Якім стане наш цырк і ці варта сцерагчыся праграм замежных канкурэнтаў?

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Нагодай для напісання гэтага матэрыялу стала нядаўняя прэс-канферэнцыя ў Беларускім дзяржаўным цырку, дзе аб свежай праграме і перспектывах развіцця ўстановы распавядалі, у прыватнасці, яе новыя дырэктар Уладзімір Шабан і мастацкі кіраўнік Вітаўтас Грыгалюнас. А каб выявіць агульнарэспубліканскую тэндэнцыю, мы звярнуліся па каментарый і да кіраўніка Гомельскага дзяржаўнага цырка. Такім чынам, якім жа быць цыркавому мастацтву ў ХХІ стагоддзі, што цікава гледачу і ці з'яўляюцца пагрозай для цыркаў на постсавецкай прасторы праекты кшталту "Cirque du Soleil" (прынамсі, білеты на прадстаўленні апошняга ўвосень былі раскуплены ці не ў першы тыдзень).

Якаў ЛАБОВІЧ, генеральны дырэктар, мастацкі кіраўнік Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Гомельскі дзяржаўны цырк”:

— Сучасны цырк мне бачыцца маляўнічым, яркім, прывабным, захапляльным для гледача. Увогуле, цыркавое мастацтва павінна выглядаць святам! Упэўнены, што той самы, “стары добры” цырк, трансфармуючыся ў сучаснае відовішча, будзе жыць заўжды. Прадстаўленне без жывёл, без клоўнаў, без складаных спартыўна-акрабатычных, гімнастычных нумароў, без эквілібрыстаў і сілавых жанглёраў — гэта, мне падаецца, не зусім цырк. Пры гэтым апошні, я ўпэўнены, павінен быць арыентаваны на гледача любога ўзросту. Я сачу за рэакцыяй гледачоў практычна на кожным прадстаўленні і ведаю: увагу рознаўзроставай аўдыторыі прыцягваюць усе нумары, калі яны выкананы на высокім прафесійным узроўні. Нельга недаацэньваць дзяцей, мяркуючы, што ім цікавыя толькі клоўны і нумары з жывёламі — гэта састарэлы погляд. Сёння маленькія гледачы “прасунутыя” значна больш, чым асобныя дарослыя. Яны выдатна прымаюць нумары спартыўна-акрабатычнага жанру або тыя ж атракцыёны з драпежнікамі, што разлічаны, здавалася б, на больш трывалую аўдыторыю. Дарослым жа падабаюцца і жарты клоўнаў, нумары з жывёламі, бо ў нашай рэчаіснасці, на жаль, не так шмат смешных, лёгкіх момантаў, якія дазваляюць расслабіцца.

Варта таксама дакладна разумець, што ёсць цырк іншага плана: скажам, як “Cirque du Soleil” — гэта “найвышэйшы пілатаж”, але разлічаны на пэўнае кола наведвальнікаў. А ёсць так званы цырк нашага дзяцінства, разлічаны на ўсіх. Калі спрабаваць праводзіць паралелі, то і ў расійскім цырку ёсць пастаноўкі “Кракатук” і “Аўрора” — нешта падобнае да нумароў вышэйзгаданага цырка. Я назваў бы такія прадстаўленні хутчэй тэатралізаванымі пастаноўкамі, а гэта — іншы кірунак, што таксама мае права на жыццё, але патрабуе вельмі сур’ёзных эканамічных выдаткаў пры абавязковай умове найвышэйшага майстэрства і прафесіяналізму.

Вядома, цырк у любым выпадку павінен вызначацца самым высокім майстэрствам у выкананні трукаў. Але трук у чыстым выглядзе — гэта яшчэ не прадстаўленне: з трукаў складваецца нумар, а нумар (прынамсі, сённяшнія тэндэнцыі такія) павінен валодаць нейкай драматургіяй, мусіць быць абрамлены мастацкім сюжэтам і перадаваць канкрэтнае бачанне. Недастаткова проста выйсці і зрабіць тую ж стойку на галаве — трэба абыграць гэта так, каб падача была артыстычнай, захапляльнай, каб цырк не толькі здзіўляў (а той жа “Cirque du Soleil” у асноўным здзіўляе), але яшчэ і даваў магчымасць адпачываючы атрымліваць асалоду ад убачанага...

Наяўнасць уласнага брэнда (а ён у свеце каштуе нямала) — своеасаблівы маркер, які сведчыць, што фірма прыйшла ў гэты бізнес не для таго, каб па-хуткаму “насекчы капусты”... Увогуле, я не раблю для ўсіх. А вось калі ты хочаш дагадзіць кожнаму, атрымліваецца нешта ўсярэдненае і нікому не патрэбнае...

 

Вітаўтас ГРЫГАЛЮНАС, мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага цырка, рэжысёр:

— Я задаволены, што ў маім лёсе адбыўся такі зігзаг, і сёння я працую ў цырку. Мне тут цікава, утульна, але гэта не значыць, што перада мной не стаіць шэраг задач. Перш за ўсё, наша з дырэктарам цырка Уладзімірам Шабанам мэта — стварэнне беларускай праграмы. Не выключаю такой магчымасці, што ў далейшым падобнае шоу, створанае толькі з нумароў нашых артыстаў, будзе дэманстравацца ў суседніх краінах.

Сёння ў цыркавым мастацтве дамінуюць дзве тэндэнцыі: гэта расійскі цырк, — тут усё зразумела, — і еўрапейскі. Апошняму ўласціва татальнае ўздзеянне святла, гуку, візуальных эфектаў. І тое, і другое, на мой погляд, мае права на жыццё, з’яўляецца мастацтвам.

Мне як рэжысёру паўсотні тэатральных пастановак, больш як сотні эстрадных канцэртаў, шматлікіх урачыстых мерапрыемстваў цікава папрацаваць у новым рэчышчы — стварэнні цыркавога шоу. Мне падаецца, што сёння “проста трукаў” — ужо не дастаткова. Хацелася б расказаць больш складаны аповед, стварыць нешараговыя вобразныя рашэнні, увесці пэўную скразную лінію ў дзею. І з артыстамі нашага цырка больш папрацаваць над артыстызмам.

Ці падштурхоўвае нас поспех “Cirque du Soleil”? Лічу, што захапленне гэтым праектам празмернае. Так, там працуюць прафесійныя артысты, але, на маю думку, гэта ўсё ж такі добра зроблены камерцыйны прадукт, кшталту спектакляў Брадвея, дзе вялікую ролю ў стварэнні эфекту ўздзеяння на гледача адыгрываюць святло і гук. Але, да прыкладу, многія трукі з праграмы “Cirque du Soleil” рабіліся і іншымі артыстамі. Тое ж “кола смерці” ў Цырку братоў Запашных зроблена больш цікава. Таму я стаўлюся да яго поспеху спакойна...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"