Фатограф з Косава

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Юзаф Шыманчык: проза і хараство на здымках Беларусі
Сярод тых, хто пакінуў вялікую беларускую фатаграфічную спадчыну першай паловы ХХ стагоддзя, быў беларускі майстар з Косава Юзаф Шыманчык (1909 — 2003). У 1990-х гадах я перапісваўся з ім. А жыў тады ў дачкі — у польскай Лодзі. Спадар Шыманчык заўсёды быў рады маім лістам і выданням, якія я яму дасылаў. У знак падзякі ён кожны раз высылаў мне свае здымкі Слоніма 1940-х, а таксама кадры беларускага Палесся. Гляджу на іх сёння і не магу нарадавацца, якія яны ўнікальныя, рэдкія, якасныя, цікавыя…

/i/content/pi/cult/464/9830/15-1.jpg

/i/content/pi/cult/464/9830/15-2.jpg

/i/content/pi/cult/464/9830/15-3.jpg /i/content/pi/cult/464/9830/15-4.jpg

/i/content/pi/cult/464/9830/15-5.jpg

/i/content/pi/cult/464/9830/15-6.jpg /i/content/pi/cult/464/9830/15-7.jpg

...Будучы 14-гадовым хлопчыкам, Юзік упершыню выпадкова пазнаёміўся з фотаапаратам. Захапленне тэхнікай і фотамастацтвам змяніла яго жыццё. Пачынаў юнак як самавук. Але з часам набыў прафесійнае майстэрства і заснаваў сваё фотаатэлье — спачатку ў родным Косаве, потым у Слоніме, а пасля 1945 года ў Польшчы ў Кутне.

Захоплены ідэяй Яна Булгака, які быў прыхільнікам фатаграфавання Бацькаўшчыны, ён з рэпарцёрскім запалам дакументаваў Беларусь — здымаў беларускае Палессе, азёры Белае і Спораўскае, Косава, вёску Пескі (цяпер Бярозаўскі раён), Слонім, Пінск, сялян, рабочых, сцэны побыту сельскіх жыхароў, іх цяжкую працу і г.д. Захавалася каля 400 этнаграфічных і дакументальных здымкаў з Палесся. 50 фота ў Юзафа Шыманчыка набыў у 1990-х Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Фатограф падараваў музею і адзін са сваіх фотаальбомаў.

Пасля вайны Юзаф Шыманчык некалькі разоў наведваў Беларусь. У 1999 годзе ён прыязджаў сюды разам са здымачнай групай Варшаўскага тэлебачання. На Косаўшчыне, у Слоніме і ў іншых мясцінах, дзе калісьці жыў спадар Шыманчык, здымалі пра яго дакументальны фільм “Фатограф Палесся”. Мастак фатаграфіі наведаў мясціны свайго маленства і юнацтва, ён нават змог сустрэцца з героямі сваіх кадраў, якія яшчэ жылі і нават памяталі, як ён іх фатаграфаваў. Пазней гэты фільм музею ў Бярозе падаравала дачка творцы Ірэна Даманьска.

Дарэчы, спадарыня Ірэна, якая цяпер жыве ў Лодзі, у 2012 годзе ў Варшаве ў галерэі “Вазоўня” наладзіла выстаўку, прысвечаную бацьку, што мела назву “Юзаф Шыманчык: паміж фатаграфіяй побытавай і “айчыннай фатаграфіяй”. Наведвальнікі паказу і крытыкі адзначалі, што аўтар здымкаў 30-х гадоў ХХ стагоддзя не толькі фіксаваў прыгажосць тых месцаў, дзе бываў, але паказаў таксама прозу жыцця, часта — вельмі беднага. Працы Шыманчыка сёння з’яўляюцца доказам таго, што ў гісторыі беларускай і польскай фатаграфіі 1930-х мы павінны з роўнай сілай улічыць вартасць сацыяльнай фатаграфіі як плыні піктарыялізму. Фатаграфіі Шыманчыка, пісала польская прэса, апрача прыгажосці краявіду і характэрных чалавечых тыпаў, паказваюць таксама цяжкае жыццё, бяду палескай вёскі…

Да вайны Юзаф Шыманчык пазнаёміўся з Аленай Ласько, якая была родам таксама з Косава і працавала швачкай. Яны ажаніліся і яшчэ ў пачатку Другой сусветнай вайны пераехалі ў Слонім... Там аднойчы адбываўся мітынг, на гоман якога выйшла на балкон і Алена. Ды трэба ж было здарыцца бядзе: балкон абрынуўся. Так загінула цяжарная жонка, чыю смерць Юзаф моцна перажываў.

А ў ліпені 1944 года, калі немцаў выбілі cа Слоніма, ад выбуху гранаты фотамайстэрня Шыманчыка ды амаль усё яе начынне згарэла. Выратаваць Юзафу ўдалося хіба што некаторыя здымкі і негатывы, якія знаходзіліся ў падвале...

Пасля вайны, ужо ў 1945-м, Шыманчык выправіўся жыць у Польшчу, дзе яшчэ сорак гадоў працаваў фатографам у мястэчку Кутна. З выхадам на пенсію, у 1985-м, ён пераехаў у Лодзь. Усё, што сфатаграфаваў і пакінуў беларусам і палякам Юзаф Шыманчык у першай палове ХХ стагоддзя, яшчэ па вартасці не ацэнена спецыялістамі-этнографамі і гісторыкамі. А можа я памыляюся? Бо яго фотаздымкі ўжо набылі музеі і бібліятэкі Мінска, Вільні, Бярозы, Слоніма, Пінска, Пружан, Варшавы, Кракава, Беластока і іншых гарадоў. Яго працы сёння выклікаюць жывы інтарэс ва ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны і хто неабыякавы да яе.

Сяргей ЧЫГРЫН, краязнаўца, журналіст

Слонім

На здымках: Юзаф Шыманчык у Вільні, 1930-я гг.; Косава, вуліца Касцюшкі, 1930-я гг.; У царкве, 1930-я гг.; На шпацыры ў Косаве. Крайні злева — Шыманчык, 1930-я гг.; У палескай хаце, 1930-я гг.; Залёты. Палессе, 1937 г.; Касцёл Святога Андрэя ў Слоніме, пачатак 1940-х г.