Апякунскія саветы ва ўстановах культуры: запатрабаваны альбо не?

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Тэма стварэння апякунскіх саветаў ва ўстановах сферы культуры, што была на слыху гады два — тры таму, апошнім часам перастала быць магістральнай. Разам з тым, дакладны парадак утварэння і функцыянавання апякунскіх саветаў дазваляе займець яго практычна любой установе. Калі алгарытм дзеянняў зразумелы, то чаму выбар прафесіяналаў галіны часта схіляецца да неафіцыйнага, але замацаванага гадамі партнёрства са спонсарамі, ды не да ўпарадкаванай формы? Урэшце, ёсць і адваротныя выпадкі: Клуб-музей Чэслава Немэна ў Старых Васілішках Шчучынскага раёна паводле рашэння райвыканкама ў хуткім часе зможа займець такі апякунскі орган. Аднак якая агульная тэндэнцыя развіцця названага кірунку дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва?

Вадзім ШЧЭРБІЧ, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

— Любая юрыдычная асоба можа сфармаваць апякунскі савет пры сваёй установе, абраць яго склад і вызначыць функцыі, замацаваўшы іх нарматыўна. Неабходнасць у такім савеце вызначае кіраўнік установы. Вядома, калі ён хоча мець падтрымку, узгодненыя перспектывы развіцця, — ён створыць апякунскі савет, які будзе абмяркоўваць стратэгічныя планы, вырашаць матэрыяльныя пытанні і іншае. Такая практыка досыць распаўсюджаная для нашых культурных устаноў. Лічу, што падобныя саветы патрэбны ўсім пры ўмове, што іх дзейнасць апраўдана.

Каб зразумець, патрэбны савет ці не, варта разглядаць дзейнасць установы ў дынаміцы. Бо апякунскі савет можна стварыць фармальна: ён будзе існаваць, збірацца раз на год, прагаворваць нейкія пытанні, але развіцця гэта не прынясе. А можна стварыць такі савет, што паўплывае на з’яўленне новых сур’ёзных праектаў і фінансавых інвестыцый. І толькі тады можна казаць, што ён працуе, а сабраць яго і распусціць — гэта проста.

Варта таксама разумець, што пры стварэнні падобнага органа для культурнага аб’екта трэба ўжываць розныя падыходы з улікам функцыянальных магчымасцей канкрэтнай установы. Музеі, якія змяшчаюць экспанаты сусветнага ўзроўню, і раённыя краязнаўчыя музеі прыцягваюць да сябе ўвагу адрознага кшталту.

Валерый ГЕДРОЙЦ, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета:

— Праца па стварэнні апякунскага савета для тэатра вялася: былі распрацаваны палажэнні, вызначаны склад, накіраваны дакументы ў розныя ўстановы і арганізацыіі… Аднак фармальна савета ў нас няма, але сродкі ёсць: вызначылася пэўнае кола спонсараў — арганізацый, банкаў, з якімі даўно супрацоўнічаем. Канешне, стварыць орган, адшукаць тых, хто будзе ў яго ўваходзіць, складана, бо выгады для іх не так і шмат.

Зразумела, вялікія грамадска-значныя праекты самастойнымі сіламі тэатр прафінансаваць не здольны: бюджэтныя сродкі, разлічаныя на пракат бягучага рэпертуару і арганізацыю планавых пастановак, не бясконцыя. Напрыклад, той жа Калядны оперны форум: каб запрасіць пэўныя замежныя спектаклі, стварыць для трупы, аркестра, хору адпаведныя ўмовы, неабходна важкая спонсарская падтрымка. Тое ж тычыцца і прэміі, заснаванай адным з банкаў і тэатрам, якую па выніках года атрымліваюць найлепшыя артысты.

Алена БАБЕНКА, дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея А.В. Суворава:

— Апякунскага савета ў музея няма, але ёсць сябры ўстановы і спонсары, хоць гэта не замацавана афіцыйна. Для ўстановы, канешне, стварыць такі савет было б вельмі добра, але ўнёсак членаў можа быць розным. Складана знайсці людзей, гатовых ісці на такога кшталту кантакты, бо гэта накладае шмат абавязкаў. Адна справа, калі ў спонсара ёсць магчымасць выбару (дапамагчы ці не) у нейкай канкрэтнай сітуацыі, а іншая — калі з’яўляецца неабходнасць рэгулярнай фінансавай і арганізацыйнай падтрымкі.

Пытанняў, якія дапамог бы вырашыць апякунскі савет, шмат. Да прыкладу, экспазіцыя музея зараз ствараецца наноў, і без дапамогі — цяжка. Але найпершая праблема, на вырашэнне якой ніколі не хапае фінансавых магчымасцей, — выдавецкая дзейнасць.

Святлана ПІНЧУК, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў культуры Светлагорскага раёна, дырэктар Гарадскога цэнтра культуры:

— Можна казаць, што неафіцыйны апякунскі савет для рэалізацыі буйных праектаў, якія патрэбны гораду, раёну, вобласці, у нас ёсць. Да прыкладу, праводзілі на Вадохрышча фестываль, у арганізацыі якога нас падтрымалі адміністрацыя горада, мясцовыя ўстановы і іншыя. Разам сабраліся, абмеркавалі ўсе пытанні, знайшлі сродкі і — свята адбылося. Усе падобныя акцыі рэалізуем шляхам калектыўнага абмеркавання паміж кіраўнікамі-калегамі. Гэта, лічу, добры прыклад супрацы і разумення надзённых праблем.

З іншага боку, хацелася б, каб у тым жа апякунскім савеце нехта выступаў у якасці мецэната, гатовага сур’ёзна падтрымаць культурную дзейнасць горада. Аднак, патрэбна чымсьці акрамя рэкламы прывабіць такога інвестара. Скажам, былі б тыя ж ільготы для членаў савета, тады б ахвотных стала значна больш. А так, вядома, патрэбны асабістыя кантакты, практыкуем таксама прыцягненне да ўдзелу кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, але разумеем, што ініцыятыва павінна зыходзіць ад нас.