Мікалай ШАЎЦОЎ: “У нас адны клопаты і задачы”

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

У дакладзе міністра культуры, выступленнях удзельнікаў калегіі падведзены вынікі 2007 года, вызначаны асноўныя накірункі дзейнасці на бліжэйшую перспектыву. З задавальненнем адзначу, што 2007 год быў годам сумеснай канструктыўнай працы па выкананні Тарыфнага пагаднення паміж Міністэрствам культуры і Цэнтральным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры на 2006 — 2009 гг.

 /i/content/pi/cult/146/983/4.jpg

Хачу выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву Міністэрства культуры, начальнікам упраўленняў культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама за іх актыўную працу па развіцці і ўмацаванні сацыяльнага партнёрства.
Летась сумесна і больш прадметна працавала значная колькасць прафсаюзных камітэтаў усіх узроўняў з упраўленнямі і аддзеламі культуры. 2007 г. для прафсаюза работнікаў культуры стаў годам значнага росту колькасці членаў прафсаюза. Упершыню за ўсю гісторыю нашага прафсаюза мы пераадолелі стотысячную мяжу, вырасшы за перыяд пасля з’езда амаль на 15 тысяч чалавек.
2007 г. быў годам правядзення V (нечарговага) з’езда, на якім быў прыняты Статут і прааналізавана праца за прайшоўшы перыяд.
У 2007 годзе ЦК працягваў працу па заахвочванні лепшых прафсаюзных актывістаў і сацыяльных партнёраў сферы культуры і мастацтва рэспублікі.
Узнагароджана 125 чалавек.
79 работнікаў культуры ўдастоены вышэйшай узнагароды — Ганаровага знака Беларускага прафсаюза работнікаў культуры з уручэннем каштоўных падарункаў.
У цэлым за апошнія два гады Прэзідыумам ЦК былі ўзнагароджаны 387 работнікаў культуры. І гэта без уліку ўзнагарод абкамаў і Мінскага гаркама. Мы і надалей будзем годна ацэньваць ваш унёсак у развіццё культуры і мастацтва нашай краіны, укараняць новыя формы маральнага і матэрыяльнага заахвочвання.
Так, у канцы 2007 г. ЦК прыняў пастанову аб заснаванні прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў сферы культуры і мастацтва, а таксама было распрацавана і зацверджана Палажэнне аб прысуджэнні прэміі па выніках года.
На мой погляд, трэба, пачынаючы з 2009 г., перад выніковай калегіяй вызначаць лаўрэатаў прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры і ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаць гэтыя ўзнагароды па сумесным прадстаўленні ўпраўленняў культуры і абкамаў прафсаюза работнікаў культуры.
2007 быў годам нашай сумеснай дзейнасці па актывізацыі спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай працы.
Праведзеная Рэспубліканская спартакіяда сведчыць аб тым, што сумесна мы можам зрабіць значна больш. Хіба 2-3 гады таму Міністэрства культуры магло разлічваць на нас і на нашу прафсаюзную падтрымку? Сёння ж гэтыя і іншыя сумесныя мерапрыемствы становяцца для нас абавязковымі. Іншая справа, што гэтую працу мы павінны зрабіць больш сістэмнай і паслядоўнай. Каб не атрымалася, як летась, калі не паспелі паўсюдна правесці абласныя спартакіяды, а ўжо трэба было праводзіць рэспубліканскую.
Надышоў час Прэзідыуму Цэнтральнага камітэта і калегіі Міністэрства культуры пашырыць практыку прыняцця сумесных пастаноў, каб пазбегнуць дубліравання і паралелізму ў працы.
На пасяджэнні Прэзідыума ЦК прафсаюза работнікаў культуры разгледжаны і ўзгоднены праект Пастановы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку правядзення спаборніцтваў за высокія паказчыкі па эканоміі рэсурсаў сярод арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, упраўленняў культуры абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, аддзелаў культуры раённых (гарадскіх) выканаўчых камітэтаў, арганізацый культуры, падпарадкаваных мясцовым выканаўчым і распарадчым органам адпаведнай вобласці, г. Мінска”, на падставе якога на калегіі Міністэрства культуры РБ сумесна з ЦК у лютым 2008 г. будуць падведзены вынікі і вызначаны пераможцы спаборніцтваў па эканоміі рэсурсаў у 5 намінацыях. Пераможцы спаборніцтваў у кожнай намінацыі будуць узнагароджвацца дыпломамі Міністэрства культуры РБ і Ганаровымі граматамі ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў культуры (з адпаведнымі ўзнагароджаннямі). Таксама ў сакавіку 2008 г. на калегіі Міністэрства культуры сумесна з Прэзідыумам ЦК БПРК будуць падведзены вынікі агляду-конкурсу за 2007 г. на лепшую арганізацыю па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму, прысуджана званне “Пераможца агляду-конкурсу” з уручэннем дыплома і адпаведнага ўзнагароджання.
Закранаючы гэтае пытанне, трэба падкрэсліць, што праведзеныя тэхнічным інспектарам працы ЦК і Міністэрствам культуры праверкі па пытаннях выканання норм і правілаў аховы працы паказалі як пазітыўныя, так і негатыўныя аспекты стану аховы працы. Толькі летась тэхнічным інспектарам выдадзена 82 прадстаўленні з указаннем тэрмінаў ліквідацыі недахопаў.
У 2007 г. адбыўся адзін няшчасны выпадак з цяжкім вынікам (у 2005 — са смяротным). І хаця ў 2007 г. работа ў дадзеным накірунку актывізавалася, аслабляць яе мы не павінны. І, канешне ж, вялікую ролю ва ўзмацненні гэтай працы сыграе прынятая сумесная пастанова па пытаннях аховы працы.
Паважаныя таварышы! 2007 г. стаў годам завяршэння працы ў ЦК па фарміраванні прававой інспекцыі працы.
У дадзены час ва ўсіх без выключэння абкамах, Мінскім гаркаме маюцца штатныя работнікі-юрысты. А яшчэ нядаўна толькі ў апараце Рэспубліканскага камітэта была пасада юрысконсульта на 0,5 стаўкі.
Пра якую працу, пра якую дапамогу магла ісці размова?!
Сёння ж сітуацыя зусім іншая.
Прававыя інспектары працуюць на месцах, аказваюць юрыдычную дапамогу. Толькі за 2007 год прававой інспекцыяй працы праверана 114 арганізацый культуры і выяўлена 295 парушэнняў заканадаўства аб працы.
Значная частка выяўленых парушэнняў звязана з парадкам прыёму, пераводу і звальнення работнікаў, парушэння патрабаванняў заканадаўства пры прадастаўленні работнікам працоўных адпачынкаў і выплаце адпускных. Не захоўваецца парадак прымянення дысцыплінарных спагнанняў і прыцягнення да матэрыяльнай адказнасці, парушаюцца ўмовы аплаты працы, рэжыму працоўнага часу. У многіх арганізацыях няма дакладна адпрацаванай нарматыўнай дакументацыі. Калектыўныя дагаворы не заўсёды ўключаюць нормы, прадугледжаныя Генеральным, Тарыфным і мясцовымі пагадненнямі, а таксама паляпшаючыя становішча работнікаў у параўнанні з заканадаўствам. Не заўсёды калектыўныя дагаворы своечасова рэгіструюцца ў выканаўчых камітэтах. Часта адсутнічаюць Правілы ўнутранага працоўнага распарадку, лакальныя нарматыўныя прававыя акты не адпавядаюць нормам працоўнага заканадаўства і ўшчамляюць правы і законныя інтарэсы работнікаў.
У многіх арганізацыях не створаны камісіі па працоўных спрэчках.
Мы павінны наладзіць канструктыўную працу ўсіх: Міністэрства, прафсаюза і парламенцкай камісіі.
Ну нельга ж пагадзіцца з тым, што на працягу года ні на адно пасяджэнне парламенцкай камісіі, ні на адно пасяджэнне працоўных груп не запрашаецца старшыня ЦК прафсаюза. Няўжо гэта нармальна?
А чаму зараз нам не накіроўваюцца для абмеркавання праекты законаў і нарматыўныя акты? Часам у Парламенце наракаюць: нам паступаюць “сырыя” законы. Вось і неабходна накіроўваць праекты законаў на месцы людзям, якія ведаюць аб стане спраў у дадзенай галіне, сумесна дапрацоўваць праекты законаў.
А чаму б у парадку заканадаўчай ініцыятывы камусьці з дэпутатаў самому не ўнесці праект закону?
Відаць, менш было б сёння няўвязак і недапасаванняў, калі б пры ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь вялася старанная прапрацоўка закону да яго прыняцця.
Паважаныя таварышы! Улічваючы тое, што 21 лютага гэтага года на чарговым Пленуме ЦК будзе разгледжана пытанне “Аб ходзе выканання Тарыфнага пагаднення паміж Міністэрствам культуры і Беларускім прафсаюзам работнікаў культуры”, дзе з дакладамі выступяць старшыня Прэзідыума ЦК і міністр культуры, і гэты Пленум будзе праходзіць з удзелам начальнікаў упраўленняў культуры і іншых сацыяльных партнёраў, я не стану кранацца пытанняў калектыўна-дагаворных адносін.
Хачу толькі заўважыць, што калектыўна-дагаворная праца паднялася на больш якасны ўзровень. Толькі за апошнія два гады колькасць калектыўных дагавораў павялічылася амаль у два разы.
Карыстаючыся прадастаўленай магчымасцю, дазвольце звярнуць вашу ўвагу на пытанні выдзялення пуцёвак на аздараўленне ў санаторыі, што належаць ФПБ. З 2008 года зніжаецца — круглагадова — кошт пуцёвак на 15% для членаў прафсаюза ў нашых здраўніцах. Старшыні абкамаў прафсаюза работнікаў культуры прадстаўляюць нам звесткі аб адпачынку ў разрэзе санаторыяў і ў вызначаныя тэрміны. Прашу, не адкладваючы на потым, загадзя спланаваць адпачынкі.
Паважаныя таварышы! Дазвольце ў заключэнне яшчэ раз сказаць вам дзякуй за актыўную сумесную працу. 

Мікалай ШАЎЦОЎ,
старшыня Цэнтральнага камітэта
Беларускага прафсаюза работнікаў культуры

19