Валянціна ДУБРОВА: “Амаль кожны другі жыхар — наш чытач”

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

Бібліятэкі выконваюць сёння важнейшую місію садзейнічання станаўленню і развіццю сацыяльнага асяроддзя, у якім яны знаходзяцца. З улікам сваіх магчымасцей яны задавальняюць попыт сучаснага грамадства на новыя практычныя фундаментальныя веды, дакладную і аператыўную інфармацыю.

 /i/content/pi/cult/146/986/Dubrova1.jpg

Бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва Гомельскай вобласці (а гэта 1 млн. 480 тыс. чалавек) займаюцца 723 публічныя бібліятэкі. Бібліятэчнымі паслугамі карыстаюцца больш за 577 тыс. чалавек — 39 працэнтаў насельніцтва вобласці; гэты паказчык вышэйшы ў сельскай мясцовасці — 55 працэнтаў. 60 працэнтаў чытачоў — школьнікі і навучэнцкая моладзь.
Узначальвае сістэму бібліятэк рэгіёна абласная бібліятэка, якая мае універсальную калекцыю — больш за 1 млн. экзэмпляраў разнастайных крыніц інфармацыі. Карыстальнікамі абласной бібліятэкі з’яўляецца каля 50 тыс. жыхароў вобласці, якім штогод выдаецца больш за 727 тыс. крыніц інфармацыі.
Якаснае напаўненне інфармацыйных рэсурсаў — падмурак эфектыўнай дзейнасці бібліятэк. Сукупны фонд бібліятэк вобласці налічвае больш за 10 млн.640 тыс. экзэмпляраў. Колькасць новых паступленняў у 2007 г. — каля 527 тыс. экзэмпляраў. У сярэднім на аднаго жыхара прыходзіцца 0,36 новых крыніц інфармацыі, чаго недастаткова для задавальнення запытаў карыстальнікаў. На камплектаванне кнігамі і падпіску на перыядычныя выданні накіравана 27,3 працэнта ад выдзеленых бюджэтных фінансавых сродкаў на ўтрыманне бібліятэк.
Набыта больш за 44 тыс. 600 экзэмпляраў сацыяльна значнай літаратуры (што, у сваю чаргу, на 6 тыс. 170 экзэмпляраў больш, чым у 2006 г.). У сярэднім у кожны філіял паступіў 61 экзэмпляр сацыяльна значнай літаратуры — гэта складае прыкладна 25 працэнтаў ад неабходных (па міжнародных нормах) кніжных паступленняў.
Імкнучыся адпавядаць пастаянна ўзрастаючым інфармацыйным патрэбам мясцовага грамадства, бібліятэкі актыўна займаюцца і зарабляннем уласных сродкаў, аказваючы насельніцтву дадатковыя паслугі. За 2007 г. бібліятэкамі вобласці было зароблена каля 312 млн.рублёў. Прадуманы падыход і правільнае планаванне дапамаглі дабіцца такіх вынікаў.
За апошнія гады дзякуючы рэалізацыі галіновых праграм (Галіновая праграма па інфарматызацыі аб’ектаў культуры, Галіновая праграма зберажэння і развіцця культуры ў Рэспубліцы Беларусь на 2006 — 2010 гг.) і дзяржаўных праграм (“Электронная Беларусь” на 2003 — 2005 гг., на перспектыву да 2010 г. і Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла) значна ўзрасла колькасць камп’ютэрызаваных бібліятэк — з 72 (10 %) у 2005 г., 109 (15 %) — 2006 г. да 139 (20 %) у 2007 г. На сённяшні дзень парк машын у бібліятэках вобласці складае 317 камп’ютэраў. 39 працэнтаў камп’ютэрнага абсталявання знаходзяцца ў цэнтральных бібліятэках, 32 працэнты — у філіялах (з іх 20 працэнтаў — у бібліятэках аграгарадкоў), 20 працэнтаў — у абласной бібліятэцы і 9 працэнтаў — у дзіцячых бібліятэках. Але, нягледзячы на тое, што агульная колькасць камп’ютэрызаваных бібліятэк з года ў год павялічваецца, колькасць часткова аўтаматызаваных бібліятэк па-ранейшаму малая — 42 (6 %), а аўтаматызаваных у поўным аб’ёме ўсяго 5 (1 %) — гэта абласная і па 2 бібліятэкі Светлагорскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і Гомельскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Агульная колькасць бібліятэк, якія маюць выхад у Інтэрнет, складае ўсяго 5 працэнтаў (35 бібліятэк).

 /i/content/pi/cult/146/986/Dubrova2.jpg
 Гомельская абласная універсальная бібліятэка.

Для больш поўнага ўкаранення інфармацыйных тэхналогій неабходна дзяржаўная падтрымка аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў цэнтральных і дзіцячых бібліятэк, а таксама фінансаванне паэтапнай замены састарэлай камп’ютэрнай тэхнікі ў цэнтральных і абласных бібліятэках.
Публічныя бібліятэкі робяць свой унёсак і ў арганізацыю баўлення вольнага часу насельніцтва. Гэтая дзейнасць бібліятэк разнапланавая і разнастайная. У бібліятэках працуюць аматарскія аб’яднанні, клубы па інтарэсах, літаратурныя гасцёўні, якія аб’ядноўваюць людзей па інтарэсах і даюць ім магчымасць не толькі атрымання інфармацыі, але і стасункаў, абмену думкамі (усяго падобных аб’яднанняў 444). Апроч удзелу ў рэалізацыі рэспубліканскіх і абласных праграм, у цэнтральных бібліятэках вобласці распрацоўваюцца і ўласныя праграмы (іх на Гомельшчыне 62), якія дазваляюць сістэматызаваць працу па розных накірунках.
Вялікую ўвагу ўдзяляюць бібліятэкары вобласці краязнаўчай дзейнасці. Краязнаўства — гэта зберажэнне таго, што пакінулі нам продкі, а таксама і таго, што застанецца нашчадкам пасля нас.
Назбіраны за многія гады пошукава-даследчай работы матэрыял адкрывае для шырокага кола карыстальнікаў магчымасці не толькі знаёмства і працы з выдавецкай прадукцыяй бібліятэк (зборнікі мясцовага фальклору, буклеты, брашуры, прысвечаныя знакамітым землякам), але і працы з краязнаўчай базай даных сучасных электронных рэсурсаў (базы даных “Спадчына” — пра знакамітых людзей і помнікі рэгіёна, “Зніклыя, але не забытыя” — прысвечана населеным пунктам, якія перасталі існаваць у выніку аварыі на ЧАЭС), віртуальным музеям пісьменнікаў-землякоў І.Шамякіна, А.Макаёнка, І.Мележа. Усяго ў рамках абласной праграмы “Культурна-гістарычнае развіццё Палесся” плануецца стварэнне 20 падобных музеяў.
Асноўнымі накірункамі дзейнасці бібліятэк вобласці, самымі запатрабаванымі і прадыктаванымі часам застаюцца аказанне сацыяльнай падтрымкі людзям сталага ўзросту, інвалідам, моладзі, фарміраванне здаровага ладу жыцця, экалагічнай асветы, развіццё праектаў міжнароднага супрацоўніцтва.
У вобласці працуюць 57 публічных цэнтраў прававой інфармацыі. Толькі за апошні год да іх звярнулася больш за 12 тыс. карыстальнікаў.
Якасць бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва, як і эфектыўнасць функцыянавання бібліятэчнай сістэмы ў цэлым, не ў апошнюю чаргу залежыць ад кадравага патэнцыялу бібліятэк. Кадравы склад бібліятэк Гомельскай вобласці па выніках 2007 г. выглядае наступным чынам: 27 працэнтаў бібліятэкараў маюць вышэйшую адукацыю, 61 працэнт — сярэднюю спецыяльную, 12 працэнтаў — практыкі. Завочна атрымліваюць бібліятэчную адукацыю 5,5 працэнта работнікаў. У сувязі з тым, што ў сельскіх бібліятэкараў няма магчымасці павышаць кваліфікацыю на абласным узроўні (навучанне спынілася ў 2003 г. у сувязі з перадачай абласных курсаў павышэння кваліфікацыі ў сістэму Міністэрства адукацыі РБ), абласная бібліятэка часткова ўзяла на сябе функцыі перападрыхтоўкі кадраў бібліятэкараў на вёсцы. У 2007 г. быў арганізаваны шэраг трэнінгаў (4) для бібліятэкараў аграгарадкоў (праз гэтыя трэнінгі прайшло 33 чалавекі).
Сёння многія бібліятэкары ўсвядомілі, што перспектывы паспяховага развіцця ёсць толькі ў бібліятэк, якія абіраюць шлях пераўтварэнняў, актыўна адаптуюцца да змен знешняга асяроддзя. Бібліятэкі Гомельскай вобласці выконваюць ускладзеную на іх місію асветніцтва, зберажэння і памнажэння кніжных багаццяў, вылучаючыся пры гэтым яркай творчай індывідуальнасцю. 

Валянціна ДУБРОВА,
дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі