Скажы мне свой дэвіз...

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Энцыклапедычна
Найважнейшымі атрыбутамі сучасных дзяржаў з’яўляюцца сцяг, герб, гімн. А ў многіх — яшчэ і дэвіз. Наш пазаштатны аўтар працягвае сваё даследаванне падобных выслоўяў у розных краінах свету. Нагадаем, не так даўно, у кастрычніку, праблема новага нацыянальнага слогана была ўзнята і на высокім дзяржаўным узроўні ў Беларусі.

/i/content/pi/cult/464/9829/14-4.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у № 2.)

Паводле адной версіі дэвіз “Пролетарии всех стран, соединяйтесь!” быў афіцыйным у КНР пад час праўлення Мао Цзэдуна. Па іншай, быў (і застаецца) дэвізам толькі Камуністычнай партыі Кітая. На сёняшні дзень ні ў Расіі, ні ў Кітая афіцыйнага дэвізу няма, але абмеркаванні ідэі таго, якія выслоўі маглі б стаць афіцыйным дэвізам у гэтых краінах, працягваецца...

Паводле шэрагу энцыклапедычных даведнікаў Беларусь сёння мае толькі неафіцыйныя варыянты дэвізаў, а афіцыйнага ў нас таксама няма. У пошуках яго знаходзяцца такія краіны, як Італія (раней: “Мы звязаны Канстытуцыяй і рэлігіяй”), Румынія (раней: “Нічога без Бога”, “Усе разам!”); Аўстрыя (раней: “Лёс Аўстрыі — правіць Сусветам”, “Аўстрыя знікне апошняй!”, у часы Аўстра-Венгерскай імперыі — “Непадзельна і непарыўна”) ды шэраг іншых краін.

У ЗША, па сутнасці, тры актуальныя дэвізы: «У Бога мы верым» — афіцыйны, а таксама «Са шматлікіх — адзінае» — фактычны — ды «Парадак новай эры» — неафіцыйны. Відавочна, гэтыя выслоўі, так ці інакш характарызуюць усебаковую (у тым ліку і ваяўнічую) палітыку ЗША.

Аднак ваяўнічыя дэвізы іншых краін не заўсёды адлюстроўваюць сучасны стан знешняй і ўнутранай палітыкі. Напрыклад: дэвізы Грэцыі, Македоніі, Уругвая, Кубы аднолькавыя — “Свабода або смерць!”, дэвіз Гібралтара — “Не пераможаны ворагамі”, дэвіз Свазіленда  — “Мы — крэпасць”.

Дэвізы некаторых краін могуць падацца занадта простымі, нават банальнымі. Такі выраз “Сіла ў адзінстве» з’яўляецца афіцыйным у Анголе, Балівіі, Гаіці, Грузіі, Малайзіі. Дэвіз “Адзінства, праца, прагрэс” маюць Бурундзі, Конга, Нігер, Чад. У Беніне, Габоне, Гвінеі — “Адзінства, праца, справядлівасць”. Відавочна, гэтыя словы выказваюць найбольш важныя для краін каштоўнасці і прыярытэты. Таму падабенства ці аднолькавасць некаторых дэвізаў — гэта не плагіят, а тоеснасць мыслення адрозных супольнасцей. Менавіта гэтым тлумачыцца аднолькавасць, напрыклад, дэвізаў Еўрасаюза, Інданезіі, Папуа-Новай Гвінеі: “Адзінства ў разнастайнасці”. Існуюць дэвізы, якія могуць падацца (з гледзішча беларускай ментальнасці) даволі экзатычнымі і нават жартаўлівымі. Напрыклад, у Батсване — “Няхай пройдзе дождж”, на Бермудах — “Як будзе, так будзе” (ці іншы варыянт перакладу — “Куды лёс занясе”).

Дэвізамі Рэчы Паспалітай былі: да XVIII стагоддзя — “Калі з намі Бог, то хто супраць нас”, а пазней “За веру, закон і Караля”. Дэвізам Вялікага Княства Літоўскага быў дэвіз Радзівілаў (альбо дэвізам Радзівілаў быў дэвіз ВКЛ — тут яшчэ ёсць пытанне) “Бог нам раіць!”.

Украіна карыстаецца дэвізам “Слава Украіне!”, Літва — “Моц нацыі ў адзінстве”, Латвія — “За Айчыну і свабоду”. Польшча не мае на сённяшні дзень афіцыйнага дэвізу, але мае стратэгічны (традыцыйны) — “Бог, гонар, Айчына”.

У мяне была магчымасць некалькі дзён запар абмяркоўваць праблему так званага стратэгічнага дэвізу Беларусі з філосафам Валянцінам Акудовічам. Мы паспрабавалі зрабіць спіс-рэйтынг каштоўнасных вызначэнняў найбольш важных (падкрэслю, на наш погляд) для беларускага народа і скараціць яго да трох слоў. Нарэшце, пасля шматлікіх абмеркаванняў, пакінулі “Гонар, годнасць, грамадзянскасць” (“Честь, достоинство, гражданственнось” — па-руску). Але шырокае абмеркаванне любых версій нам падалося вельмі важным, бо для таго, каб дэвіз-лозунг-слоган стаў, прынамсі, сакральным і неабходным, ён павінен спачатку стаць шырокавядомым.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег ХАМЕНКА
калумніст газеты "Культура", лідар гурта "Палац", фалькларыст, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў