Тамара БАРОХА: “Жывая справа, скіраваная ў будучыню”

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

Вырашаючы задачы зберажэння традыцыйных мастацкіх промыслаў і перадачы традыцый народных рамёстваў, Віцебшчына першай у нашай краіне стала ствараць новыя тыпы ўстаноў культуры — дамы рамёстваў.

 /i/content/pi/cult/146/987/Baroha1.jpg

Гісторыю Лепельскага дома рамёстваў мы адлічваем з 1992 года. Падмуркам для стварэння ўстановы стаў раённы народны клуб майстроў “Скарбонка”. Абсягі задач, якія вырашае Дом рамёстваў на шляху вывучэння і развіцця народнай творчасці, увесь час пашыраюцца. Адштурхоўваліся ад экспедыцыйнай даследчыцкай працы ў раёне.
Напачатку вялася яна па трох накірунках, сёння ж маем такую работу ўжо па 17 відах традыцыйных народных рамёстваў: ткацтва, вышыўка, габелен, шматковае шыццё, выцінанка, саломкапляценне, ганчарства, выраб лялек у нацыянальных строях, галаўных убораў, нацыянальных касцюмаў, лозапляценне, пляценне паясоў і інш. Асаблівую ўвагу ўдзялялі і ўдзяляем ткацтву. З першых гадоў працы гэтаму віду рамяства ад народнага майстра па ткацтве навучалася моладзь. І ёсць вынік: за ткацкімі станкамі— а іх у Лепельскім доме рамёстваў пяць — сёння плённа працуюць маладыя ткачыхі. Станкі нашы набыты ў мясцовага насельніцтва і выраблены па сучасных тэхналогіях, зручныя для навучання рамяству. Адроджанае майстэрства ткацтва посцілак, ручнікоў, паясоў, ходнікаў жыхары раёна бачылі на святах-конкурсах “Матчыны кросны”. На Лепельшчыне адбылося першае абласное такое свята і штогод праходзяць раённыя.
Сабраны унікальны экспедыцыйны аналітычны матэрыял, экспанаты народнага дэкаратыўна-побытавага мастацтва. У нашым Доме рамёстваў звыш 350 такіх экспанатаў, больш за 100 карцін самадзейных мастакоў Лепельшчыны. Кожная майстэрня з’яўляецца своеасаблівай лабараторыяй па пэўным накірунку народнай творчасці: майстры не толькі навучаюць рамёствам, але і арганізуюць этнаграфічныя экспедыцыі.

 /i/content/pi/cult/146/987/Baroha2.jpg

Здымаюць фота- і відэаматэрыялы пра народных майстроў раёна і горада. Потым гэтыя матэрыялы апрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца ў навучанні. За гады існавання Дома рамёстваў назбіралася столькі цікавых звестак і экспанатаў, што наша ўстанова стала свайго роду этнаграфічным цэнтрам раёна. У нас заўсёды могуць атрымаць кваліфікаваную кансультацыю і настаўнікі пры падрыхтоўцы і правядзенні ўрокаў народнай культуры, і выхавацелі дзіцячых садкоў, і работнікі клубаў і бібліятэк пры падрыхтоўцы народных святаў на сяле.
На базе лепельскіх сярэдніх школ №1 і № 3 ужо некалькі гадоў запар для педагогаў і малодшых вучняў праводзім урокі па нацыянальнай культуры з майстар-класамі па лепцы з гліны, выцінанцы, саломкапляценні і вышыўцы. Такія ж заняткі ладзяцца ў дзіцячых садках № 1 і №4— гэтаксама для выхавацеляў і дзяцей.
За 15 гадоў у Доме рамёстваў займалася дэкаратыўна-прыкладным беларускім мастацтвам звыш 2 тысяч чалавек, большасць з іх — дзеці. Многія з тых, хто займаўся ў Лепельскім доме рамёстваў, сталі сапраўднымі майстрамі, паступілі на дэкаратыўна-прыкладныя аддзяленні ВНУ Мінска і Віцебска. Самае ж галоўнае — нам удалося зацікавіць, паказаць, што наша мэта — не проста “рэстаўрацыя” забытага рамяства, а — жывая справа, у якой ёсць і будучае, і рэальнае прымяненне ў побыце.
У 2007 годзе Лепельскі раённы дом рамёстваў дэманстраваў сваю выстаўку народнай творчасці падчас святкавання 850-годдзя Масквы, на свяце Мінска, на абласных выстаўках-конкурсах “Віцебскія дажынкі” і нацыянальных культур.
Са сваёй інфармацыяй на тэму “Нацыянальны касцюм у прасторы сучаснай культуры” спецыялісты Дома рамёстваў прымалі ўдзел у навукова-практычным семінары, арганізаваным Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускім дзяржаўным інстытутам праблем культуры, на абласным семінары спецыялістаў дамоў рамёстваў у Паставах.

 /i/content/pi/cult/146/987/Baroha3.jpg

Аб тым, што межы дзейнасці Лепельскага дома рамёстваў па адраджэнні народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўвесь час пашыраюцца, сведчыць хаця б такі факт: адкрыты яго філіялы ў аграгарадку “Старое Лядна” і вёсцы Стаі, Дом ткацтва ў Домжарыцах.
Падтрымка майстроў, прапаганда іх творчасці ажыццяўляецца праз работу мастацкага салона-крамы “Скарбонка”, адчыненага рашэннем Лепельскага райвыканкама ў 1996 годзе. Такія ж салоны-крамы ў нашай вобласці працуюць у Віцебску і Паставах. Вядома, з рэалізацыяй вырабаў майстроў шмат клопату. Аднак работнікі Дома рамёстваў выдатна разумеюць, што салон-магазін дае шырокія магчымасці не толькі для таго, каб ладзіць выставачную дзейнасць і праводзіць пасяджэнні клуба майстроў, але і для шырокай рэкламы дзейнасці самога Дома рамёстваў перад шматлікімі гасцямі нашага горада. Наведванне салона-магазіна і Дома рамёстваў уключана ў гарадскі турыстычны маршрут.
Тэма зберажэння і адраджэння народных традыцый уплывае і на асветніцкую, навукова-метадычную, камерцыйную дзейнасць. Менавіта камерцыйную функцыю Дома рамёстваў выконвае майстэрня-лабараторыя па вырабе народных касцюмаў. Работа гэтай майстэрні — асноўная крыніца пазабюджэтнай дзейнасці Лепельскага дома рамёстваў. Яе аб’ём у грашовым выражэнні ў 2007 годзе склаў 8,7 мільёна рублёў, у тым ліку 7,6 мільёна рублёў атрыманы за выраб касцюмаў для калектываў мастацкай самадзейнасці Полацкага і Расонскага раёнаў, для беларускіх дыяспар па заказе Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.
Аднак, на жаль, толькі 1,1 мільёна рублёў з гэтай сумы ўвайшло ў платныя паслугі. Хацелася б звярнуцца ў Міністэрства культуры з просьбай уключэння ў пералік платных паслуг па культуры выраб нацыянальных касцюмаў і інш. Па замовах арганізацый і ўстаноў, якія аплачваюць паслугі па безнаяўным разліку.
З мэтай паказу самабытнасці нашага народа ў Лепельскім доме рамёстваў створана калекцыя нацыянальных касцюмаў беларусаў розных сацыяльных груп, гістарычных перыядаў і рэгіёнаў.Фондавая калекцыя ўжо складае 47 касцюмаў, якія выраблены паводле матэрыялаў Лепельскага краязнаўчага музея і навуковых распрацовак слыннага этнографа Міхася Раманюка. Калекцыя беларускага нацыянальнага адзення Дома рамёстваў дэманстравалася на міжнародных і рэспубліканскіх фестывалях моды нацыянальнага адзення і адзначана спецыяльным прызам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь “За зберажэнне традыцый у нацыянальным касцюме”. Лепельскі дом рамёстваў — лаўрэат ІІ нацыянальнай выстаўкі народнай творчасці “Жывыя крыніцы”.
Яшчэ шмат што можна расказаць пра нашых таленавітых майстроў. У Лепельскім доме рамёстваў працуе зладжаны творчы калектыў, кожны майстар — асоба з шырокім кругаглядам, прадстаўляе не толькі свой гурток, майстэрню, але і цэлы пласт культуры. Пяць майстроў у раёне з’яўляюцца членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
І, канешне ж, хацелася б, каб праца работнікаў дамоў рамёстваў, гэтых сапраўдных энтузіястаў і выдатных, таленавітых людзей, годна ацэньвалася. Тады мы зможам зберагчы унікальныя кадры для нацыянальнай культуры. Але, на жаль, сярэдні заробак метадыста — майстра па рамёствах на 01.01.2008 года складае ўсяго 330 тысяч рублёў.
Дзякуючы сістэматычнай рабоце па развіцці народных промыслаў і рамёстваў, на Віцебшчыне ў кожным горадзе і раёне ёсць дамы рамёстваў, якія эфектыўна працуюць, ідзе актыўны працэс стварэння філіялаў на сяле. Стала традыцыяй праводзіць яркія, маштабныя кірмашы “Гарады майстроў”. Вопыт работы лепшых дамоў рамёстваў Віцебшчыны вывучаецца і шырока прапагандуецца не толькі на Віцебшчыне, але і за межамі Беларусі.
Запрашаем наведаць цудоўны свет гармоніі і прыгажосці ў Лепельскім доме рамёстваў! 

Тамара БАРОХА,
начальнік аддзела культуры
Лепельскага райвыканкама