Брэнд — "Каралеўскі"... сыр. А для душы?

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Дзяржаўна-прыватныя высновы без Зюзі Паазерскага / Акцыя "К": журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі
Сёння гаворка — пра Віцебшчыну, дакладней — пра Пастаўскі раён, знакаміты найперш Міжнародным фэстам «Звіняць цымбалы ды гармонік». Але ці ён адзін вызначае творчую брэндавасць раёна? Безумоўна, не. Таму мясцовай культуры мы вырашылі прысвяціць асобны артыкул. Хаця б з той нагоды, каб найбольш выразна акрэсліць мясцовыя (у тым ліку сельскія) сацыяльна-культурныя тэндэнцыі, асвятленню якіх іншым разам замінае неабходнасць падрабязна адлюстроўваць шчаслівыя перыпетыі згаданага фэсту…

/i/content/pi/cult/464/9831/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/464/9831/10-2.jpg

/i/content/pi/cult/464/9831/10-3.jpg

/i/content/pi/cult/464/9831/10-5.jpg

/i/content/pi/cult/464/9831/10-6.jpg

/i/content/pi/cult/464/9831/10-7.jpg

/i/content/pi/cult/464/9831/10-4.jpg

Аказалася, што тэндэнцыі тыя характэрныя для Віцебшчыны ў цэлым (пісалі пра гэта яшчэ летам): сельскае насельніцтва мігрыруе ў пошуках больш хлебных рабочых месц. На Пастаўшчыне, да прыкладу, надвячоркам збочылі з шашы ў бок вёскі Рэдута, хацелі адшукаць клуб ці бібліятэку, а ў выніку патрапілі ў «княства» цемры і сухога бадылля ці не ў чалавечы рост. І самі напалохаліся, і тых пенсіянераў спужалі, хто трэці сон бачыў. Але ці многа такіх засталося ў паўзабытай вёсцы?

"Горды не можа працаваць у культуры…"

У Камаі прыехалі позна. Вёска — даўно знаёмая. Касцёл абарончага тыпу, дзе служыў літаратар і святар Казімір Сваяк, маляўнічыя пейзажы і гасцінныя людзі — усё гэта час ад часу прымушае-прываблівае журналістаў «К» скіравацца ў чарговую камандзіроўку менавіта сюды. Асабіста мы былі ў Камаях апошнім разам, калі рыхтавалі матэрыял да Дня беларускага пісьменства, што праходзіў у Паставах. Таму клуб ды бібліятэку знайшлі адразу. Першы яшчэ быў на тэхнічным перапынку. У другую ж прабіраліся навобмацак праз цёмнае фае (яно ж — танцавальная зала). Гэткім жа няўпэўненым чынам шукалі бібліятэчны ўваход у Крэве. Справа зразумелая — рэжым эканоміі: мясцовыя ведаюць, як дабрацца да свету кніг не набіўшы гузакоў, а чужых тут і не чакаюць.

І ўсё ж дабраліся, бо не чужыя па сутнасці. Бібліятэкар Аліна Каравацкая, адарваўшыся ад камп'ютара, не магла стрымаць здзіўлення: «Што за новыя чытачы?» Мы супакоілі, маўляў, новых з нашым прыездам не будзе. А старых ва ўстанове — 350 чытачоў. Кніжны фонд — неблагі: ёсць з чаго выбраць нават на разборлівы густ. Але цягам гутаркі высветлілася, што вяскоўцам цяпер не да кніг. Мясцовы свінагадоўчы комплекс, па словах жыхароў, вынікамі працы не блішчыць, людзі, баючыся зацяжнога беспрацоўя, сутаргава шукаюць чарговае месцейка пад сонцам. А вось з дзятвой бібліятэкарка займаецца актыўна: у бібліятэцы дзейнічае экалагічны гурток «Расінка»… Ці не гадзіну чакалі адкрыцця СДК, чытачоў (ні дарослых, ні дзяцей) гэтым часам у бібліятэцы мы так і не пабачылі.

Дырэктар сельскага Дома культуры Галіна Бразюль прыйшла на працу ў атачэнні дзяўчат-школьніц з харэаграфічнага гуртка. Клубныя памяшканні імгненна напоўніліся музыкай, смехам, мітуснёй. Мы запыталіся ў Галіны Уладзіміраўны: «Чаго вам не хапае ў працы?» У адказ пачулі: «Не стае людзей у вёсцы!» Але цягам гаворкі высветлілася, што няма ў СДК камп’ютарнай тэхнікі: яе дырэктар прыносіць з дому. План па аказанні платных паслуг не выконваецца, бо пры яго складанні не ўлічваецца дэмаграфічная сітуацыя ў раёне. Апошняе анкетаванне сярод моладзі паказала, што юнакі і дзяўчаты жадаюць, каб пры СДК працавала кавярня… «Горды не можа працаваць у культуры», — падводзіць рысу Галіна Бразюль. Яна, відаць, мае права на такія высновы. Прыехала з Расіі і за 5 гадоў працы паспела зрабіць многае: папулярным стаў тэатральны калектыў, пашырылася экспазіцыя клубнага этнаграфічнага пакойчыка (праўда, збольшага за кошт узораў рускай культуры)… Але пры ўсеагульнай эканоміі вельмі цяжка знаходзіць паразуменне і з патэнцыйнымі спонсарамі, і з калегамі па сацыяльным клопаце. «Вось дыскатэкі спакваля выйшлі з моды, — скардзіцца Галіна Уладзіміраўна, — тым не менш, вы бачыце, гурткі працуюць, клуб не пустуе, але ніводзін мясцовы настаўнік на маёй памяці так сюды і не завітаў, каб пацікавіцца, як бавяць час вучні!» Што ні кажы, а заўвага слушная.

І апошнія змены, што ніяк не ўпрыгожваюць Камаі. Як нам сарамліва распавялі вяскоўцы, мясцовую сажалку ў скверы за касцёлам цягам гэтых гадоў засмецілі — давялося яе прыкапаць. Знік, натуральна, і масток-прыгажун. Мы здзівіліся: «Чаму ж за чысцінёй не сочыце?» «Сочым, — гэтак жа сарамліва запэўнілі тутэйшыя. — Святар, да прыкладу, штодня смецце ля касцёла прыбірае».

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Трошкі катэгарычна выказалася спадарыня Бразюль наконт таго, што гордаму ў культуры — не працаваць. Працуюць — гордыя, самадастатковыя, абароненыя ад любых сацыяльных ператрусаў верай у тое, што прыгажосць пераможа. Такіх называюць ідэалістамі. І як бы ні здзекавалася над вёскай дэмаграфія, колькасць такіх работнікаў культуры ў маштабах рэспублікі застаецца пакуль дастатковай для таго, каб супрацьстаяць халоднай бязлітаснай абыякавасці.

Дзівосы і будні "Старога млына"

Пастаўскі Дом рамёстваў — адзін з найбольш прадстаўнічых на Віцебшчыне. І патрэбы ў дадатковых памяшканнях не мае, бо, як вядома, размешчаны ў трохпавярховым будынку колішняга млына, што сам па сабе — адзін з архітэктурных брэндаў горада. А вось сам РДР — не менш салідны творчы брэнд. Не дзіва, што на экскурсіі сюды завітваюць не радзей, чым у мясцовы краязнаўчы музей.

Таццяна Петух, дырэктар РДР, пачынае гаворку з набалелага: установу чакае штатная рэарганізацыя. Нягледзячы на перажыванні, усе супрацоўнікі (а ў штаце ўсяго тры стаўкі метадыста-майстра) спадзяюцца толькі на лепшае.

Пастаўскаму Дому рамёстваў ёсць чым не толькі пахваліцца, але і ганарыцца. Ужо дваццаць гадоў на базе ўстановы працуе народны клуб “Майстры”. Вядзецца плённае супрацоўніцтва з рамеснікамі раёна. А гэта каля 80 чалавек! Вялікі працэнт іх, што вельмі важна, складае моладзь, якая працуе ў розных тэхніках, шукае свой адметны стыль. Яно і не выпадкова. Яшчэ з XVIII стагоддзя, часу росквіту мануфактур, на Пастаўшчыне пачалі актыўна развівацца рамёствы, у прыватнасці, ткацтва, шапавальства.

Перадаюць у РДР старадаўнія традыцыі і сёння. Толькі на шасцімесячныя курсы зараз ходзіць каля 90 чалавек. Палова з іх — мясцовыя дзеці, некаторым з якіх толькі споўнілася шэсць. І калі для дзяцей курсы абсалютна бясплатныя, то для дарослых маюць сімвалічны кошт — 40 тысяч рублёў у месяц. На жаль, на курсы ў РДР не прыязджаюць дзеці з вёсак — найперш з-за транспартнага пытання. Але Таццяна Петух знайшла выйсце і з гэтай сітуацыі, арганізаваўшы майстар-класы для дзяцей, што адпачываюць у летніках. Школьнікі арганізавана па некалькі разоў за лета прыязджаюць на заняткі па кераміцы, саломкапляценні, выцінанцы.

