Самасць Цэслера

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Калі ў сучаснай Беларусі ёсць культавыя мастакі, значыць, Уладзімір ЦЭСЛЕР — мастак культавы. Ягонае імя на слыху не першае дзесяцігоддзе: выстаўкі, узнагароды, размаітыя новыя праекты... Але ці не найважнейшым дасягненнем аўтара можна лічыць тое, што некаторыя яго візуальныя хіты ўспрымаюцца папраўдзе як “народныя”. Выпадак для цяперашняга часу, бадай, унікальны. Мэтру дызайну (“Дарэчы, метр шэсцьдзясят пяць”, — дасціпна ўдакладніў ён свой рост) ніяк не выпадае скардзіцца на брак публічнай увагі. Тым не менш, пра гэтую асобу вядома далёка не ўсё. Некаторымі сваімі гісторыямі, задумамі і ацэнкамі Уладзімір Якаўлевіч падзяліўся з рэдакцыяй “К” у новым фармаце, што мы мяркуем прадоўжыць і надалей: "Рэдакцыйная планёрка з...". Ды ў дадзеным выпадку пытанні нашых супрацоўнікаў былі хутчэй дадаткам да цікавых маналогаў, таму мы вырашылі іх апусціць.

/i/content/pi/cult/466/9862/6-1.jpg

Пра дызайн і “дызайн”

— Дызайнераў апошнім часам прыкметна паболела. На сам жа дызайн гэтая тэндэнцыя, на жаль, ніяк не паўплывала. Бо дызайн — гэта стварэнне ідэй, а часам і тэхналогій. А калі нехта прывозіць свайго кліента ў дарагую мэблевую краму ды намаўляе купіць прыгожую канапу, каб атрымаць за гэта працэнты…. Не думаю, што такога чалавека можна назваць дызайнерам: ён жа сам нічога не ствараў.

Але больш сур’ёзныя падыходы часта застаюцца незапатрабаванымі. Бо плаціць трэба… Раней усе выбіралі той варыянт, які лепшы і больш прыгожы, а цяпер — той, што танней.

Неяк да нас са светлай памяці Сяргеем Войчанкам звярнуўся адзін прадпрымальнік. Ён меўся ў хуткім часе выправіцца ў Германію на нейкія вельмі адказныя перамовы, а візітоўкі ў яго не было. Добра, справа вырашальная, давайце ваш лагатып… Як выявілася, лагатыпа таксама не было. Даведаўшыся, што яго стварэнне каштуе 500 долараў, кліент стаў нервавацца. Але неяк усё ж дамовіліся…

І вось, праз пэўны час завітвае гэты чалавек да мяне ў майстэрню, ды не з пустымі рукамі. Кажа: “Ведаеце, я вам мала тады заплаціў!”. Як высветлілася, на перамовы з’ехаўся цэлы натоўп зацікаўленых з усяго СНД. Нямецкі бізнесмен, ад якога залежыў іх вынік, папрасіў ва ўсіх візітоўкі, расклаў іх перад сабой на стале… А далей працягваў гутарку толькі з тым мінскім прадпрымальнікам! Бо наяўнасць уласнага брэнда (а ён ва ўсім свеце каштуе нямала) — своеасаблівы маркер, які сведчыць, што фірма прыйшла ў гэты бізнес усур’ёз і надоўга, а не проста для таго, каб па-хуткаму “насекчы капусты”. Натуральна, такая фірма ўспрымаецца зусім іначай.

…Увогуле, я не раблю для ўсіх. Працую для канкрэтных людзей, улічваючы іх патрабаванні, густы ды пачуццё гумару. І таму гэта многім падабаецца. А вось калі ты хочаш дагадзіць кожнаму, атрымліваецца нешта ўсярэдненае і нікому не патрэбнае...

Пра рэкламу і ўзнятага на дыбкі каня

— Неяк быў сведкам анекдатычнай сітуацыі. Бізнесмен замаўляў аднаму вельмі прасунутаму дызайнеру лагатып сваёй фірмы па продажы гарбаты і грузінскіх вінаў. Дакладней, замаўляў ён “эмблему”, бо слова “лагатып” не ведаў. Затое ідэя была распрацавана дасканала: “Мне трэба, каб было залатое сонца, горы, даліна, дзе маладыя грузінскія жанчыны збіраюць чай, на пярэднім плане — мой дом (вось яго фота), у акне — мая мама, а перад домам — стары аксакал, чый конь устаў на дыбкі, і прыгожая дзяўчына, якая падае яму напіцца маладога чырвонага віна…” Ведаеце, чым усё ў выніку скончылася? Дызайнер зрабіў гэты лагатып, а задаволены заказчык аплаціў яго работу...

