Пазабюджэт — актуальны, нават калі ёсць мільярды на мары

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

У Гродне — пра новы музей, слана, арганы, праекты філармоніі ды асцярожнасць бізнесменаў
...Пра спагадлівасць жыхароў Гродна ходзяць легенды. У тым, што так яно і на самай справе, пераканаўся сам. Шукаючы патрэбны дом, я звярнуўся па дапамогу да работніка камунальнай службы, які ачышчаў тратуар ад снегу. Мужчына сярэдніх гадоў не толькі паказаў мне патрэбны кірунак, але асабіста праводзіў да будынка, размешчанага ад нас, як аказалася... метрах у дзесяці... Магчыма, папрасі я распавесці пра эканоміку культуры абласнога горада, ён з задавальненнем акрэсліў бы, як ідуць справы ў гэтым пытанні... Словам, я выправіўся па запланаваным маршруце.

/i/content/pi/cult/465/9857/10-1.jpg

Прыкладна тут і з'явіцца прыбудова да "Чырвонай зоркі".

/i/content/pi/cult/465/9857/10-2.jpg

Летась у дворыку галерэі "Крыга" прэзентавалі рэспубліканскі праект "Art-Zabor".
Фота са старонкі галерэі "Крыга" ў Facebook.

/i/content/pi/cult/465/9857/10-3.jpg

Так будзе выглядаць пасля рэканструкцыі Гродзенская абласная філармонія.

Не простыя вiзавi...

Па традыцыі, «К» дае слова людзям, якія сваімі імёнамі і справамі славяць горад, у якім нарадзіліся, у якім жылі. За гонар Гродна сёння “пастаіць” тройка добра вам вядомых асоб, якіх мы папрасілі выказацца па праблеме, якая нас цікавіла, і не толькі.

Галіна ШЫШКОВА, спявачка:

— Парадокс вось у чым. Гродна — неверагодна прыгожы горад. Прычым у любую пару года, у любое надвор’е. Але калі ў яго цэнтры, на Савецкай плошчы, праводзіцца канцэрт, а потым табе трэба ісці пераапранацца ў былы Палац культуры тэкстыльшчыкаў, у гэты змрок, які ўсё ніяк не адрамантуюць, то ад усёй гэтай прыгажосці застаецца “асадачак”...

Артур ГАЎРУСЁЎ, хакеіст:

— Драматычны тэатр — гэта цуд архітэктуры! Цікава тое, што з вуліцы ён глядзіцца велізарным, а ўнутры — вельмі кампактны і без вычварных дызайнерскіх прыдумак. Заўсёды светлы, прыбраны, быццам учора адрамантаваны. На мой погляд, да ўсіх без выключэння ўстаноў культуры ў горадзе ставяцца беражліва, з любоўю.

ДзіДзюЛя, гітарыст:

— Гродна люблю. Стары замак, Новы замак, Каложская царква, драмтэатр на гары, касцёлы, вузкія вулачкі, стары горад і яго цэнтр, парк Жылібера, лесапарк Пышкі... Гэта сапраўдны еўрапейскі турыстычны горад — дагледжаны, адрэстаўраваны, чысты, выдатныя дарогі, ветлівыя вадзіцелі, добрыя спакойныя людзі, цудоўныя гледачы. Люблю бываць на радзіме з канцэртамі!

Галерыст гучыць горда!

Нагадаю вам пра тое, што ж шукаў у Гродне, які стаў наступным пасля Віцебска, Брэста і Магілёва абласным цэнтрам, дзе высвятляў, як і на што выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі ўстановам культуры, а таксама — якім чынам гэтыя ўстановы здабываюць пазабюджэтныя сродкі на сваё існаванне. Цікавіла мяне і тое, чым могуць пахваліцца прыватнікі, якія займаюцца культурным асветніцтвам і, адпаведна, зарабляннем грошай на ім. Да апошніх я, перш за ўсё, і скіраваўся.

...У гандлёва-выставачнай галерэі “Крыга” на сценах былі развешаны пейзажы Кастуся Качана. Кажуць, што работы майстра набываюць не толькі сапраўдныя знаўцы творчасці мастака, але і дзяржаўныя структуры — у якасці падарункаў. Дырэктар установы Марыя Мацко ў гутарцы са мной адразу зазначыла: “Грашовае пытанне, вядома ж, важнае ва ўсіх сферах, і ёсць людзі, якія выключна скрозь праславутую прызму “купі-прадай” расцэньваюць дзейнасць галерэі “Крыга”. Так, мы зарабляем, прадаючы творы мастацтва, але ж гэта — наша праца! Прафесія галерыста нічым не горшая за іншыя, і яна прыносіць карысць грамадству, скажам, праз арганізацыю тых жа выставак мастакоў”.

Праўда, Марыя Мацко шкадуе, што ў арт-галерэі практычна не выстаўляецца маладое пакаленне беларускіх мастакоў. Чаму? Бо жывапісцы не ўпэўнены, што, выдаткаваўшы сілы на арганізацыю сваіх выставак, яны змогуць атрымаць ад іх жаданую фінансавую аддачу.

Дзіўна, падумалася мне, хутчэй менавіта моладзь і павінна быць больш схільнай да “дзвіжухi”, чым умудроныя Уладзімір Цэслер або Алесь Ксяндзоў, якія ладзяць раз-пораз у “Крызе” дэманстрацыі-продажы сваіх работ. Дарэчы, выстаўляюцца творы і на сайце галерэі, дзе можна іх як след разгледзець ды прыцаніцца.

Ну а тым, хто ўпэўнены, што за кошт творцаў галерэйшчыца Мацко жыруе, паведамлю, што “выхад у нуль” для яе — норма прадпрымальніцкай дзейнасці, якая дазваляе плаціць падаткі, выдаткі за камунальныя паслугі, за працу работнікаў. А заробленыя грошы — акрамя як у сямейны бюджэт — тут жа ідуць у справу: на выстаўкі, рэкламную друкаваную прадукцыю і невялікую колькасць каталогаў да імпрэз. Сувенірамi і просценькімі буклетамі “Крыга” не гандлюе, бо Марыя Мацко не хоча, каб яе галерэя ператварылася ў краму... А марыць яна аб праекце наступным: запрасіць мастакоў з розных краін, з якімі галерэя ўжо супрацоўнічала, і выставіць іх творы ва ўнутраным дворыку, над якім на другім паверсе і размяшчаецца “Крыга”. І надаць гэтаму пленэру статуснасць: прафінансаваць прабыванне гасцей, падрыхтаваць прэзентацыйныя праграмы на адкрыццё і закрыццё, выпусціць якасны годны каталог...

А што б не зашкодзіла...

Начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко, як і многія іншыя мясцовыя кіраўнікі рознага ўзроўню, у гэтыя дні быў засяроджаны, у прыватнасці, на годным прадстаўленні горада на ўрачыстым адкрыцці акцыі “Гродна — культурная сталіца Беларусі-2014”. Ды пачалі мы гаворку з іншага.

— Ваша ўпраўленне якім-небудзь чынам кантралюе прыватныя ўстановы культуры, узаемадзейнічае з імі?

— Пытанне, вядома, цікавае. Адкажу так: у нейкі ступені. Паколькі ўсё, што адбываецца ў горадзе і Гродзенскай вобласці, — гэта, безумоўна, сфера нашай увагі. Урэшце, маем не так шмат прыватных фірм, прадпрыемстваў, якія займаюцца культурай альбо праводзяць мерапрыемствы, звязаныя з ёй. Таму і цяжка казаць пра нейкую значную ролю іх у фарміраванні культурнай палітры Гродзеншчыны. Але мы працуем, кантактуем з такімі арганізацыямі, шукаем агульныя падыходы. На шчасце, пакуль ніхто ні на каго не скардзіўся.

— Ну а бізнесмены ахвотна дапамагаюць гродзенскай культуры?

— Не магу сказаць, што вельмі ахвотна, але некаторым знакавым мерапрыемствам спонсарская дапамога аказваецца. Напрыклад, І Фестывалю класічнай музыкі “TyzenHouse”, які прайшоў мінулай восенню. Верагодна, прадпрымальнікаў у іх добрых парывах па падтрымцы сферы культуры стрымлівае тое, што са спонсарскіх грошай ім неабходна плаціць падатак на прыбытак. Гэтае пытанне трэба вырашаць на рэспубліканскім узроўні. Тым не менш, у 2013-м установы культуры абласнога цэнтра атрымалі каля трох мільярдаў рублёў ад спонсараў: ААТ «Малочны свет», ТАА «Біякам», ТАА «ЗОВ-Мэбля».

