"Сем прыгажунь"

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Два погляды на балет Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета

/i/content/pi/cult/466/9873/89-7.jpg

Дыпламатыя мастацтвам

І вось — балет Кара Караева “Сем прыгажунь” на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Пры падтрымцы Міністэрства культуры і турызму і Азербайджанскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета.

Да балетнай спадчыны азербайджанскага кампазітара Кара Караева наш Тэатр оперы і балета звяртаецца не ўпершыню. У 1960 годзе на яго сцэне быў пастаўлены балет “Сцежкай грому” (балетмайстар-пастаноўшчык — Наталля Канюс).

У свой час расійскі балетазнаўца Юрый Сланінскі пісаў: “Кара Караеў — музыкант, надзелены дарам балетнага бачання і слухання, здольны праз танец прымножыць сваю ўладу над гледачом, ператвараючы яго адначасова ў слухача… Уся музыка прасякнута валявым, наступальным запалам, нервовы імпульсіўны рытм б’ецца не перарываючыся, падказваючы харэаграфічныя вобразы. Роўная здольнасць у стварэнні ў музыцы станаў любові і ўчынкаў, народжаных любоўю. Караеўская музыка ідзе непасрэдна ад сэрца да сэрца, выказваючы яго боль, трывогу, сумнеў, нянавісць, гнеў…”.

Дзмітрый Шастаковіч ва ўсіх пастаноўках балета “Сем прыгажунь” вышэй за ўсё ацэньваў музыку свайго вучня, якая ўражвае фрэскавым стылем аркестроўкі.

Гэты балет на беларускай сцэне ставіцца ўпершыню. Напісаны паводле матываў твораў Нізамі, ён і сёння звяртаецца да сэрцаў сучаснікаў. Тэатр абраў першую рэдакцыю балета, выключыўшы сацыяльна-палітычныя матывы, зрабіўшы акцэнт на філасофска-этычных праблемах. Мне спектакль бачыцца як філасофская драма пра сталенне душы. Невыпадкова аўтар лібрэта, харэаграфіі і пастаноўкі — расійскі харэограф Юрый Пузакоў — эпіграфам сюжэта спектакля абраў радкі з паэмы Нізамі: “Ведай, хто мала просіць, шмат той возьме, а жарсцяў сваіх нявольнік у галечу западзе”.

Шах Бахрам у выкананні Ягора Азаркевіча ўвасабляе характар сучаснага мужчыны, псіхалагічна інфантыльнага сузіральніка. Яго прыцягвае барацьба за ўладу, але ён не ведае, як змагацца за каханую, і здраджвае ёй, ахоплены сваімі ілюзіямі. Адданая Айша ў інтэрпрэтацыі Людмілы Хітровай, лірычная спачатку, перажыўшы драму здрады, выяўляе увасабленне гонару і пераможнай жаноцкасці, што не даруе здрадніцтва.

Апора і ахова гераіні, яе брат Мензер (артыст Такатошы Мачыяма) і Візір (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Канстанцін Кузняцоў) бачна і стрымана-страсна ўвасабляюць супрацьстаянне светлых і цёмных праяў чалавечай істоты. Радуюць, хоць і не заўсёды дакладна знойдзеныя, дэталі харэаграфічных характарыстык прыгажунь, якія прадстаўляюць розныя краіны (Наталля Рабцава, Аляксандра Чыжык, Яна Штангей, Ангеліна Згурская, Вікторыя Трэнкіна, Валерыя Грудзіна, Надзея Філіпава).

Усходняя арнаментальная пластыка, скульптурнасць поз, плаўнасць і медытатыўнасць харэаграфіі — новыя фарбы, якімі ўвесь час папаўняецца палітра і вядучых выканаўцаў, і кардэбалета. На жаль, я бачыла толькі адзін склад, але думаю, што і другі радуе гледачоў не менш.

На сцэне бліскаюць у асноўным маладыя салісты, за якімі візуальна адчувальна стаяць майстры — гонар нашага мастацтва: балетмайстры-рэпетытары — народныя артысты Людміла Бржазоўская, Таццяна Яршова, Ігар Артамонаў, заслужаныя — Таццяна Шэметавец, Аляксандр Мартынаў. Гэта азначае, што беларуская харэаграфічная школа жыве і развіваецца, а шлях ды стратэгія развіцця тэатра абраны верна.

Сонечны горны каларыт усходняй казкі ствараюць і жывапісныя паэтычныя дэкарацыі, у якіх пераважаюць колеры ўльтрамарына, вохры і золата, мастака-пастаноўшчыка Аляксандра Касцючэнкі. Захапляе майстэрства мастака па святле Ільдара Бедэрдынава.

Спектакль нагадаў мне ўражанні юнацтва: калі музычная драматургія выяўляецца непарыўнасцю развіцця, шырокім сімфанічным дыханнем і пры гэтым жанравай канкрэтнасцю танца; калі тэатральная і музычная культура братэрскіх рэспублік натуральна ўбіралася душой і ўзбагачала кожнага з нас. Балет “Сем прыгажунь” раскрывае ўсё багацце азербайджанскага мастацтва. Яго пастаноўка — новы важны этап у развіцці культурных сувязей паміж народамі Беларусі і Азербайджана. Гэта яшчэ адна перамога беларускага тэатральна-харэаграфічнага мастацтва, яшчэ адна вяршыня, скораная нашым Вялікім тэатрам оперы і балета.

Нэлі КРЫВАШЭЕВА

 

У пошуках восьмай прыгажуні

Напярэдадні прэм’еры балета “Сем прыгажунь” Кара Караева ў Вялікім тэатры саліст Антон Краўчанка, адказваючы на просьбу журналістаў анансаваць пастаноўку для прыцягнення публікі, сказаў прыблізна так: гэты спектакль — для жанчын, якія возьмуць з сабой мужчын.

Што ж, лібрэта, змешчанае на сайце і ў праграмцы, абяцае шмат цікавага. Крыху бянтэжыць хіба апісанне фіналу: маўляў, Шах Бахрам, страціўшы давер каханай, кідаецца са скалы, а ягоная абранніца ў адказ — разам з усім народам “з надзеяй углядаецца ў будучыню”. Чым не традыцыі савецкіх дзесяцігоддзяў, калі герой мог знайсці душэўны спакой і апору толькі ў яднанні з народам? Але, можа, гэта проста няўдалае літаратурнае афармленне? Бо ўсё багацце асацыятыўных сувязей, што звычайна выклікае харэаграфія, перадаць словамі немагчыма. Як аказалася, я сапраўды памылялася. Бо лібрэта, прынамсі, паўстала больш змястоўным і вычарпальным, чым уласна відовішча. Не прачытаўшы змест, я ніколі не зразумела б, што першыя скокі ды крокі мужчынскага кардэбалета — узяцце крэпасці, што ўбачыўшы прыгажунь, Шах баіцца “разбурыць палкай жарсцю крохкі свет прыгажосці”, што Мензер — пастух, і яго з’яўленне на сцэне — вяртанне з пашы, што Бахрам страчвае памяць, і г.д. Так, відовішча паслядоўна перадае сюжэт, але чамусьці з меншымі падрабязнасцямі.

Артысты, безумоўна, прыгожыя. Але тыя “эцюды”, што яны дэманструюць на сцэне, можна пабачыць на кожным уроку, з якога пачынаецца іх працоўны дзень: пасля практыкаванняў ля балетнага станка — пераход на цэнтр залы, дзе яны выконваюць сымправізаваныя педагогам-рэпецітарам “звязкі”-спалучэнні асобных рухаў, найбольш распаўсюджаных у класіцы. У спектаклі да гэтага набору дададзены асобныя элементы... рускага народнага танца і акрабатычныя дэталі. Няма ні асаблівай філасофіі, выкладзенай мовай пластыкі, ні абяцанай у лібрэта “ночы кахання” з “салодкай атрутай”.

А яшчэ міжволі ўзнікае параўнанне: нядаўняя прэм’ера “Вітаўта”, ажыццёўленая нашым Юрыем Траянам, — сапраўды ўражвае побач з гэтай пастаноўкай расійскага харэографа Юрыя Пузакова. Урэшце, і ранейшыя яго работы на нашай сцэне асаблівай рэвалюцыі не зрабілі. Хаця не, хлушу: з іх, на вялікі жаль, пачаўся паступовы пераход нашага балетнага тэатра да... драматычнага, прычым — у надзвычай спрэчным варыянце. Усё ў адпаведнасці з творчым крэда харэографа, якое ён публічна агучыў: ідэал балетнага спектакля — калі ён падобны пластыкай на драматычны. Дык мо наступным разам запрасіць тых нашых пастаноўшчыкаў, якія плённа працуюць у драмтэатры? І яшчэ. Чаму рэжысёр дазволіў сцэне доўгі час пуставаць, пакуль прыгажуні пераапранаюцца ў фурый. Мо ўсё ж варта было вымусіць іх па адной рушыць у закуліссе і, пасля змены касцюмаў, вяртацца ўпрыцемкі ўглыб сцэны, каб спраўдзіць эфект пераўтварэння?

Моцным бокам спектакля аказваецца беларускі складнік. Нягледзячы на парушаную драматургію партытуры, аркестр пад кіраўніцтвам Вячаслава Воліча дазваляе ў поўнай меры атрымаць асалоду ад музыкі і, асабліва, аркестроўкі азербайджанскага класіка. Пры ўсёй безаблічнасці харэаграфіі, артысты, асабліва Вольга Гайко, Ірына Яромкіна (Айша), Канстанцін Кузняцоў (Візір), Канстанцін Геронік (Мензер), імкнуцца хоць неяк індывідуалізаваць сваіх герояў, удыхнуць у іх жыццё. Але зразумець, дзе якая прыгажуня, можна толькі тады, калі ведаеш саміх артыстак і звяраеш прозвішчы з праграмкай. Вылучаецца хіба прыгажуня Славянская — не толькі блакітным касцюмам (мастак — Кацярына Булгакава), але і сваім целаскладам, тым, наколькі своеасабліва, з адметнай грацыяй ды мяккай, зачараванай пластычнасцю яна выконвае кожны рух нават у агульным карагодзе. Гэта Яна Штангей, якую многія ведаюць па ўдзеле ў танцавальным “Еўрабачанні”. Скончыўшы харэаграфічны каледж, яна працуе ў тэатры першы сезон, але заслугоўвае таго, каб на яе ставілі спектаклі — так, як у свой час харэаграфія “Стварэння свету” вынікала з індывідуальнасцей Людмілы Бржазоўскай і Юрыя Траяна.

Так што ці не галоўнай дзеючай асобай спектакля становіцца... суперзаслона, што імітуе габелен (мастак— Аляксандр Касцючэнка). Яшчэ ў час уверцюры яна пачынае “ажываць”, дзякуючы зменам асвятлення (мастак па святле — Ільдар Бедэрдзінаў)... Мо яна і ёсць восьмая прыгажуня?

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота са спектакля прадстаўлена тэатрам.