"Дык хто ў тэатры гаспадар?"-2

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Мае развагі ў працяг артыкула Надзеі Бунцэвіч ў "К" № 5 за 2014 год выкліканы агульным сходам калектыву сталічнага Тэатра юнага гледача, што адбыўся ў чацвер з удзелам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі. Падаецца, трупа ўзяла першынства над нядаўна прызначаным дырэктарам, што паабяцаў сысці ў выпадку, калі паразуменне так і не будзе дасягнута. Урэшце, так было агучана на тым самым сходзе, які ўжо прайшоў у неацяпляльным будынку колішняга кінатэатра” Электрон”, што не функцыянуе які год і дзе размешчаны без камфорту службы тэатра. Дарэчы, сход адбываўся ў “стаячым фармаце”: прысесці ў зале экс-“Электрона” няма дзе.

Пачну вось з чаго. Cловы “творчасць” і “вытворчасць” — аднакарэнныя, але сутнасна розныя. Вытворчасць грунтуецца на цвярозым разліку і скіравана на хуткі прыбытак, а творчасць — гэта праект доўгатэрміновы, да таго ж, паводле вызначэння, рызыкоўны. У адным выпадку гаворка ідзе пра задавальненне надзённых патрэб, у іншым — пра ўнёсак у будучыню.

Ва ўсе часы тыя, хто ўкладае грошы ў мастацтва, хацелі мець ад творцы гарантыі вяртання інвестыцый, інакш кажучы — уцямны і эфэктыўны бізнес-план. Але, як сведчыць гісторыя, шэдэўры ды нават проста таленавітыя рэчы не з’яўляюцца па загадзе. Тут спрацоўвае іншы механізм, дзейнічае іншая логіка.

Канфлікт у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, які балюча зачапіў нашу тэатральную грамадскасць, і нават шырэй — усю творчую супольнасць краіны, хоць і падаецца, на першы погляд, сваркай адміністратара і творцы, якія, так бы мовіць, “не сышліся характарамі” і не падзялілі ўладу, насамрэч мае больш глыбокія карані.

Дырэктар Мікалай Казюлін і мастацкі кіраўнік, рэжысёр Уладзімір Савіцкі ўвасабляюць розныя падыходы да тэатра як да з’явы. Для дырэктара тэатр — гэта вытворчасць, якая мусіць быць прыбытковай, і не ў нейкай перспектыве, а зараз жа. Для мастацкага кіраўніка — творчасць, сацыяльная каштоўнасць, якую наўрад ці можна выявіць у грашовым эквіваленце, хоць эканамічны чыннік у дзейнасці тэатра, безумоўна, мусіць быць.

Досвед Мікалая Казюліна, калі зыходзіць з агучаных даных аб яго папярэдняй працы, — гэта гаспадарчая дзейнасць у розных культурных установах. Той вопыт ён, як мне падаецца, абсалютна шчыра спрабуе перанесці і на ТЮГ. Прычым без усялякай адаптацыі, маючы на мэце падпарадкаванне творчага чынніка тэатральнай дзейнасці патрэбам хуткай выгоды. А Савіцкі — харызматычная постаць. Менавіта ён сілай свайго аўтарытэту здолеў захаваць трупу тэатра ў экстрэмальных умовах і нават надаць творчаму працэсу на ТЮГаўскай сцэне новы імпульс. Мікалай Казюлін можа паспяхова працаваць і ў Доме культуры, і ў сацыяльным фондзе ды паўсюль пачуваць сябе на сваім месцы. А рэжысёр Савіцкі не ўяўляе сябе па-за тэатрам. Прычым канкрэтна — па-за сталічным Тэатрам юнага гледача, куды ён прынёс досвед Купалаўскай сцэны і прывёў маладых, перспектыўных акцёраў, якія паверылі менавіта ў яго. Дырэктар, здаецца, не бярэ клопату засяродзіцца на асаблівасцях прафесійнага тэатра і лічыць, што ягонага досведу хапае, каб кіраваць творчым працэсам ды творчымі асобамі; другога ж, натуральна, раздражняе, калі гаспадарнік пачынае яго вучыць, як рэпертуар складаць і спектаклі ставіць. Прынамсі, так трактуе сітуацыю ў тэатры ТЮГаўскі калектыў. Усе, ад работнікаў сцэны да вядучых артыстаў. А слова “ўсе”, як казаў Дастаеўскі, нешта ды значыць…

Канфлікт набыў розгалас, і яго вырашэнне ў той ці іншай ступені стане лёсавызначальным для творчай супольнасці краіны. Мастацтва для тых, хто ў ім задзейнічаны (за рэдкім выключэннем), — занятак не прыбытковы. Яно, аднак, неяк кампенсуецца магчымасцю творчай самарэалізацыі. Калі ж творчасць загнаць у жорсткія рамкі вытворчага плана і, скажам так, не надта кампетэнтнага адміністравання, дык зусім не цяжка прадбачыць негатыўныя наступствы...

Дазволю сабе меркаванне, што праблемы, апагеем якіх стаў згаданы канфлікт, распачаліся, калі, зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці, Тэатр юнага гледача панізілі ў статусе: вывелі з падпарадкавання Міністэрства культуры і перавялі "пад крыло Мінгарвыканкама" ў гарадское. Фактычна вывелі такім чынам з элітарнага кола, ускладнілі набыццё звання “акадэмічны”, сталі глядзець на яго, нібыта на раённы Дом культуры, які мае асноўны прыбытак ад карпаратываў і дыскатэк. Нездарма артысты ТЮГа змагаюцца за вяртанне годнага статуса, які, сярод іншага, мусіць абараніць іх як творцаў і тэатр як структуру ад няспелых арганізацыйных ды эканамічных эксперыментаў.

Новы дырэктар вінаваціць мастацкага кіраўніка тэатра ў адсутнасці крэатыўных ідэй і амбіцыйных планаў. І, відаць, сапраўды за час кіравання Савіцкага аб “прарыўных” спектаклях мы не чулі. Але і правалаў не было. Тэатр “трымае планку”, а ў тых “спартанскіх” умовах, у якіх апынуліся тюгаўцы, на чужой, не абсталяванай патрэбным чынам, сцэне — гэта, дазволю сабе сцвярджаць, творчы подзвіг.

Дасведчаныя людзі ведаюць, што тюгаўцы не толькі захавалі ў нязручных варунках творчы патэнцыял, але і маюць добры задзел, цікавыя напрацоўкі на будучыню, на той час, калі, нарэшце, вернуцца ў родныя сцены. Пэўныя праекты проста не могуць быць рэалізаваны ў тых, як казаў вышэй, “спартанскіх” умовах, якія тэатр мае ў памяшканні Дома літаратара (былі гады, калі і там даводзілася іграць у неацяпляльнай зале: ад холаду публіка сыходзіла са спектакляў). Таму трупа і чакае лепшых часоў для лепшых ідэй.

Артысты, якія цягам пяці гадоў у “нетэатральных” умовах самааддана працуюць для публікі, што засталася ім вернай, вартыя таго, каб ім не стваралі штучных праблем. Праблем, якія адцягваюць творцаў ад творчасці.

Хоць мы і маем прыемны факт паразумення гарадской улады і артыстаў ТЮГа, падводзіць рысу ў гэтым сюжэце, мабыць, зарана. Канфлікт вытворчасці і творчасці прыглушаны, але ці вычарпаны? Баюся, яшчэ неаднойчы людзям творчай сферы давядзецца спрачацца з адміністратарамі, якія не настроены бачыць прынцыповай розніцы паміж творчым працэсам і заводскім канвеерам.

І на заканчэнне. У народзе кажуць: пачні бурыць дом — даведаешся, хто гаспадар. Тюгаўцы свой дом разбурыць не даюць...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"