Пра рэкламу, якой запоўнены нашы вуліцы, рэдка пачуеш добрае слова — і, на жаль, справядліва. Але і абурацца тут не выпадае. Бо рэклама — гэта плод палюбоўных адносін паміж стваральнікам і заказчыкам, прычым за грошы апошняга. Калі ён вырашыў, што дзякуючы гэтаму каню з аксакалам справы пойдуць лепш, — няхай так яно і будзе. Ці ж можа нехта старонні ўрывацца ў гэтую гісторыю?..

Пра майкі і аўтарскія правы

— Для мяне няма розніцы, заказны гэта твор альбо — “для душы”. Часам сабе думаю: вось разграбуся з усімі лагатыпамі буйных кампаній і ўрэшце вазьмуся за нешта важнае — за майкі з прыкольнымі выявамі. Да іх я стаўлюся больш сур’ёзна, чым да тых рэчаў, якія прыносяць грошы.

Аднойчы мы паспрабавалі зрабіць на іх бізнес, наладзіць продаж. У выніку я застаўся вінен долараў трыста… Больш не буду спрабаваць. Затое кантрафактных маіх маек — проста валам! Нехта іх увесь час друкуе, прадае… Дакладна ведаю, што на Андрэеўскім спуску ў Кіеве яны ідуць “на ўра”. Раней мяне гэта абурала, цяпер ужо прызвычаіўся. Тым больш, абурацца няма чаго: у цяперашніх умовах ад парушэння аўтарскіх правоў мастакі абараніць сябе ўсё адно не могуць. Дый нават на Захадзе ідэі актыўна крадуць. Прыкладам, не так даўно выява майго крэсла з праекта “Пастулат” 
усплыла ў Італіі, дзе яна рэкламавала, здаецца, нейкую студыю дызайну мэблі. Напісаў туды ліст, а гэтыя хлопцы адказваюць: ну дык мы ж яго ў Інтэрнэце знайшлі… І сапраўды, чаму б не скарыстацца?..

Пра архітэктуру і Дон Кіхота

— Архітэктура добрая своечасовасцю. Многім здаецца, нібы апошні піск моды — будынкі са шкла, што паўсюдна з’яўляюцца ў Мінску. Але ж насамрэч гэтай стылістыцы ўжо пад семдзесят гадоў! І ў Парыжы такія гмахі зусім не выглядаюць сучаснымі: на іх паспела сцерціся пацініраванне, яны нейкія пашарпаныя ды неахайныя. А вось старадаўняя архітэктура з часам становіцца больш прыгожай. Але ці ставімся да яе з пашанай?

Дом, у якім знаходзіцца мая майстэрня, збудаваны ў 1893 годзе, гэта былыя казармы гвардзейцаў. Побач — маленькі будыначак, дзе быў морг… Будавалі іх з трывалай польскай цэглы, і яны прастаяць яшчэ немаведама колькі. Аднак ужо ходзяць чуткі пра тое, што гэтыя дамы хочуць ці то знесці, ці то перайначыць. Так знікае мінулае, а мы да гэтага ставімся абыякава.

Некалі мы з дызайнерам Львом Талбузіным ездзілі па Беларусі і рабілі карту вадзяных млыноў. Захавалася іх пакуль што багата, але ж гэты цікавы пласт спакваля знікае, бо нікому ён не патрэбен. У суседніх краінах тыя млыны неяк выкарыстоўваюцца: пад кавярні, гатэлі, нейкія мастацкія майстэрні.

…А вось “аўтамабільны” знак з перакрэсленым Дон Кіхотам, які ўсталяваны на пад’ездзе да ветрака ў “Дудутках”, — пра іншае: там закладзена тэма адстойвання права на ўласную культуру і самасць. Нават ад замаху “донкіхотаў”...

Пра павагу да “нашых”

— Гляджу расійскую рэкламу — і проста дзіву даюся: “нямецкая якасць”, “швейцарская надзейнасць”… Вытворцы і рэкламшчыкі ўтрапёна пераконваюць спажыўца: не бойцеся, гэта не наша! Беларусаў у гэтых колах паважаюць больш, чым сваіх. Не верыце? Неяк мне патэлефанавала знаёмая з Масквы. Трэба было тэрмінова распрацаваць брэнд. Заказчык патрапіўся прыдзірлівы, і ўсе варыянты ён адпрэчыў — такая вось нявыкрутка. Добра, паехалі да яго… Чую незадаволены голас: “Ды ўжо дасталі ўсе гэтыя вашы мастакі!” Знаёмая адказвае: “Гэта новы чалавек прыехаў, з Мінска”. “А, з Мінска!” — тут жа палагаднеў кліент. І ўсе прапановы хутка прыняў.

Пра брэндынг і “Old Roads”

— Мае крэатывы з дранікамі, што з’явіліся на вільнюскіх білбордах, некаторым не спадабаліся: маўляў, ці ж можна так пазіцыянаваць краіну? Асабіста я шчыра лічу: яшчэ як можна! Хацеў нядаўна зрабіць магніцік з натуральнай тарачкай і надпісам “Драніклэнд”, але, на жаль, чыста тэхнічна не атрымалася: нашы вытворцы не далі ў гэтым рады.

А дранікі я люблю дый сам добра ўмею іх гатаваць. Калі я гасцюю ў аднаго маскоўскага сябра, які родам адсюль, ён заўсёды закупляецца патрэбнымі прадуктамі і просіць прадэманстраваць мае кулінарныя ўмельствы. Аднойчы да яго завіталі на вячэру вядомыя маскоўскія рэстаратары. Пакаштавалі мае дранікі… І — праз нейкі час запрасілі ў Маскву ды распыталі рэцэпт. Навошта ім спатрэбілася? “Мы зробім новы сеткавы фастфуд і завалім вашымі дранікамі ўсю Белакаменную!” — патлумачылі яны. Ну, і сапраўды: выдатная ідэя! Ідзеш сабе ў халадэчу па горадзе, есці захацеў — і тут табе даюць пару свежых цёплых блінцоў. Мне зусім няўцям, чаму такога фастфуду дагэтуль няма ў нас, на радзіме дранікаў...

Тады задума не была рэалізавана: у інвестара з’явіліся незалежныя ад дранікаў праблемы. Але “блінная” тэма займела нечаканы працяг. Акурат цяпер я працую над праектам па заказе Урада Масквы: гэта будзе серыя білбордаў, прысвечаных такому святу, як Масленка. Тамтэйшым уладам надакучыў “прычасаны” лубок — захацелася чагосьці арыгінальнага ды “з выклікам”.

Ці гатовы я прапанаваць нешта падобнае для Беларусі? Якія пытанні — звяртайцеся! Вось Старыя Дарогі ўжо колькі стагоддзяў маюць імідж, звязаны з вытворчасцю самаробных напояў "для дарослых", але ці выкарыстоўваюць яго сёння хоць неяк? Так, тэма ў нас практычна табуяваная. Але менавіта напой з умоўнай назвай “Old Roads” можа стаць нашым фірмовым пазнавальным прадуктам на сусветным рынку, які не сорамна паставіць на адну паліцу, скажам, з шатландскім віскі...

Пра шкляное яйка і ядры працэсара

— Многія нашы з Сяргеем Войчанкам работы залежылі ад тэхналагічнага аспекту. Асабліва гэта датычылася серыі “Дванаццаць з ХХ”. Калі мы пачалі яе рабіць, беларуская прамысловасць была яшчэ ў стадыі паўанабіёзу. І адна з задум так і не была ўвасоблена. Звярнуліся на завод Вавілава, дзе рабілі звышскладаную двухметровую лінзу для амерыканскага флоту, але нам патлумачылі, што для выканання замовы трэба распрацоўваць спецыяльную печку, а гэта зойме многія месяцы.

Адносна нядаўняя серыя маіх твораў ап-арта стала магчымай толькі пасля з’яўлення чатырох’- ядзерных камп’ютарных працэсараў. Ідэя прыйшла ўжо даўно, але давялося ладны час пачакаць...

Пра Першае Мінскае трыенале

— Выстаўкі трэба ўмець рабіць, прадумваючы ўсё да драбніц. З-за таго, што ў зале не хапала подыумаў, адна мая работа была сапсавана. А яйкі з серыі “Дванаццаць з ХХ” увогуле выстаўляліся на ўваходзе, непадалёк ад санвузлоў... За творамі ніхто не сачыў, на вернісажы людзі пачалі браць іх у рукі, каб лепш разгледзець... Давялося ўвесь вечар сядзець побач з яйкамі і аберагаць ад глядацкай увагі. А наранне я прыехаў і забраў іх...

Пра конкурсы і прэміі

— Калісьці вельмі даўно мы даслалі чатыры плакаты на нейкі конкурс у Польшчы. Дзве работы былі вельмі класныя, яшчэ адна — так сабе, а чацвёртая — і ўвогуле не надта. І вось, адзначана была менавіта яна! З таго часу я ні ў якія конкурсы ды прэміі не веру...

Пра статус і пенсію

— Каб рэалізавацца, для мастака сёння няма вялікай розніцы, дзе жыць: у мегаполісе ці на перыферыі, у Кітаі ці ў ЗША. Можна жыць у вёсачцы на ўскрайку свету ды прадаваць свае творы на самых прэстыжных аўкцыёнах.

Але статус мастака “ў нас” і “там” застаецца розным. У нас творцаў па-ранейшаму лічаць гэткімі бажаволкамі. І ў нейкім сэнсе… ёсць тут рацыя! Ну што тут скажаш, калі крытэрый паспяховасці мастака ў родных пенатах — гэта магчымасць плаціць за сваю майстэрню! На Захадзе таксама не бракуе творцаў з пустымі кішэнямі, але ж ставяцца там да іх іначай: з вялікай павагай. Належыць да багемы — гэта заўсёды прэстыжна. Калі ты маеш нейкую вядомасць і аўтарытэт у мастацкіх колах, дык можаш разлічваць на большы шацунак, чым які таўстасум.

У савецкі час для мастака было прынцыпова важным членства ў творчым саюзе. Менавіта гэта давала яму адпаведны грамадскі статус, іначай ніхто яго мастаком не лічыў. Адзін мой калега нідзе афіцыйна не працаваў, і вось пільныя суседзі данеслі на яго ў міліцыю: маўляў, пастаянна цягае дахаты нейкія дошчачкі, мабыць, употайкі робіць аконныя рамы… Сябра патлумачыў участковаму: я — мастак, а тыя дошкі мне патрэбны для падрамнікаў. А міліцыянер у адказ прымусіў яго падпісаць “раскаянне” ў дармаедстве...

Некалі, яшчэ за савецкім часам, была ў нас выстаўка ў Венгрыі. І вось нам прапанавалі ўступіць у члены тамтэйшага Саюза мастакоў. Я адразу ж, па інерцыі, пагадзіўся. У мяне спыталі: а навошта табе гэта трэба? Ну як навошта: я змагу не толькі ў СССР, але і ў Венгрыі не працаваць!

Цяпер ужо, вядома, усё змянілася. Можаш уступаць у Саюз — можаш не ўступаць… Розніца хіба ў аплаце майстэрні, хаця і для членаў БСМ кошты апошнім часам неверагодныя. Прыкладам, мая пенсія сёння — каля мільёна рублёў. Гэта менш за траціну ад тых грошай, якія я плачу за майстэрню...

Пра ляноту і адукацыю

Многія калегі наракаюць: маўляў, каб "падтрымліваць порткі", трэба надта шмат працаваць. Але ж усе ў свеце так працуюць, і не толькі мастакі. Сябра быў у Кітаі, распавядаў: а палове на чацвёртую раніцы людзі ўскокваюць і кудысьці бягуць. Вярнуўся ў Мінск і адразу адчуў розніцу: горад нібыта “ў рапідзе”, суцэльная расслабуха...

Калі я вучыўся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, мы з аднагрупнікамі прыходзілі туды а 9-й раніцы і сыходзілі а 12-й ночы. Цяперашнім студэнтам гэтага не зразумець. Пэўна, у нашы часы адукацыя была мацнейшай, чым сёння. Нам выкладалі сапраўдныя профі, а цяпер выкладаюць усе, хто хоча...

Пра стымулы і кайф

— Калі той чалавек, які сёння выпраўляецца вучыцца на дызайнера, думае, нібыта ён з часам стане заможным, — абавязкова перадайце яму, што я ў гэтым сумняваюся. Мастацтва — гэта лёс. Будуць мне плаціць альбо не, я ўсё адно буду працаваць, бо лаўлю кайф менавіта ад самога працэсу. Вынік можа і не атрымацца, яго могуць не ўпадабаць ці не купіць. Але ж нельга цалкам залежыць ад усіх гэтых выпадковасцей...

У сустрэчы з Уладзімірам Цэслерам прымалі ўдзел Сяргей Трафілаў, Пётра Васілеўскі, Дар'я Амяльковіч, Кастусь Антановіч, Юрый Іваноў, Яўген Рагін, Алег Клімаў, Ілья Свірын, Вольга Навіцкая

Фота Юрыя ІВАНОВА