І не толькі. Новым кірункам працы РДР стаў выраб народнай традыцыйнай цацкі. Па словах Таццяны Петух, пад час стварэння цацак увага надаецца вывучэнню адметнасцей строяў. Аказваецца, за гадзіну можна растлумачыць сутнасць працэсу вырабу лялькі і прыкладна за тую ж гадзіну з лішкам зрабіць адметную цацку сваімі рукамі.

А таму пасля курсаў выяўляецца тэндэнцыя — многія дзеці жадаюць звязаць прафесійную дзейнасць з рамяством. Спыняе падобны парыў толькі адно — фінансавы бок такой дзейнасці. Далёка не кожны пагодзіцца на заробак метадыста-майстра ў РДР. Магчыма, выйсце з такой сітуацыі — папаўненне сямейнага бюджэту за кошт продажу сувеніраў? Таццяна Петух пагаджаецца з такой думкай, але дадае: продаж можа быць толькі тады, калі ёсць масавы турыст і маецца попыт на гэтыя вырабы. Па назіраннях дырэктара РДР, з кожным годам скарачаецца колькасць турыстаў, а адпаведна падаюць аб’ёмы продажу сувенірнай прадукцыі. У гэтым плане кіраўнік установы звязвае спадзяванні з адкрыццём музея ў мясцовым палацы Тызенгаўза. Так, у будучым разглядаецца магчымасць працы майстроў ля сцен гэтага архітэктурнага помніка.

У час экскурсіі па Доме рамёстваў пазнаёміліся мы не толькі з творамі, але і з іх аўтарамі. Да прыкладу, майстар-метадыст РДР Жанна Глабенка (таксама з Расіі) габеленамі займаецца 30 гадоў. Любіць жывапіс Гаўрылы Вашчанкі, таму на творах яе таксама рвуцца ў шчаслівы палёт беларускія жыццядайныя буслы…

Напрыканцы нашай гаворкі з дырэктарам РДР неяк адначасова прыйшлі да высновы: мо перспектыва дамоў рамёстваў у тым, каб пашырыць уплыў на, скажам, працоўнае навучанне вучняў сярэдніх школ? Сапраўды, няблага было б, каб і на ўроках працы дзеці атрымлівалі азы пляцення, вышыўкі, разьбы і ганчарства. Таццяна Петух была засумнявалася, маўляў, для паяднання сіл работнікаў культуры і адукацыі патрэбна, як мінімум, дзяржпраграма па этнавыхаванні. Хто ж супраць, калі ўрэшце звернуць увагу на больш сістэмнае эстэтычнае навучанне, але ніхто не адмяняў і індывідуальныя аўтарскія вучэбныя планы, якія зацвярджаюцца на ўзроўні раённага аддзела адукацыі. А для таго, каб такі план з’явіўся, варта вызначыцца, хто да каго першы пойдзе: народны рамеснік ад культуры да настаўніка працы ці наадварот?

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Прыцягненне ва ўстановы культуры, і асабліва сельскія, дзяцей — справа, без сумнення, вельмі важная і патрэбная. Больш за тое, часцяком на месцах атрымліваецца сітуацыя, калі дзеці, у тым ліку і старшакласнікі, з захапленнем жадаюць займацца народнымі рамёствамі, традыцыйнымі спевамі, але не могуць. І прычына тут не адна. Не буду гэтым разам казаць пра арганізацыйныя (узаемадзеянне школы і ўстаноў культуры), а спынюся на ментальных, псіхалагічных. Прыгадваецца адзін эпізод з дзейнасці сельскага дома культуры, калі сямікласнік са слязьмі сыходзіў з узорнага народнага калектыву, бо ў школе з яго народніцтва смяяліся аднакласнікі. Як перамагчы такое стаўленне? Пытанне адкрытае.

“...Прыязджайце ў Паставы!»

Мы пагулялі па Паставах. І недарэмна: купілі смачнага мясцовага сыру «Каралеўскі», якога ў Мінску днём з агнём не сустрэнеш. І дзеля гэтага таксама варта прыязджаць час ад часу ў Паставы… А рэкламны заклік, вынесены ў загаловак, мы ўбачылі ў адной з прыватных крам, размешчанай у гістарычным цэнтры мястэчка, цалкам ён гучыць наступным чынам: “Што вам вільні і варшавы, прыязджайце ў Паставы!”. Адзін з аддзелаў той крамы — сувенірны. А напаўненне яго таварамі не звязана з дзейнасцю «Старога млына». Маладзенькая прадаўшчыца, ветліва пасміхаючыся, давяла, што яны з маці — самі з вусамі: «Мама вырабляе сувеніры, а я — прадаю!» Трэба сказаць, асартымент у сувенірным аддзеле — багаты, а тавары разбіраюць з ахвотай, асабліва ў час фэсту. Дарэчы, рэкламы «Старога млына» па горадзе так і не заўважылі. Дарэмна, бо гаворка — пра канкурэнцыю. А выснова — не суцяшальная: прыватнікі крэатывяць у піяры, «дзяржаўнікі», не маючы матэрыяльнай зацікаўленасці, — піярыцца не спяшаюцца.

Аднак такі расклад ніяк не азначае, што мясцовыя ўлады не жадаюць адладзіць механізм дзяржаўна-прыватнага стасункавання дзеля агульнай эканамічнай карысці. Даведаўшыся, што мы, журналісты, знаходзімся ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, старшыня Пастаўскага райвыканкама Віктар Гутараў сам завітаў да нас і не пашкадаваў часу для грунтоўнай гаворкі.

Вось, у прыватнасці, на чым расстаўляў акцэнты неабыякавы кіраўнік раёна:

— Выпадак з праектам “Зюзя Паазерскі”, калі яго кіраўнік (дарэчы, колішні дырэктар мясцовага Дома культуры. — Рэд.) вырашыў пераарыентаваць сваю дзейнасць, пазбавіўшы тым самым Пастаўшчыну адметнага брэнда, наводзіць на думку, што пакуль не заўжды можна аддаваць усе цікавыя праекты ў прыватныя рукі. Тым больш, калі маем сваіх добрых спецыялістаў у сферы культуры...

Вялікіх дывідэндаў чакаем ад дзейнасці музея ў палацы Тызенгаўза. Пакуль жа большасць унікальных прадметаў, якія распавядаюць пра нашу культуру і традыцыі, не даступныя для прагляду шырокай грамадскасці. Толькі ў запасніках знаходзіцца каля васьмі тысяч музейных прадметаў! Спадзяёмся на прыцягненне турыстаў і з нагоды актыўнага выкарыстання ў сценах музея тэмы Першай сусветнай вайны. А ваенныя пахаванні розных часоў, помнікі некалькіх войнаў? Гэта тыя моманты, на якіх мы пакуль слаба акцэнтуем увагу ў турыстычнай інфраструктуры...

У нас павінны быць брэнды, якія здолеюць прыцягваць натоўпы турыстаў, у тым ліку замежных. Пад гэта трэба падцягваць і ўсю сацыяльную сферу: гасцініцы, рэстараны, добраўпарадкаваць існуючыя і адкрываць новыя месцы баўлення вольнага часу. У Паставах ёсць за што зачапіцца, але на ўсё, вядома ж, патрэбны час. Так, неўзабаве ў Паставах распачне працу 3D-кінатэатр. На чарзе і фармат 5D. Ведаю асабіста, многім турыстам, што адпачываюць на Нарачы, няма чым заняць свой вольны час. Чаму б ім не з’ездзіць у Паставы? Спадзяюся, сёлета пытанне стане рытарычным...

Мы пагадзіліся з такім бачаннем будучыні раёна і скіраваліся да апошняга з запланаваных аб’ектаў горада — Палаца Тызенгаўзаў, які цягам апошняга года зазнаў шмат змен і займеў багата цікавостак. Пра іх — у наступных нумарах “К”.

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Мы разумеем, якіх высілкаў каштуе праводзіць у Паставах брэндавы міжнародны фестываль, колькі намаганняў трэба для таго, каб райцэнтр выглядаў годна ды па-заходняму добраўпарадкавана і каб у крамах прадаваліся мясцовыя брэндавыя тавары харчавання… Мы — ідэалісты і верым, што беларускі Паазёрны край стане выбітным не толькі шыкоўнымі райцэнтрамі, дзе дбаюць пра захаванне спадчыны, але і прыазёрнымі вёскамі, дзе запануе не беспрацоўе, а дух творчага самавыяўлення.

На здымках: дырэктар Пастаўскага раённага Дома рамёстваў Таццяна Петух; "У нашай краме сувеніры на любы густ!"; касцёл абарончага тыпу ў Камаях; дырэктар Камайскага СДК Галіна Бразюль; рэпетыцыя харэаграфічнага гуртка ў Камаях; закінутая хата ў амаль закінутай Рэдуце; Габеленшчыца Жанна Глабенка.

 

Чытайце папярэднія матэрыялы з гэтага аўтатуру па Гродзеншчыне, Віцебшчыне і Міншчыне:

Усюдыісны музейны воўк. Ці ёсць варыянты?

Крэўскі друз — на сувеніры?

Ці застанецца Насця ў вёсцы?

Чытайце ранейшыя аўтападарожжы журналістаў "К":

Магілёўшчына і Гомельшчына;

Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына;

Віцебшчына, Магілёўшчына.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"