Хуткасць тэатра

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Зіновій Марголін: абмен вопытам vs нацыянальны стыль
Зіновій Марголін — наш знакаміты тэатральны мастак, які займеў славу ў Расіі. Калі-нікалі, у тым ліку — з нагоды прэм’ер, у стварэнні якіх ён заняты (апошняя — “Пан Тадэвуш” купалаўцаў), наведвае радзіму. Днямі ён быў госцем нашай рэдакцыі.

/i/content/pi/cult/465/9836/6-1.jpg

— На вашу думку, ці ёсць у сусветнай сцэнаграфіі што-небудзь такое, чаго немагчыма ўявіць у сцэнаграфіі беларускай?

— Калі весці гаворку пра тэхналагічны аспект, дык у Беларусі ёсць усё. Можа чагосьці ў абласных тэатрах не стае. Найперш жа — бюджэту. Але, па меншай меры, два сталічныя тэатры — Вялікі ды Купалаўскі — у тэхналагічным сэнсе “ўзброеныя да зубоў”. Дэфіцыт заўжды ў іншым — у творчых ідэях. Калі ж ідэі ёсць — яны рэалізуюцца.

— Адкуль жа ідэям узяцца?

— З галавы. Галоўнае, каб не было ўнутранага ізаляцыянізму.

— Гэта калі мы нешта не ўспрымаем, бо яно не наша?

— Калі мы не хочам ведаць, што робіцца наўкол. Маўляў, усё гэта кепска — мы ж ведаем лепей! Гэта ўнутраны стан. Звонку ніхто не забараняе, чалавек сам сябе ізалюе ад свету. Інтэрнэт зрабіў свабодным кожнага чалавека, які ў любой кропцы зямнога шара можа атрымліваць якую заўгодна інфармацыю. Сам я 99 працэнтаў інфармацыі маю з Інтэрнэту. У мяне папросту няма ні сіл, ні магчымасцей ездзіць па свеце і ўсё, што мне цікава, глядзець. Калі ты разумееш, што з’яўляешся часткай нейкай глабальнай з’явы, сусветнага працэсу, дык гэта дае табе магчымасць успрымаць усё наўкол і вучыцца. Да гэтага я заклікаю ўсіх, хто мае дачыненне да тэатра. Увогуле — да мастацтва.

Так, ёсць беларуская сцэнаграфія, якая адрозніваецца, у прыватнасці, і ад расійскай, і ад літоўскай, якія я някепска ведаю. І яна ў сусветным працэсе не страчанае звяно і не адасобленае. Пры тым, што ў нас свая спецыфіка, нацыянальная самабытнасць. Яе трэба захаваць, але і ўзаемаўплываў баяцца не варта. Мы можам нешта дадаць у сусветны працэс.

Зноў скажу, што тэхналогія ў сцэнаграфіі — справа дзясятая, і гэта — не праблема. Паверце, названая сфера — не касмічная галіна, дзе пры адсутнасці нейкай шрубы нічога не паляціць.

— Вы разглядаеце засваенне сусветнага вопыту як абавязковую ўмову развіцця нацыянальнай школы?

— Так. Гэта прынцыпова. Без абмену вопытам сёння ў свеце ніхто плённа працаваць не можа. Да прыкладу, у галіне сцэнаграфіі дзейнічае сістэма майстар-класаў. Гаворка ідзе пра адмыслоўцаў, якія ездзяць па ўсім свеце. Можа, нават не пра перадачу вопыту гаворка ідзе, а пра іншае бачанне звыклых рэчаў. Гэта вельмі цікава: пабачыць сваё праз чужое. Гаворка не ідзе пра капіраванне, падладжванне. Проста свой погляд узбагачаецца чужымі назіраннямі.

— Аднак гісторыя мастацтва ведае творцаў, якія дзеля захавання ўнутранай гармоніі, інакш кажучы — сваёй унікальнасці, свядома абмяжоўвалі вонкавыя ўплывы…

— Універсалізацыя свету можа і не ўсім даспадобы, але гэта факт, які не абмінеш. Яна ў побыце: што ў Лондане, што ў Парыжы, што ў Вільнюсе ты сустрэнеш супермаркеты, крамы з аднымі і тымі ж назвамі. Інфармацыйныя камунікацыі — таксама ўніверсальныя. Праз усё гэта фарміруецца так званае сеткавае мысленне. Але ніхто ніколі не прымусіць мяне правесці лінію не так, як я яе адчуваю. Мастак — гэта ўвогуле чалавек, які робіць тое, што яму падабаецца. Калі ён робіць нешта іншае, дык губляе прафесіяналізм... Асабіста я магу сысці з праекта, калі ён мяне не задавальняе.

