Напрыклад, у рамках рэспубліканскай “Берагіні” (2012 — 2014 гг.) на Брэстчыне ў традыцыйным рэгіянальным фестывалі фальклорнага мастацтва “Радавод” (арганізатар — упраўленне адукацыі аблвыканкама) удзельнічалі 19 тысяч школьнікаў; у Гомельскай вобласці абласным цэнтрам культуры рэгулярна праводзіцца конкурс выканаўцаў беларускага народнага танца, у якім з кожным разам павялічваецца колькасць танцавальных пар, нават носьбітаў танцавальнай культуры. У рамках “Берагіні” на Міншчыне нядаўна быў праведзены першы конкурс беларускага танца “Мінская кадрыля”. Летась у снежні ў сталіцы ўпершыню за ўсю гісторыю берагінскага фестывальнага руху адбыўся супольна падрыхтаваны грамадскімі арганізацыямі Конкурс беларускага народнага танца сярод моладзі і выканаўцаў старэйшага ўзросту “Мяцеліца”.
На ўвесь голас заяўляюць пра сябе самаарганізаваныя маладзёжныя фальклорныя суполкі (“Талака” — у Гомелі; “Гуда”, “Сіта”, “На таку”, “Яварына” — у Мінску, і г. д.). На радзіме этнографа Паўла Шпілеўскага (Любанскі раён) штогод ладзіцца фальклорны летнік з удзелам аматараў танца з Беларусі, Расіі, Прыбалтыкі.
Значная роля ў фестывальным руху належыць кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, супрацоўнікі якой, акрамя мноства іншых навукова-метадычна-практычных мерапрыемстваў, штогод праводзяць у рамках міжнароднай канферэнцыі “Аўтэнтычны фальклор: праблемы бытавання, вывучэння, пераймання” канцэрты аўтэнтычнага мастацтва “Фальклор беларускай глыбінкі”, майстар-класы, танцавальныя вечары…
Але… Сённяшнія факты даюць мне падставу з трывогай казаць аб магчымым хуткім калі не сконе “Берагіні”, дык яе відазмяненні. У лепшым выпадку, яна можа праводзіцца ў фармаце абласнога ці раённага свята. Чаму? Прычын багата. Сярод асноўных — адсутнасць зацікаўленасці да гэтага фестывалю з боку сузаснавальнікаў. На жаль, пэўныя падраздзяленні таго ж Міністэрства культуры рэгулярна спазняюцца з падрыхтоўкай матэрыялаў да загада аб правядзенні фестывалю.
“Берагіня” — фестываль самабытнай канцэпцыі, супрацьлеглай фестывалям самадзейных кірункаў, і патрабуе іншага арганізацыйнага ды мастацкага праяўлення. Ён грунтуецца на прынцыпах выяўлення, аднаўлення, пераймання і папулярызацыі народнага мастацтва малой радзімы. Ён — адзіны ў краіне сістэмны фестываль, які скіраваны на аўтэнтычныя формы народнай культуры, комплексную мастацкую адукацыю і выхаванне дзяцей, падлеткаў, навучэнскай і працоўнай моладзі сродкамі мастацкіх традыцый ва ўсіх іх мясцовых каранёвых праявах. “Берагіня” патрабуе працяглай мэтанакіраванай падрыхтоўкі адначасова па розных напрамках творчай дзейнасці: у заключным туры кожны калектыў удзельнічае ў чатырох праграмах (танец, музыка, спевы, ДПМ) і амаль у 20 намінацыях, акрамя гэтага, яны павінны быць апрануты ў этнічныя касцюмы, якія, як вядома, вар’іруюцца ў кожнай мясцовасці.
На маё перакананне, “Берагіня” не можа далей існаваць як рэспубліканскі фестываль у прынятай сёння канцэпцыі яшчэ і таму, што ўжо доўгі час ніхто ёй не займаецца, хаця ёсць рэспубліканская ўстанова “Інстытут культуры Беларусі”, якой прызначана па профілі займацца народнай культурай і традыцыйным мастацтвам карэннага этнасу. Няма пакуль у краіне і саюза фалькларыстаў, які ўзяў бы частку функцый на сябе.
Упэўнены, нам патрэбна дзяржаўная праграма “Традыцыйная культура і моладзь Беларусі”, праект якой па рашэнні калегіі Міністэрства культуры за № 06 ад 27.06.2012 г. павінен быў быць падрыхтаваны яшчэ да студзеня 2013 г. Спадзяюся, што ў гэтым дакуменце знайшлося б месца і “Берагіні”, і практычным дзеянням па вяртанні ў сістэму адукацыі этнашкол.
“Берагіня” павінна існаваць, калі ўлічыць, што гэты фестываль значыцца ў Плане мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджанага распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Фота Кастуся ДРОБАВА
Каментарыі: