Юрый КІТУРКА: “Лічбы гавораць самі за сябе”

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

Музеі заўжды былі і застаюцца шматфункцыянальнымі ўстановамі, таму 2007 год у нашай галіне быў насычаны мерапрыемствамі самага рознага зместу. Галоўным здабыткам музея з’яўляюцца яго калекцыі, іх якасны стан.

 /i/content/pi/cult/146/985/Kiturka1.jpg

На сённяшні дзень адзначаецца тэндэнцыя зніжэння паказчыкаў па камплектаванні фондаў. Калі ў 2005 годзе ў фонды музеяў вобласці паступіла 8012 прадметаў (4979 — асноўнага фонду), дык ужо ў 2006 годзе — 6830 прадметаў (4820 — асноўнага фонду ), а ў 2007 годзе — 6477 прадметаў (4425 — асноўнага фонду). Адна з галоўных прычын такога становішча крыецца ў хранічным недафінансаванні. Па-ранейшаму большасць прадметаў атрыманы музеямі ў дар. У асноўным гэта этнаграфічныя матэрыялы, друкаваныя выданні, асабістыя архівы славутых землякоў. Практычна не папаўняюцца калекцыі творамі сучаснага мастацтва, старадрукамі, зброяй і інш.
Праграма “Захаванне і развіццё культуры Гродзенскай вобласці на перыяд 2006 — 2010 гг.” прадугледжвае штогадовае выдзяленне сродкаў з мясцовых бюджэтаў на камплектаванне прадметаў музейнага значэння. У 2006 годзе абласное ўпраўленне культуры, аддзелы культуры райвыканкамаў выдаткавалі на гэтыя мэты 6 181,6 тыс. рублёў, а ў 2007 годзе — 14 277 тыс. рублёў. Па магчымасці, музеі выкарыстоўваюць грошы са спецрахунку. Так, у 2006 годзе дзесяць музеяў выдзелілі на закупку 2 502,9 тыс. руб., а ў 2007 — восем музеяў выдаткавалі са спецрахунку на камплектаванне фондаў 8 498 тыс. рублёў.
Паступова ідзе выкананне “Праграмы інфарматызацыі галіны культуры”. На працягу 2007 года тры музеі набылі ўлікова-фондавую праграму АМС-4 (Музей М.Багдановіча, Ваўкавыскі і Лідскі музеі).
Прафесіянальны ўзровень працы музея пацвярджаецца і тым, як у ім ставяцца да навукова-даследчай дзейнасці. Адзін з яе накірункаў — распрацоўка навуковай канцэпцыі музея і такіх яе складнікаў, як канцэпцыя камплектавання фондаў, навуковае праектаванне экспазіцый. У 2007 годзе актыўна вялася праца ў гэтым накірунку ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі, Мастоўскім, Слонімскім і Ашмянскім музеях.
Неапраўдана, амаль на дзесяцігоддзе, зацягнулася гэтая адказная справа ў Лідскім музеі, што выклікае сур’ёзную заклапочанасць творчым патэнцыялам яго навуковых супрацоўнікаў.
Нягледзячы на фінансавыя праблемы забеспячэння музейнай дзейнасці, у 2007 годзе завершана праца па стварэнні экспазіцыі ў Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі. Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей стварыў экспазіцыю “Яўрэйскае супраціўленне ў Навагрудку” ў былым бараку навагрудскага гета. Вядзецца капітальны рамонт будынка Ашмянскага краязнаўчага музея, завяршаюцца рамонтныя работы ў будынку ГДМГР, зроблены бягучы рамонт залы і набыта новае выставачнае абсталяванне ў Смаргонскім музеі, распрацоўваецца праект рэстаўрацыі палаца Старога замка — асноўнага музейнага аб’екта ў Гродне.
Аднак недахоп сродкаў стрымлівае рэалізацыю “Праграмы развіцця музейнай справы Рэспублікі Беларусь да 2010 года” на Гродзеншчыне. Не была прыстасавана пад экспазіцыю вежа Лідскага замка (2006 — 2007 гг.).
2008 год вызначаны ў Праграме як год завяршэння работ па стварэнні экспазіцый ГДМГР і Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея. Не за гарамі і 2010 год, калі павінны адчыніцца дзверы для наведвальнікаў пастаянных экспазіцый Лідскага гісторыка-мастацкага і Ашмянскага музеяў.
Апошняе магчыма толькі ў спрыяльных умовах: рэгулярнае фінансаванне работ на гэтых аб’ектах, інтэнсіўная і плённая праца калектываў навуковых супрацоўнікаў.
Музею, асабліва раённаму, які не можа разлічваць на значны турыстычны паток, неабходна пастаянна заваёўваць цікавасць да сябе мясцовага насельніцтва, таму ім патрэбна энергічная выставачная дзейнасць. Наведвальнікі музеяў нашай вобласці ў 2007 годзе змаглі ўбачыць 176 выставак.
Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей экспанаваў у сваіх выставачных залах 26 часовых выставак, арганізаваў 14 перасоўных выставак. Музей актыўна ўдзельнічае ў экспарце культуры Беларусі. Ужо не першы год працягваецца супрацоўніцтва з музеямі Польшчы і Літвы. У гэтым годзе сумесны выставачны праект у Музеі гісторыі горада Гданьска здзейснілі ГДГАМ і Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей, для апошняга гэта быў першы міжнародны праект.
Пастаянна імкнецца пашырыць тэматыку сваіх выставак ГДМГР (2007 г. — 21 выстаўка). Выставачная дзейнасць раённых музеяў робіцца больш відовішчнай дзякуючы супрацоўніцтву з абласнымі музеямі. На працягу 2007 г. ГДМГР прадстаўляў у раённых музеях 4 выстаўкі, ГДГАМ — 3 выстаўкі. Гудзевіцкі і Мастоўскі музеі абменьваюцца выстаўкамі з Ваўкавыскам. У Карэліцкім музеі прэзентаваў сваю фотавыстаўку Дом-музей А.Міцкевіча. Перасоўныя выстаўкі, якія ладзяць практычна ўсе музеі вобласці, экспанаваліся ў школах, на прадпрыемствах, ва ўстановах. На працягу 2007 г. музеямі дэманстравалася 71 перасоўная выстаўка.За 2007 г. выкананы планавыя паказчыкі па колькасці наведванняў, экскурсіях, лекцыях. Музеямі прынята 336 855 чалавек, што на 5 377 чалавек больш у параўнанні з 2006 годам. З іх каля 57,3% — навучэнцы і студэнты. Праведзена 7005 экскурсій, што на 635 экскурсій больш, чым у 2006 г. Прачытана 811 лекцый — на 60 лекцый больш, чым у 2006 годзе.
Таму перад музеямі заўжды востра стаіць пытанне пошуку наведвальніка. Неабходна пастаянна дбаць аб удасканаленні культурна-асветніцкай дзейнасці. Добра будзе, калі кожны музей, побач з традыцыйнымі формамі працы, знойдзе сваё адметнае мерапрыемства, якое, магчыма, зацікавіць не толькі мясцовых жыхароў.
Шмат працуе з дзіцячай аўдыторыяй Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. З мэтай пашырэння кола наведвальнікаў распрацавана і ўжо здзяйсняецца праграма “Музейныя гісторыі для самых маленькіх”, якая разлічана на выхаванцаў дзіцячых садкоў. Актыўна вядзецца абанементнае абслугоўванне школьнікаў. Адной з найбольш запатрабаваных праграм па-ранейшаму з’яўляецца праграма “Гродназнаўства”, у якой задзейнічаны вучні 2 — 5 класаў з сямі школ г. Гродна.
Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі вылучаецца сваёй дабрачыннай дзейнасцю, спецыяльнымі мерапрыемствамі для сацыяльна неабароненых груп насельніцтва.
Адзін з галоўных накірункаў працы Мастоўскага раённага музея “Лес і чалавек” — экалагічнае выхаванне. У 2007 г. музей упершыню правёў конкурс “Экалогія. Чалавек. Будучае”. Музей знайшоў зацікаўленых партнёраў сярод супрацоўнікаў аддзела адукацыі, інспекцыі прыродных рэсурсаў, лясніцтва, цэнтра рамёстваў і раённай бібліятэкі. Трэба спадзявацца, што конкурс стане традыцыйным, будзе пашыраць свае межы, спрыяць станаўленню экалагічна развітага пакалення.
Супрацоўніцтва з турыстычным агенцтвам “Святавіт” у рамках Нацыянальнай праграмы развіцця турызму і гарадскімі рыцарскімі клубамі дало магчымасць Лідскаму гісторыка-мастацкаму музею здзяйсняць у замку эфектныя і запамінальныя праекты: “Першы сямейны фотаздымак у замку”, “Старадаўніх муроў адраджэнне”.
Платнымі паслугамі музеі вобласці зарабілі 216 793,2 тыс. рублёў, што на 29 912 тыс. руб. больш, чым у 2006 годзе (ГДГАМ — 111 825,2 тыс. руб., Лідскі музей — 30 170 тыс. руб., Дом-музей А.Міцкевіча — 21 887,8 тыс. руб.). Не дасягнулі планавых паказчыкаў толькі Карэліцкі і Смаргонскі музеі.
Наперадзе — новыя задачы. На 2008 год вызначаны планы павелічэння платных паслуг і, адпаведна, пазабюджэтных паступленняў. Безумоўна, як заўжды, нас чакае карпатлівая штодзённая праца з калекцыямі, пошук новых форм працы з наведвальнікамі, навуковае праектаванне будучых музейных экспазіцый і выставак.
Хацелася б звярнуцца да Міністэрства культуры з просьбай аб аднаўленні працы такой метадычнай установы, якой была лабараторыя музейнага праектавання ў Інстытуце праблем культуры. На сённяшні дзень у нас адсутнічае цэнтр, дзе вялася б тэарэтычная праца па абагульненні вопыту музейнай дзейнасці на ўзроўні ўсёй краіны. Такі цэнтр неабходны, незалежна ад формы яго арганізацыі, для метадалагічна правільнай работы музейнай галіны. 

Юрый КІТУРКА,
дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага
гісторыка-археалагічнага музея