Ірына ДРЫГА: “Сістэмна і паслядоўна”

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

Хачу падзякаваць тым арганізацыям у сферы культуры і тым дзеячам культуры і мастацтва, з якімі Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь плённа супрацоўнічала на працягу мінулага года падчас падрыхтоўкі буйных грамадска-культурных акцый. Найважнейшая з іх — акцыя “За незалежную Беларусь!”, праведзеная з актыўным удзелам абласных і Мінскага гарадскога ўпраўленняў культуры. Асабліва варта адзначыць ініцыятыву ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, якое першым правяло гэтую акцыю ў сваім рэгіёне, падаўшы тым самым прыклад усёй краіне.

 /i/content/pi/cult/146/982/Dryga.jpg

Варта сказаць словы падзякі і ўсім упраўленням культуры за актыўны ўдзел у адборачных турах песеннага конкурсу “Еўрабачанне”. Мяркую, што работа Гомельскага ўпраўлення ў гэтым напрамку можа стаць прыкладам для ўсёй рэспублікі. Дзякуючы арганізаванасці высілкаў упраўлення, заяўкі на ўдзел у конкурсах падаюцца цэнтралізавана, удзел у іх бярэ шмат моладзі з Гомельшчыны. Нумары рыхтуюцца на вельмі высокім узроўні, а на праслухоўванні выканаўцы прыязджаюць у суправаджэнні прадстаўнікоў упраўлення культуры.
За правядзенне дзяржаўных мерапрыемстваў, прымеркаваных да значных памятных дат, і ўрадавых канцэртаў хачу падзякаваць Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Маладзёжнаму тэатру эстрады і канкрэтна супрацоўнікам гэтых арганізацый: рэжысёрам-пастаноўшчыкам Вячаславу Паніну і Ніне Осіпавай. Працуюць яны рупліва, не шкадуючы ні часу, ні сіл. Шчыра спадзяюся, што такое плённае супрацоўніцтва працягнецца і надалей.
Ацэньваючы дзейнасць Міністэрства культуры ў мінулым годзе, хочацца адзначыць, што яна стала яшчэ больш сістэмнай і мэтанакіраванай. Узнімаючы пэўную праблему, міністэрства паслядоўна працуе над яе вырашэннем, не адсоўваючы ў бок. Такі падыход прыводзіць да станоўчых вынікаў. Праведзена работа па ўмацаванні кіраўнічага складу, якая летась закранула не толькі цэнтральны апарат Міністэрства, але і падведамасныя арганізацыі, з’явілася метадычная сістэма размеркавання і замацавання выпускнікоў творчых навучальных устаноў. “Цэнтр цяжару” тут нарэшце перайшоў са сталіцы на рэгіёны.
Актывізавалася работа па будаўніцтве, рэканструкцыі і рэстаўрацыі аб’ектаў культуры. У прыватнасці, калі ў мінулыя гады шэраг аб’ектаў, якія, згодна з даручэннямі Кіраўніка дзяржавы і проста з вострай неабходнасцю, ужо даўно павінны былі патрапіць у Рэспубліканскую інвестыцыйную праграму, у яе, аднак, доўгі час не ўключаліся, то летась сітуацыя змянілася да лепшага.
Адным з найважнейшых поспехаў мінулага года лічу доўгачаканы пералом у справе кінавытворчасці.
Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” перажыла другое нараджэнне як у творчым аспекце, гэтак і ў плане ўмацавання матэрыяльнай базы. Як ужо неаднаразова адзначалася, практычна ўсе звароты кінастудыі да Кіраўніка дзяржавы з просьбай аб аказанні дапамогі ў вырашэнні сваіх задач былі падтрыманы. Будзем спадзявацца, што гэтая падтрымка апраўдаецца значнымі творчымі поспехамі нашых кінематаграфістаў.
Найважнейшай падзеяй мінулага года ў галіне культуры стала падпісанне Кіраўніком дзяржавы пратакола даручэнняў па выніках справаздачы міністра культуры. Ён утрымлівае каля 20 пунктаў, кожны з якіх тычыцца актуальнага для развіцця нашай культуры пытання, якое без дзейснай дапамогі Прэзідэнта краіны не можа быць вырашана.
У выніку атрымалася своеасаблівая праграма развіцця культуры, разлічаная на 2008 — 2010 гг., якая павінна вызначыць прыярытэты нашай работы.
Разам з тым, нельга не адзначыць, што не ўсе злабадзённыя праблемы ўдалося летась вырашыць — некаторыя з іх чакаюць свайго вырашэння сёлета.
Першы з такіх момантаў — забеспячэнне актыўнага ўдзелу ўстаноў культуры ў правядзенні Года здароўя. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, адной з мэт гэтага года з’яўляецца захаванне маральных каштоўнасцей і культуры ўзаемаадносін.
Ажыццяўленне гэтай мэты — “хлеб” устаноў культуры і адукацыі. У планах работы будзе і конкурс рэгіянальных праграм, і разнажанравыя культурна-масавыя мерапрыемствы адпаведнай тэматыкі.
Асаблівую ўвагу трэба надаць культурным падзеям, разлічаным на падлеткаў і моладзь. Праз музычныя фестывалі, канцэрты, конкурсы самадзейнасці, мастацкія выстаўкі работнікі культуры могуць і павінны прыняць актыўныўдзел у выхаванні маладога пакалення. Яшчэ адзін аспект, на які варта звярнуць увагу,— правядзенне ў рамках міжнародных і нацыянальных фестываляў тэматычных мерапрыемстваў, прысвечаных Году здароўя.
Прыкладам, летась у праграму фестывалю “Лістапад” арганічна ўліліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года дзіцяці.
Яшчэ адна праблема, якая вымагае самай пільнай увагі, — кадравая сітуацыя ва ўстановах культуры. Паступова наспявае праблема іх старэння. Каля 70% кіраўнікоў устаноў культуры рэспубліканскага падпарадкавання — гэта людзі перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Адсюль вынікае вострая неабходнасць у фарміраванні рэзерву кіраўнічых кадраў і падрыхтоўкі творчай змены.
На пытанні нарматыўнай базы асабліва спыняцца не буду — як адзначыў у сваім дакладзе Уладзімір Фёдаравіч Матвейчук, сёлета Міністэрства культуры мяркуе надаваць асаблівую ўвагу павышэнню якасці падрыхтоўкі прававых актаў.
Бо летась, на жаль, узнікалі сітуацыі, калі дакументы неаднаразова вярталіся на дапрацоўку. Спадзяюся, сёлета будуць прыняты праекты ўказаў па гастрольна-канцэртнай дзейнасці і зацвярджэнні новага Палажэння, датычнага дзейнасці фонду Кіраўніка дзяржавы па падтрымцы таленавітай моладзі. А ў перспектыве для стварэння нарматыўнай базы ў галіне культуры варта шырэй прыцягваць спецыялістаў-практыкаў, можна нават ствараць часовыя навукова-творчыя калектывы. Праекты найважнейшых прававых актаў трэба выносіць на абмеркаванне калегіі альбо нарады Міністэрства культуры, каб яны адпавядалі актуаліям сённяшняга дня і не патрабавалі ўнясення змен ужо ў хуткім часе пасля прыняцця.
Наступная праблема, на якую я хацела б звярнуць увагу перш-наперш рэгіянальных кіраўнікоў, — навядзенне парадку ў галіне манументальнага мастацтва. Летась, на жаль, былі выяўлены факты, якія сведчаць пра адсутнасць выразнай і адладжанай сістэмы работы ў гэтым напрамку. Мясцовыя органы ўлады часам дапускаюць парушэнні ў выкананні даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і патрабаванняў Палажэння аб парадку праектавання, стварэння, рэканструкцыі і прыёмкі твораў манументальнага мастацтва.Тыповае парушэнне, зафіксаванае ў многіх рэгіёнах, — усталяванне помнікаў і бюстаў нават без прыняцця рашэння на ўзроўні мясцовых органаў улады.
На жаль, істотна зменшылася практыка правядзення адкрытых рэспубліканскіх конкурсаў на праекты буйных твораў манументальнага мастацтва. Сёння ладзяцца пераважна бліц-конкурсы, вельмі часта фармальныя, “падагнаныя” пад канкрэтнае гатовае рашэнне. Такая акалічнасць не спрыяе развіццю канкурэнтнага асяродка і не дае магчымасць выбраць сапраўды найлепшы праект. Таму найбуйнейшым ініцыятывам у гэтай галіне павінна папярэднічаць аб’яўленне шырокага рэспубліканскага конкурсу.
Палажэнне аб парадку праектавання, стварэння, рэканструкцыі і прыёмкі твораў манументальнага мастацтва патрабуе ўнясення змен, а магчыма, нават новай рэдакцыі.
Важна ўстанавіць дакладны парадак прыняцця рашэнняў адносна ўвекавечвання памяці гістарычных асоб, і такі парадак павінен няўхільна захоўвацца. Узмацніць ролю Рэспубліканскага манументальнага савета, прызначанага ацэньваць мастацкую вартасць прапанаваных праектаў.
Яшчэ адно вузкае месца ў дзейнасці Міністэрства культуры — адсутнасць сістэмы дзяржаўнага прадзюсіравання маладых выканаўцаў — лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў. Пасля перамогі нельга кідаць іх на волю лёсу, трэба аказваць маладым талентам дапамогу ў фарміраванні рэпертуару, арганізацыі канцэртаў, рэкламе іх творчасці.
Адным словам, павінна ісці іх планамерная дзяржаўная “раскрутка” з адпаведнай фінансавай падтрымкай.
Хачу падтрымаць агучаныя сёння прапановы адносна таго, каб у канцэртах акцыі “Мы — беларусы!” бралі ўдзел не толькі рэспубліканскія калектывы, але і лепшыя прадстаўнікі культуры рэгіёнаў.
Сцэнарыі канкрэтных мерапрыемстваў акцыі павінны распрацоўвацца сумесна з Міністэрствам культуры, абласнымі ўпраўленнямі і раённымі аддзеламі. Бо падчас правядзення акцыі “За незалежную Беларусь!” узнік прэцэдэнт у горадзе Бабруйску, калі няўзгодненасць сцэнарыя прывяла да пэўных непаразуменняў. Спадзяюся, сёлета такіх недахопаў у нас не будзе.
Падтрымліваючы далейшае ўпарадкаванне фестывальнага руху, хачу, аднак, звярнуць увагу на тое, што трэба ісці не толькі шляхам аптымізацыі колькасці, але і паляпшэння якаснага ўзроўню.
Належыць выразна ўсведамляць, з якой мэтай мы праводзім той ці іншы міжнародны фестываль, і што гэта дае нашаму мастацтву. Прыкладам, на Беларусі праходзяць тры міжнародныя тэатральныя фестывалі— “Панарама”, “Белая вежа” і “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Але, на жаль, беларуская прысутнасць на іх зазвычай абмежавана некалькімі спектаклямі сталічных тэатраў і тэатра таго рэгіёна, дзе ладзіцца фестываль. Таму трэба задумацца над тым, што дае кожны з гэтых форумаў для развіцця менавіта беларускага тэатральнага мастацтва. І, магчыма, зрабіць акцэнт на правядзенне фестывалю, прысвечанага ўласна беларускаму тэатру. Трэба даць нашым тэатрам магчымасць убачыць, хто на якім узроўні працуе, — тады з’явіцца памкненне да ўдасканалення ўласнага.
Аналагічная сітуацыя назіраецца і ў правядзенні міжнародных фестываляў класічнай музыкі — летась у Мінску два такія форумы прайшлі запар, што, напэўна, сказалася на зніжэнні цікавасці публікі.
Неабходна прадоўжыць работу па абнаўленні канцэпцый Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Асабліва гэта тычыцца цырымоній адкрыцця і закрыцця абодвух форумаў. Замест сцэнарыяў, што паўтараюцца з года ў год, павінны ўзнікнуць новыя, яркія, папраўдзе творчыя вырашэнні.
Варта закрануць таксама і дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
Належыць больш прынцыпова падыходзіць да адбору кандыдатаў, дэталёва разглядаць заслугі кожнага з іх. Бо такая прэмія або стыпендыя — гэта сапраўды пачэсная ўзнагарода, якая шмат чаго варта. Хацелася б, каб такі самы строгі, але творчы падыход праяўляўся і пры адборы заявак, пададзеных у спецыяльны фонд па падтрымцы культуры і мастацтва. Заяўкі належыць разглядаць аператыўна, захоўваючы ўстаноўленую працэдуру, каб потым не ўзнікала затрымак з прыняццем рашэння.
Яшчэ хочацца адрэагаваць на выступленне дырэктара Гродзенскага абласнога краязнаўчага музея, дзе прагучала фраза пра тое, што яго музей не можа дазволіць сабе папаўняць свае фонды творамі сучаснага мастацтва. Але набыццё такіх твораў з’яўляецца адной з мэт спецыяльнага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва.
І калі ў музея ёсць канкрэтныя патрэбы ў творах пэўных аўтараў, ён можа аформіць заяўку ў гэты фонд.
І апошняе. Сёння ўзнімалася тэма дзяржаўных узнагарод і ганаровых званняў. Мінулы год быў надзвычай ураджайным для тэатральнага мастацтва: адразу пяць акцёраў атрымалі ганаровае званне “заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”, таму крыўдаваць тут не выпадае. Але варта нагадаць, што ёсць парадак узнагароджвання, устаноўлены заканадаўствам. Як правіла, да ганаровага звання прадстаўляюцца людзі, чые заслугі ўжо былі адзначаны медалём або ордэнам. Таму яшчэ раз заклікаю кіраўнікоў калектываў: не чакайце, пакуль вашаму работніку споўніцца 50 ці больш гадоў, каб потым ён адчуваў сябе пакрыўджаным, не маючы звання. Яркі артыст праяўляе сябе ўжо і ў трыццаць. Своечасова вылучайце яго на ўзнагароджанне медалём, а потым — і на ганаровае званне.
Дзякуй за ўвагу.

Ірына ДРЫГА,
намеснік начальніка галоўнага
ўпраўлення — начальнік упраўлення
сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага
ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь