Як “не забыцца песні той даўняе вясны” і годна адзначыць 45-годдзе “Песняроў”

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Місевіч, Тышко, Бадзьяраў, Барткевіч, Кашапараў, Дайнэка, Ткачэнка разважаюць пра гэта
Матэрыял складаецца з маналогаў заснавальнікаў і ўдзельнікаў ансамбля “Песняры” найперш 1970-х гадоў — часу найвялікшай славы калектыву. Гэтыя людзі поруч з кіраўніком “Песняроў” Уладзімірам Мулявіным зрабілі амаль немагчымае: у лічаныя гады стварылі пазнавальны брэнд Беларусі, сфарміравалі цэлы кірунак творчай школы для ўсёй колішняй савецкай музычнай прасторы, не кажучы пра беларускую, задалі і па сёння непахісны эталон як на айчыннай, так, урэшце, і на іншых блізкіх нам сцэнах. Але не толькі пра тое хацелася пачуць, як варта адзначыць 45-годдзе з часу заснавання “Песняроў”, каб гэта было годна цяпер, а пасля — не сорамна за нескарыстаную магчымасць ушанаваць артыстаў легендарнага калектыву. Фактычна, кожны з суразмоўцаў “К” наўпрост ці ўскосна адзначыў, што сёлетняя дата для іх шмат у чым важная і важкая як пэўная рыса. Так, наперадзе — паўстагоддзя з дня заснавання “Песняроў”. Але візаві, уздыхаючы, скрушна зазначалі: да гэтага часу — яшчэ цэлых пяць гадоў, і, маўляў, ці мала што можа адбыцца за такі тэрмін. Таму для іх так істотныя “тут і зараз”.

/i/content/pi/cult/465/9826/1-1.jpg

Вуснамі знакамітых музыкантаў агучаны і цэлы шэраг праблем, датычных існавання ўсяго, што звязана з іменем “Песняроў” сёння. Гэта калектывы-клоны рознага ўзроўню якасці і “паразітаванне” на творах ды бяспройгрышнай пазнавальнасці песень усімі, каму не лянота. Істотны і ўзровень выканання класічнага рэпертуару, а таксама — выбарка песень шматлікімі калектывамі з улікам падладжвання пад інтарэсы публікі, што плаціць. Хвалюе занядбанне маштабных работ ансамбля і адсутнасць даступнага шырокай публіцы легальнага збору твораў гурта. Урэшце, нацягнутыя стасункі паміж колішнімі калегамі, якія таксама не даюць асаблівых спадзяванняў пабачыць і пачуць тагачасных “Песняроў” калі не разам на адной сцэне, дык, прынамсі, у агульнай канцэртнай праграме.

Такім чынам, перад вамі — меркаванні заснавальнікаў і артыстаў ансамбля тых самых 1970-х, а ў наступных нумарах паспрабуем сфармуляваць найбольш істотныя аспекты захавання славы “Песняроў”, на якія цяпер па розных прычынах не спяшаюцца звяртаць увагу.

Уладзіслаў МІСЕВІЧ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, артыст ансамбля “Песняры” ў 1969 — 1992 гг.:

— Прызнацца, у “Беларускіх песняроў” ідэя, як адзначыць 45-годдзе з часу ўтварэння ансамбля “Песняры”, узнікла недзе з паўгода таму. Проста не хацелася казаць нейкую канкрэтыку да ўсіх узгадненняў, пошуку партнёраў (бо сёння правесці і звычайны, а не толькі юбілейны, канцэрт без спонсарскай дапамогі — практычна немагчыма), выбару пляцоўкі і ўліку ўсіх фактараў. Цяпер магу агучыць ідэю: зрабіць праграму з пашыраным музычным складам, уключыўшы ў яе сапраўды знакавыя творы “Песняроў”. Сцэна? Вядома ж, спадзяёмся зладзіць дзею на галоўнай пляцоўцы краіны, што адпавядала б і ролі легендарнага ансамбля ў беларускай культуры. Вельмі хацелася б ініцыяваць маштабнае выступленне менавіта сіламі мясцовых партнёраў як у фінансавым плане, так і ў творчым: спадзяюся, з’яўленне незвычайных музычных ідэй ды асоб станецца сапраўдным здзіўленнем для гледачоў!