Няглядзячы на глабалізацыю, у сцэнаграфіі існуюць нацыянальныя школы. Ёсць выразная англійская сцэнаграфія, нямецкая. Ці ёсць амерыканская — гэта пытанне. Я мяркую, што яе няма. Расійская зараз у няўцямным стане. Там зараз нейкі пераходны перыяд, станаўленне і спроба знайсці сябе ў гэтай прасторы. Што датычыць Прыбалтыкі, дык як быў літоўскі тэатр брэндавым, так і застаўся. Я гэта магу сведчыць, бо часта там бываю.

А вось нацыянальнай школы оперы не існуе. Спевакі — так. Яны прадстаўляюць тую ці іншую школу, але і яны па ўсім свеце ездзяць. У тэатрах вялікіх гарадоў — набор спектакляў толькі міжнародны. У гэтай сферы няма нацыянальных школ, хіба што ёсць нацыянальная опера як жанр. А так — на парыжскіх афішах тыя ж прозвішчы, што і ў Лондане, Нью-Ёрку, Берліне. Рэпертуар славутых тэатраў фарміруюць, пераязджаючы з краіны ў краіну, знакамітыя інтэнданты оперных дамоў. Гэта прафесія ўжо стала міжнароднай. Але, зразумела, у Парыжы даводзіцца рабіць тое, што пасуе Парыжу. І ў іншых гарадах — таксама аналагічны прынцып.

Іншая справа — тэатр драматычны. Ён звязаны з зямлёй, з гісторыяй, з каранямі. І праз гэта драматычны тэатр — нацыянальны. І ягоная сцэнаграфія — таксама нацыянальная. Прынамсі, мусіць быць нацыянальнай… А вось як яно насамрэч, і якія ў гэтай галіне крытэрыі нацыянальнага — пытанне адкрытае. Творы Яўгена Чамадурава можна лічыць праявай беларускага стылю. Між тым, гэты мастак нарадзіўся ў Расіі, там жа прафесійную адукацыю атрымаў, працаваў у Сярэдняй Азіі, Маскве, Аргенціне, Румыніі. Касмапалітычны чыннік выяўлены ў творчасці гэтага народнага мастака Беларусі даволі выразна. Барыс Герлаван родам з Украіны, вучыўся спачатку ў Малдове, потым у Беларусі. У тэатры ён шмат да чаго даходзіў сваім розумам, але здолеў запоўніць сабою, лічы, усю прастору беларускай сцэнаграфіі. Доўгі час у яго папросту не было канкурэнтаў. Стылістыку Герлавана сёння я бачу шмат у якіх мастакоў, якія прайшлі ягоную школу. Фактычна, створаны ім стыль і лічыцца ў Беларусі нацыянальным.

А вось прыклад з расійскай рэчаіснасці. Літоўскі рэжысёр Рымас Тумінас сем гадоў працуе ў Маскве, узначальвае тэатр Вахтангава, дзе робіць абсалютна літоўскі тэатр. На сто працэнтаў літоўскі, паводле ўсіх чыннікаў! Расійскія акцёры, праўда, мастак — літовец. Ягоныя пастаноўкі выклікаюць захапленне, якое немагчыма ўявіць. Зараз гэта самы запатрабаваны тэатр у Маскве! Спачатку не прызнавалі, а цяпер — на руках носяць. Якой нацыянальнасці згаданая з’ява? Пэўная дэнацыяналізацыя драматычнага тэатра адбылася вельмі імкліва ў апошнія гады. Звязана гэта, на маю думку, з павелічэннем хуткасці абмену інфармацыяй. Я адчуваю гэта на сабе. Я вучыўся ў тыя гады, калі інфармацыя распаўсюджвалася вельмі марудна. Мы жылі ў даволі моцнай ізаляцыі, а цяпер, седзячы на лецішчы, праз Інтэрнэт маю сувязь з усім светам. І гэта адбіваецца на маёй рабоце!

— Але вам як чалавеку з Беларусі ўсё ж арыентавацца ў нашых рэаліях, у тым ліку — культурных, прасцей чым замежніку?

— Я ведаю гледача, для якога працую, ведаю гісторыю краіны і яе рэаліі. Там, дзе замежніку патрэбны тлумачэнні — мне ўсё зразумела. Я не губляю сувязі з Беларуссю і беларускім тэатрам. Дарэчы, у тым ліку дзякуючы і Суветнаму павуцінню. Маё разуменне краіны, так бы мовіць, аб’ёмнае. Таму нават устаноўкі дадзенага спектакля ў дадзеным тэатры мне цалкам зразумелыя.

Я гэта да таго, што ёсць сувязь з канкрэтным месцам, і яна даволі моцная. Ды ўсё ж не такая, як была трыццаць гадоў таму…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"