— Калі казаць пра найбольш буйныя ўстановы культуры Гродна, што з іх было адрамантавана і рэканструявана летась, а што ўвойдзе ў строй вось-вось?

— У лютым 2013 года пасля капітальнага рамонту, рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння быў адкрыты Гродзенскі абласны тэатр лялек, сёлета павінен завяршыцца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынка гарадскога Дома культуры — плануем яго адкрыць у чэрвені, да X Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Як і Гродзенскую абласную філармонію, якая знаходзіцца на капітальным рамонце і рэканструкцыі. І тут дарэчна заўважыць, што мы даводзім да ладу шматлікія ўстановы сферы гаспадарчым спосабам, што дае свае перавагі. Такім чынам, рамонт і рэканструкцыя адбываюцца за кошт сродкаў арганізацый, якія прымацаваныя да такіх аб’ектаў, альбо гэтым займаюцца прыватныя кампаніі, з якімі заключаюцца дагаворы на пэўныя віды работ. Такі падыход, які мы практыкуем ужо тры гады, дае істотную эканомію бюджэтных сродкаў. Без залішняй сціпласці назаву Гродзеншчыну наватарам па гэтым аспекце ў краіне.

— Пытанне па канкрэтнай установе: калі ўсё ж такі адновіць працу Музей Максіма Багдановіча ў Гродне, не так даўно рэарганізаваны ў літаратурны аддзел Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея?

— Яго “адкрыццё” крыху затрымалася з-за таго, што ідзе перадача фондаў з балансу адной установы на баланс іншай, узгадняецца апошняя дакументацыя. Музей зноў пачне прымаць наведвальнікаў — у самым крайнім выпадку — да канца лютага. Не хвалюйцеся, ні з будынкам музея нічога не здарыцца, ні з яго экспазіцыямі.

— На ваш погляд, што патрабуе асаблівай увагі, падыходу, грашовых укладанняў у сферы гродзенскай культуры?

— Мы ўсе трапятліва ставімся да спадчыны Гродна, на тэрыторыі якога знаходзіцца самая вялікая ў краіне колькасць гістарычных помнікаў, будынкаў. За іх станам неабходна пастаянна сачыць. А яшчэ наш гонар — замкі. Самі разумееце, якія патрэбныя сродкі, каб прывесці іх у парадак. Гэта першае. Другое — паляпшэнне матэрыяльнай базы нашых музычных школ, спецыялізаваных вучылішчаў. Скажам, прылады для іх мы хоць і купляем, абнаўляем, але прагрэс на месцы не стаіць, увесь час з’яўляецца нешта новае, таму хочацца за ўсім паспяваць... А для заапарка хочацца купіць слана, скончыць будаўніцтва акварыума.

Крыху статыстыкі

Установы культуры Гродна і Гродзенскай вобласці ў 2013 годзе атрымалі з бюджэту звыш 458,8 мільярда рублёў. У тым ліку на капітальны рамонт — 7,4 мільярда, на бягучы рамонт — 34,2, на набыццё асноўных сродкаў — 19 мільярдаў рублёў. За кошт абласной інвестыцыйнай праграмы на аб’екты культуры накіравана 190,9 мільярда. У тым ліку на капітальны рамонт і рэканструкцыю Абласной філармоніі — 80,5 мільярда, на будаўніцтва філіяла “Музей тэхнікі” Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея — 1,7 мільярда. Установамі ж культуры Гродна і вобласці атрымана пазабюджэтных сродкаў — 81,8 мільярда (прырост да 2012 года — 191,9%). У тым ліку ўласныя даходы Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра склалі 3,5 мільярда, Гродзенскага тэатра лялек — 1,4 мільярда, КУП “Гроднааблкінавідэапракат” — 29,2 мільярда.

Гатэль… «Гарадзенская абласная філармонія»

“Напэўна ж, не слаба”, — думаў я, асэнсоўваючы лічбу ў 80,5 мільярда бюджэтных рублёў, што былі выдзелены на капітальны рамонт і рэканструкцыю Гродзенскай абласной філармоніі. І пакуль яе будынак яшчэ даводзяць да ладу, я падняўся на трынаццаты паверх аднаго з гасцінічных комплексаў горада, дзе арандавалі нумары адміністрацыйныя службы філармоніі. Яе дырэктар Таццяна Уласенка і мастацкі кіраўнік Віктар Сакалоўскі з нецярпеннем чакаюць рэстарту, пра што яны мне і распавялі.

— Рамантуемся мы другі год, — кажа Таццяна Леанідаўна, — і цяпер вельмі жадаем, каб усё выйшла так, як задумвалася, калі мы прапрацоўвалі кожную дэтальку “новай” філармоніі, кожны яе квадратны метр, безбар’ернае асяроддзе і многае іншае. Шчыра кажучы, хочацца, каб філармонія адкрылася ўжо заўтра.

— Стаміліся чакаць артысты, — дапаўняе Віктар Іосіфавіч. — Сёння ў няпростых умовах працуюць аркестр, танцавальныя калектывы, замацаваныя хто дзе. На шчасце, нашы артысты з разуменнем ставяцца да сітуацыі, якая склалася, не наракаюць. Хоць, напэўна, маглі б прад’явіць нам прэтэнзіі, што мы не змаглі ім забяспечыць больш камфортныя, хай і часовыя, памяшканні для творчасці. Ёсць маса новых праектаў, задумак, прычым маштабных — аперэты, мюзіклы, але пакуль, скаваныя адсутнасцю роднай пляцоўкі, рэалізаваць іх мы не можам.

Але адсутнасць уласнага будынка не перашкодзіла філармоніі істотна папоўніць свой “кашалёк”. Пазабюджэтныя даходы склалі парадку 11 мільярдаў рублёў. Іх прынёс 421 канцэрт, які далі творчыя калектывы (пры плане 410 канцэртаў). (Цікавы факт: да 2012 года філармонія з’яўлялася стратнай, і вось гэта яе функцыянаванне ў спартанскіх умовах прывяло да таго, што… яна разлічылася "па рахунках" і стала зарабляць.) А бюджэтныя 2,5 мільярда рублёў былі выдаткаваныя на набыццё гукавога абсталявання, 400 мільёнаў рублёў — на сцэнічна-пастановачныя патрэбы.

Сярод першачарговых, не творчых, задач, якія стаяць перад філармоніяй, — абнаўленне яе транспартнага цэха. А мары творчыя — мець свой раяль “Steinway” (нядаўна пры дапамозе старшыні мясцовага аблвыканкама такі з’явіўся ў Брэсце) і арган. І месца для яго ў філармоніі прадугледжана. Наогул, “тэма” аргана ў Гродне, як я зразумеў, — трэндавая. Так, нядаўна з’явіўся электраарган у тамтэйшым Дзяржаўным музычным каледжы. І, як мне паведамлялі некаторыя мае суразмоўцы ў гэтыя камандзіровачныя дні, горад збіраецца прыдбаць яшчэ некалькі арганаў для іншых устаноў культуры.

І яшчэ пра мары. Таццяна Уласенка спадзяецца на базе Прадзюсарскага цэнтра філармоніі стварыць і Дзіцячую філармонію, арганізаваць міжнародны конкурс для інструменталістаў і вакалістаў з салідным прызавым грашовым фондам. Прычым узнагароджвацца на ім павінны не толькі выканаўцы, але і іх педагогі, якія далі сваім вучням пуцёўку ў свет музыкі!

100 гадоў кіно. У Гродне

Пра тое, што кінатэатр «Чырвоная зорка» — найстарэйшы ў горадзе над Нёманам, вядома многім. У верасні ён будзе ўрачыста адзначаць 100-годдзе! Яго дырэктар Жэні Баглык падзялілася такімі юбілейнымі планамі.

Для наведвальнікаў адкрыецца яшчэ адзін бар — начны, які стане працаваць ад 21-й вечара да 6-й раніцы. Рашэнне зразумелае: ужо цяпер барная выручка складае больш за 30 працэнтаў ад выручкі з сеансаў, а іх летась было больш за тры тысячы. Уласна, бары і сеансы — хлеб і відовішчы — і прыносяць тыя самыя пазабюджэтныя сродкі. Дырэктар кажа, што 3D-кінатэатр на 150 пасадачных месцаў сябе цалкам акупляе, чаму спрыяе актыўнасць кінаманаў: іх колькасць у параўнанні з 2012 годам павялічылася на 11%. А на тэрыторыі летняга кафэ, што прылягае да “…Зоркi”, размесціцца гульнявая дзіцячая пляцоўка.

Што да імпрэз: пройдзе першы фестываль «Музыка ў кіно», у рамках якога навучэнцы школ, каледжаў, ПТВ выканаюць уласныя версіі ўпадабаных музычных кінатвораў. Мастакі размесцяць у фае свае карціны, чые сюжэты будуць нейкім чынам звязаныя з кінатэатрам. Для гледачоў зладзяць сустрэчы з беларускімі рэжысёрамі і акцёрамі. Намечаны экскурсіі па кінатэатры…

Сярод доўгатэрміновых перспектыў Жэні Сцяпанаўна назвала ўзвядзенне прыбудовы да асноўнага гмаха, дзякуючы чаму, напрыклад, пашырыцца хол. А наверсе прыбудовы дырэктару хацелася б бачыць вялікі гадзіннік, які глядзеў бы з вышыні другога паверха на цэнтр горада, стаўшы, быць можа, яшчэ адным сімвалам Гродна.

І матылькі лятаюць...

На жаль, атрымаць асалоду ад выгод Гродзенскай выставачнай залы не ўдалося. Мая сустрэча з яе дырэктарам Ірынай Сільвановіч праходзіла ў… Абласным драматычным тэатры, дзе акурат і адбывалася цырымонія надання гораду статусу «Культурная сталіца Беларусі». Там жа экспанаваліся і творы з фондаў Выставачнай залы.

Гаворачы пра пазабюджэт, Ірына Сільвановіч назвала дзве асноўныя крыніцы яго паступлення: уваходныя квіткі (ад 6 да 10 тысяч рублёў) і гандаль карцінамі, сувенірнай прадукцыяй (а яшчэ Зала здае свае плошчы пад выстаўкі, не звязаныя з культурай, напрыклад, жывых трапічных матылькоў, “Футраманiю”). Колькі такім чынам зарабіла ўстанова, дырэктар палічыла за лепшае не казаць, абмежаваўшыся ёмістай фразай “мы задаволеныя, год быў у гэтым сэнсе нядрэнным”. Гэтыя сродкі пайшлі, апроч іншага, на рамонт памяшкання гаспадарчым спосабам, набыццё каляровага прынтара, манітора, мэблі.

Ганарыцца Ірына Яўгенаўна і тым, што пазабюджэтныя грошы дазваляюць утрымліваць кругласутачную ахову з трох чалавек. А вось бюджэтна прафінансавана Выставачная зала ў 2013-м была на 344 мільёны рублёў. Спадарыня Сільвановіч спадзяецца, што ў хуткай будучыні дзяржава дапаможа асігнаваннямі на ўсё неабходнае для арганізацыі экспазіцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама на гукаўзмацняльную апаратуру. Але галоўная з "мараў" дырэктара — рэканструкцыя і добраўпарадкаванне той часткі вуліцы, на якой размешчана Зала. Тут ужо толькі пазабюджэтнымі рублямі не абысціся...

Куды прыводзяць мары?

Ва ўстановах культуры Гродна працуюць рэалісты і, у той жа час, як і мы ўсе, летуценнікі. Пра што яны мараць у плане асабістым, я пытацца не стаў. А мары творчыя — пры ўсёй іх рознасці ў дэталях — у агульных рысах пра адно: жыла б культура родная, і не будзе іншых клопатаў. А для таго, каб жыць ёй стала яшчэ лепш, яшчэ, калі жадаеце, весялей, неабходныя істотныя дробязі: міжнародны пленэр мастакоў, здача ў тэрмін аб’екта, набыццё аргана, прыбудова з гадзіннікам, добраўпарадкаванне вуліцы... Няхай усе жаданні спраўдзяцца, бо гэта і нашы жаданні, згодны?..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"