Увогуле, ва ўсіх адзначэннях “круглых” дат “Песняроў” заўжды стае спрэчных момантаў нават на ўзроўні — запрасілі кагосьці альбо не. Не абыходзіцца і без размоў кшталту: этычна альбо не зрабіў той ці іншы калектыў, што мае дачыненне да імені “Песняры”, выбраўшы для ўдзелу ў сваім канцэрце толькі пэўных ранейшых удзельнікаў калектыву. Так, у кожнага з нас, “песняроў”, ёсць свае матывы і права на асабістае стаўленне да колішніх калег, але ці ёсць да гэтага справа публіцы? Вядома ж, не. З іншага боку, без Мулявіна і нашай маладосці — гэта зусім іншыя ўрачыстасці, ці не так? Мяркую, сёння нерэальна абысціся толькі якімі 15 гадамі з гісторыі калектыву, падмяніўшы імі ўвесь даробак ансамбля.

45-годдзе “Песняры” святкуюць у тым годзе, калі краіна адзначыць 70-я ўгодкі вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кожны з нас ганарыцца подзвігам народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і 30 гадоў таму (таксама дата!) “Песняры” зрабілі праграму “Праз усю вайну”. Яна — выключная, непрахадная, але, лічу, недаацэненая. На жаль, “Беларускія песняры” выконвалі творы з яе толькі ў Маскве на адным-адзіным канцэрце ў тамтэйшым Тэатры эстрады. Мяркую, будзе правільна, калі фрагменты выдатнай работы прагучаць і ў Мінску на юбілейным выступе.

Леанід ТЫШКО, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, артыст ансамбля “Песняры” ў 1969 — 1982 гг.:

— Для адказу на, як вы адзначылі, простае пытанне скарыстаю вашы ж словы “крыўдна” і “сорамна”. Сапраўды, маючы магчымасць выказаць свой асабісты пункт гледжання, вымушаны прызнаць, што ёсць рэчы для мяне, ад якіх крыўдна і сорамна. І, мяркую, не толькі мне.

Па-першае, ад таго, як ужо шмат гадоў бязлітасна і няправедна шкамутаецца наша добрае імя. І, падавалася б, няхай: зарабляць грошы ўсім неабходна, — ды выглядае гэта, мякка кажучы, непрыстойна, да таго ж і прафесіяналізм многіх з цяперашніх так званых “Песняроў” пакідае жадаць лепшага. Па-другое, недарэчныя з’яўленні былых удзельнікаў ансамбля ў розных расійскіх ток-шоу, якія часцяком да музыкі і адносін не маюць, і, разам з тым, навязлівае выкарыстанне песні “Вологда”, што мае дачыненне да калектыву вельмі ўмоўнае...

І пра галоўнае. Адзначыць 45-годдзе “Песняроў” варта, канешне ж, годна. Верагодна, у выглядзе вялікага канцэрта, складзенага з найлепшых песень ансамбля і, далібог, нарэшце без “Вологды”. У фае Палаца Рэспублікі пажадана размясціць выстаўку здымкаў. І, вядома ж, ролю сваю адыгрывае праца са СМІ, якія маглі б падрабязна і аб’ектыўна адлюстроўваць асноўныя вехі гэтай, без залішняй сарамлівасці, з’явы ў беларускай культуры.

P.S. 

Я еще объявлюсь, прилечу на большом самолете,

И, сливаясь с потоком, шагну на Проспект «Песняров».

Ничего, что еще не назвали, потом назовёте,

Время — мудрый судья, как заметил один острослов.

Валянцін БАДЗЬЯРАЎ, артыст ансамбля “Песняры” ў 1970 — 1972, 1974 — 1975 гг.:

— Наогул, пачатак існавання ансамбля не абавязкова мусіць адлічвацца ад даты заснавання калектыву на паперы. Той жа Конкурс артыстаў эстрады, пасля якога пачаўся сапраўдны ўзлёт “Песняроў”, прыпадае на 1970-ы. Таму з поўным правам і 45-годдзе калектыву можна адзначыць і налета, у 2015-м. З іншага боку, “Песняры”, па сутнасці, сфарміраваліся яшчэ за пару гадоў да 1 верасня 1969-га, калі афіцыйна былі ўтвораны. Я ж, быў час, супрацоўнічаў яшчэ з “Лявонамі”…

Урэшце, радуе, што дату памятаюць і, калі ўзнікае такое пытанне, жадаюць адзначыць афіцыйна. Наконт маштабу ўрачыстасцей, прызнацца, мне складана меркаваць. Важна ды этычна апраўдана на такія мерапрыемствы запрасіць музыкантаў — заснавальнікаў калектыву, тых, хто пачынаў яшчэ ў “Лявонах”. І тым больш, калі яны (і я сярод іх) працягваюць жыццё ў прафесіі. На тым этапе Мулявін здолеў сабраць унікальны калектыў: без гэтых таленавітых музыкантаў, без сяброў — Яшкіна, Тышко, Місевіча — не ўзгадаваліся б легендарныя “Песняры” і Мулявін як выбітны творца, якога мы цяпер ведаем. Хто б пазней ні прыходзіў у калектыў, няхай і самыя выдатныя ды заслужаныя музыканты, яны абавязаны славай усё ж такі першапраходцам.

Таму, мне падаецца, дата гэтая належыць найперш тым артыстам, што пачыналі поруч з Мулявіным гісторыю “Песняроў”: названыя мной Тышко і Місевіч, я сам, крыху пазней прыйшлі Барткевіч, Кашапараў, затым Нікалаеў. Лічу, варта даць магчымасць усім разам выступіць на адной сцэне побач з тымі “песнярамі”, што таксама зрабілі значны ўнёсак у славу калектыву пазней. А якія песні прагучаць — вырашыцца ў час рэпетыцый. Урэшце, гэта найхутчэй акажуцца нашы першыя работы. Той жа Улад Місевіч і цяпер называе дэбютны альбом — лепшым, я ж, хоць і не цалкам пагаджаюся, але прызнаю: ён шмат у чым мае рацыю. Мяркую, той жа думкі прытрымліваюцца і прыхільнікі калектыву.

Я, нібыта сёння, бачу першыя рэпетыцыі, рэакцыю залы, усё, што датычыць таго перыяду “Песняроў”, бо для нас гэта — важкая частка жыцця. А вось прыгадваючы 40-годдзе ансамбля, якое ладзіла ў Мінску тэлебачанне, адзначу, што галоўны акцэнт быў перанесены на назву “Песняры”, а ўдзельнікі першых складаў калектыву апынуліся пастолькі-паколькі. Тады мне гэта разанула вуха, і я заўважыў, маўляў, у каго ж юбілей: у нас ці ў вас, маладыя артысты? Наогул, не магу вітаць сітуацыі, калі нашым іменем карыстаюцца асобы, што не маюць да яго дачынення. Ці магчыма такое ў дачыненні да “The Beatles”, “Chicago”, “Blood, Sweat & Tears”, “Abba”? Ані!

Леанід БАРТКЕВІЧ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст ансамбля “Песняры” ў 1970 — 1980, 1999 — 2003 гг.:

— Я лічу, да 45-годдзя варта ладзіць вялікі канцэрт, што падтрымалі б фінансава дзяржаўныя інстытуцыі, а рэжысёрам я прапанаваў бы прызначыць Ігара Кузняцова, які рабіў пяць гадоў таму чатырохчасткавы марафон “Залатая калекцыя “Песняроў” тэлеканала АНТ у Палацы Рэспублікі. Ён здолеў сабраць у чатырох асобных канцэртах на гэтай сцэне столькі артыстаў ансамбля розных гадоў з улікам няпростых стасункаў паміж імі, чаго ніколі нікому раней не ўдавалася. Пры наяўнасці фінансавання можна смела рабіць адно, а то і больш выступленняў, калі публіцы гэта будзе цікава (у апошнім я не сумняваюся). Раней калектывы, што маюць дачыненне да традыцый мулявінскіх “Песняроў”, адзначалі папярэднія юбілеі легендарнага ансамбля хіба толькі сваімі сіламі ў Расіі, Украіне.

Урэшце, я даўно кажу пра неабходнасць стварэння ў Мінску адмысловай прасторы “Песняроў” — своеасаблівага мулявінскага цэнтра з гатэлем, канцэртнай залай, усёй адпаведнай інфраструктурай. І там магло б знайсціся месца сталай творчай, педагагічнай, прадзюсарскай працы для ўдзельнікаў ансамбля розных гадоў, бо мы, многія з артыстаў таго самага ансамбля, сёння апынаемся па-за прасторай увагі ў Беларусі. А ў Расіі, Украіне попыт на канцэрты надзвычайны… Наогул, за апошняе дзесяцігоддзе, на маю думку, беларуская публіка паспела забыцца, што ж такое імёны і галасы артыстаў калектыву Мулявіна.

Яшчэ адно важнае пытанне — выпуск анталогіі “Песняроў”. У нас з гукарэжысёрам Аляксандрам Сайфуліным, да прыкладу, падрыхтавана надзвычай поўнае патэнцыйнае выданне спадчыны ансамбля. Матэрыялу там на 20 дыскаў — 276 песень, дзве рок-оперы “вычышчаных”, з якасным мастарынгам. Я б хацеў, каб прыбытак ад гэтага праекта, аўтарскія адлічэнні ішлі спадчыннікам Мулявіна. Ды як вырашыць усе пытанні, датычныя аўтарскіх правоў? Ды і наш глядач пакрысе сыходзіць, і ці будзе спадчына “Песняроў” патрэбная наступным пакаленням? Ізноў адбудзецца тое, пра што кажуць у сферы культуры і мастацтва ці не штодня: няма пераемнасці… Можа, таму і наракаюць, што ў Беларусі няма шоу-бізнесу, паколькі няма ў нашай творчай прасторы па розных прычынах многіх “песняроў”. Атрымліваецца, няма і планкі, на якую патрэбна раўняцца. Гэта ж — ідэалогія, гэта — культура!.. А ў суседніх краінах моладзь пасля канцэртаў пытаецца: хто вы, адкуль? У нас няма такіх выканаўцаў!

Вельмі хочацца, дадам напрыканцы, каб ацанілі і цанілі сёння тых, хто пачынаў, тых, хто ствараў імя “Песняроў” у першыя дзесяць гадоў славы ансамбля. А нас засталося не так і шмат: Місевіч, Тышко, Кашапараў, Барткевіч, вялікі ўклад унёс і Уладзімір Ткачэнка, што прыйшоў пазней… І ведаеце, не было ў нас тады нават часу даведацца пра сваё месца ў музычнай індустрыі: гастролі, чатыры канцэрты ў дзень, праца над песнямі — карацей, імчалі наперад пад кіраўніцтвам Мулявіна… Прызнацца, я толькі нядаўна даведаўся з кнігі Валерыя Ярушына, лідара гурта “Арыэль”, што цягам многіх гадоў у савецкіх хіт-парадах наш ансамбль займаў першы радок…

Анатоль КАШАПАРАЎ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст ансамбля “Песняры” ў 1972 — 1989 гг.:

— “Песняры” менавіта “залатога складу” найбольш маюць права на тое, каб адзначаць 45-годдзе ансамбля. Справа ў тым, што цяперашнія калектывы з гэтым словам у назве пакуль не стварылі знакавых твораў. Лічу, што варта звярнуць увагу публікі менавіта на тых, хто поруч з Уладзімірам Мулявіным рабіў славу “Песняроў”. А людзям тыя песні патрэбныя, у чым я пераканаўся праз самыя шчырыя праявы памяці пра Мулявіна: бачыў, як прыходзілі пакласці кветкі на магілу Артыста ў дзень яго нараджэння.

Але мяне непакоіць тое, як спыніць паразітызм на назве “Песняры”! Па сутнасці, сёння ўсё звялі да імені, а людзей, якія стваралі яго, нібыта і няма. Колькі тых пост-“песняроўскіх” калектываў існуе цяпер?.. Так, нехта заслугоўвае такога наймення, але збольшага… Проста няма словаў! І я не разумею, чаму напрацаванае намі дзесяцігоддзямі цяпер так бязлітасна эксплуатуецца выпадковымі людзьмі і ў нас, і ў Расіі. Гэта датычыцца і “іміджу”, і рэпертуару: ну навошта пець горш, калі ёсць эталон? Зараз нейкія іншыя каноны, кажаце, дык акрэсліце іх мне, бо не магу іх уцяміць! Наогул, я чалавек з прынцыпамі ды прыярытэтамі ў творчасці, закладзенымі нашым настаўнікам Мулявіным, якіх прытрымліваюся і цяпер.

Як на адным з тэлеэфіраў выказаўся Лёня Тышко, маўляў, цяпер тыя, хто насіў у свой час апаратуру, — таксама, аказваецца, “Песняры”! Такога ніколі не было, і з гэтым патрэбна нешта рабіць! А каб лічыцца “песняром”, раней патрэбна было прайсці праз унутранае сіта: “касцяк” збіраўся і вырашаў, ці даваць яшчэ шанс навічку выявіцца, хай сабе ён адпрацаваў на той момант нават пару гадоў. Цяпер жа і колішнія мулявінскія студыйцы лічаць сябе “песнярамі”, хаця ад іх больш чакалі, чым атрымалі. Урэшце, цяпер з дзвюма-трыма песнямі можна ездзіць па клубах, а мы ж рвалі звязкі ў палацах спорту, на стадыёнах цягам трох-чатырох канцэртаў на дзень. А прыгадайце гісторыю “The Beatles”: хоць склад калектыву на пачатковым этапе змяняўся, ніхто з тых асоб не прэтэндуе сёння на статус “аднаго з “бітлоў”. Засмучае мяне, скажам так, паблажлівае стаўленне некаторых колішніх калег да гісторыі ансамбля і зніжэння лідарскай ролі Уладзіміра Мулявіна, што, урэшце, не замінае ім актыўна выступаць і зарабляць гэтай гісторыяй і рэпертуарам.

“Песняры” былі з’явай у культуры: я не лічу, што падобныя калектывы, што становяцца адным цэлым, збіраюцца і раз на дзясятак гадоў! А роля лідара тут вельмі істотная. Да ўсяго, “Песняры”, даруйце, — не ансамбль танца, каб быць безаблічным. Берагчы патрэбна, паўтаруся, пачынальнікаў калектыву, што сёння з намі. Бо пакуль чалавек побач, пра яго і не памятаюць, а пасля смерці, у выпадку з творцамі — нярэдка заўчаснай, пачынаюць казаць, маўляў, гэта ж велічыня! Так было з Валерыем Яшкіным, Ігарам Паліводам — найталенавітымі ўдзельнікамі ансамбля і проста Асобамі...

Валерый ДАЙНЭКА,  заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст ансамбля “Песняры” ў 1976 — 1992 гг.:

— Любая праява ўвагі да ансамбля, нават пасіўны ўдзел у тым, што будзе адбывацца з нагоды 45-годдзя, — ужо будзе выдатна. Іншая справа, які пасыл будзе закладвацца і які рэзананс застанецца пасля адзначэння круглай даты. Так, “Беларускія песняры” задумалі зрабіць вялікую праграму з вядомым беларускім калектывам. Падобная практыка шырока выкарыстоўваецца на Захадзе расійскімі артыстамі. Пяць гадоў таму былі падыходы да ідэі з малым камерным складам на канцэрце ў Мінску, у іншых гарадах (мы высылалі ноты мясцовым артыстам для сумеснага выступлення пад час нашых гастролей). Хацелася б зладзіць выступленне на вялікай сцэне. Вядома, для рэалізацыі задуманага патрэбны немалыя грошы.

Што ж да іншых, мяркую, да гэтага юбілею з дзеючых артыстаў легендарнага ансамбля, якія і цяпер выступаюць з “песняроўскай” праграмай, маюць права адносіць сябе менавіта да 45-годдзя Леанід Барткевіч і Анатоль Кашапараў. Упэўнены, яны, як і дзяржаўны ансамбль, будуць рабіць свае праграмы. Але, калі мы кажам менавіта пра гэтую дату, мае значэнне форма падачы: на сцэне маюць быць тыя, хто пачынаў гэтую справу, шмат гадоў аддаў ёй…

Уладзімір ТКАЧЭНКА, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, артыст ансамбля “Песняры” ў 1977 — 1985 гг.:

— Сёння ўмовы на музычным рынку дыктуюць грошы, матэрыяльныя адносіны. Каб не гэты аспект, дык ніхто б не прымушаў сябе граць тое, што ўсё роўна гучыць горш, чым у арыгінале. Адпаведна, для тых жа калектываў, што з рознымі дадаткамі носяць імя “Песняры”, засталіся, збольшага, забаўляльныя рэчы, з якіх і складаюцца іх канцэртныя праграмы. Яны падаюцца лягчэй ды і грошай прыносяць больш. З нашым ансамблем у гэтым плане ўсё дастаткова складана, паколькі меліся ў 1970 — 1980-я і вясёлыя песні, што былі даспадобы публіцы, і сур’ёзныя, якія таксама глядач прымаў.

Мяркую, нешта спецыяльна выконваць сёння з нагоды тых жа 45 гадоў з часу заснавання “Песняроў” не варта, паколькі ўсё, што гучыць цяпер, атрымліваецца горш. Нават каб сёння і выканалі лепш, дык гэтыя рэчы трэба параўноўваць са зробленым 45 гадоў таму: калі тады ўзровень быў найвышэйшым, дык цяпер, пры ўмове творчага прагрэсу, мае быць яшчэ лепш. А так не атрымліваецца ні ў аднаго з ансамблей, якія існуюць цяпер. Па гэтай прычыне ідэя з сумесным выкананнем тых ці іншых твораў мне не вельмі падабаецца.

Яшчэ адзін аспект. Тая моладзь, што цяпер выступае пад шматлікімі варыяцыямі з іменем “Песняроў” у назве, і наогул ніколі не чула ансамбль “жыўцом”. Адпаведна, яны арыентуюцца на рэдкія запісы, зробленыя ў свой час на Усесаюзнай фірме “Мелодыя”, а гэтага рабіць нельга. “Песняры” ў разы аказваліся лепшымі на канцэртах, чым на тых пласцінках, што пісаліся ў абмежаваны час і на скорую руку, даючы магчымасць, хутчэй, нешта пакінуць на памяць, чым адлюстраваць рэальны матэрыял тых гадоў.

Таму для колішніх артыстаў ансамбля, мяркую, прымальнай формай была б сустрэча, а вось для публікі… Аднак і новы калектыў з музыкантаў, што дажылі да сёння, штучна ствараць наўрад ці ўдасца: людзі змяняюцца, многія заняты, але адну якую-небудзь музычную кампазіцыю-папуры альбо песню супольна выканаць можна. Мо жартоўную, а мо і сур’ёзную. Вось, калісьці ж, пасля “Белавежскай пушчы”, Аляксандр Дзямешка выходзіў і казаў, зніжаючы “градус” сур’ёзнасці: “Кар-р!”

Рабіць юбілейны канцэрт на новым матэрыяле? Таксама наўрад ці дасягнеш плёну, бо на некалькі парадкаў слабейшы гэты матэрыял за колішні даробак ансамбля. А калі нейкую імпрэзу прысвячаць адмыслова Уладзіміру Мулявіну, дык надта шмат выпадковых людзей аказваецца вакол гэтага імені…

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах