Тут адзначаюцца юбілейныя даты знакамітых пісьменнікаў, музыкантаў, ладзяцца прэзентацыі кніг, творчыя вечарыны, ушаноўваецца памяць славутых землякоў. Такім чынам, пасяджэнні ў “Алімпе” з’яўляюцца своеасаблівым цэнтрам творчага супрацоўніцтва, духоўных стасункаў майстроў пяра, прадстаўнікоў тэатральнай і музычнай сцэны.
“Алімп” — дзейсная форма далучэння чытачоў да бібліятэкі, да багаццяў духоўнай культуры. У наш час выразна адчуваецца дэфіцыт жывых чалавечых зносін, культурная настальгія, таму асноўная мэта гасцёўні — садзейнічаць таму, каб чалавек не замыкаўся ў сабе, а імкнуўся да духоўнасці.
Гасцёўню прыдумала ранейшы дырэктар Цэнтральнай гарадской бібліятэкі Тамара Шахновіч. Пра тое, каб гасцям было ўтульна, клапацілася колішні загадчык аддзела абслугоўвання Мая Казека. Душой гасцінай і яе таленавітымі арганізатарамі былі колішнія дырэктар ЦРБ Людміла Лазоўская і загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі чытачоў Галіна Пенязь.
Яркімі, запамінальнымі, надзвычай цікавымі былі нядаўнія творчыя сустрэчы з беларускімі пісьменніцамі Наталляй Батраковай і Тамарай Лісіцкай. Хочацца прыгадаць і вечарыну-партрэт з удзелам прафесара, анколага-мамолага Леаніда Путырскага, пад час якой адбылася прэзентацыя яго кнігі-споведзі, кнігі-падручніка “Удар маланкі”. Літаратурна-музычная вечарына “Паэт. Акцёр. Спявак” аб’яднала аматараў творчасці Уладзіміра Высоцкага. Цікавая, эмацыянальная сустрэча “ Я вучань, я імкнуся разгадаць ...” з празаікам, паэтам, публіцыстам, дырэктарам Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё Навумам Гальпяровічам зацікавіла прыхільнікаў роднай літаратуры і мовы. Да Дня горада, напярэдадні абласнога свята рамёстваў “Слуцкія паясы”, прайшла літаратурна-музычная вечарына “Случчанка зладзіць зноў красейцы, каб ткаць златыя паясы”... А ў снежні 2013-га гасцёўня запрасіла на монаспектакль “Гімн таленту славутага паэта”, прысвечаны 215-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча.
Шчырыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць людзям, якія дапамагаюць у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў “Алімпа”: дырэктару школы мастацтваў Наталлі Сапелкінай, рэжысёрам Яўгену Сакольскаму, Алегу Пінчуку...
Час ідзе, а літаратурна-музычная гасцёўня “Алімп” па-ранейшаму застаецца тым аазісам духоўнасці, які так патрэбны людзям. Яе дзверы заўсёды будуць адкрыты для тых, хто імкнецца ўзбагаціцца і адпачыць духоўна, наталіцца прыгажосцю мастацкага слова.
Валянціна ЦЭГАЛКА, загадчык аддзела абслугоўвання Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі