаца. Так, але што яшчэ? Па словах Вадзіма Шышкова, прапрацоўваецца магчымасць дадатковай паслугі: выкарыстанне аўдыягідаў. У канцэпцыю музея ўпісаны і тыя ж інфармацыйныя кіёскі. На парадку дня — і пытанне з тэатралізацыяй. Зразумела, адразу ўсё не зробіш. Іншая справа, што разам з напаўненнем музея апошняму патрэбна і яркая рэклама, актыўная праца з турфірмамі. Пра якое прыцягненне турыстаў можна казаць, калі ўстанова не мае паўнавартаснага сайта? Пытанне — адкрытае, і зноў-такі, прывязанае да фінансавання. Магчыма, варта пашукаць валанцёраў, тых жа студэнтаў-праграмістаў, зацікаўленых у захаванні роднай культуры?..

І толькі дзякуючы энтузіязму Вадзіма Шышко пастаўскі музей прадстаўлены ў сацыяльных сетках, дзе і можна даведацца пра актуальныя навіны з жыцця ўстановы.

Музейныя заняткі таксама можна праводзіць у палацы Тызенгаўзаў. Але гэтае пытанне ўпіраецца ў наяўнасць адпаведных штатных адзінак. Адным словам, на гэта няма людзей, таму, відаць, будуць уводзіцца новыя штатныя адзінкі.

З пазітыву — у Літве ўжо надрукаваны буклеты на чатырох мовах па маршруце. А неўзабаве ў палацы кожны ахвотны можа сфатаграфавацца з Антоніем і Канстанцінам Тызенгаўзамі — няхай сабе і візуалізаванымі ў кардоне.

Сацыяльная старонка клубнага ката

Абедалі за Мядзелам. Вельмі ўжо згаладаліся пасля доўгай вандроўкі па пастаўскіх скляпеннях. Дый прывабіла назва прыдарожнай кавярні — “Беларуская хата”. Шчыра кажучы, пункты грамадскага харчавання з такой ідэнтыфікацыяй сустракаюцца на нашых дарогах не так ужо і часта. Знешняму выгляду кавярні цалкам адпавядае і яе “этнічны” інтэр’ер. І стравы ў меню — нацыянальныя. А вось персанал нас (адзіных на той момант наведвальнікаў) сустрэў халаднавата. Няўжо з-за нашай беларускай мовы? Напэўна, не. Проста, Год гасціннасці не паспеў на той час наступіць.

Рушым па Мядзельшчыне ў бок вёскі Лотва. Не надта вялікае паселішча. На галоўным пляцы, дзе сельсавет, крама, знаходзім і ўстанову культуры. Называецца яна незвычайна: “Дом майстра”. Глядзім на шыльду з раскладам працы — няўдача: зараз тут — абедзенны перапынак. Торгаем дзверы — адчынена! Даволі рэдкі, шчыра кажучы, выпадак, калі пад час абеду работнікі культуры застаюцца на працы.

Сітуацыю патлумачыла дырэктар Дома майстра Ірына Шпак: ішла аўральная падрыхтоўка да навагодніх святаў, таму і не да абедаў. А чаму колішні клуб пераўтварыўся знянацку ў Дом майстра? І тут усё вельмі проста: у вёсцы — дзве сотні насельнікаў, у асноўным пенсіянеры, таму дыскатэкі не ладзяцца, дый састарэлая падлога, якая памятае танцы некалькіх пакаленняў, сённяшніх скокаў проста не вытрымае… Вось і стаў клуб Домам майстра. Балазе і яго дырэктар, і кіраўнік дзіцячага гуртка Марына Клімовіч маюць залатыя рукі. І сведчаннем таму — не толькі мясцовыя рамёствы, якімі яны валодаюць, але і два музейныя пакоі, што месцяцца ў будынку былога сельсавета. А экспанаты сюды нясуць з усёй акругі. Ёсць тут паясы, вышыўка, створаная за польскім часам, унікальная маляванка, шматлікія сувеніры, што прывабліваюць сюды самых розных вандроўнікаў... Нават іранцы аднойчы завіталі. А ў другім пакойчыку сабраны не менш цікавыя прылады працы і мясцовых промыслаў. Пабачылі мы тут упершыню і старадаўнія восці, якімі мясцовыя рыбакі здабывалі рыбу з рэчкі Лотва...

Спачатку не паверылі, але майстрыхі нас упарта пераконвалі, што дзеля рэкламы сваёй творчасці выкарыстоўваюць яны самыя прасунутыя інфармацыйныя рэсурсы. А калі казаць канкрэтней, за рэкламу ў адной з сацыяльных сетак адказвае ў іх кот, што мае ў тых сетках персанальную старонку. Вусаты-паласаты “маркетолаг” спаў на дыванку ў адным з пакояў установы, прачынацца і даваць інтэрв’ю намераў не меў. А шкада. Мы распавялі б яму, што па краіне ёсць у яго калегі. Да прыкладу, кот Ціхан у Чашніцкім РДР доўгія гады загадвае аддзелам па наладжванні кансэнсусу з мышамі…

(Не) лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Лацвянскі Дом майстра… Чым не прыклад таго, што аптымізацыі сельскіх устаноў культуры можна супрацьпаставіць іншым разам тое, што ў фармаце большай набліжанасці да рэалій жыцця ўстанова можа — і павінна — працягваць жыццё? У Доме майстра пад Новы год сабралася ці не ўся вёска. І не толькі на ранішнік для дзяцей. Умельцаў у Лотве шмат, а дзе ім збірацца, каб і чаю папіць, і майстэрствам абмяняцца? Дарэчы, устаноў культуры з такой назвай больш на Беларусі, падаецца, і не бачылі.

Шкада драўлянага палаца

А палове на трэцюю заехалі ў вёску Вузла. Абвестка за аконным шклом паведамляла, што кіраўніца паехала па справах у вёску Брусы. Шкада. Так мы і не даведаліся, які ж статус мае ўстанова культуры ў Вузле. На вонкавай шыльдзе напісана: “Сельская бібліятэка-клуб”. А шыльдачка за тым самым шкельцам сцвярджала: “Сельская бібліятэка-музей”. Чарговы вынік аптымізацыі-рэарганізацыі? З гэтым пытаннем без адказу рушылі за межы Мядзельшчыны.

Чарговы пункт прыпынку — вёска Талуць, што ў Вілейскім раёне. Шукаем установу культуры. Не знаходзім. І раптам — збоч дарогі, што разразае вёску ўздоўж, літаральна ў вочы кідаецца драўляная будыніна адмысловай архітэктуры. Нібы казачны палац, недарэчна ўціснуты ў шараговую вясковую забудову. Што за дзівосы?! Заходзім у краму, але жанчына-прадавец — немясцовая і працуе тут лічаныя дні, таму пра статуснасць драўлянага дамка нічога пакуль не ведае. Але кабеты на аўтобусным прыпынку, стары дзядок з кійком у адным з завулкаў тлумачаць нам, што менавіта ў гэтым палацы быў калісьці клуб, зараз ён скасаваны, а будынак зачынены.

Агледзелі архітэктурны цуд. Кожная дэталь яго — прадуманая і дасканала падагнаная. Здавалася б, і няма ў драўляным наборы ніякіх яўных упрыгожанняў, але ўся разам геаметрыя будыніны выглядае настолькі зграбнай, што выклікае мімаволі выснову: так цяпер будаваць не ўмеюць… Зазірнулі ў шыбкі першага паверха: на падлозе — нейкія паперкі, якія нагадваюць бібліятэчныя каталожныя карткі. Дык што ж тут здарылася?

Сітуацыю тлумачыць кабета, якая папрасіла падвезці яе да Вілейкі. Ніна Талайка — колішні арганізатар мерапрыемстваў талуцкай установы культуры. Дык вось, ДК, а потым — Дом традыцыйнага мастацтва два гады як не працуе. Няма сэнсу, калі Талуць збольшага — вёска пенсіянерская. А будынак, як нам паведамілі вяскоўцы, знаходзіцца на балансе мясцовых улад, утрымліваць яго ў рабочым стане праблематычна. Няма пытанняў — аптымізацыя змушаная. Але вось парадокс: хто ні едзе па трасе праз паселішча — абавязкова спыняецца ля драўлянага палаца. “Усе цікавяцца лёсам дамка, — распавядае Ніна Талайка. — Тут бы сувеніры для турыстаў прадаваць…” Ды толькі якая рэнтабельнасць будзе ў крамы? Так што ў лёсе ўнікальнага збудавання — ніякай канкрэтыкі. Хутчэй за ўсё да культуры драўляны палац дачынення мець не будзе. А шкада...

(Не) лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Цягам аўтападарожжа даводзілася неаднаразова чуць нараканні на сістэму ліцэнзавання экскурсійнай дзейнасці. Пытанне і праўда актуальнае. З аднаго боку, ліцэнзаванне — справа патрэбная, бо адсякае масу дылетантаў, якія з-за лёгкай нажывы прыдумляюць ды па ўласным жаданні падмяняюць факты. З іншага — з-за складанай працэдуры ў пройгрышы застаюцца самастойныя турысты, якія і хацелі б замовіць на месцы экскурсію, ды не могуць знайсці “ліцэнзаванага” гіда. У відавочным “мінусе” — і мясцовыя работнікі сферы культуры, якія ў сваёй большасці цудоўна ведаюць да драбніц усе таямніцы малой радзімы, але не могуць вырвацца на курсы… Адпаведна, не атрымлівае свае дывідэнды і мясцовы бюджэт. Чаму б у такім выпадку не спрасціць працэдуру атрымання ліцэнзіі на правядзенне экскурсійнай дзейнасці ў сваёй мясцовасці тым жа музейшчыкам, бібліятэкарам, краязнаўцам?

Два музеі на райцэнтр? Чаму б і не!

У Вілейцы асноўным брэндам, як нам падалося, з’яўляецца не столькі мясцовы музей, колькі ягоны кіраўнік Сяргей Ганчар — малады, амбіцыйны, адукаваны і дасведчаны ва ўсіх мясцовых гісторыка-культурных цікавостках. Ён у горадзе — рухавік усіх спраў, звязаных з удасканаленнем музейнай справы і не толькі. Да слова, Вілейскі краязнаўчы музей — адна з нямногіх раённых устаноў-пераможцаў Першага Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”.

Як аказалася па прыездзе ў Вілейку, мясцовы музей са жніўня — на рамонце. А таму асноўныя мерапрыемствы адбываюцца ў Выставачнай зале. У ёй жа часова размясцілася сувенірная крама.

Відавочна, прыцягвае сюды турыстаў і шыкоўны сайт Вілейскага музея, які пастаянна змяшчае актуальныя навіны, працуе ўжо больш за год. Створаны, ён, між іншым, за сродкі гранта. Увогуле, па словах Сяргея Ганчара, музей шмат увагі надае грантавай дзейнасці. Так, на базе ўстановы створаны інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці, які, сярод іншага, аказвае падтрымку ўладальнікам аграсядзіб. Тыя, у сваю чаргу, з задавальненнем прывозяць сваіх гасцей у музей на разнастайныя прэзентацыі і выстаўкі.

Але самае цікавае — бліжэйшая будучыня ўстановы. Зараз ствараецца Музей Першай сусветнай вайны — філіял Краязнаўчага. Ужо прынята адпаведнае рашэнне райвыканкама, узгодненае з Мінскім аблвыканкамам. Як аказалася, папярэднічалі такому рашэнню гарачыя дыскусіі. Былі думкі нават цалкам рэарганізаваць Краязнаўчы музей. Але абурылася мясцовае насельніцтва, і асабліва ветэраны Вялікай Айчыннай. Па сутнасці, грамадства падзялілася на дзве роўныя часткі: прыхільнікі такой мадэрнізацыі і скептыкі. У выніку кампрамісу вырашылі захаваць і краязнаўчы профіль музея, з усёй інфраструктурай, у тым ліку выставачнай залай.

Такім чынам, будынак, дзе да апошняга часу размяшчалася пастаянная экспазіцыя, будзе перададзены пад Музей Першай сусветнай. Яго складнікам стане мемарыял у вёсцы Заброддзе, дзе захаваліся лазарэтныя могілкі, створана мемарыяльная каплічка. Гісторыя ж Вілейшчыны разгорнецца на плошчах выставачнай залы, павялічанай за кошт пераносу фондаў і кабінетаў супрацоўнікаў у высокія скляпенні пад ёй.

Па словах Сяргея Ганчара, ужо паступіла фінансаванне на 2014 год: 500 мільёнаў рублёў. Ствараецца цяпер і навуковая канцэпцыя Музея Першай сусветнай вайны. А паралельна прапрацоўваецца пытанне ўнясення лазарэтных могілак, рэштак бліндажоў ля Заброддзя ў Спіс матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. Трэба сказаць, што дапамагаць у рэалізацыі амбітнай задумы будуць калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў і мастак, стваральнік комплексу ў Заброддзі, Барыс Цітовіч, які ўжо некалькі дзясяткаў гадоў займаецца тэмай Імперыялістычнай вайны.

Адным словам, перспектывы вымалёўваюцца вялікія. Хочацца верыць, што наступным разам наш візіт супадзе з адкрыццём новага адметнага музея. Спадзяёмся, чакаць давядзецца не вельмі доўга...

Фінальнае адступленне

Леташні праект, распачаты ў чэрвені, мы рэалізавалі цягам чатырох аўтапаездак з невялічкімі перапынкамі ў часе. Высновы па выніках доўгатэрміновага ваяжу — досыць канкрэтныя: культура нашых рэгіёнаў жыве і здзіўляе. Здзіўляе, між іншым, па-рознаму, але ў большасці выпадкаў — крэатывам і нават самаахвярнасцю яе носьбітаў. У тым, што лепшы досвед бярэцца чытачамі пад увагу, мы ўпэўніліся адразу пасля першых публікацый. На памылках таксама вучацца. Так што, як мы пераканаліся, ёсць сэнс працягваць наш аўтапраект і сёлета. Так што бензін — наш, а ідэі — вашы. Да сустрэчы!..

 

Чытайце папярэднія матэрыялы з гэтага аўтатуру па Гродзеншчыне, Віцебшчыне і Міншчыне:

Усюдыісны музейны воўк. Ці ёсць варыянты?

Крэўскі друз — на сувеніры?

Ці застанецца Насця ў вёсцы?
Брэнд — "Каралеўскі"... сыр. А для душы?
Чытайце ранейшыя аўтападарожжы журналістаў "К":
Магілёўшчына і Гомельшчына;
Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына;

Віцебшчына, Магілёўшчына.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"