Дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра Кацярына Лабука адзначыла, што цягам стагоддзяў беларускі народ, у тым ліку і на Віцебшчыне, ствараў сваю самабытную культуру, значнай часткай якой з’яўляецца апрацоўка драўніны. Яскравым прыкладам выкарыстання гэтага рамяства, якое жыве і ў наш час, з’яўляецца народная студыя разьбы па дрэве “Адроў”.
Яна была створана ў 1985 годзе па ініцыятыве мастакоў горада Барань і з’яўляецца адной са старэйшых у Віцебскай вобласці. Асноўныя кірункі дзейнасці клуба: навучанне ўдзельнікаў студыі мастацкай апрацоўцы дрэва, папулярызацыя народнай творчасці сярод насельніцтва.
Цяпер кіраўнік студыі “Адроў” — Ігар Пахомчык, які не толькі вучыць маладых, але і сам стварае розныя вырабы: разьбярныя, такарныя, бандарныя. На кожную выстаўку, фестываль, конкурс майстар выстаўляе свае новыя работы. Ігар Сцяпанавіч працуе з рознай драўнінай у шэрагу тэхнік выканання і ў розных відах разьбы.
Пад час імпрэзы былі прадэманстраваны віды і прыёмы апрацоўкі драўніны. Гледачы ўбачылі тут вырабы з элементамі геаметрычнай, аб’ёмна-рэльефнай разьбы, аб’ёмнай пластыкі, выпальвання, бандарскай тэхнікі. А добры і вясёлы настрой надаў народны ансамбль народнай песні і музыкі “Выцінанка” з Аршанскага раёна.
Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці